Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Зенько Вялюга.rtf
Скачиваний:
8
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
5 Мб
Скачать
☆

Марфемны, этымалагічны і словаўтваральны аналіз слова

Марфемны аналіз – гэта вызначэнне марфалагічнай структуры слова ў сучаснай мове. Пры гэтым трэба ўлічваць жывыя словаўтваральныя сувя­зі, г.зн. параўноўваць, супастаўляць слова з роднаснымі словамі і вылучаць толькі тыя марфалагічныя часткі, якія сапраўды ёсць у слове. Напрыклад, пры марфемным аналізе ў слове добры вылучаем корань добр- і канчатак -ы, у слове праўда – корань праўд- і канчатак -а, у слове народ – толькі корань, у слове заўтра – корань заўтр- і суфікс -а. Прыняты такі парадак марфем­нага аналізу: спачатку трэба даць агульную лексіка-граматычную характа­рыстыку слова, назваць, якая гэта часціна мовы, тып скланення ці спражэн­ня і г.д.; адзначыць, зменнае слова ці нязменнае (зменнае слова падзяліць на аснову і канчатак); вызначыць тып асновы, у вытворнай аснове вылу­чыць суфіксы і прыстаўкі і паказаць іх функцыі (словаўтваральныя ці фор­маўтваральныя), а затым вылучыць корань (паказаць яго значэнне, варыян­ты, свабодны ён ці звязаны). Напрыклад, слова падрыхтоўка – назоўнік 1-га скланення назоўнага склону адзіночнага ліку жаночага роду; слова змен­нае, аснова падрыхтоўк-, канчатак -а; аснова вытворная: словаўтваральная прыстаўка пад-, словаўтваральныя суфіксы -оў, -к-; корань -рыхт-, свабод­ны.

Этымалагічны аналіз ставіць задачай вызначэнне той марфалагічнай будовы, якую слова мела раней. У большасці выпадкаў дзяленне слоў на часткі пры марфемным і этымалагічным аналізе супадае: вод-н-ы, рыб-ак. У словах, якія з той ці іншай прычыны змянілі сваю марфалагічную струк­туру, пры марфемным і этымалагічным аналізе будуць вылучацца розныя часткі. Так, пры этымалагічным аналізе слова праўда дзеліцца на корань праў- (параўн. правы, правільны), суфікс -д-, канчатак -а, а пры марфем­ным – на корань праўд- і канчатак -а; слова добры – на корань доб- (параўн. падобны, здобны, спадабацца), суфікс -р-, канчатак -ы, а пры мар­фемным – на корань добр- і канчатак -ы. У слове народ з пункту гледжання сучаснай мовы аснова невытворная, у слове заўтра – толькі корань і су­фікс -а. Пры этымалагічным аналізе вылучаем у першым слове прыстаўку на- і корань -род (параўн. род, прырода), у другім – прыстаўку за-, корань -ўтр-, суфікс -а. Размежаванне марфемнага і этымалагічнага аналізу дазва­ляе пазбегнуць такой памылкі, як вылучэнне ў слове пры марфемным ана­лізе так званых мёртвых суфіксаў ці прыставак.

Марфемны аналіз трэба таксама адрозніваць ад словаўтваральнага аналізу. Пры марфемным аналізе, як ужо гаварылася, вызначаюцца ўсе структурныя часткі, на якія падзяляецца слова ў сучаснай мове: да-рос-л-ы, грамад-ск-і, пра-чыт-а-ўшы, вы-бег-л-і, па-сын-ак, по-гляд. Пры словаўтва­ральным аналізе не ставіцца задача паказаць усе марфемы ў слове, патра­буецца толькі вызначыць словаўтваральную базу (утваральную аснову) і сродак, з дапамогай якога ўтварылася слова.

Утваральная аснова – гэта аснова, ад якой непасрэдна ўтворана сло­ва. Напрыклад, у слове садовы ўтваральная аснова сад- (ад слова сад з да­памогай суфікса -ов), а ў слове садоўнік утваральная аснова садоў- (ад са­дов-ы з дапамогай суфікса -нік). Новыя словы могуць утварацца як ад невытворнай, так і ад вытворнай асновы, таму ўтваральнай асновай можа выступаць і невытворная і вытворная аснова. Слова земляны, напрыклад, – ад слова зямля, у ім утваральная аснова земл- невытворная, а слова зямлян­ка – ад земляны, утваральная аснова землян- – вытворная.

Пры марфемным і словаўтваральным аналізе падзел на структурныя часткі звычайна не супадае. Напрыклад, пры марфемным аналізе ў слове падводнік вылучаем прыстаўку пад-, корань -вод-, суфіксы -н-, -ік, у слове перавозчык – прыстаўку пера-, корань -воз-, суфікс -чык, а пры словаўт­варальным аналізе ў абодвух гэтых словах вызначаем толькі дзве часткі – утваральную аснову і суфікс: падводн-ік, перавоз-чык.

Трэба адрозніваць паняцці «вытворная (невытворная) аснова» і «выт­ворнае (невытворнае) слова». Аснова слоў сінь, ціш невытворная, але самі гэтыя словы пры словаўтваральным аналізе характарызуюцца як вытвор­ныя: яны ўтварыліся бязафіксным спосабам ад прыметнікаў сіні, ціхі. Слова казаць, напрыклад, невытворнае, але мэе вытворную аснову, у якой, апрача кораня каз-, ёсць суфікс асновы інфінітыва -а- і марфалагічны па­казчык інфінітыва – суфікс -ць.

Колькасны склад марфем пры марфемным і словаўтваральным аналі­зе таксама бывае не аднолькавы. Напрыклад, пры марфемным аналізе ў словах тыпу прыволле, водгулле, зацішша выдзяляем тры структурныя част­кі: пры-волл-е, вод-гулл-е, за-цішш-а, а пры словаўтваральным – чатыры: пры-вол-j-э, вод-гул-j- э, за-ціш-j-э, як і ў словах аднолькавай структурнай формы – сузор’е, надвор’е (су-зор-j-э, на-двор-j-э).

Марфемны і словаўтваральны аналіз цесна звязаны. Словаўтваральны аналіз дапамагае вызначыць сапраўдны склад марфем у слове. Для гэтага прымяняюць так званы ступенны словаўтваральны аналіз: вылучаюць сло­ваўтваральныя базы розных ступеней – I, II, III і г.д. Напрыклад, словаўтва­ральная база I ступені слова загартаванасць – загартаван-асць (ад загар­таван-ы), II ступені – загартава-н-ы (ад загартава-ць), III ступені – за-гартава-ць (ад гартаваць), IV ступені – гарт-а-ва-ць (ад гарт). Марфем­ная структура слова такая: за-гарт-ава-н-асць. У слове падрыхтаванасць словаўтваральная база I ступені – падрыхтаван-асць (ад падрыхтава-н-ы), II ступені – падрыхтава-н-ы (ад падрыхтава-ць), III ступені – пад-рыхта­ва-ць (ад рыхтаваць), IV ступені – рыхт-ава-ць (ад кораня -рыхт-). Мар­фемная структура слова: пад-рыхт-ава-н-асць.