- •Літаратура бліжняга замежжа
- •1 Паняцці “літаратурная генерацыя”, “школа” ў кантэксце развіцця сучаснай украінскай літаратуры
- •2 Роля літаратурна-мастацкіх аб’яднанняў і арганізацый канца 80 пачатку 90-х гг. У развіцці сучаснай украінскай літаратуры
- •3 Сувязь сучаснай украінскай літаратуры з паэтыкай постмадэрнізму
- •4 Жанр эсэ ў сучаснай украінскай літаратуры
- •1 Тыпалагічная характарыстыка сучаснай украінскай прозы
- •Уплыў паэтыкі постмадэрнізму на сучасную ўкраінскую прозу
- •1) Проза ю. Андруховіча
- •3 Развіццё ўкраінскай гістарычнай прозы
- •2) Проза я. Пашкоўскага
- •Паэтыка твораў в. Стуса
- •3 Іранічны напрамак у сучаснай украінскай паэзіі
- •4 Эстэтычнае поле паэзіі с. Жадана
- •1 Жанрава-стылёвыя навацыі ў сучаснай украінскай драматургіі
- •2 Драматургія а. Ірванца
- •Начало формы
- •Вучэбнае выданне
- •Літаратура бліжняга замежжа тЭксты лекцый
- •У аўтарскай рэдакцыі
- •246019, Г. Гомель, вул. Савецкая, 104
Паэтыка твораў в. Стуса
Постаць Васіля Стуса ў гісторыі ўкраінскай літаратуры з’яўляецца сімвалам мужнасці, прыкладам захавання чалавечага сумлення і годнасці ў самых жорсткіх абставінах.
Паэзія і проза, літаратурная крытыка і эсэістыка, шматлікія пераклады, сярод якіх асабліва вылучаюцца бліскучыя інтэрпрытацыі Гётэ і Рыльке, – усё гэта створана Стусам у нялюдскіх умовах.
На ўсёй творчай спадчыне В. Стуса пакінуты след геніяльна адоранай асобы, таленту, які з поўным правам займае месца на вяршынях сусветнага пісьменства 20-га стагоддзя.
Уключэнне твораў пісьменніка ў шырокі літаратуразнаўчы кантэкст адбылося толькі напрыканцы 1980-х.
Фактычна, за жыццё В. Стуса, зборнікі яго вершаў так і засталіся невядомымі шырокаму колу чытачоў, калі не ўлічваць замежных выданняў зборнікаў “Зімовыя дрэвы”(1970), “Свіча в свічаді”(1977), канфіскаваных і самавыдавецкіх паэтычных цыклаў “Кругаверць”, “Вясёлы цвінтар”, “Час творчасці”, “Палімпсесты”, так і не знойдзенага рукапіснага сшытку “Птах душы”.
Феномену В. Стуса сёння належыць асаблівае месца ў гісторыі ўкраінскай літаратуры.
Па словах Ц. Чарнякевіча, яму “няма аналагаў у славянскай паэзіі”.
Ужо першыя даследчыкі творчасці В. Стуса адчувалі патрэбу разглядаць яго творы як неад’емную частку сусветнай літаратуры 20-га ст. Як з’яву, якую немагчыма асэнсаваць без параўнальнага аналіза роднасных з’яў.
Абгрунтаванымі з’яўляюцца параўнанні творчасці В. Стуса з творчасцю Б. Пастэрнака, Г. Маркеса, Т. Эліота.
Вершы В.Стуса – гэта “сінтэз нацыянальнай ідэі, класічнай і мадэрнісцкай еўрапейскай лірыкі, філасофіі, хрысціянства, прасякнуты такім болем, які проста скалануў украінскую інтэлігенцыю другой паловы 1980-х”.
Паэзія В. Стуса – гэта перш за ўсё “філасофія і этыка ў вершах, драматычнае асэнсаванне экзістэнцыяльнага і эстэтычнага досведу чалавека 20 стагоддзя, які стаў аб’ектам нечуваных раней сацыяльных эксперыментаў”(К. Маскалец).
