Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Бохан.Узбраенне войска ВКЛ другой паловы XIV - канца XVI ст.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
962 Кб
Скачать
☆

Салады.

Тып шлема, вядомы як салада, з’яўляецца італьянскім вынаходствам i ўпершыню ўзгадваецца ў 1407 г. у т. зв. «Інвентары Ганзагаў». У Германіі падобныя шлемы фіксуюцца пад тэрмінам «tschaladen» у спісах 1425 — 1426 гг., а ў Польшчы яны фігуруюць як «lepka», «lapka», «lepkin» i г. д. з 1416 г. У якасці баявога шлема салады былі пашыраны ў Еўропе ў XV — першай палове XVI ст., хаця спарадычна яны маглі выкарыстоўвацца i пазней, галоўным чынам на турнірах пэўных тыпаў. У аснове генезісу салады ляжаў баскінет, у выніку скруглення спічастага завяршэння i выгінання тыльнага краю звона якога ўзнік адкрыты шлем з даволі плыткім звонам i кароткім, загнутым угару напатылічнікам, блізкі па баявых якасцях да шаломаў. У Цэнтральнай Еўропе ў сярэдзіне XV ст. была сфарміравана т. зв. «нямецкая салада», якая характарызавалася глыбокім, прарэзаным візурай звонам, што прыкрываў верхнюю частку твару, i доўгім напа-тылічнікам. У камплекце з падобнымі шлемамі шырока выкарыстоўваліся накладныя падбароднікі-«барты». «Нямейкія салады» маглі быць як глухімі, так i з рухомай заслонай. Па канструкцыйных і функцыянальных асаблівасцях глухія салады набліжаліся да капалінаў з прарэзанымі візурай палямі, салады з заслонай — да прылбіц старэйшага тыпу. Крыніцы, якія сведчаць аб ужыванні саладаў на землях Вялікага Княства  Літоўскага, даволі скупыя. Найбольшую каштоўнай уяўляюць арыгінальныя шлемы, адзін з якіх, знойдзены ў 1994 у г. Мсціславе, захоўваецца ў фондах мясцовага гісторычна-археалагічнага музея. Гэтая салада належыць да катэгорыі глухіх, выраблена з цэльнага кавалка жалеза i мае характэрную скругленую форму звона, краі якога злёгку адгінаюцца вонкі, а ззаду пераходзяць у доўгі выгнуты напатылічнік. Уздоўж шлема ідзе рабро, якое пераходзіць у сплошчаны грэбень. Пярэднюю частку звона праразае візура, перад якой размяшчаецца карнізік, утвораны шляхам загінання верхняга краю паўмаскі (іл. I, II). Найбліжэйшыя аналагі мсціслаўскай салады датуюцца 70-мі гг. XV ст. У парыжскім Музеі арміі знаходзіцца салада, якая належала да гарнітура Мікалая Радзівіла Чорнага, вырабленага каля 1555 г. Кунцам Лохнерам. Выкананы з аднаго кавалка металу звон шлема з доўгім напатылічнікам, грэбенем i высунутай наперад паўмаскай, забяспечанай стрыжнем для прыкручвання падбародніка дапаўняецца спічаста прафіляванай заслонай, якая ахоўвае лобную частку нагалоўя i выконвае функцыі ўзмацняльнай пласціны фактычна глухога шлема (іл. VI). Салада належала да турнірных i прызначалася для спецыяльнага саксонскага паядынку праз плот. У збраёўні Нясвіжскага замка захоўвалася яшчэ адна падобная салада, малюнак якой, зроблены ў сярэдзіне XIX ст. Ю.Т. Палкоўскім, апублікаваны М. Берсанам. Галоўную адметнасць гэтага шлема складала паўмаска, не выкаваная разам са звонам, а прыкляпаная да яго пры дапамозе васьмі нітаў. Што да выяўленчых крыніц, якія сведчаць аб ужыванні саладаў у Вялікім Княстве Літоускім, то самыя раннія з ix датуюцца 80-мі гг. XV ст. Дзве салады — адкрытая i з заслонай — паказаны на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу (іл. XXV, XXX). Дапоўненая падбароднікам салада з заслонай ахоўвае галаву вершніка «Пагоні» з т. зв. «літоўскай» пячаткі Аляксандра Ягелона, што ўжывалася гэтым вялікім князем з 1492 г. (мал. 1: 10). У часы кіравання Аляксандра падобныя шлемы з’яўляюцца таксама на макетах Вялікага Княства (мал. 1:11). Шырока прадстаўлены салады з заслонай на карціне «Бітва пал Оршай». Цікава, што салады на карціне маюць не толькі ўласцівыя гэтаму тыпу нагалоўяў сплюшчаныя заслоны, але i заслоны, тыповыя для прылбіц малодшага тыпу (іл. XXIV b, XXIV с.). На сённяшні дзень асобнага тэрміна для азначэння салады ў пісьмовых крыніцах Вялікага Княства Літоўскага не выяўлена. Не выключана, што дзякуючы набліжанасці розных мадыфікацый саладаў па канструкцыйна-функцыянальных асаблівасцях да іншых відаў баявых нагалоўяў, яны фіксаваліся пад адпаведнымі тэрмінамі (прылбіца, капалін, часам, можа, нават шалом). Зыходзячы з гэтага, сам тэрмін «салада» у дачыненні да мясцовых рэалій выглядае даволі штучным, аднак яго выкарыстанне, а таксама аб’яднанне кан-струкцыйна розных шлемаў у адзін тып мэтазгодна з пункту гледжання традыцый еўрапейскага збраязнаўства. Разам з тым адсутнасць спецыяльнага тэрміна абцяжарвае высвятленне шэрага момантаў, звязаных з ужываннем саладаў у Вялікім Княстве, у прыватнасці — храналагічных рамак ix бытавання.