Сильченко Н.В "Агульная тэорыя права"
.pdfвыя палажэнні набываюць не самі па сабе, не таму толькі, што на гэта існуе згода супольніцтва альбо дзяржавы. Галоўнае, што надае ім прававы змест, заключаецца ў тым, што яны тычацца эквівалентнай прыроды грамадскіх адносін, заснаваных (ці абумоўленых) на маёмаснай няроўнасці. Менавіта таму, што дактрынальныя палажэнні фармулююць лагічна і паслядоўна элементы «прававой матэрыі», ім можна надаць агульнаабавязковае значэнне.
Дактрынальныя (навуковыя) палажэнні, як сведчыць гісторыя развіцця права, пачынаюць выконваць ролю норм права ў пераломныя моманты развіцця грамадства, калі ні сам народ, ні яго афіцыйны прадстаўнік – дзяржава, ніякія іншыя сацыяльныя суб’екты не ў стане сфармуляваць дастатковую колькасць правілаў паводзін для рэгулявання прававых па сваёй прыродзе грамадскіх адносін. Вельмі часта дактрынальным палажэнням надавалася роля норм права пры стварэнні агульнанацыянальнага права з мэтай ліквідацыі мясцовых прававых сістэм. Нарэшце, спецыфіка англасаксонскай прававой сістэмы з яе прэцэдэнтным (агульным) правам лагічна абумоўлівае неабходнасць выкарыстання нейкіх навуковых вывадаў, аргументаў, сістэмы доказаў у якасці rаtіо decidendi
ўвырашэнні канкрэтных юрыдычных спраў. Такім чынам, прычыны самага рознага кшталту абумоўліваюць выкарыстанне дактрынальных палажэнняў у якасці агульнаабавязковых правілаў паводзін.
Вядома, што навуковыя здабыткі, палажэнні, вывады знешне існуюць у выглядзе навуковых артыкулаў, падручнікаў, манаграфій, вучэбных дапаможнікаў, у іншых формах. Раней выкарыстоўваліся для іх абазначэння такія тэрміны, як «трактат», «вопыты», «даследаванне», «кніга» і г. д. Менавіта ў гэтых сваіх знешніх праявах дактрынальныя палажэнні і выкарыстоўваюцца ў якасці крыніцы права. Натуральна, што дактрына (навука) з’яўляецца выключна пісанай крыніцай права.
Класічны прыклад выкарыстання навукі ў якасці крыніцы права знаходзім у гісторыі рымскага права. Вядома, што пасля прыняцця XII табліц заканадаўчая дзейнасць у Рыме амаль цалкам была спынена. Доўгі час гэтая крыніца рымскага права лічылася яго падмуркам. Але так сталася, што далейшае развіццё рымскага права ажыццяўлялася з дапамогай магістрацкага эдзікта. Справа ў тым, што з расшырэннем межаў рымскай дзяржавы і пераўтварэннем яе
ўімперыю асноўная місія ў стварэнні агульнаімперскай прававой сістэмы была ўскладзена на службовых асоб (прэтар, эдзіл). Пры заняцці сваіх пасад яны аб’яўлялі ў сваіх эдзіктах аб тым, якімі
411
нормамі (правіламі) будуць кіравацца ў сваёй дзейнасці ў сітуацыях, якія не прадугледжаны законамі. Зразумела, калі няма прамога закону, то пытанне аб тым, як вырашыць асобную сітуацыю ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу, вымагае значных інтэлектуальных высілкаў. Гэта і прадвызначыла ролю рымскіх вучоных-юрыс- таў і іх навуковых досведаў у развіцці права.
