Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Книга-1.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
16.09.2019
Размер:
28 Мб
Скачать
☆

Гайдук Дзмiтрый Якаўлевiч

Майго бацьку прызвалi ў кадравую армiю за 40 дзён да пачатку вайны. Адразу як распачалася вайна, ён загiнуў. Калi i як прышлi немцы ў вёску ў мяне не надта запала ў памяць, бо быў малы. Але памятаю, як восенню 1942 года праз нашу вёску прайшлi каўпакаўцы. Салiдна так iшлi, як сапраўдная армiя. Калi ўжо каўпакаўцы прайшлi праз вёску на захад , мой сябра Iван падбiў мяне пайсцi да цёткi ў суседнюю вёску Астравы за квашанай капустай, бо яго мацi нядужала i прасiла прынесцi капусты. Схадзiлi мы за той капустай, а па дарозе назад каля маста праз рэчку Пясачанку ўбачылi самадзельную мiну каўпакаўцаў у драўляным яшчыку. Партызаны замiнавалi за сабой мост, але даручылi, калi немцы не будуць iх пераследаваць, зняць мiну, каб не падарвалiся мiрныя жыхары. Майго сябра Iвана Корчыка разарвала ўшчэнт, а мне перабiла асколкамi правую нагу. Мяне ўратавала мама. Яе стараннямi мяне завезлi ў Лоеў да фельшара Багдановiча, якi многiх на Лоеўшчыне ў тыя часы ўратаваў ад розных хвароб. Мне зрабiлi драўляныя шыны, зафiксавалi нагу. Багдановiч сказаў, што напэўна прыдзецца адрэзаць нагу. Але мама не пагадзiлася з гэтым, забрала мяне ў Каўпень i разам з дзядзькам выхадзiлi мяне. Я i зараз дзякуючы iх турботам хаджу на сваiх нагах.

Яшчэ памятаю, што мы жылi на выгане за могiлкамi. Восенню 1943 года ў нашым доме была нямецкая кухня. Памятаю як падпiтыя немцы спявалi па рускi “Кацюшу”. Яшчэ памятаю як я ўкраў у немцаў цыгарэты для старэйшых хлопцаў. Немец паймаў мяне i даў нагой пад зад. Яшчэ ўрэзалася ў памяць, што перад адступленнeм немцы далi маме сухароў i сказалi iсцi хавацца ў лес. Перад вызваленнем мы хавалiся ў “Рудаўцы”. Памятаю як нас знайшла наша разведка i адразу прыказала iсцi назад у Каўпень. Толькi мы пакiнулi Рудавец, як па iм немцы нанеслi моцны мiнамётны ўдар.

Гайдук Кацярына Сямёнаўна

Калi нас вызвалiлi ад немцаў, мне было ўжо 8 гадоў. З лета 1943 года ў вёску панаехала шмат немцаў. Памятаю, як немцы пасялiлiся ў нашай хаце i я без iх дазволу палезла нечага на гарышча. Гэта раззлавала немца i ён хацеў мяне застрэлiць. Мама насiлу выпрасiла, каб ён мяне не забiваў. Пазней нашу сям'ю немцы выгналi з хаты i мы жылi ў хаце Полькi каля балота. Цяжкае было тое жыццё. Мама капала картошку за Папачкам, прышлi немцы i забралi яе ў Шчытцы да Дняпра, капаць iм акопы. На ноч iх закрывалi ў панскiм доме. Праз некалькi дзён ёй пашанцавала поўзкi ўцекцi ў лес i дабрацца дадому, але многiя, хто застаўся на акопах, тады загiнулi. Яшчэ памятаю, што перад вызваленнем мы хавалiся спачатку у гарадзiшчы Лiпаў стан, а затым перабралiся ў Рудавец, дзе жылi ў акопах. Калi немцаў цiсканулi з нашай вёскi, адзiн з iх жалкi такi ў адных трусах забег да нас. На ломаным рускiм казаў, што ён людзей не забiваў, бо страляў у паветра i Гiтлеру скора капут. Потым прыйшлi красныя i сказалi нам, што можна вяртацца ў сваю вёску. Мы прыйшлi ў Каўпень на галоўнi.

