- •Матэрыялы да лекцый па гісторыі Беларусі перыяду Рэчы Паспалітай.
- •Люблінская унія і ўтварэнне Рэчы Паспалітай
- •Утварэнне уніяцкай царквы
- •Рэфармацыя ў Беларусі
- •Фарміраванне беларускага этнасу
- •Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай
- •Сацыяльна-эканамічнае развіццё
- •Супрацьдзеянне Рэчы Паспалітай татарскай, шведскай і турэцкай агрэсіі
- •Канфрантацыя Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай
- •Паўночная вайна і яе вынікі
- •Адукацыя і асвета ў Беларусі ў XVI – XVIII стст.
- •Заняпад Рэчы Паспалітай і яе першы падзел
- •Спробы рэформ і другі падзел Рэчы Паспалітай
- •17 Чэрвеня 1793 г. У Новым замку ў Гродна сабраўся сойм Рэчы Паспалітай, які ўвайшоў ў гісторыю пад назвай "маўклівага" ці "нямога", сойм зацвердзіў другі падзел.
- •Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Ліквідацыя Рэчы Паспалітай
- •Палітыка царызму на Беларусі ў канцы XVIII ст.
Фарміраванне беларускага этнасу
У другой палове XIII ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі і суседніх усходніх і паўночных зямель пачынаецца працэс фарміравання беларускай народнасці – гістарычна складзенай устойлівай супольнасці людзей, якая характарызуецца агульнасцю мовы, побыту, культуры, рыс псіхікі і этнічнай самасвядомасці, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, а таксама наяўнасцю саманазвы. Працэс фарміравання гэтых этнічных прыкмет працягваўся амаль чатыры стагоддзі і праходзіў пад уздзеяннем шмат якіх фактараў: сацыяльна-эканамічнага, палітычнага, геаграфічнага, царкоўна-рэлігійнага і інш.
Аб'яднанне на працягу XIII – XVI стст. раздробленых зямель у складзе Вялікага княства Літоўскага, падначаленне адзінай вярхоўнай уладзе прывяло да іх тэрытарыяльнай кансалідацыі і паслужыла штуршком для складвання этнічнай тэрыторыі беларусаў – тэрыторыі кампактнага рассялення народа, з якой звязаны яго фарміраванне і развіццё. Этнічная тэрыторыя адпавядала арэалам распаўсюджвання асноўных старажытных продкаў беларусаў – літвы, дайновы, яцвягаў, крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў і ўяўляла сабой у XIV – XVI стст. ужо дастаткова аднародную ў этнічным сэнсе (монаэтнічную) зону.
Палітычны, эканамічны фактары з'яўляліся "фонам", на якім адбывалася фарміраванне і развіццё беларускага этнасу. Палітычная і сацыяльна-эканамічная інтэграцыя ў межах адной дзяржавы стварыла амаль што аднолькавыя ўмовы для этнакультурнага развіцця розных зямель, прывяла да нівеліроўкі мясцовых асаблівасцяў. У першую чаргу і хутчэй моўная і культурная нівеліроўка адбывалася ў гарадах, асабліва ў найбольш значных. Там мацней, чым у сельскай мясцовасці, адчуваліся сувязі паміж асобнымі часткамі краіны.
Этнічная тэрыторыя кожнага народа вызначаецца ўстойлівасцю на працягу стагоддзяў. Яшчэ ў пачатку XX ст. беларусы насялялі Смаленшчыну, сумежжа Браншчыны, Чарнігаўшчыны, Пскоўшчыны, Латгаліі, а таксама Падляшша і Віленскі край. У выніку наступных штучных падзелаў гэтыя землі апынуліся па-за палітычнымі межамі беларускай дзяржавы.
З XIII – XVI стст. на этнічнай тэрыторыі Беларусі сфарміравалася самастойная мова са сваімі спецыфічнымі фанетычнымі і сінтаксічнымі асаблівасцямі і лексічным складам, якая ўжо карэнным чынам адрозніваецца ад старажытнарускай, рускай і украінскай моў. Беларуская мова адносіцца да індаеўрапейскай моўнай сям'і, якая распалася прыкладна 3 – 2,5 тысячы гадоў да н.э. Некаторыя даследчыкі лічаць, што важнейшыя асаблівасці нашай мовы ў той ці іншай меры існавалі ўжо ў ХIIІ ст. Паасобныя яе фанетычныя рысы адлюстраваны ў дагаворах XIII – XIV стст. Полацка, Віцебска і Смаленска з Рыгай і Гоцкім берагам, з якіх асабліва паказальны дагавор смаленскага князя 1229 г.
У часы ВКЛ гаворкі дрыгавічоў, полацка-смаленскіх крывічоў і радзімічаў, якія ўтваралі адну групу, канчаткова кансалідаваліся ў беларускую мову. У галіне фанетыкі яе асаблівасцямі сталі "дзеканне" (дзед, дзеці замест старажытных усходнеславянскіх дед, деті), "цеканне" (цётка, цень, маці замест тетка, тень, мать), "аканне" (мароз, варона), "яканне " (вясна, зямля, сястра), цвёрды гук "р" (крыўда, пісар, тры), "фрыкатыўнае вымаўленне "г", прыстаўныя зычныя і галосныя гукі ў пачатку слова (возера замест старажытнага озеро, ільняны замест льняны, іржа, вока г г. д.) і інш., у сінтаксісе – выкарыстанне слоў "каб", "калі, часціц "ці", "чы" і інш.
