Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
лекции-бел-лит 11-17.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
135 Кб
Скачать
☆

Мемуарная літаратура Беларусі к.Хvі-сяр.Хvіі ст.: узнікненне і росквіт жанру.

 

Асноўныя адметнасці мемуарнага жанру:

  суб’ектыўнасць;

  фактаграфічнасць;

  перавага падзей;

  рэтраспектыўнасць;

 непасрэднасць аўтарскіх сведчанняў.

 

Два асноўныя фармальныя тыпы мемуарнай літаратуры:

  дзённікі / дыярыушы, якія пісаліся аўтарам адразу пасля падзей (рэгулярныя /кожны дзень/ або нерэгулярныя /час ад часу/);

  успаміны / мемуары (ад фр.memoires або лац. memoriale), якія ствараліся па прашэсці часу.

 

Мемуарны жанр у шматмоўнай літаратуры Беларусі ўзнік яшчэ ў эпоху позняга Рэнесансу, што было звязана з цікавасцю чалавека да свайго мінулага.

Два асноўныя шляхі ўзнікнення мемуарнага жанру:

  ад хаджэння да апісання падарожжа;

  ад кароткіх каляндарных запісаў да разгорнутых дзённікаў.

 

Роскіт мемуарнага жанру прыпаў у Беларусі на 17 стагоддзе, якое прынята называць “стагоддзем мемуараў” (з 30 помнікаў мемуарнага жанру прыблізна 20 было створана ў 17 стагоддзі).

 

Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі 16 -пач. 17 ст.

  адрозніваліся аб’ёмам (ад некалькіх да соцень старонак), мовай (ствараліся на лацінскай, польскай, беларускай мовах), сацыяльным статусам аўтараў (магнаты, сярэдняя/заможная шляхта), што адлюстроўвала розныя шляхі ўзнікнення мемуарнай літаратуры;

  большасць з гэтых твораў звязана з перамяшчэннем героя ў прасторы (апісанне падарожжа, паломніцтва, ваеннага паходу, пасольстваў).

 

З храналагічнага пункту гледжання першым мемуарыстам ВКЛ быў Юрый Радзівіл (1556-1600), сын правадыра кальвінізму ў Беларусі М.Р.Чорнага. У 1575 г. Юрый Радзівіл здзейсніў падарожжа ў Італію і апісаў свае юнацкія ўражанні ў невялікім лацінамоўным дыярыушы “Дзённік падарожжа ў Італію” (упершыню апублікаваны ў 1935 г.).

 

Ля вытокаў мемуарнага жанру ў беларускай літаратуры стаяць такія творы як:

 

     “Хроніка сям’і Уніхоўскіх”;

     “Перыгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую Зямлю” Мікалая Крыштафа Радзівіла, напісанае ў 1595 г.;

     вершаваная аўтабіяграфія Мацея Стрыйкоўскага “Пра сябе і прыгоды свае ў размаітых краінах” ў прадмове да “Хронікі Польскай, Літоўскай, Жамойцкай і ўсяе Русі”;

     вершаваны дзённік ваеннай выправы – лацінамоўная паэма Францішка Градоўскага “Апісанне маскоўскага паходу князя Крыштафа Радзвіла” (Вільня, 1582);

     дзённікавыя запісы на палях польскамоўнай паэмы Андрэя Рымшы “Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла” (Вільня, 1585), прысвечанай удзелу гетмана ў Лівонскай вайне;

     празаічны “Дыярыуш пасольства да вялікага князя маскоўскага ў 1600 –1601 гг.” Галляша Пельгрымоўскага – пачынальніка “маскоўскай тэмы” ў гісторыка-мемуарнай літаратуры Беларусі.

Рэлігійна-палемічная літаратура ў беларусі

Рэлігійна-палемічная літаратура – гэта ідэйна-тэматычны пласт кніжнасці, у цэнтры якога знаходзіцца абмеркаванне дагматычных пытанняў і рэлігійна-палітычнага жыцця краіны як адзін са сродкаў міжканфесійнай барацьбы, мэта якога – сцвярджэнне права на існаванне пэўнай канфесіі і доказ “няправільнасці” іншых веравучэнняў; характарызуецца непрымірымасцю поглядаў, эмацыянальнасцю і агрэсіўнасцю.