Краўчанка Ганна Іванаўна

Я нарадзілася 9 снежня 1929 года ў вёсцы Каўпень. Маці памерла да вайны, я з 3 гадоў жыла ў бабы. Калі пачалася вайна, бацьку і старэйшага брата забралі на фронт. Вайна была страшная. Прыйшлі немцы. Дзяўчат лавілі і насілавалі. Жыць было вельмі цяжка. Мы чакалі вызвалення. Памятаю, што перад вызваленнем Каўпені, мы ўцякалі ў Бараноўскі лес. Мне ўжо было тады 14 гадоў. Бяжым у лес, а ў небе самалёты строчаць і бомбяць. Немцы спалілі ўсю нашу вёску, засталіся напэўна толькі 2 хаты. Калі прыйшлі нашы, стала крыху лягчэй. Кожная сям'я выкапала зямлянкі і ў іх зімавалі. Увесь час галадалі. Ранняй вясной перакапвалі бульбяное поле, шукалі гулікі - перамерзшую бульбу. Накапаем крыху той бульбы, наварым без солі, бо солі не было. Ядзім, а яна такая салодкая. Якое шчасце тады было, паесць удосталь хаця б тых гулікаў.

З вайны не вярнуліся мой бацька і 2 дваюрадныя браты, загінулі недзе на фронце. А вось родны мой брат прыйшоў з вайны. Пасля вайны я выйшла замуж, нарадзіла і выхавала сына. Ён зараз жыве ў Гомелі, ёсць 2 унукі і 2 праўнукі. Працавала спачатку даяркай, а затым свінаркай у нашым калгасе.

Жадаю цяперашняму маладому пакаленню не дапусціць вайны. Каб жылі мірна і Бог дапамог пазбегнуць вайны.

Запісала Трасцян Аня

Краўчанка Дзмітрый Міхайлавіч

Да вайны я закончыў 4 класы Каўпенскай школы і здаў дакументы для паступлення ў 5 клас Крупейскай дзесяцігодкі. Памятаю калі распачалася вайна з Каупені ездзілі коньмі дзяжурыць па чарзе ў сельсавет у Крупейкі. Капалі процітанкавы роў з усходу ад Лоева за могілкамі. Немцы ў вайну ў вёсцы былі рэдка, у асноўным гаспадарылі паліцаі. Памятаю як цэлы дзень у лістападзе 1942 года праз вёску рухаліся ўкраінскія партызаны-каўпакаўцы. З імі пайшоў і наш вясковы хлопец Анікеенка Даніла, аднак хутка вярнуўся дамоў. Нехта на яго данёс паліцаям і яны яго крэпка білі, але потым адпусцілі. Многа немцаў было ў вёсцы толькі з сярэдзіны лета 1943 года, калі фронт падышоў да Дняпра. Памятаю як немец забраў у нас адзінае вядро і павёў каня паіць. Нечага рабіць, жалка вядра, адно яно ў гаспадарцы. Пачаў я немца прасіць: «Пан, аддай вядро.». Бягу за ім і прашу. Немец каня напаіў, вядро аддаў. Але наверна я яму так надаеў, што ён услед мне запусціў сякеру. Тая сякера каля мяне прасвістала.

Пасля вызвалення вёскі ад немцаў, недзе дні праз чатыры, нам маладым хлопцам сказалі збіраць зброю і боепрыпасы па палях. Іх шмат тады паўсюль валялася. Намі кіравали два чырвонаармейцы. Тады ўспамінаю прыказалі збірацца ў цэнтр вёскі, бо будуць немца вешаць.. І праўда ў цэнтры вёскі павесілі на віселіцы немца, які паліў хаты ў суседняй вёсцы.

Яшчэ помню пасля вызвалення паймаў я коніка, адбіўся ён і бегаў без гаспадара. Той конік нам добра тады памог у гаспадарцы. Перавозіў я ім медсанбат з Каўпені да Міхалёўкі: палаткі, медыкаменты, санітарак. Калі перавезлі ўсё, санітаркі пакармілі мяне хлебам, які я не еў ужо некалькі месяцаў. А яшчэ далі мне добрыя хромавыя сапожкі. Былі тыя сапожкі жаночыя, Але я быў ім вельмі рады, бо з абуткам тады былі вялікія праблемы.

