- •Матэрыялы да лекцый па гісторыі Беларусі перыяду Рэчы Паспалітай.
- •Люблінская унія і ўтварэнне Рэчы Паспалітай
- •Утварэнне уніяцкай царквы
- •Рэфармацыя ў Беларусі
- •Фарміраванне беларускага этнасу
- •Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай
- •Сацыяльна-эканамічнае развіццё
- •Супрацьдзеянне Рэчы Паспалітай татарскай, шведскай і турэцкай агрэсіі
- •Канфрантацыя Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай
- •Паўночная вайна і яе вынікі
- •Адукацыя і асвета ў Беларусі ў XVI – XVIII стст.
- •Заняпад Рэчы Паспалітай і яе першы падзел
- •Спробы рэформ і другі падзел Рэчы Паспалітай
- •17 Чэрвеня 1793 г. У Новым замку ў Гродна сабраўся сойм Рэчы Паспалітай, які ўвайшоў ў гісторыю пад назвай "маўклівага" ці "нямога", сойм зацвердзіў другі падзел.
- •Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Ліквідацыя Рэчы Паспалітай
- •Палітыка царызму на Беларусі ў канцы XVIII ст.
Палітыка царызму на Беларусі ў канцы XVIII ст.
Пасля ўключэння ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі царскі ўрад праводзіў тут цэнтралісцкую аб'яднальную палітыку, яе канчатковай мэтай было зліццё новых тэрыторый з рускімі рэгіёнамі. З канца XVIII і да пачатку XX ст. у залежнасці ад абставін мяняліся толькі тактыка, тэмпы і метады ажыццяўлення гэтай палітыкі. Адбывалася пераарыентацыя палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця Беларусі на Усход.
На тэрыторыю Беларусі была распаўсюджана ўлада агульнарасійскіх адміністрацыйных органаў і ўстаноў. У краі пачалі дзейнічаць намесніцкія, а пасля губернскія ўпраўленні, царскія суды і інш. У пачатку XIX ст. беларускія землі з больш чым трохмільённым насельніцтвам увайшлі ў склад Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губерняў. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 г. паміж Францыяй і Расіяй да апошняй адышла Беласточчына, уключаная ў 1843 г. у Гродзенскую губерню. З палітычных меркаванняў Беларусь была падзелена на два генерал-губернатарствы: Літоўскае (Віленская, Гродзенская і Мінская губерні) і Беларускае (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні). Царскі ўрад, які быў вымушаны лічыцца з істотнымі адметнасцямі дзяржаўна-прававога становішча далучаных зямель, у якасці іх асноўнага заканадаўчага кодэкса спачатку пакідаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Мясцовыя жыхары мелі магчымасць займаць другарадныя пасады ў губернска-павятовай адміністрацыі.
У сваёй саслоўнай палітыцы ўрад імкнуўся перш за ўсё задобрыць шляхту. Для гэтага ёй даваліся правы расійскага дваранства. За шляхтай захоўваліся, пры умове прынясення прысягі на вернасць Расіі, маёнткі з сялянамі. Разам з тым, у апошняй трэці XVIII ст. на тэрыторыях, якія адышлі да Расійскай імперыі паводле трох падзелаў Рэчы Паспалітай, царскі ўрад актыўна праводзіў палітыку насаджэння землеўладання рускага дваранства і стварэння тым самым апоры ў захопленым краі. Прыватнай маёмасцю расійскіх землеўласнікаў станавіліся сяляне і землі былых каралеўскіх эканомій і старостваў, канфіскаваных маёнткаў свецкіх і царкоўных феадалаў, якія засталіся за мяжой ці выступілі супраць новай улады. Усяго на тэрыторыі Беларусі Кацярына II і Павел I падаравалі ў прыватнае спадчыннае ўладанне больш за 200 тыс. рэвізскіх (мужчынскіх) душ. Па колькасці падараваных сялян можна вызначаць уплыў пры двары і блізкасць да прастола тых ці іншых асоб. Да 15 тысяч сялян (душ мужчынскага полу) атрымаў фаварыт імператрыцы Р. Пацёмкін, амаль 17 тысяч – генерал-фельдмаршал П. Румянцаў-Задунайскі, да 7 тысяч – генерал-фельдмаршал А. Сувораў (Кобрынская воласць). Пашырэнне і ўмацаванне памеснага прыгоннага права здавалася расійскаму ўраду лепшым гарантам супраць паўтарэння "пугачоўшчыны" і распаўсюджвання "якабінства". Прыгонніцтва на Беларусі ўзмацнялася і пашыралася з прычыны запісу за землеўласнікамі часткі былых прывілеяваных і адносна свабодных катэгорый сельскага насельніцтва (зямянаў, выбранцаў, панцырных баяр, "вольных" людзей і інш.).
Беларускія сяляне, як і іншыя падатковыя саслоўі, цікавілі ўлады Расійскай імперыі перш за ўсё як аб'екты феадальнай эксплуатацыі і папаўнення даходаў казны. З-за слабай плацежаздольнасці і неабходнасці паступовага прызвычайвання да расійскай падатковай сістэмы ім некаторы час аказвалі льготы ва ўплаце падушных грошай, пасля чаго насельніцтва беларускіх губерняў было падведзена пад агульны тып падатковага абкладання ва ўсёй імперыі. Уводзілася невядомая дасюль рэкруцкая павіннасць.
На Беларусі скасоўвалася магдэбургскае права, а на гарады, якія яго мелі, і мястэчкі, прызнаныя цэнтрамі паветаў, пашыраліся прынцыпы расійскага гарадскога самакіравання паводле даравальнай граматы гарадам І785 г. Жыхары шэрагу мястэчак, якія такіх правоў не атрымалі, прыраўноўваліся да сялян і нават раздаваліся прыватным уладальнікам. Гэта выклікала іх упартую, праўда, без жаданых вынікаў, барацьбу за вяртанне мяшчанскага статусу. Для яўрэйскага насельніцтва, якое пражывала у гарадах, указам І794 г. вызначалася мяжа яўрэйскай аселасці, якая уключала беларуская, літоўскія і частку украінскіх губерняў.
Каб супакоіць мясцовую знаць, у цэлым захоўвалася канфесійная сітуацыя, якая склалася раней. Нават забаронены Рымскім Папам ордэн езуітаў знайшоў да 1820 г. прытулак на далучаных да Расіі землях усходняй Беларусі. Афіцыйна каталіцкаму і уніяцкаму духавенству не дазвалялася схіляць у сваю веру праваслаўных.
(Паводле выдання: Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі / У. А. Сосна (кіраўнік аўтарскага калектыву) і інш.; пад рэд. Л. В. Лойкі. - Мн.: РІВШ, 2005.)
