Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Зенько Вялюга.rtf
Скачиваний:
8
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
5 Мб
Скачать
☆

Выказнік

Выказнік – галоўны член сказа, граматычна залежны ад дзейніка, які абазначае дзеянне, стан ці прымету прадмета, што ўтварае дзейнік: Неба чыстае, васільковае (Як.); Радасць была, ёсць і будзе.

Паводле структуры выказнікі падзяляюцца на простыя, састаўныя і складаныя.

Просты выказнік выражаецца адной словаформай, у якой заключа­ецца яго лексічнае і граматычнае значэнне: Разбудзіла дачок. Усе трое вы­беглі на двор (А.); Буду ў далёкім краі я нудзіцца, у сэрцы любоў затаіўшы сваю (Б-ч.). – словаформа будучага часу; Няхай жыве жывое!.. (Н.Г.). – словаформа загаднага ладу; Каб на хмель не мароз, ён бы і тын перарос (Прык.). – словаформа ўмоўнага ладу.

Просты выказнік можа выражацца фразеалагізмам: Цэркаўка гэта, як звычайна, абудзіла ў Ганне чулую, бесклапотную згадку пра маленства (І.М.); Міхалка цяпер сам не свой (К.Ч.).

У залежнасці ад граматычнага выражэння простыя выказнікі падзя­ляюцца на дзеяслоўныя і іменныя.

Простыя дзеяслоўныя выказнікі могуць выражацца дзеясловамі аб­веснага, умоўнага і загаднага ладу: Шчасце – нідзе не спыняцца ў дарозе (Грах.); Няхай краса любімае зямлі ў задуменнай песні адгукнецца (У.Д.); Удыхнуў бы ветру палявога, неспякотнай свежасці дуброў (А.П.).

Просты дзеяслоўны выказнік можа быць выражаны інфінітывам: Старанна працаваць – краіну мацаваць (Прык).

У гутарковай мове і мове мастацкай літаратуры сустракаюцца прос­тыя дзеяслоўныя выказнікі, выражаныя аддзеяслоўнымі выклічнікамі, які­мі перадаюцца імгненныя дзеянні: Даніла шусь тут у вароты з жалезным ёмкім сахаром (К-с); Потым – гоп яна з калёс, села ля дарогі... (Крап.).

У ролі простага іменнага выказніка могуць выступаць розныя час­ціны мовы: назоўнікі – Свет – не беспрытульнасць (Тр.); прыметнікі – Я ўсім багат!.. (Панч.); лічэбнікі – Рабіна ў садку адна (К.Ч.); займеннікі – Якая работа, такая і плата (Прык.); дзеепрыметнікі – Рассыпаны зоркі на небе імглістым (Панч.); прыслоўі – Зося ўжо замужам (К.Ч.); выклічнікі – А бібліятэка ў яго – ого-го-го! (Сач.); гукапераймальныя словы – Бурбалкі са дна возера – буль-буль-буль (Б.).

Простыя выказнікі могуць быць ускладнены шляхам паўтарэння двух аднолькавых або блізкіх па значэнні слоў: Дзе падзелася-прапала гас­падыня? (Е.Л.); А снег ідзе, ідзе, ідзе і зацярушвае гасцінцы, на цёмнай растае вадзе (Грах.); Лес гудзе-ракоча цёмнай шапкай верхавін (К-с.); Неба сіняе-сіняе. Ночы цёмныя-цёмныя.

Састаўны дзеяслоўны выказнік складаецца са звязкі і выказальнага слова ў форме інфінітыва. Дзеяслоўная звязка служыць для сувязі выка­зальнага слова з дзейнікам і выражае граматычныя катэгорыі ладу, часу, асобы, ліку, роду, а інфінітыў выражае лексічнае значэнне выказніка. Дзея­слоўная звязка часцей за ўсё выражаецца асабовымі формамі дзеясловаў быць, пачаць, стаць, узяць, перастаць, рашыць, працягваць, скончыць, кі­нуць: Яраш скончыў распытваць пра здароўе і змоўк (Шам.); Начны зімовы холад пачынаў прабіраць дзеда Талаша (К-с.); Цяпер дазвольце вы ўжо мне сказаць аб дзедавым чаўне (К-с.); На ўсходзе неба пачало ружавець (К.Ч.); Дзяўчаткі пачалі танцаваць (К.Ч.).

Дзеясловы-звязкі ў састаўных дзеяслоўных выказніках могуць выра­жаць розныя мадальныя адценні значэння: думаць, жадаць, хацець, магчы, марыць, імкнуцца і г.д.: Я красу маладую бяроз не магу прамяняць на тапо­лі (Астр.); Ва ўсіх сферах дзейнасці чалавек не можа абысціся без слова (Віт.); Я жадаў бы чытаць свае вершы Дзвіне і Бярозе (Панч.).

У ролі звязкі могуць выступаць прыметнікі, дзеепрыметнікі і безаса­бова-прэдыкатыўныя словы: Бацька гатоў ужо ехаць на поле (К.Ч.); Зялёны луг, зялёны друг – сасонкі белыя наўкруг у задуменнасці стаяць, я рады шчыра іх вітаць (Шым.); Нельга народ у палоне трымаць (Бр.); Кожны з нас адзін другому рад заўсёды памагаць (А.В.).

Выказальнае слова састаўнога дзеяслоўнага выказніка можа быць вы­ражана фразеалагічнымі ці сінтаксічна непадзельнымі словазлучэннямі: О, дзядзька спосабаў меў многа даняць праціўніка малога (К-с.); Ён стараўся не мазоліць вочы начальству.

Састаўны іменны выказнік складаецца з дзеяслоўнай звязкі і выка­зальнага слова, якое выражаецца іменнымі часцінамі мовы. Выказальнае слова можа выражацца: назоўнікамі – Рыбак быў дзядзька наш Антоні, як і работнік, адмысловы (К-с.); прыметнікамі – Раніца была яркая, ціхая... (Як.); лічэбнікамі – Дзед застаўся адзін у хаце (Бяд.); прыслоўямі – Гонкія сосны стаялі ўперамежку з лапістымі елкамі (Сіп.); дзеепрыметнікамі – Чаромха здавалася ахопленай блакітна-белым полымем (У.К.); займенніка­мі – Чалавек без мары быў бы нішто (Шам.); безасабова прэдыкатыўнымі словамі – З вечара было зорна (К.Ч.); фразеалагічнымі ці сінтаксічна непа­дзельнымі словазлучэннямі – Крушынскаму было не па сабе (Бяд.); Мо­ладзь аб радасці была на сёмым небе (К.Ч.); Сцёпка быў чалавек заняты (К-с.).

Складаны выказнік складаецца з трох і больш слоў, у складзе якіх мо­гуць быць асабовыя формы дзеяслова і некалькі інфінітываў: Выпаліўшы ў печы, маці пачала збірацца ісці на пляц (Жук.); Начаваць ён меўся пайсці да Андрэя (М.З.); Я хацеў навучыцца іграць на скрыпцы (К-с.).

У састаў складаных выказнікаў могуць уключацца тры і больш дзея­слоўныя і іменныя формы: Зямля не любіць пуставаць – жадае быць жыт­нёвым полем (К-с.); Кожны чалавек павінен пакінуць аб сабе памяць (Пальч.); За дні падарожжа я прывык да Кузьмы і гатоў быў ехаць з ім на край свету (Хадк.).