Пры імператары Актавіяне Аўгусце было ўстаноўлена правіла, згодна з якім адказы ці аўтарытэтныя тлумачэнні юрыстаў па пытаннях права даваліся як бы ад імя самога імператара. Гэтым навуковым заключэнням, вывадам афіцыйна надаваўся статус крыніцы права, яны набывалі агульнаабавязковы характар як для асобы, так і для дзяржаўных органаў. Імператар Ціберый пачаў надзяляць асобных, найбольш знакамітых юрыстаў «правам адказаў». Своеасаблівым «залатым векам» рымскай юрыспрудэнцыі лічацца II-III ст. н. э., калі жылі і працавалі такія юрысты, як Папініян, Павел, Ульпіян, Мадзесцін, Гай. Пасля таго, як намаганнямі рымскіх юрыстаў прававая сістэма была дасканала распрацавана, былі знойдзены, сфармуляваны адказы практычна на ўсе прававыя пытанні, дзейнасць рымскіх юрыстаў пачынае абмяжоўвацца. У 426 годзе імператар Валенціян III выдаў указ, згодна з якім службовыя асобы і суддзі пры вырашэнні прававых пытанняў павінны былі кіравацца навуковымі здабыткамі, меркаваннямі пяці вышэйпералічаных юрыстаў, а таксама навуковымі працамі тых даследчыкаў, на якіх спасылаліся Папініян, Павел, Ульпіян, Мадзесцін, Гай. Было таксама сфармулявана правіла аб тым, што ў выпадку рознагалосся сярод гэтых юрыстаў па таму ці іншаму пытанню яно вырашалася па большасці галасоў. Пры роўнасці галасоў перавага аддавалася той пазіцыі, якой прытрымліваўся Папініян. Такім чынам, Папініян лічыўся першым сярод роўных (primus inter paros – лац.). Калі ж Папініян не выказваўся па разглядаемаму пытанню, то яно вырашалася па волі суддзі.
Важнай крыніцай права застаецца навука (дактрына) у прававой сістэме Англіі, дзе выкарыстоўваюцца навуковыя працы юрыстаў мінулага і сучасная юрыдычная літаратура. Ужо ў сярэднявеччы аўтарытэтнымі крыніцамі права лічыліся: трактат Глэнвіла «Аб традыцыйным праве і законах каралеўства Англіі», які быў напісаны ў канцы праўлення Генрыха II (1154–1188), а таксама праца Брэктана «Аб традыцыйным праве і законах Англіі», напісаная прыкладна ў сярэдзіне XIII ст. Цікава тое, што за ўзор для свайго трактата Брэктан узяў працу Глэнвіла, але значна пашырыў і паглыбіў кола разглядаемых пытанняў. Яго трактат змяшчае апісанне больш за 2000 прэцэдэнтаў з практыкі каралеўскага суда.
412
Вялікім попытам у якасці крыніцы права карыстаюцца ў Англіі навуковыя працы Кока, які пасля выхаду на пенсію з пасады суддзі напісаў «Інстытуцыі англійскіх законаў». Сярод 12 аўтараў мінулага, працы якіх прызнаюцца ўсімі суддзямі і юрыстамі ў якасці аўтарытэтных крыніц права, можна адзначыць таксама прозвішча вядомага нам Блэкстана і яго працу «Каментарыі да законаў Англіі» (1765 г.). На працягу доўгага часу ў Англіі дзейнічала правіла, згодна з якім можна было лічыць крыніцамі права (і, адпаведна, спасылацца на іх) навуковыя працы тых аўтараў, што былі ўжо нябожчыкамі.
Вялізнае значэнне надаецца прававой дактрыне ў мусульманскай прававой сістэме, бо яна забяспечвае прыстасаванне мусульманскага права да рэчаіснасці, якая пастаянна мяняецца, захоўвае непарыўныя сувязі паміж заканадаўствам мусульманскіх дзяржаў і яго першаснымі крыніцамі – Каранам і Сунай. Навука ў якасці крыніцы мусульманскага права называецца «фікх». Роля навукі ў мусульманскім праве настолькі значная, што многія даследчыкі лічаць адзінай яго крыніцай працы вучоных-юрыстаў, а ўсё мусульманскае права – правам юрыстаў. Пры гэтым яны падкрэсліваюць, што ролю заканадаўцы фактычна выконвае прававая навука, а навуковыя працы маюць сілу закону, што суддзі ў мусульманскай прававой сістэме не звяртаюцца да Карана і Суны пры вырашэнні канкрэтных спраў, а спасылаюцца на аўтараў, аўтарытэт якіх лічыцца агульнапрызнаным.