Развіццю старажытнабеларускай (ці як яе называлі тады "рускай") мовы спрыяла тое, што ў канцы ХIV – ХVII стст. яна з'яўлялася дзяржаўнай мовай Вялікага княства Літоўскага з першых стагоддзяў яго існавання. На ёй размаўлялі вялікія князі літоўскія і літвінская феадальная знаць. На ёй працавалі княжацкая канцылярыя ў Вільні, судовыя ўстановы, магістраты. На ёй размаўлялі на соймах і ў час дыпламатычных перагавораў. У часы ад Аляксандра Ягелончыка да Жыгімонта III вялікая колькасць грамат, прывілеяў, лістоў, наказаў, спісаў і іншых актавых дакументаў пісалася на абеларушанай царкоўнаславянскай мове. Яе ўжыванне ў афіцыйным справаводстве было заканадаўча замацавана Статутам ВКЛ 1588 г. На ёй ствараліся шматлікія летапісы, мастацкія, публіцыстычныя і мемуарныя творы, на яе перакладалі воінскія і рыцарскія аповесці і раманы, гістарычныя хронікі і апакрыфічныя аповесці. Ф. Скарына, С. Будны, дзеячы уніяцкай царквы спрыялі увядзенню беларускай мовы ў сакральную (рэлігійную) сферу, што таксама з'яўляецца сведчаннем факта сфарміраванасці нашай народнасці. С. Будны ў 1562 г. у Нясвіжскай друкарні выдаў беларускамоўны (I кнігу на беларускай мове) "Катэхізіс".
Беларуская мова з другой паловы XVI ст. паступова пачала здаваць свае пазіцыі пад націскам польскай. У сувязі з перайманнем шляхтай чужой мовы ў сітуацыі двухмоўя наша мова пакрысе выцясняецца з ужытку. Рашэннем сойма 1696 г. статус дзяржаўнай на тэрыторыі княства быў замацаваны за польскай мовай.
Паступова складваліся агульныя абрады (Каляды, Масленіца, Купалле, Дзяды і інш.) і звычаі (сябрына – сумеснае карыстанне сенажаццю, пашай, пчоламі і г. д.; дружба і ўзаемадапамога саўладальнікаў гэтай маёмасці – сяброў; талака – калектыўная суседская дапамога ў гаспадарчых работах).
Такім чынам, на працягу другой паловы XIII – XVI стст. на акрэсленай этнічнай тэрыторыі сфарміраваўся своеасаблівы агульнабеларускі комплекс традыцыйнай культуры і сістэма мовы, якія сведчылі пра нараджэнне новага этнасу. ХVII і XVIII стст. былі перыядам узмацнення і далейшага развіцця новых этнічных прыкмет.
Знешняй формай праяўлення самасвядомасці з'яўляецца назва народа – этнонім.
У XIII – XVI стст. у дачыненні да насельніцтва Беларусі ўжываліся розныя этнонімы. Да XVII ст. абагульняючай для праваслаўнага насельніцтва Беларусі, Украіны, Масковіі і часткова Літвы, Польшчы, Латгаліі з'яўлялася назва "Русь", "рускія", "русіны". Хоць у іх грамадскай свядомасці захоўвалася ўяўленне аб асаблівай блізкасці ўсходнеславянскіх народаў, якое замацоўвала праваслаўная царква, насельнікі Русі Літоўскай і Русі Маскоўскай лічылі кожны менавіта сябе "сапраўднай" руссю, а сваіх суседзяў называлі "масквой", "маскавітамі", "маскалямі" ці, адпаведна, "літвой", "літвінамі", "ліцвінамі", "літоўцамі". Беларускія "русіны" ўжо ў ХV – ХVІ стст. адрознівалі сябе ад "маскавітаў" суседняй дзяржавы, іх мову называлі "маскоўскай", а сваю – "рускай". Этнонім "рускія людзі меў больш стабільную распаўсюджанасць сярод жыхароў усходняй Беларусі і Смаленшчыны.
Украінцы, рускія, палякі і іншыя еўрапейскія народы называлі беларусаў "літвінамі", гэта ж паняцце было саманазвай і беларускага насельніцтва. Славянізаванае вызначэнне "літвіны" адрознівалася ад саманазвы ўласна літоўцаў, якая гучала як "lietuwis" "lietuviai" "lietuwininkas". У ХIV – ХV стст. "літвінамі" называлі сябе пераважна жыхары заходніх зямель Беларусі і ўсходу Летувы. У XVI і асабліва ў ХVII – ХVIII стст. назва распаўсюджваецца на ўвесь беларускі этнас.
Гэта форма "нацыянальнага" самавызначэння насельніцтва Беларусі (асабліва шляхты) ўмацоўваецца пасля аб'яднання княства з каралеўствам у Рэч Паспалітую, якое разглядалася як "аб'яднанне дзвюх нацый (палякаў і літвінаў) у "адзіную нацыю". Мясцовыя магнаты і шляхта доўгі час падкрэслівалі, што яны менавіта "літвіны", чым выказвалі даволі высокі ўзровень дзяржаўна-нацыянальнай самасвядомасці. Назвы "літвіны", "Літва", на думку даследчыкаў, былі найбольш абагульняючай формай этнічнай самасвядомасці і самавызначэння беларускага насельніцтва ў ХVII – ХVIII стст.
Названыя этнонімы ў залежнасці ад абставін маглі ўжывацца паасобку ці сумесна ("літвін рускага роду", "літвін-беларусец"), але ўсе яны з'яўляліся элементамі этнічнай самасвядомасці беларускага народа. Аддзяліўшы ад сябе словы "Літва" і "Русь", мы атрымалі поўную блытаніну ў нашай мінуўшчыне – не маглі знайсці ў сваёй гісторыі сябе, заблыталіся, што ў нашай культуры нашае, а што чужое, адкуль мы і адкуль іншыя.