Класіфікацыя

Моўнае афармленне:

на старабеларускай і старапольскай мовах.

Тэрытарыяльныя цэнтры:

Астрожскі, Львоўскі, Віленскі, Кіеўскі.

Плыні:

уніяцкая, каталіцкая, праваслаўная і пратэстанцкая.

Асноўныя прадстаўнікі

 Іпацій Пацей “Унія” (1596) на старабеларускай мове

 Пётр Скарга “Аб адзінстве царквы Божай пад адзіным пастырам” (1577) на старапольскай мове

 Мялецій Сматрыцкі “Трэнас” (1610)

 Сымон Будны “Катэхізіс” (1562) на старабеларускай мове

 

“ТРЭНАС” М.СМАТРЫЦКАГА ЯК ПОМНІК БАРОКА

Трэны (“фрэны”), ляманты, пахавальныя казанні былі адным з самых распаўсюджаных жанраў беларускай літаратуры першай паловы XVII ст. У асноўным яны пісаліся “на выпадак” смерці, пахавання якой-небудзь вядомай асобы, князя, членаў яго сям’і, розных высокапастаўленых царкоўных ці дзяржаўных саноўнікаў. Узяўшы за аснову жанр “ляманта”, Мялецій праявіў арыгінальнасць у пашырэнні яго межаў і магчымасцей. Вобраз-алегорыя гаротнай Маці-Царквы – гэта творчая знаходка пісьменніка.

“Трэнас” выйшаў у свет пад псеўданімам Тэафіла Арталога (Багалюба Праўдаслова), паколькі, зразумела, калі б Мялецій падпісаў пад гэтым творам сваё імя, яму пагражала б гэткая ж расправа, якая напаткала Лявонція Карповіча: ён, рэдактар і карэктар гэтага выдання, на два гады быў заключаны ў вязніцу.

Сачыненне напісана на старапольскай мове, якая пасля Люблінскай уніі стала займаць усё больш трывалыя пазіцыі ў якасці агульнадзяржаўнай мовы, зразумелай для адукаваных прадстаўнікоў усіх народаў, што ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай.

“Трэнас” выдадзены гатычным шрыфтом у друкарні віленскага Святадухаўскага брацтва. Макаранічная мастацкая тканіна “Трэнаса” насычана грэцкімі і лацінскімі словамі, словазлучэннямі і цэлымі пасажамі, беларуска-украінскімі ўтварэннямі, вялізнай колькасцю неалагізмаў і аўтарскіх калек. Для большай аўтарытэтнасці свайго сачынення Мялецій Сматрыцкі звярнуўся да сведчанняў 143 аўтараў, пералік якіх прыклаў у прадмове да чытача.

Капазіцыя “Трэнаса” наступная: эпіграма на герб Вішнявецкіх, прысвячэнне оўруцкаму старасту Міхалу Карыбуту Вішнявецкаму, прадмова да чытача. Потым ідуць дзесяць самастойных раздзелаў: “У якім заключаецца плач або нараканне святой Усходняй Царквы на адступных сыноў”; “У якім заключаецца напамін Усходняй Царквы сыну, які пакінуў яе сумесна з іншымі”; “Супраць адзінаўладнай зверхнасці рымскага біскупа”, “Якая ў першай частцы заключае трактат пра сённяшні Рымскі Касцёл, а ў другой – пра святую Усходнюю Царкву, падначаленую крыжу”; “У якім заключаецца трактат пра зыходжанне святога духа”; “Пра апраснок і пра кіслы хлеб Новага Запавету”; “Пра чысцец”; “Пра адмаўленне Рымскім Касцёлам кубка Новага Запавету”; “Пра пакліканне святых”; “У якім катэхізм, гэта значыць сума або кароткі збор цырымоній святой Усходняй Царквы”.