Да ліку навуковых прац, якія ўваходзяць у паняцце «крыніцы права» («фікх»), належаць сачыненні знакамітых знаўцаў шарыята, якія былі напісаны ў асноўным у сярэднявеччы. Па некаторых звестках, такіх прац налічваецца прыкладна 6 тысяч. Ніякага афіцыйнага рэестра гэтых прац няма, тым больш цікавым з’яўляецца тое, што яны нікім афіцыйна не зацвярджаліся ў якасці крыніц права. Згодна з агульным духам іслама крыніцамі права гэтыя навуковыя працы становяцца «натуральным» шляхам, г. зн. з маўклівай згоды мусульманскай супольнасці.
6.Свяшчэннаепісаннеўякасцікрыніцыправа
Усамым агульным плане пад свяшчэнным пісаннем, якое выконвала ролю крыніцы права раней, а таксама займае значнае месца сярод крыніц права ў некаторых прававых сістэмах сучаснасці, разумеюцца тэксты і правілы, якія змяшчаюцца ў Бібліі, Каране, Суне, пастановах усяленскіх і памесных сабораў; правілы,
413
якія выпрацавалі і сфармулявалі святыя апосталы і святыя айцы царквы; правілы, выдадзеныя па царкоўных справах царкоўнымі ўладамі, і г. д.
З гісторыі развіцця права вядома, што ўвогуле рэлігія, царква аказалі вялізны ўплыў на фармаванне права і ўсіх прававых сістэм без выключэння. Яшчэ з часоў першабытнага грамадства жрацы і першасвятары «манапалізавалі» функцыю па стварэнню і захаванню рэлігійных па сваёй сутнасці норм і абрадаў, што былі агульнаабавязковымі для ўсёй супольнасці. З развіццём тавараабмену і таварна-грашовых адносін, пачаткам фармавання права яны імкнуліся ўрэгуляваць і гэтую сферу жыцця грамадства, стварыць нормы права. І трэба адзначыць, рабілася гэта небеспаспяхова. Аналіз тэкстаў такіх вядомых прававых помнікаў, як Законы Ману, Законы Хамурапі, сведчыць аб тым, што ў іх утрымліваецца шмат норм права, якія амаль літаральна былі перанесены са свяшчэнных пісанняў. Пэўны, даволі працяглы час існаваў дуалізм сярод крыніц права на ранніх этапах яго развіцця. Побач з прававым звычаем, дзе з перавагай над ім, а дзе і паралельна, дзейнічалі нормы права, сфармуляваныя першасвятарамі і выкладзеныя ў свяшчэнных пісаннях.
Для норм, якія змяшчаюцца ў свяшчэнных пісаннях (у навуковай літаратуры гэтыя нормы называюцца кананічнымі, або царкоўнымі), характэрна тое, што ў іх заўсёды прысутнічае маралізатарскі элемент. Другой адметнай рысай кананічных норм з’яўляецца тое, што яны заўсёды ствараюцца шляхам абстракцый і выключна ў выніку лагічных разважанняў. Справа ў тым, што прыняты царквою на ўзбраенне схаластычны метад мыслення садзейнічаў развіццю менавіта лагічнага мыслення, абуджаў рацыяналістычныя сілы чалавечага духа і, безумоўна, быў асновай фармулюемых кананічных норм. Яшчэ ў 30-я гады XX ст. знакаміты французскі даследчык Л. Леві-Бруль даказаў, аналізуючы мысленне чалавека, што існуюць два яго спосабы – пралагічны (містычны) і лагічны. Для першабытнага грамадства быў найбольш характэрным містычны спосаб мыслення (уласцівы ён і зараз адсталым у сваім развіцці супольнасцям), ён пераплятаўся з лагічным. Выцясненне містычнага спосабу мыслення лагічным адбывалася менавіта праз далучэнне народаў да сусветных рэлігій, праз засваенне імі схаластычнага метаду.
