- •Матэрыялы да лекцый па гісторыі Беларусі перыяду Рэчы Паспалітай.
- •Люблінская унія і ўтварэнне Рэчы Паспалітай
- •Утварэнне уніяцкай царквы
- •Рэфармацыя ў Беларусі
- •Фарміраванне беларускага этнасу
- •Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай
- •Сацыяльна-эканамічнае развіццё
- •Супрацьдзеянне Рэчы Паспалітай татарскай, шведскай і турэцкай агрэсіі
- •Канфрантацыя Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай
- •Паўночная вайна і яе вынікі
- •Адукацыя і асвета ў Беларусі ў XVI – XVIII стст.
- •Заняпад Рэчы Паспалітай і яе першы падзел
- •Спробы рэформ і другі падзел Рэчы Паспалітай
- •17 Чэрвеня 1793 г. У Новым замку ў Гродна сабраўся сойм Рэчы Паспалітай, які ўвайшоў ў гісторыю пад назвай "маўклівага" ці "нямога", сойм зацвердзіў другі падзел.
- •Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Ліквідацыя Рэчы Паспалітай
- •Палітыка царызму на Беларусі ў канцы XVIII ст.
Канфрантацыя Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай
Пасля перамогі ў Лівонскай вайне 1558 – 1582 гг., знешнепалітычныя пазіцыі Рэчы Паспалітай сталі настолькі трывалымі, што дазволілі ёй самой перайсці да экспансіі на Усход.
Восенню 1604 г. пры падтрымцы караля Жыгімонта III Вазы з тэрыторыі Украіны на Маскву выправіўся 3-тысячны атрад на чале з быццам бы цудам ацалелым сынам Івана Грознага царэвічам Дзмітрыем, які лічыўся забітым у 1591 г. (Ілжэдзмітрыем I). У лагеры самазванца быў і невялікі аддзел літвінскай шляхты, хоць у цэлым шляхта ВКЛ адмоўна паставілася да гэтай авантуры. Пасля раптоўнай смерці цара Барыса Гадунова, пры падтрымцы маскоўскага баярства самазванец увайшоў у Маскву і быў каранаваны там на царства. Але праз год у Маскве выбухнула паўстанне. Паўстанцы расправіліся з Ілжэдзмітрыем і яго наймітамі. Праўрадавыя колы Рэчы Паспалітай пачалі прапагандаваць ідэю прэвентыўнай вайны. Вясной 1607 г. у Шклове з'явіўся другі самазванец, які з войскам авантурыстаў рушыў на Маскоўскае царства і ў пачатку 1608 г. ужо кантраляваў палову яго, але быў спынены арміяй Васіля Шуйскага ля самай сталіцы, у вёсцы Тушын.
Баярская апазіцыя ў Маскве, якая жадала пазбавіцца ад новага цара Васіля Шуйскага, патаемна прапанавала царскую карону сыну Жыгімонта III Уладзіславу. Насуперак волі вальнага сойма, Ваза у 1609 г. распачаў адкрытую вайну супраць Расіі з мэтай адваявання Смаленскай зямлі і далучэння Маскоўскай дзяржавы да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі. У верасні літвінска-польскае войска з каралём на чале ўзяло ў аблогу першакласную Смаленскую крэпасць. Незадаволенае палітыкай Шуйскага маскоўскае баярства звергла цара. Часовы ўрад – баярская рада ("сямібаяршчына") накіравала да Жыгімонта пад Смаленск пасольства і ў жніўні 1610 г. заключыла з ім дагавор пра саюз Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай праз абранне царом 15-гадовага каралевіча Уладзіслава, які быў афіцыйна абвешчаны царом Расіі. У верасні 1610 г. польскае і літвінскае войскі занялі Маскву, а яшчэ праз год вернуты ў склад ВКЛ Смаленск.
Аднак у 1612 г. у Маскве выбухнула паўстанне супраць інтэрвентаў. У жніўні да сталіцы падышло расійскае апалчэнне, сфарміраванае ў Ніжнім Ноўгарадзе старастам Кузьмой Мініным і князем Дзмітрыем Пажарскім. Славуты літвінскі палкаводзец Ян Хадкевіч, які перамагаў і шведаў, і туркаў, тут пазнаў паражэнне. У лістападзе заціснуты ў Крамлі польска-літоўскі гарнізон капітуляваў. Земскі сабор 1613 г. абраў царом 16-гадовага Міхаіла Раманава. У 1617 – 1618 гг. каралевіч Уладзіслаў сам узначаліў паход на Маскву, каб вярнуць трон, але яе штурм вынікаў не даў. Вычарпаныя баявыя рэсурсы і значныя страты ў людзях вымусіў абодва бакі пайсці на перагаворы. 1 снежня 1618 г. было падпісана Дэулінскае перамір'е на 14,5 гадоў, паводле якога ў склад ВКЛ увайшлі Смаленск, Мажайск, Дарагабуж, Вязьма, да кароны – землі Чарнігаўская і Северская. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул "цара маскоўскага і ўсяе Русі", але на троне застаўся Міхаіл Раманаў.