Як бачым, у адзін твор уключаны зусім розныя паводле ідэйнага гучання і па сваіх задачах раздзелы. Умоўна іх можна падзяліць на тры ідэйна-тэматычныя групы: першую складаюць два пачатковыя раздзелы, якія, бадай, найбольш яскрава раскрылі талент палеміста-мастака; да другой след аднесці трэці і чацвёрты раздзелы, якія ўяўляюць сабою своеасаблівую энцыклапедыю выказванняў старажытных філосафаў і багасловаў пра “зверхнасць” рымскага папы і Рымска-Каталіцкага Касцёла; апошнія шэсць раздзелаў – да трэцяй групы, дзе вырашаюцца пераважна праблемы рэлігійна-дагматычнага характару.

“Трэнас” пачынаецца эпіграмай на герб праваслаўных князёў Вішнявецкіх, якая ўяўляе сабою строга вытрыманы трынаццаціскладовы сілабік. У гэтым творы род Вішнявецкіх прыпадабняецца, згодна беларускай градацыйнай сімволіцы, да месяца, які атачаюць зоркі. Паміж галоўных заслуг гэтага княжацкага роду Мялецій вылучае вернае служэнне Айчыне і дарагі дар, што застаўся ад продкаў – непарушнасць бацькоўскай веры. Род Вішнявецкіх у пачатку XVII стагоддзя быў не такі знакаміты, як княжацкія роды Радзівілаў, Астрожскіх, Сапегаў і іншых, аднак, каб узвысіць ролю гэтага роду ў жыцці дзяржавы, аўтар прыбягае да вядомай барочнай гіпербалізацыі. Мялецій, выкарыстоўваючы антычны топас “orbis terrarum” (“зямнога сусвету”), гаворыць пра тое, што славутыя справы Вішнявецкіх вядомыя не толькі ў Рэчы Паспалітай – іх родам захапляецца амаль уся зямля. І прычына гэтага – найперш вернасць культуры народа, яго веры. І паколькі князь Міхал – адзін з нямногіх, хто верна пільнуе інтарэсы праваслаўя, аўтар, “нягодны Божы слуга”, і прысвячае яму кнігу, “перакладзеную на польскую мову”. Калі князь Міхал прачытае гэтую кнігу, лічыць Мялецій, ён будзе больш аддана абараняць сваю пакрыўджаную Маці-Царкву.

У прадмове да чытача аўтар “Трэнаса” коратка распавядае пра тыя задачы і праблемы, якія хвалююць не толькі яго, але і павінны стаць у цэнтры ўвагі сучаснікаў. Цытуючы пастановы ўсяленскіх сабораў, выказванні “айцоў” царквы, вытрымкі са Святога Пісьма, Мялецій Сматрыцкі абгрунтоўвае правамернасць існавання Праваслаўнай Царквы, яе традыцый, абрадаў, вучэння. Пісьменнік-палеміст аспрэчвае меркаванне пра тое, быццам бы непрыняцее уніі – гэта толькі ўпартасць праваслаўных, якая не мае пад сабою ніякага грунту. У якасці аргументаў ён прыгадвае творы праўніяцкай накіраванасці, у якіх уніяты ўзводзілі ўсялякага кшталту паклёпы і абвінавачванні на праваслаўных і іх веру. “Хіба ж калі-небудзь праўда для вытлумачэння патрабавала сабе фальшы і хлусні? Сапраўды, лягчэй агонь з вадою, святло з цемраю злучыць, чым прымірыць дзве гэтыя супрацьлеглыя рэчы”. Выкрыць няпраўду і паказаць рэальнае становішча – такую задачу ставіць перад сабою аўтар гэтай кнігі з дзесяці раздзелаў.

Першы і другі раздзелы раскрываюць паэтычную адоранасць палеміста, яго непераўзыдзены літаратурны талент.Сімвалічны вобраз Праваслаўнай Маці-Царквы, ад імя якой аўтар звяртаецца ў “Трэнасе” да народа, і да яго неаднаразова выкарыстоўваўся ў палемічнай літаратуры Беларусі і Украіны ў творах Герасіма Сматрыцкага, Клірыка Астрожскага, Іяана Вішанскага, аднак толькі ў “Трэнасе” гэты вобраз-алегорыя стаўся свайго роду вечавым званом, загучаў заклікам да яднання ўсіх сіл у барацьбе з наступам каталіцызму. Адступніцтва ад праваслаўя трактавалася Мялеціем як здрада Радзіме. У гэтым палеміст бачыў сродкі дэнацыяналізацыі, акаталічвання беларусаў і украінцаў.