I, нарэшце, трэцяй асаблівасцю кананічных норм з’яўляецца тое, што яны строга ранжыраваны паміж сабой у залежнасці ад таго, у тэкстах якіх свяшчэнных пісанняў яны сфармуляваны. Найвялікшым аўтарытэтам карыстаюцца правілы, якія змешчаны ў тэкстах Старога і Новага Запаветаў, Каране і Суне.
414
Уздзеянне норм кананічнага права на фармаванне кантынентальнай прававой сістэмы і ў асаблівасці на заканадаўства назіралася на розных напрамках і ажыццяўлялася ў разнастайных формах. Фармальная азначанасць кананічных норм, іх дакладнасць, яснасць садзейнічалі поспеху пры апрацоўцы недакладных і заблытаных мясцовых прававых звычаяў. Пры рабоце з імі шырока выкарыстоўваліся навыкі і прыёмы, распрацаваныя царквою з мэтай фармулявання кананічных норм, складання царкоўных і манастырскіх статутаў, іншых нарматыўных актаў. Вядома, што з прыняццем усходнімі славянамі хрысціянства на тэрыторыі спачатку Кіеўскай Русі, а затым у Вялікім княстве Літоўскім, Масковіі дзейнічалі запазычаныя з Візантыі Намаканоны, якія ўяўлялі як зборы свецкага заканадаўства, так і правілы святых апосталаў, святых айцоў царквы, пастановы ўсяленскіх і памесных сабораў. Фактычна Намаканоны (nomas – закон; саnоn – царкоўнае правіла) з’яўляліся першымі кадыфікаванымі прававымі актамі, былі на той час найвялікшымі здабыткамі прававой культуры. Яны выконвалі ролю своеасаблівых падручнікаў па заканадаўчай тэхніцы, па якіх вучыліся апрацоўваць, сістэматызаваць і лагічна выкладаць мясцовае звычаёвае права. Можна вызначыць наступную цікавую асаблівасць заканатворчасці і развіцця заканадаўства ў народаў кантынентальнай Еўропы. Там, дзе існавалі моцныя хрысціянскія традыцыі і роля царквы была вялікай, было моцным яе ўздзеянне на свецкую ўладу, там сістэматызацыя і кадыфікацыя звычаёвага права, стварэнне новых, невядомых раней, правілаў паводзін ажыццяўлялася найбольш хутка і на даволі высокім тэхнічна-юрыдычным узроўні.
У Заходняй Еўропе моцным быў уплыў на фармаванне прававых сістэм класічнага рымскага права, у асаблівасці Кодэкса Юсцініяна. Разам з тым Кодэкс Юсцініяна ўздзейнічаў на мясцовае звычаёвае права не сам па сабе, бо выкарыстаць яго было цяжка. Ён быў апрацаваны ў італьянскіх універсітэтах навукоўцамі з дапамогай распрацаванага царквою метаду схаластыкі (дзейнасць школы гласатараў) і менавіта пасля гэтага фактычна выконваў у Заходняй Еўропе ролю, падобную той, што ва Усходняй Еўропе выконвалі Намаканоны.
Утварэнне ў кантынентальнай Еўропе адзіных цэнтралізаваных прававых сістэм і сістэм заканадаўства адбывалася, такім чынам, пад значным уплывам хрысціянскай культуры і царквы. Наколькі вялікай была іх роля, сведчаць наступныя факты. Велізарная і наймагутнейшая Рымская імперыя так і не змагла стварыць адзіную, аднастайную для ўсёй імперыі прававую сістэму. Не змаглі стварыць такую сістэму на Русі ні князь Святаслаў, ні князь Ігар.