Краўчанка Мікіта Яфімавіч

Нарадзіўся я ў вёсцы Каўпень 15 снежня 1923 года. Да вайны быў падлеткам, але ўжо працаваў у нашым калгасе “Перамога -2” трактарыстам. Памятаю, калі распачалася вайна, давялося пераганяць тэхніку з Лоеўскай МТС за Днепр, бо немцы ўжо падыходзілі да Лоева. На пачатку вайны я па малалетству застаўся ў Каўпені і быў пад акупацыяй. Цяжкія гэта былі гады, лютавалі больш нямецкія памагатыя-паліцаі. Пасля вызвалення Каўпені ў кастрычніку 1943 года быў прызваны ў дзеючую армію. Мой баявы шлях распачаўся яшчэ ў канцы 1943 года. Быў санінструктарам, ваяваў у складзе трэцяга Беларускага фронта. 31 сакавіка 1944 года атрымаў цяжкае асколачнае раненне ў баях пад Псковам. Давялося папраўляць здароўе ў Ленінградскім шпіталі, з якога патрапіў у запасны полк. Затым удзельнічаў у вызваленні ад фашыстаў Украіны, Польшчы, Германіі. Пасля Перамогі быў адкамандзіраваны ў 2-ое пяхотнае Алма-Ацінскае вучылішча. Пасля вучобы быў кладаўшчыком на ваенным складзе, але захварэў і быў дэмабілізаваны.За ўдзел у баявых дзеяннях у гады Вялікай Айчыннай вайны быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Пасля вайны вярнуўся ў родную вёску Каўпень, дзе да пенсіі працаваў у калгасе. Пачынаў з трактарыста, затым быў брыгадзірам трактарнай брыгады, загадчыкам майстэрні, інжынерам.

Запісала Трасцян Іра

Краўчанка Настасся Фёдараўна

Ужо на пачатку Вялікай Айчыннай вайны у жніўні 1941 года немцы прыйшлі ў нашу вёску. Яны адразу пачалі адбіраць і звозіць людское сена для сваіх коней. Аднойчы мяне і маю суседку Ганну сустрэў немец на вуліцы і прыказаў збіраць яйкі для нямецкіх салдат. Мы вымушаны былі збіраць гэтыя яйкі у людзей, бо ззаду нас ішоў з вінтоўкай немец і кантраляваў нашы дзеянні. Мы прайшлі ўсю вёску і назбіралі два кошыкі яек. Потым немцы пазвалі жанчыну, якую звалі Анікеенка Марына, і прыказалі ёй падрыхтаваць для іх яешню. Марына падрыхтавала яешню, але яе чамусьці пасля гэтага пасадзілі на падводу. Затым яны прывялі яшчэ нейкага мужчыну, які быў не з нашай вёскі. Марыну і гэтага мужчыну павезлі ў суседнюю вёску Крупейкі, потым пераправілі за Днепр і там растралялі. Калі Марыну схапілі, яе дзеці не ведалі аб гэтым.

У мяне было дзве дачкі, малодшай было 2 гады, старэйшай - 11 год. У нашай хаце пасяліліся немцы, яны спачатку не праганялі нас з хаты. Нават давалі дзецям цукеркі і шакалад, а калі і шматок сала. Калі ж гэтыя немцы выехалі, прыйшлі іншыя, і яны адразу пачалі выганяць усіх людзей з хат. Мы пайшлі за нашы агароды і, як і многія іншыя сем'і з вёскі, выкапалі сабе зямлянку і ў ёй жылі.

Восенню 1943 года, калі фронт наблізіўся да нашай вёскі, немцы выгналі ўсіх людзей з зямлянак і ўсе вымушаны былі жыць у лесе. Падчас адступлення немцаў наша вёска была спалена, засталося толькі некалькі хат.

Краўчанка Праскоў’я Лаўрэнаўна

Нарадзілася я 30 кастрычніка 1927 годаў вёсцы Каўпень у сялянскай сям'і. У даваенны час хадзіла ў школу, паспела закончыць 5 класаў. Бацьку забралі ў армію, але ён патрапіў у акружэнне і прыйшоў дамоў.

З вайны мне запомнiўся такi выпадак. Ранiцай летам 1942 года да нас у хату зайшоў знаёмы партызан Лiтошанка, якi да вайны жыў у Грамыках. Але раптоўна да нашага суседа Кiрыла Лёлi прыехалi два немцы i палiцай, каб забраць у яго парсюка. Мой бацька папрасiў партызана не страляць па немцах, бо баяўся, што немцы за гэта спаляць вёску i заб’юць людзей. Каб не нашкодзiць насельнiцтву, партызан схаваўся ў хляве i перачакаў, пакуль немцы з’ехалi на Лоеў.