Вобраз Маці-Царквы значна шырэй свайго прамога значэння. Аўтар “Трэнаса” аб’яднаў з ім і вобраз Маці-Радзімыз яе шматвекавой культурай, звычаямі, традыцыямі. Вобраз гаротнай маці, сястры, дачкі, жонкі, наогул жанчыны ў фальклоры многіх народаў свету сімвалізаваў сабою несуцешнае гора, пакуту. Ён клікаў сыноў, бацькоў, братоў, мужоў на барацьбу за справядлівасць, за шчасце, за будучыню; таго, хто пераступіў гэты няпісаны закон чалавецтва, непазбежна чакала нянавісць і пагарда народаў. Таму аўтар “Трэнаса” ад імя Маці-Царквы звяртаецца да ўіх народаў свету, да ўсяго існага на зямлі: “Падыдзіце да мяне, усё жывое, усе народы, усе грамдзяне зямлі, паслухайце мой голас”. У гэтым алегарычным вобразе Мялецій адлюстраваў сучасны яму стан Праваслаўнай Царквы, невыносныя пакуты і гора, у якія яна павергнута сваімі ж сынамі: “Рукі ў аковах, ярмо на шыі, путы на нагах, ланцуг на клубах, меч над галавою абасечны, глыбокая вада пад нагамі, па баках непагасны агонь… адусюль страх, з усіх бакоў пераследы”. Каб яшчэ ярчэй паказаць пакутніцкі стан лямантуючай Маці- Царквы, Мялецій звярнуўся да ўласцівага стылю барока кантрасту. Параўноўваючы папярэдняе становішча Царквы з цяперашнім, мастак выкарыстаў цэлы шэраг антанімічных пабудоў: прывабная – агідная, багатая – убогая, каралева – адрынутая, каханая – пакінутая, захапленне – пасмешышча і іншыя. Параўнанні, эпітэты, метафары ажыўляюць твор, надаюць яму непаўторны каларыт. Пісьменнік надзяляе Царкву якасцямі, уласцівымі эстэтычнаму ідэалу жаночай прыгажосці: грацыёзная і слаўная; прывабная, як зараніца на ўсходзе; поўная, як месяц; вышэйшая за ўсіх, як сонца.

Лёс Маці-Царквы абмалёўваецца не як абстрактнае, адцягненае, а як плод зямных, чалавечых дзеянняў. Падобная да міфічнай або казачнай чароўнай Алены, Царква прыцягнула да сябе ўвагу найвыдатнейшага з усіх чалавечых сыноў, Які ажаніўся з Ёю, і ад Яго нарадзіла Яна сыноў і дачок. Мялецій выяўляе тут ідэал жанчыны-маці і мужчыны-бацькі. Бацька – ціхмяны, добры, сціплы, спагадны, ласкавы, верны да смерці, мудры, справядлівы, шчодры, міласэрны, не хуткі на гнеў, схільны да пяшчоты. Маці – чыстая, светлая, беззаганная, цнатлівая, прыветная, клапатлівая, любасная да дзяцей, верная да смерці. Заўважым, што такая рыса, як “вернасць да смерці” – адна з асноўных якасцей “бацькоў”. Такім чынам, дзеці, выхаваныя ў цнатлівай сям’і, павінны былі б, здаецца, аддзячыць маці і бацьку за іх турботы і выхаванне. Аднак Маці-Царква бачыць зусім іншае. З дапамогаю алюзіі на Плач Ераміі (11:6) аўтар малюе дзеяцей, якія са скрыгатаннем у зубах пагражаюць Маці: “Вось ужо і настаў той дзень, якога мы чакалі, хадзем і заб’ем яе, і выкаранім з зямлі памяць пра яе: замест любові крыўдзяць мяне, за дабрыню маю плацяць ліхам, а за любоў узнагароджваюць нянавісцю”.