415
Гэта стала магчымым пасля ўвядзення хрысціянства і творчага выкарыстання ўсіх яго здабыткаў, у тым ліку і кананічных норм.
Іншым быў шлях стварэння англасаксонскай прававой сістэмы, сістэмы агульнага права. Пачатак яе стварэння звязваецца з імем Вільгельма Заваёўніка. Вядома, што ён быў паганцам. Ці не гэтым тлумачыцца шлях, які быў абраны ім для аб’яднання партыкулярнага звычаёвага права ў адзіную прававую сістэму? Адсутнасць моцных хрысціянскіх традыцый у мясцовага насельніцтва і асабліва ва ўладных структурах аб’ектыўна вяла да таго, што агульнае права Англіі стваралася не абстрактна-тэарэтычным, а эмпірычным шляхам, дзейнасцю каралеўскіх судоў.
У мусульманскай прававой сістэме тэарэтычна прызнаецца, па сутнасці, толькі адна крыніца права – свяшчэнныя тэксты Карана і Суны. Каран разглядаецца ў якасці вечнага і нязменнага дакумента. Уласна юрыдычных норм у ім мала. Але паколькі ў ісламе рэлігійныя і маральныя прадпісанні непасрэдна звязаны з правам, то амаль усе яго палажэнні можна выкарыстаць у якасці крыніцы права. Суна – такая крыніца права, якая падначалена Карану. Калі яе палажэнні (ходзісы) супярэчаць Карану, то яны не маюць моцы крыніцы права. У выпадках, калі нельга знайсці адказ на юрыдычнае пытанне ні ў Каране, ні ў Суне альбо калі ўзнікае рознагалоссе ў разуменні палажэнняў гэтых крыніц права, ствараецца новая норма – іджма – адзінагалоснае меркаванне муджтахідаў. У адрозненне ад нязменных Карана і Суны, іджма лічыцца змяняемай крыніцай права.
7.Нарматыўныправавыакт(закон)
Нарматыўны прававы акт у самым агульным плане ўяўляе дакумент, вынік нарматворчай дзейнасці кампетэнтнага органа, у якім змяшчаюцца нормы права. Нарматыўны прававы акт – апошняя па часе ўзнікнення і адна з асноўных крыніц права ў сучасных цывілізаваных дзяржавах. Ёсць некалькі чыннікаў, якія абумоўліваюць зараз шырокае выкарыстанне менавіта гэтай крыніцы права. Па-першае, нарматыўныя прававыя акты могуць быць аператыўна выдадзены, у любым аб’ёме зменены альбо адменены. Гэтая ўласцівасць дадзенай крыніцы права дазваляе хутка і эфектыўна рэагаваць на змяненні ў грамадскіх адносінах, забяспечваць адэкватнае іх рэгуляванне з дапамогай норм права. Па-другое, нарма- тыўна-прававыя акты, як правіла, выдаюцца адзіным цэнтрам –
416
дзяржавай. Гэта забяспечвае іх сістэмнасць, лагічнасць і мэтанакіраванасць пры вырашэнні задач прававога рэгулявання грамадскіх адносін. Па-трэцяе, нарматыўны прававы акт дазваляе дакладна і адназначна, ясна выкласці змест прававых норм. Гэтая якасць нарматыўнага прававога акта дае яму значныя перавагі над прававым звычаем, прававым прэцэдэнтам, некаторымі іншымі крыніцамі права, у якіх нормы права не заўсёды выкладаюцца адназначна і маюць фармальна-азначаны характар.
