- •Лекцыя 13. Развіццё беларускага грамадства ў міжваенны перыяд бсср у гады нэпа.
- •Правядзенне індустрыялізацыі ў бсср
- •Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў бсср
- •Грамадска – палітычнае жыццё ў бсср у канцы 1920 – х – 1930-я гг.
- •Палітыка беларусізацыі. Развіццё адукацыі, навукі і культуры ў бсср у 1920 – я гг.
- •Адукацыя, навука і культура ў бсср у канцы 1920 – х– 1930-я гг.
Правядзенне індустрыялізацыі ў бсср
Асаблівасці правядзення індустрыялізацыі ў БССР.
Індустрыялізацыя ў Беларусі з'яўлялася састаўной часткай працэсу стварэння буйной машыннай вытворчасці ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі СССР і перш за ўсё — у прамысловасці. Індустрыялізацыя павінна была дапамагчы пераадолець эканамічнае адставанне СССР ад еўрапейскіх дзяржаў, рост колькасці рабочага класа і замацаванне Савецкай улады.
Асаблівасці Беларусі:
-- праходзіла з шырокім выкарыстаннем значных прыродных запасаў лесу і торфу, а таксама рэзерваў рабочай сілы ў сельскай мясцовасці.
-- пагранічнае становішча Беларусі рабіла немэтазгодным размяшчэнне на яе тэрыторыі прадпрыемстваў цяжкай прамысловасці, арыентаваных на вытворчасць сродкаў вытворчасці, гэта значыць машын, станкоў. абсталявання.
У першыя гады індустрыялізацыі ў рэспубліцы асноўная частка грашовых сродкаў укладалася ў развіццё харчовай, гарбарнай, тэкстыльнай і швейнай прамысловасці. Развіваліся таксама галіны прамысловасці па перапрацоўцы драўніны (лясная, дрэваапрацоўчая, папяровая) і мінеральнай сыравіны (паліўная, хімічная).
У 1928—1929 гг. быў распрацаваны першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі — пяцігодка. У ім прадугледжвалася стварэнне сельскагаспадарчага машынабудавання, будаўніцтва новых і пераабсталяванне старых прадпрыемстваў. Асноўнымі крыніцамі правядзення індустрыялізацыі былі наступныя: даходы з існуючых прамысловых прадпрыемстваў і сельскай гаспадаркі, памяншэнне выдаткаў, выкарыстанне працоўнага энтузіязму народа.
Індустрыялізацыя ў БССР, як і ў СССР, праходзіла фарсіраванымі (паскоранымі) тэмпамі пад лозунгам: «Пяцігодку — у чатыры гады». Намаганнямі беларускага народа і ўсіх народаў СССР у гады першай пяцігодкі ў 1928-1932 гг. былі пабудаваны і пачалі працаваць швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» і панчошна – трыкатажная фабрыка імя КІМ у Віцебску, Магілёўская фабрыка штучнага валакна, Бабруйскі і Гомельскі дрэваапрацоўчыя камбінаты, завод сельскагаспадарчых машын у Гомелі і інш.
У выніку другой і трэцяй пяцігодак (1933—1937, 1938—1941) прамысловасць рэспублікі папоўнілася Крычаўскім цэментавым, Магілёўскім аўтарамонтным заводамі, Мінскім радыёзаводам, Рагачоўскім кансервавым заводам, кандытарскімі фабрыкамі «Камунарка» ў Мінску і «Спартак» у Гомелі, Барысаўскай макароннай і Мінскай каўбаснай фабрыкамі.
Метады правядзення індустрыялізацыі.
Адным з метадаў прыцягнення рабочых да ўдзелу ў правядзенні індустрыялізацыі было сацыялістычнае спаборніцтва за дасягненне лепшых эканамічных вынікаў. Яно развівалася ў такіх формах, як стаханаўскі рух (ад імя яго пачынальніка А. Р. Стаханава), ударныя брыгады, а ў канцы 1930-х гг. — шматстаночнае абслугоўванне, сумяшчэнне прафесій і інш.
Індустрыялізацыя ў БССР была звязана з развіццём пераважна перапрацоўчай прамысловасці. Усталявалася адзіная дзяржаўная форма ўласнасці на сродкі вытворчасці. БССР паступова ператваралася ў індустрыяльную краіну. У 1935 г. урад СССР за поспехі ў эканамічным развіцці ўзнагародзіў БССР ордэнам Леніна.
Пры правядзенні індустрыялізацыі быў распрацаваны метад іанізацыі (аздараўлення) паветра ва ўмовах інтэнсіўнага прамысловага развіцця- Аўтарам вынаходніцтва з'яўляўся ўраджэнец Гродзеншчыны А. Л. Чыжэўскі (1897—1964). У 1917 г. ён скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут і атрымаў званне вучонага-археолага. Ён сам і яго сям'я ўспрынялі рэвалюцыйныя падзеі 1917 г. як заканамерныя. Праз год Чыжэўскі прадставіў да абароны дысертацыю на тэму «Даследаванне перыядычнасці сусветна-гістарычнага працэсу» аб уплыве Сонца на жыццё чалавечага грамадства. Дадзеная праца дазволіла заснаваць новыя навуковыя кірункі, адным з якіх з'яўляецца геліябіялогія. У 1939 г. 1 Міжнародны кангрэс фізікаў у Нью-Йорку выбраў А. Л. Чыжэўскага сваім ганаровым прэзідэнтам. Яго вынаходніцтва, вядомае пад назвай «люстры Чыжэўскага», шырока выкарыстоўваецца ў нашым сучасным жыцці.
Індустрыялізацыя – працэс стварэння буйной машыннай вытворчасці ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі і перш за ўсё ў прамысловасці.
Прамысловасць лёгкая – вытворчасць тавараў народнага спажывання: адзення, абутку і інш.
Прамысловасць цяжкая – група галін па вытворчасці сродкаў вытворчасці, перш за ўсё машынабудаванне, металаапрацоўка, электраэнергетыка і інш.
Першая дзяржаўная ўзнагарода БССР
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР — найвышэйшая ўзнагарода ў БССР у 1924—1933 гг. Ордэн за № 1 быў уручаны таварыству «Васількі», члены якога — жыхары вёскі Васількі Бялыніцкага раёна Магілёўскай акругі — вызначыліся ў асушэнні мясцовага балота. Сярод узнагароджаных гэтым ордэнам — В. 3. Харужая, К. П. Арлоўскі і інш. Ардэнаносцам штогод выплачвалася 200 рублёў, прадугледжваліся льготы пры ўступленні ў калгас і аплаце жыллёвай плошчы, права бясплатнага праезду ў трамваях на тэрыторыі БССР. Ордэнамі таксама былі ўзнагароджаны чыгуначныя палкі, што будавалі дарогу Орша — Лепель, пагранічныя войскі БССР. Усяго было ўручана 170 ордэнаў.