На што ж прамянялі сыны і дочкі клопат, пяшчоту, увагу маці, яе сардэчную дабрыню і вернасць? Асноўны іх грэх, лічыць палеміст, заключаецца ў тым, што яны пайшлі за “мачахай”,за яе багаццем, якая, аднак, не хварэла імі, не песціла іх. Такім чынам, падкрэслівае Сматрыцкі, здрада і прадажніцтва сыноў цяжэйшыя ўдвая, бо яны пайшлі не па цнатлівасць, не па выратаванне душы, а па спажыву, марныя радасці і багацці гэтага свету.

Галоўнымі віноўнікамі таго, што Маці-Царква апынулася ў такім гаротным стане, палеміст лічыць беларуска-украінскі епіскапат і святароў- адступнікаў. Вось чаму праваслаўная Маці-Царква і звяртаецца ў першую чаргу да тых, ад каго ёй найбольшая крыўда і боль – да духоўных настаўнікаў. Ахарактарызаваўшы святароў “як соль зямлі і святло свету” (Мф.5:13,14), Мялецій заклікае іх быць “праведнымі, цвярозымі, руплівымі, пачцівымі, чыстымі, гасціннымі, здольнымі да навучання, не пітушчымі, не буянамі, але сціплымі, не брыдкасловамі, не пажаднымі, але прыстойнымі ў сваім доме”. Але замест таго, каб быць настаўнікамі і павадырамі “авечак Хрыстовых”, яны першымі паддаліся распусце і здрадзе. “Ты звятрэла, соль, ты пацямнела, святло, вы згаслі, лямпы, вы здзічэлі, настаўнікі, вы аслеплі,  павадыры і зваліліся ў яму нядбайнасці, куды цягнеце і давераных вам авечак”. Антытэза таго, што павінна быць, і таго, што ёсць на самой справе, не магла не ўздзейнічаць на сучаснага пісьменніку чытача, наводзіла яго на думку пра неабходнасць змянення існуючага парадку. Епіскапы замест выканання царкоўных абавязкаў станавіліся тымі ж самымі свецкімі феадаламі з усімі ўласцівымі ім заганамі. Крыважэрнасць святароў становіцца прадметам выкрыцця палеміста: “Вы не здавальняецеся малаком і воўнай, якія здабываеце, – кроў п’еце, а мяса на з’яданне крукам і ваўкам выкідаеце… Вы не пастыры, а крыважэрныя ваўкі, не павадыры, а галодныя львы, якія адных авечак самі пажыраюць, а іншымі без шкадавання зміевы пашчы затыкаюць”.

Асаблівы каларыт надаюць твору трансфармацыі слоў, так званая барочная “алхімія” слова. Гэтыя трансфармацыі гавораць самі за сябе: “O wykroczyciele, a nie uczyciele, o talpy 1, a nie lampy, impostores, a nie pastores, episkoti, a nie episkopi” (“О злачынцы, а не настаўнікі, о краты, а не лямпы, о ашуканцы, а не пастыры, епіскаты, а не епіскапы”).

Значнае месца ў творы займае крытыка тых, хто пакінуў праваслаўную веру і перайшоў ва ўніяцтва, заняўшы там высокія царкоўныя пасады. Мялецій з рэзкай крытыкай выступіў супраць служыцеляў уніі: “У жыцці вы карчмары і купцы, у звычаях – дамаседы, у размовах – невукі, у зносінах – крывадушныя лісы, а ў адзенні – драпежныя ваўкі. Што ж тады сказаць пра асаблівасці вашага розуму: мудрасць, вучонасць, размова – дурныя, непатрэбныя, размова – распусныя, забавы – непрыстойныя; у іх і самі вы, і тыя, што вам наследуюць, гінеце”.