На думку некаторых даследчыкаў, творы В. Стуса – гэта ўзор “стаічнай” паэзіі ў сусветнай лірыцы. Скразнымі для вершаў В. Стуса з’яўляюцца матывы ахвярнасці і богаабранасці.
Ужо дэбютны зборнік В. Суса “Кругаверць” засведчыў самабытны талент паэта. Вершы зборніка насычаны жыццясцвярджальнымі інтанацыямі. Аўтар захапляецца гармоніяй і прыгажосцю свету, спавядае высокія гуманістычныя ідэалы дабра, справядлівасці і любові.
Паэтычную традыцыю “шасцідзесятніцтва” працягвае наступны зборнік В. Стуса “Зімовыя дрэвы”. У кнізе пераважае грамадзянская лірыка, паэт разважае над лёсам украінскай культуры, пратэстуе супраць атмасферы творчай несвабоды ў тагачасным грамадстве.
У 1970 г. В. Стус скампанаваў трэці паэтычны зборнік “Вясёлы цвінтар”, які стаў новым этапам творчых пошукаў паэта. Назва зборніка – аксюмаран, які аб’ядноўвае кантрастныя па значэнні паняцці. Аўтар дэманструе серыю сатырычных і гратэскных прытчаў, партрэтаў, вобразаў, малюючы абсурднасць сацыяльнай рэчаіснасці.
Вяршыняй творчасці В. Стуса трэба лічыць паэтычны зборнік “Палімпсесты”, які, на жаль, быў надрукаваны толькі пасля смерці аўтара ў 1986 годзе.
“Палімпсесты” – гэта перш за ўсё “выдатны чалавечы дакумент, а ўжо потым мастацкі твор, у ім захавана самотная размова душы з сабою, самазапавет і самасповедзь аўтара”.
Глыбіннае пранікненнне ва ўнутраны свет чалавека, дасканаласць мастацкай формы дазваляюць гаварыць пра зборнік як пра адну з вяршыняў украінскай паэзіі 20 ст.
Творы зборніка сведчаць пра шырокае выкарыстанне Стусам сусветнага паэтычнага вопыту, развіццё новых для ўкраінскай паэзіі тэм.
Усё жыццё В. Стус мэтанакіравана стварае ўласны стыль: ад сюррэалістычных верлібраў і абсурдысцкіх эксперыментаў, да густа насычаных сімваламі містычных візій.
Палімпсесты выяўляюцца шматзначнай метафарай украінскага гістарычнага шляху, на якім згублена шмат важных тэкстаў, страчана гістарычная памяць украінцаў, адбываецца руйнаванне нацыянальных знакаў – мовы, традыцыі, культуры, што нараджае ў паэта адчуванне трагізму.
Сімвалам праведнага шляху ў творчасці В. Стуса становіцца свечка. Свечка, запаленая ў пакутах, стаіць на ахове ўнутранага адзінства паэта.
На ўзроўні філасофскага абагульнення трактуецца паэтам тэма самотнасці. Самота ва ўмовах няволі становіцца спосабам існавання, прыродным станам быцця.
У самотнасці ўсведамляецца сутнасць вышэйшых маральных імператываў, узнікае пачуццё духоўнай еднасці з абсалютам.
Стус прагне наследаваць высокія ідэалы, якія акумуліруюцца ў вечных маральных катэгорыях любові, гармоніі, веры, паразумення.
Стусава творчасць пазначана найперш асэнсаваннем у творах хрысціянскай рэлігійнай праблематыкі і філасофскай канцэпцыі экзістэнцыялізму. Ад прыроды яму блізкія былі сэнсаўтваральныя жыццёвыя пытанні віны і адказнасці, выбару, адносін чалавека да смерці і свайго прызначэння.
Як слушна заўважыў К. Маскалец, для ўкраінскага літаратуразнаўства Васіль Стус і цяпер “застаецца недасягальным на скораных ім вяршынях духу, што з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем незавершанасці яго экзістэнцыяльнага праэкта, які палягаў у дактрыннай мадэрнізацыі (а не постмадэрнізацыі) нацыянальнай культуры”.