Узнікненне і пашырэнне сферы выкарыстання гэтай крыніцы права, асабліва ў кантынентальнай сістэме права, знаходзяцца ў цесных стасунках з узмацненнем дзяржаўнай улады, узрастаннем яе ролі ў вырашэнні разнастайных праблем грамадскага развіцця. Напачатку дзяржава рэгулявала з дапамогай нарматыўных прававых актаў тыя грамадскія адносіны, якія непасрэдна абумоўлівалі дзяржаўныя інтарэсы. Гэта тычылася сродкаў фінансавага забеспячэння дзяржавы, вызначэння яе межаў, будовы дзяржаўнага апарату і дзяржаўна-тэрытарыяльнага ўладкавання, вайсковых і паліцэйскіх спраў. Менавіта з гэтых сфер перш-наперш і былі выцеснены прававыя звычаі і іншыя крыніцы права. Асноўную, а часта выключную ролю тут сталі выконваць нормы права, якія былі сфармуляваны ў нарматыўных прававых актах. Крок за крокам нарматыўны прававы акт пачынае пранікаць у маёмасныя, сямейныя і іншыя віды грамадскіх адносін.
Месца і роля нарматыўных прававых актаў сярод крыніц права шмат у чым вызначаюцца характарам стварэння норм права, якія фармулююцца і замацоўваюцца ў іх. У мінулым пры стварэнні нарматыўных прававых актаў заканадаўцы шырока выкарыстоўвалі тыя нормы права, што ўжо склаліся ў жыцці і апраўдалі сябе. Безумоўна, выкарыстоўваемыя нормы старанна апрацоўваліся, сістэматызаваліся, частка з іх прызнавалася заканадаўцам страціўшымі сваю сілу і юрыдычнае значэнне. У сучасных умовах дзяржава аналізуе асноўныя напрамкі, тэндэнцыі развіцця грамадскіх адносін, якія маюць прававы характар, і на гэтай падставе фармулюе нормы права. Такі працэс стварэння норм права стаў своеасаблівым падмуркам для распаўсюджанай юрыдычнай ілюзіі аб тым, што менавіта дзяржава стварае права. Гэтая ілюзія ў дзяржавах з аўтарытарнымі дзяржаўна-прававымі рэжымамі ператвараецца нават у адзін з афіцыйных дагматаў дзяржаўна-прававой ідэалогіі.
Нарматыўны прававы акт – гэта родавая назва разглядаемай крыніцы права. Гэты тэрмін пачаў выкарыстоўвацца адносна нядаўна. Раней вельмі распаўсюджанай назвай гэтай крыніцы права
417
быў тэрмін «закон», хаця ў розных народаў і ў розныя часы ён абазначаў далёка не аднолькавыя прававыя з’явы. Так, у старажытнай Грэцыі гэтым тэрмінам абазначалі прававыя звычаі, у яўрэяў – рэлігійныя па свайму зместу правілы паводзін («Законы Маісея»), у Вялікім княстве Літоўскім – характар веравызнання («закон грэчаскі» і «закон лацінскі»), і толькі ў Старажытным Рыме гэты тэрмін (па лацінскі – «lех») адпавядаў свайму сучаснаму зместу, бо ім абазначалі прававыя акты, што зыходзілі ад палітычнай улады. У Новы час тэрмін «закон» пачалі выкарыстоўваць для абазначэння прававых актаў, якія выдаваліся вышэйшымі прадстаўнічымі органамі дзяржаўнай улады – парламентамі, а для абазначэння прававых актаў, што выдаваліся іншымі органамі дзяржавы, – дэкрэт, ардананс, рэгламент, пастанова, рашэнне, загад, распараджэнне і г. д. Агульнай назвай для самых разнастайных прававых актаў, якія выдаюцца ўсімі дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі і змяшчаюць у сабе нормы права, стаў тэрмін «нарматыўны прававы акт».