Другі раздзел амаль цалкам прысвечаны зваротам Маці да сыноў- святароў, якія разам з іншымі сынамі пакінулі Праваслаўную Царкву. Пісьменнік-палеміст малюе жахлівую карціну дэградацыі духоўных настаўнікаў, паводзіны якіх не адпавядалі апостальскім правілам. Фактычна, яны пераўтварыліся ў феадалаў у пастырскіх мантыях. Таму пісьменнік-прпаведнік ад імя Маці-Царквы просіць яе сыноў: “Вазьміся лепш за навуку, а не за срэбра, імкніся да мудрасці, а не да золата…, бо мудрасць перавышае ўсе гэтыя рэчы, і няма на свеце нічога, што магло б з ёй параўнацца”.

Важнае месца ў “Трэнасе” Мялеція Сматрыцкага займае крытыка рымскага папы і яго двара. Пісьменнік лічыць, што ўведзены ў абсалют прынцып непагрэшнасці рымскіх пап пярэчыць не толькі Святому Пісьму, але і не ўласцівы чалавечай прыродзе. Быць абсалютна бязгрэшным – значыць, быць вышэй за ўсіх апосталаў, прыроўніваць сябе да Ісуса Хрыста. Адсюль, робіць выснову палеміст, рымскі першасвятар хоча ўявіць сябе жывым Хрыстом. Мялецій прадстаўляе папу як сімвал зла і пыхі. Яго маральнае аблічча несумяшчальнае з хрысціянскімі запаветамі.

З’едлівай крытыцы, саркастычнаму асмяянню падвяргаюцца таксама і езуіты, якія ўспрымаліся праваслаўнымі палемістамі перш за ўсё як насаджальнікі “лаціны” (якая ў праваслаўі атаясамлівалася з мудрагелістай вучонасцю), “мярзотнай і супрацьбожай” філасофіі Арыстоцеля. Гэта яны, зазначае Мялецій, прыгнятаюць і пазбаўляюць вольную шляхту кавалка хлеба, падманам забіраюць маёнткі сіротаў і ўдовіцаў, поўна на іх самых розных скаргаў у судах і трыбуналах – “бо Рым – усяму галава, а езуіт – вызувіт, што пазбаўляе людзей маёмасці”. “Ніколі, – пісаў першы біёграф Сматрыцкага, доктар тэалогіі, ураджэнец Мінска Якуб Суша, – ніхто з ерэтыкоў не рабіў на святы апостальскі сталец такіх злосных нападаў… Тут, што ні слова – то язва, што ні думка – то атрута, пагібельная чшэ больш ад таго, што аўтар растварыў яе вытанчанасцю слова, як салодкаю прынадаю”.

Кароль Жыгімонт ІІІ пісаў з-пад Смаленска 1 красавіка 1610 года, што яму стала вядома пра патаемнае друкаванне кніг у “рускай” друкарні Святога Духа супраць “зверхнасці”, а таму ён загадваў кнігі спаліць, а друкара і тых, хто падазраецца ў аўтарстве, арыштаваць. У лісце ад 6 мая, ужо прачытаўшы гэтыя сачыненні, кароль прапаноўваў прыняць яшчэ больш рашучыя меры: “… а каб надалей такіх пасквіляў і намоваў друкаваць не маглі, – друкарню і шрыфт у таго рускага брацтва забраць, а друкароў і аўтараў тых пасквіляў і іх карэктара Лявонція Карповіча, асабліва ж калі ён не шляхціч… на ратушу або ў вязніцу”. Размова тут ідзе пра “Трэнас” Мялеція Сматрыцкага. Кожнаму, хто асмеліўся б купляць ці прадаваць гэтае выданне, пагражаў штраф у 5000 чырвоных залатых. У сувязі з гэтай расправай вострае палемічнае слова Мялеція змоўкла на дзесяць гадоў.

Твор Мялеція Сматрыцкага не пакінулі без увагі прадстаўнікі каталіцка-уніяцкага лагера. Першым, хто выступіў супраць “Трэнаса” са сваёй “Перасцярогай на трэны і лямант Тэафіла Арталога…” (1610) быў вядомы езуіцкі пісьменнік-прапаведнік Пётр Скарга. Праз два гады выйшаў яшчэ адзін твор, на гэты раз ад імя уніятаў, – “Парэгорыя” (1612) Іллі Марахоўскага.