Урад цара Аляксея Міхайлавіча імкнуўся да рэваншу за інтэрвенцыю Рэчы Паспалітай на пачатку XVII ст. Зручную сітуацыю для нанясення вырашальнага ўдару па Рэчы Паспалітай стварыла вайна ўкраінскіх казакаў супраць Кароны, якая зацягнулася і знясіліла апошнюю. Перамовы аб удзеле Расіі ў вайне з Рэччу Паспалітай на баку Хмяльніцкага вяліся з 1649 г. На працягу 1649-1651 гг. маскоўскі ўрад, хоць і заяўляў аб гатоўнасці аказаць дапамогу украінскім казакам, але не мог рашыцца на адкрытае ваеннае ўмяшанне на Украіне і ВКЛ. Расія яшчэ не была гатова да вайны. 3 сакавіка 1653 г. яна пачынае актыўна да яе рыхтавацца. Згода Земскага сабора 1653 г. аб прыняцці Украіны пад царскую "высокую руку" і абвяшчэнне гэтага рашэння на Пераяслаўскай Радзе 8 студзеня 1654 г. азначалі пачатак вайны.
У маі 1654 г. тры вялікія арміі – з Вялікіх Лук, Вязьмы і Бранска – агульнай колькасцю да 80 тысяч чалавек уварваліся ў межы ВКЛ. Ім на дапамогу Б. Хмяльнцікі паслаў з Украіны 20-тысячны атрад пад началам наказнога гетмана Івана Залатарэнкі, які павінен быў дзейнічаць у паўднёва-ўсходніх паветах Беларусі. Агульная задума рускага камандавання заключалася ў заняцці важных стратэгічных пунктаў на шляху да Вільні. На першым этапе вайны ВКЛ змагла выставіць супраць гэтай сілы 10 – 12-тысячнае апалчэнне мясцовай шляхты.
За першы год вайны руская армія авалодала тэрыторыямі да Дняпра на ўсходзе і да Дзвіны на поўначы Беларусі. Смаленск, Віцебск і Гомель упарта адбіваліся. Шэраг гарадоў на пачатку вайны капітуляваў: Магілёў, Шклоў, Невель, Чавусы, Полацк. Некаторыя здаліся пад уплывам прапаганды беларускага шляхціча Канстанціна Паклонскага, які перайшоў на бок цара, стварыў мясцовы казацкі полк і меў даручэнне схіляць гарады да здачы. Рускія ваяводы знішчалі ўсё, што можна было знішчыць, бязлітасна распраўляліся з абаронцамі гарадоў, а сялян і асабліва рамеснікаў тысячамі вывозілі ў палон. У Маскве і іншых рускіх гарадах узніклі цэлыя слабодкі з гвалтоўна пераселеных туды "беларусцаў", як называлі ў Расіі ўсходніх літвінаў.
Вясной 1655 г. пачаўся другі паход рускай арміі, якая атрымала перамогі пад Барысавам, Слуцкам, Ашмянамі. У ліпені яна авалодала Менскам, Клецкам, Слонімам. 31 ліпеня амаль безабаронная Вільня была захоплена, абрабавана і выпалена, у жніўні ўзяты Гродна і Коўна. Да восені ўся тэрыторыя Беларусі апынулася пад акупацыяй, за выключэннем раёнаў Палесся, Берасцейшчыны і Панямоння. Слуцк, Пінск, Стары Быхаў і Брэст заставаліся пад кантролем польска-літоўскіх сіл. 4 верасня Аляксей Міхайлавіч прыняў тытул самадзержца "всея Великия и Малыя и Белыя России".
Пасля захопу Вільні маскоўскі ўрад палічыў ліквідацыю ВКЛ як дзяржавы і анексію яго зямель справай вырашанай і пайшоў на часовае прымірэнне з Рэччу Паспалітай. У 1656 г. у Немежы, пад Вільняй, паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай было падпісана двухгадовае перамір'е.