Нарматыўна-прававы акт (закон) – вядучая крыніца права ў дзяржавах рамана-германскай прававой сям’і. Гэты факт стаў бясспрэчным пасля таго, як у XIX ст. у дзяржавах кантынентальнай Еўропы былі праведзены агульнанацыянальныя кадыфікацыі і практычна ўсё дзеючае права было выкладзена ў выглядзе нарматыўных прававых актаў. Сучасная юрыдычная дактрына ў кантынентальнай прававой сістэме лічыць нарматыўны прававы акт лепшым тэхнічным сродкам фармавання норм права ва ўмовах складанасці і дынамізму грамадскіх адносін, які дазваляе каардынаваць дзейнасць людзей у разнастайных сферах чалавечага жыцця для дасягнення агульнага інтарэсу.
Іншае стаўленне да нарматыўнага прававога акта (закону) назіраецца ў англійскім праве. Класічная тэорыя бачыць у ім толькі другарадную крыніцу права, бо нарматыўны прававы акт, згодна з ёй, уносіць толькі нейкія змяненні і дапаўненні ў права, якое ствараецца судовай практыкай. Дух права, яго прынцыпы выпрацоўваюцца судамі, а нарматыўныя прававыя акты толькі ўдакладняюць і падмацоўваюць іх. У Англіі з павагай ставяцца да свайго ўсемагутнага парламента, шануюць і паважаюць прымаемыя ім статуты (законы), але дзеючым правам нарматыўныя прававыя акты становяцца там толькі пасля таго, як на змешчаныя ў іх нормы спасылаюцца суды пры разглядзе канкрэтных спраў. Гэта азначае, што толькі пасля таго, як тая альбо іншая норма, змешчаная ў статуце, увойдзе ў склад rаtіо dесіdеndі прававога прэцэдэнта, яна становіцца дзеючым правам.
418
Другараднае значэнне мае нарматыўны прававы акт у мусульманскай прававой сістэме. Вынікае гэта перш-наперш з агульнай канцэпцыі праваразумення ў ісламе. Справа ў тым, што права, згодна з ісламам, ствараецца Алахам, яно становіцца вядома людзям праз прарока Мухамеда. Няма іншай сілы, якая б стварала права, акрамя Алаха. Праўда, мусульманская канцэпцыя крыніц права не забараняе парламенту, іншым органам дзяржаўнай улады выдаваць нарматыўныя прававыя акты і такім чынам ствараць нормы права. Пры гэтым выданне актаў абмяжоўваецца патрабаваннямі іслама, якім ствараемыя дзяржавай нормы права ні ў якім разе не могуць супярэчыць, бо людзі не могуць адмяніць альбо змяніць патрабаванні Карана і Суны. Іх задача пры напісанні нарматыўных прававых актаў зводзіцца да выканання волі Алаха, а людзі павінны выкласці гэтую волю ў нормах, артыкулах, главах.
8.Эвалюцыя(развіццё)крыніцправа
Гісторыя развіцця права сведчыць аб тым, што кожная з вышэйазначаных крыніц права выкарыстоўвалася ў вядомых нам прававых сістэмах, у функцыянаванні права кожнага з гістарычных і зараз існуючых народаў. Але дамінуючае значэнне мелі некаторыя з крыніц права. Выклікана гэта было шмат якімі прычынамі, своеасаблівымі шляхамі развіцця права ў розных народаў. Пры гэтым роля тых альбо іншых крыніц права ў іх прававых сістэмах то ўзрастала, то памяншалася. Ёсць, аднак, і агульныя заканамернасці ў развіцці крыніц права розных прававых сістэм і ў розных народаў.
На першапачатковых этапах развіцця права галоўную ролю сярод крыніц права выконвалі прававы звычай, прававы прэцэдэнт і дагавор нарматыўнага зместу. Крыху пазней, пасля ўзнікнення сусветных рэлігій, свяшчэнныя пісанні актыўна выкарыстоўваліся ў якасці важнай крыніцы права. Дактрына (навука) аказала актыўнае ўздзеянне ў якасці крыніцы права на прававыя сістэмы некаторых народаў (асабліва ў Старажытным Рыме) і займае зараз пачэснае месца ў мусульманскай і англасаксонскай прававых сістэмах. Нарматыўны прававы акт (закон) – цывілізаваная крыніца права ў класічным сваім абліччы, ён выконваў раней і выконвае зараз вядучую ролю ў кантынентальнай прававой сістэме.