Мне было ўжо 15 год, калi нас вызвалiлi з-пад немцаў. Перад вызваленнем, я паcла карову ў Лiпавым стане. Прыехалi немцы на конях i прыгналi нас у Каўпень. Загналi на ноч у былы калгасны склад. Ранiцай павезлi капаць акопы ў вёску Бывалькi. У Бывальках, калi немец адыйшоў некуды пакурыць, нам удалося ўцекцi ў лес i дачакацца вызвалення.

Пасля вайны вучылася ў Крупейскай школе, працавала ў водным транспарце, а затым у калгасе.

Запісала Трасцян Іра

Краўчанка Праскоў'я Сцяпанаўна

У кастрычнiку 1943 года мне было 14 гадоў. Немцы нашу сям’ю: маму - Краўчанка Алену Емельянаўну, старэйшую сястру Дашу з трымя дзецьмi, мяне i малодшую сястру Ганну захапiлi ва ўрочышчы Лiпаў стан. У мяне з дзяцiнства была пашкоджана нага, але немцы на гэта не звярталi ўвагi. Пагналi нас спачатку ў суседнюю вёску Астравы, затым далей праз Вулкан i Маладушу на Рэчыцу. У Рэчыцы нас пагрузiлi на машыны i павезлi ў Калiнкавiчы. У Калiнкавiчах пасадзiлi ў таварныя вагоны i павезлi ў Польшчу. У Польшчы нас абследавалi медыкi, а затым немцы нас павезлi машынамi далей у Германiю. Прывезлi амаль да самай французскай мяжы i пасялiлi ў бараках з дошчак, што знаходзiўся ў 15 км ад горада Банфельд. Наша сямя жыла ў адным памяшканнi, як ваеннапалонныя. Баракi атаплiвалiся печкамi-буржуйкамi. Лагер быў агароджаны металiчнай сеткай. Кармiлi нас толькi супам з бруквы або зялёнага шпiната. Памятаю, як прылюдна фашысты павесiлi трох рускiх ваеннапалонных толькі за тое, што яны нешта ўзялi без дазволу. Яшчэ памятаю: гоняць калонай нас на працу, пад нагамi ляжаць слiвы, якiя пераспелi i апалi з дрэва. Мы iдзём галодныя, а падняць з зямлi слiвы i з’есць баiмся, бо пакараюць. Кармiлi нас у сталовай, але сцярэглi, каб мы чаго-небудзь не ўзялi. З грамадзянскiх немцаў былi i сардэчныя немцы, бывала, што-небудзь з ежы i давалi, але так, каб, крый Божа, iншыя не ўбачылi.

У суседнiм лагеры жылi французы, англiчане, бельгiйцы i iншыя палонныя. Iм было лягчэй, бо iм дазвалялi прысылаць з радзiмы пасылкi. Iх i кармiлi лепш, чым нас.

Злева направа: Сёстры Дар’я і Праскоў’я Краўчанкі і дачка Дар’і - Марыя.

Марыя памерла ў Германіі. Фотаздымкі зроблены ў 1943 годзе ў г. Банфельд.

Працавалi мы на ваеннам заводзе, якi рабiў пушкi. Так як у мяне была хворая нага, то спачатку мяне немцы паставiлi кантраляваць памеры дэталяў. Але праз некаторы час немцы знайшлi ў маёй партыi дэталяў пашкоджаныя i мяне перавялi на працу ў iншы цэх, дзе абпальвалi гэтыя дэталi.

У 1945 годзе нас вызвалiлi амерыканцы. Недзе ў лiпенi 1945 года наша сям’я вярнулася ў Каўпень.

Нікіценка Марыя Мікітаўна

Згадваецца, што немцы прыйшлі ў нашу вёску Каўпень у канцы лета 1941 года. Мне давялося жыць пад нямецкай акупацыяй да восені 1943 года. Гэта былі надзвычай цяжкія гады жыцця. Немцы прыйшлі і падзялілі землю паміж жыхарамі вёскі. Людзі засявалі землю і збіралі ўраджаі. Немцы і паліцаі рабавалі людзей. Памятаю, што мы страшна баяліся тады, бо немцы сталі паліць суседнія вёскі разам з іх жыхарамі. Так была спалена суседняя вёска Сінск, вёска Хаткі, блізкая ад нас вёска Клубаўка, што за Дняпром на Украіне. Мы ведалі аб гэтым, бо смурод ад згарэлых хат далятаў нават і да нашай вёскі.