Гаспадаранне маскоўскіх войскаў на Беларусі, шматлікія паборы і кантрыбуцыі, рабаўніцтва, гвалт і масавы вываз людзей у няволю распальвала тут антырускія настроі і выклікала шырокі рух народнага супраціву. Ён пачаўся адразу пасля з'яўлення царскага войска ва ўсходніх паветах дзяржавы, актывізаваўся падчас наступальнай кампаніі гетмана Я. Радзівіла зімой 1654-1655 гг. Яго разгортванню ў 1657 г. у Мінскім ваяводстве і Падняпроўі садзейнічала прысутнасць казацкіх атрадаў Івана Нячая, прызначанага замест I. Залатарэнкі. У 1658 г. загоны Нячая сталі адкрыта ваяваць супраць расійскага войска. Асаблівую незадаволенасць казацкіх старшынь выклікалі спробы царскіх ваяводаў прывесці "беларусаў да падданства цару". Калі на пачатку вайны, дзякуючы шырокай прапагандзе і ўдаламу выкарыстанню міжканфесійных супярэчнасцяў у ВКЛ маскоўскі ўрад змог у шмат якіх месцах Беларусі нейтралізаваць і нават схіліць на свой бок праваслаўнае насельніцтва, то з пачаткам акупацыі больш характэрна масавая антымаскоўская барацьба мясцовага насельніцтва.
Вясной 1660 г., пасля заключэння мірнага пагаднення са Швецыяй, Рэч Паспалітая змагла засяродзіць сілы на барацьбе з Масквой. З другой паловы 1660 г. ваенная ініцыятыва канчаткова пераходзіць у рукі польска-літоўскага камандавання. З Прусіі і Ліфляндыі да Вільні былі перакінуты войскі пад началам вялікага гетмана П. Сапегі і С. Чарнецкага. У 1661 г. сталіца ВКЛ была вызвалена. Рускія войскі не змаглі стрымаць націску і адступілі ў напрамку Полацка.
Абодва бакі былі знясілены ваеннымі дзеяннямі. Пасля працяглых і цяжкіх перамоў у 1667 г. у в. Андрусава, каля Мсціслава, паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай было заключана пагадненне тэрмінам на 13,5 года. Паводле яго ўмоў, Смаленскае і Чарнігаўскае ваяводствы і ўкраінскія землі па левы бераг Дняпра адыходзілі да Расіі. Тэрыторыя ВКЛ паменшылася з 370 да 312 тыс. кв. км.
Трактат, падпісаны ў беларускай вёсцы Андрусава, стаўся найважнейшай падзеяй гісторыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Баланс сіл ва Усходняй Еўропе быў канчаткова парушаны на карысць Маскоўскай дзяржавы, якая выйшла на першае месца па магутнасці, завалодала ініцыятывай. Рэч Паспалітая наадварот, ужо ў Андрусаве падпісала сабе прысуд. Прыйшоў час хуткага заняпаду Рэчы Паспалітай. Да замірэння 1667 г. тут аднесліся па-рознаму. Частка магнатаў і шляхты ўхваляла яго. Групоўка сенатараў на чале з Янам Сабескім катэгарычна выступіла супраць Андрусаўскага трактата і заклікала працягваць вайну. Гэта, зразумела, была утопія.
Шматгадовыя ваенныя дзеянні, палітыка татальнага спусташэння зямлі і вываду палонных прывялі Беларусь да дэмаграфічнай і гаспадарча-эканамічнай катастрофы, на стагоддзе адкінулі яе назад. Па стратах і адмоўных выніках вайна 1654 – 1667 гт. была самай трагічнай у нашай гісторыі, гэта — нацыянальная катастрофа. З 1650 па 1667 гг. колькасць насельніцтва скарацілася больш як удвая – з 2,9 да 1,4 млн. чалавек. Большасць людзей гінула не ў бітвах, а з голаду і эпідэмій. Беларускія ваяводствы абязлюдзелі таксама з-за перасяленняў, вывазу сялян і рамеснікаў у Расію. Асабліва пацярпела жыхарства паветаў, сумежных з Маскоўскай дзяржавай: у Аршанскім, Мсціслаўскім, Полацкім паветах пуставала ад 69 да 75% хат, тут засталася менш за трэць ад даваеннай колькасці насельніцтва. Трэцяя частка гаспадарак Берасцейскага і Наваградскага ваяводстваў засталася без гаспадароў. Спатрэбілася 125 гадоў, каб насельніцтва Беларусі дасягнула ўзроўню сярэдзіны XVII ст.