У эвалюцыі крыніц права сустракаюцца сітуацыі, калі назвы, якія ўласцівы адным крыніцам, неабгрунтавана замацоўваліся за другімі. Так, у Новы час і зараз тэрмін «закон» выкарыстоўваецца для абазначэння звычаёвых па свайму характару крыніц права. Сведчаннем таму можа з’яўляцца гістарычны помнік права, вы-
419
дадзены пры вавілонскім цару Хамурапі прыкладна ў 2100 г. да нараджэння Хрыста, які называецца ў навуковай і вучэбнай літаратуры кодэксам Хамурапі, ці законамі Хамурапі. Аналіз гэтага помніка права не дае ніякіх падстаў лічыць, што змешчаныя ў ім палажэнні ўяўляюць уласныя «адкрыцці» цара-заканадаўцы. Наадварот, з усяго, што нам зараз дакладна вядома, вынікае, што гэтая крыніца права была пабудавана на падставе існаваўшых з незапамятных часоў старажытных прававых звычаяў, якія дайшлі да Хамурапі ад папярэднікаў, менавіта ад шумерыйцаў.
Сустракаюцца ў гісторыі развіцця крыніц права і такія нетыповыя сітуацыі, калі назва і змест крыніцы права ўтвараюцца ад зліцця розных па паходжанню норм права і ад спалучэння розных назваў. Так, вядома, што на Русі на працягу доўгага часу выкарыстоўвалася крыніца права пад назвай Намаканон (у рускім варыянце часта выкарыстоўвалася назва «Кормчая книга»). Яна ўяўляла па зместу збор кананічных (царкоўных) норм і норм права, выдадзеных дзяржаўнай уладай. Назва яе ўтварылася ад спалучэння двух тэрмінаў – nоmas – па грэчаску «закон» і саnon – «правіла».
Паколькі ў прававых сістэмах выкарыстоўваюцца ў тых ці іншых межах усе крыніцы права, то ўзнікае пытанне аб іх суадносінах паміж сабой, іх субардынацыі і значнасці. У навуцы гэтае пытанне фармулюецца як праблема вяршэнства, г. зн. першынства таго ці іншага віду крыніц права. Прыватным выпадкам гэтай праблемы з’яўляецца пытанне аб вяршэнстве закону сярод нарматыў- на-прававых актаў і іншых крыніц права. У англасаксонскай прававой сістэме з моманту яе фармавання і па сённяшні дзень першынство належыць прававому прэцэдэнту, у рамана-германскай першапачаткова вядучая роля належала прававому звычаю, а зараз – нарматыўнаму прававому акту (закону), а ў мусульманскай прававой сістэме галоўнае значэнне належыць свяшчэннаму пісанню і дактрыне (навуцы). Але і ў асяроддзі прэцэдэнтаў, прававых звычаяў, свяшчэнных пісанняў, нарматыўных прававых актаў у сваю чаргу ўстанаўліваюцца сувязі падначалення, іерархічнай залежнасці, напрыклад, закон – падзаконныя акты, Каран – Суна – іджма і г. д.
Можна адзначыць, што ў кожнай з прававых сістэм субардынацыя крыніц права вельмі своеасаблівая. У залежнасці ад гістарычных умоў фармавання прававых сістэм іх найістотнейшыя, самыя фундаментальныя прынцыпы і нормы замацоўваліся ў тых ці іншых відах крыніц права. Менавіта гэтыя віды крыніц права і перамагалі сярод усіх відаў крыніц права. Безумоўна, такое вылучэнне адбывалася не само па сабе, так сказаць, аўтаматычна. За гэтым працэсам стаялі ў кожным выпадку пэўныя сацыяльныя сілы, якія
420