Калі ў 1943 годзе фронт пачаў зноў набліжацца да нашай вёскі немцы сталі выганяць усіх людзей з вёскі. Людзі ішлі ў лес і ў гарадок ва ўрочышча Рудавец, які знаходзіўся сярод балот у трох кіламетрах на захад ад вёскі. У гарадку людзі хаваліся ад немцаў, жылі там у наспех выкапаных акопах, ноччу варылі ежу на вогнішчах.

Памятаецца, што байцы Чырвонай Арміі знайшлі нас у гэтым гарадзішчы і паведамілі, што наша вёска ўжо вызвалена. Але яны сказалі, што ў вёску рухацца пакуль нельга, таму што могуць яшчэ вярнуцца немцы. Мы пераначавалі ў лесе за вёскай. На наступны дзень мы пайшлі ў суседнюю вёску Крупейкі. У Крупейках, якія нашы войскі вызвалілі раней, мы жылі некалькі дзён. Потым вярнуліся ў сваю вёску Каўпень. Да вайны наша вёска была вялікай, але немцы спалілі яе, засталася толькі школа і восем хат.

Прымак Анастасія Аляксандраўна

Шмат гора і бед прынесла нам вайна. Цяжка было жыць не толькі мне. Было шмат такіх сямей, у якіх загінулі бацькі і сыны. На пачатку вайны пайшоў на фронт мой муж Прымак Аляксей. Я засталася з двумя маленькімі дзецьмі.

Вялікае гора мы спазналі ўжо летам 1941 года калі прыйшла ў нашу сям’ю пахаронка аб смерці майго мужа. Ішла вайна і не толькі я атрымала пахаронку, такіх сямей было шмат у вёсцы.

Шмат людзей немцы вывозілі на працу ў Германію. Сярод вывезеных каўпенцы Трасцян Кацярына Іванаўна, Трасцян Іван Прохаравіч, Шамро Кацярына Мікалаеўна, Вайцяшэнка Галіна Іванаўна, апошняя памерла ў Германіі. Быў у нас на Лоеўшчыне партызанскі атрад “За Радзіму”, партызанам у ім быў з нашай вёскі Рабус Рыгор Іванавіч. Праз Каўпень у 1942 годзе праходзіў украінскі партызанскі атрад Каўпака.

Да, шмат гора прынеслі немцы, што і казаць, лютавалі фашысты. Была растраляна жыхарка Каўпені Анікеенка Марына Клімаўна - людзі казалі, што яе забілі за сувязь з партызанамі. Таксама фашысты расстралялі нашага аднавяскоўца Краўчанка Міхаіла Аляксеевіча, за што расстралялі, я не ведаю.

Вялікай радасцю была перамога ! Яна вярнула нас да жыцця.

Прымак Вольга Прохараўна

Нарадзілася я ў 1931 годзе. Жыла з бацькамі ў Каўпені. Вайна распачалася і хутка вёску занялі немцы. Прызначылі старасту з мясцовых, набралі паліцаяў. Нямецкая камендатура знаходзілася ў Лоеве. Жылі бедна. Паліцаі наязджалі і адбіралі пачці ўсё. Але не ўсе былі аднолькавыя і паліцаі. Многія служылі немцам пад прымусам. У сувязі з гэтым, успамінаецца такі эпізод.

Наш сваяк Краўчанка Кузьма Сцяпанавіч быў у партызанах. У 1942 годзе ў вёсцы ў яго нарадзілася дачка. На некалькі дзён ён прыйшоў з лесу дадому, выгнаў самагонку, каб перахрысціць дзіця і адзначыць падзею. Раптоўна ў хату зайшлі два паліцаі. Але сваяка не зачапалі. Толькі добра выпілі з ім і паехалі далей.

З наступленнем нашых войск у вёсцы з'явілася многа нямецкіх салдат. У хатах жылі раненыя немцы, нас жа выгналі і мы жылі ў зямлянках. Калі пачаліся баі за вёску, я з сяброўкамі схавалася ў лесе, каля вёскі Пустая Града. Першых савецкія салдаты, якіх мы ўбачылі, былі разведчыкі. Памятаю, раніцай мы вярнуліся ў сваю вёску. Яна была амаль уся спалена, мы хадзілі па папялішчы. Вечарам вярнуліся з Казярог іншыя людзі, а з імі наша мама. Жылі спачатку ў нямецкім бліндажы, потым выкапалі сабе зямлянку. Перабалелі тыфам. У армію прызвалі старэйшага брата, хутка ён загінуў у баях пад Шацілкамі, пахаваны ў Светлагорску. Запісаў Прымак Коля