Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Сильченко Н.В "Агульная тэорыя права"

.pdf
Скачиваний:
101
Добавлен:
18.02.2016
Размер:
4 Мб
Скачать
☆

абстрактны характар норм права; наяўнасць у заканадаўстве ацэначных паняццяў; наяўнасць прабелаў у пазітыўным праве і г. д. прыводзяць да высновы, што прэцэдэнт у яго «класічнай праяве» ў беларускай прававой сістэме можа быць створаны толькі пры наяўнасці прабелаў у дзеючым праве, калі, па-першае, адсутнічаюць патрэбныя нормы пазітыўнага права і судовая ўстанова павінна запаўняць прабел шляхам стварэння патрэбнай нормы права (правапалажэння), па-другое, калі створаная ў такім парадку норма права (правапалажэнне) будзе выкарыстана, запазычана іншай судовай інстанцыяй пры разглядзе аналагічнай справы.

Прычым вельмі важна падкрэсліць тую абставіну, што пры стварэнні прэцэдэнта прынцыповае значэнне мае не толькі рашэнне пэўнай судовай інстанцыі ў форме правапалажэння (нормы права), але і тое, што яно выкарыстоўваецца ў якасці ўзора іншымі судовымі інстанцыямі. Без выкарыстання правапалажэння (нормы права) іншымі судовымі інстанцыямі не можа быць завершаны працэс стварэння прэцэдэнта, не будзе завершаны, вобразна кажучы, прэцэдэнтны працэс. Справа тут у тым, што рашэнне суда, якое прынята ў выпадку наяўнасці прабелаў у пазітыўным праве, можа быць адменена вышэйстаячай судовай інстанцыяй. У дадзеным выпадку рашэнне пэўнай судовай інстанцыі застанецца толькі рашэннем гэтай судовай інстанцыі па канкрэтнай справе, але не будзе з’яўляцца прэцэдэнтам.

Дарэчы, і ў англасаксонскай прававой сям’і новы прэцэдэнт ствараецца тады, калі суд пры разглядзе канкрэтнай справы не знаходзіць у дзеючым праве канкрэтных норм права ў форме раней створаных прэцэдэнтаў, у прававых звычаях, дактрыне ці статутным праве і вымушаны самастойна фармуляваць прававую пазіцыю, на падставе якой ён будзе вырашаць прававы казус.

Паколькі запаўненне прабелаў у праве адбываецца на падставе дзеючага права, яго прынцыпаў ці канкрэтных норм права, то натуральна, што сам па сабе прававы прэцэдэнт дзейнічаць у прававой сістэме Рэспублікі Беларусь не можа. Гэта па-першае. А падругое, факт існавання прававога прэцэдэнта толькі ў сітуацыях, калі адсутнічаюць патрэбныя для прымянення нормы права, пры наяўнасці прабелаў у дзеючым праве, сведчыць аб часовым характары дадзенай крыніцы права. Ліквідацыя прабелаў адначасова азначае і знікненне прававога прэцэдэнта. Часам свайго дзеяння прававы прэцэдэнт істотна розніцца ад усіх дадатковых крыніц права.

441

У якасці дадатковай крыніцы права ў сучаснай прававой сістэме Беларусі ў дастаткова абмежаванай сферы выкарыстоўваецца прававы звычай. Найперш гэта сфера таварна-грашовых адносін, дзе паводзіны ўдзельнікаў здзелак па абароту матэрыяльных каштоўнасцей часта прыводзяць да стварэння пэўных нарматываў, правілаў паводзін, так званых «звычаяў дзелавога абароту». Прыкладам дзеяння дадзенай крыніцы права можа быць арт. 193 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, згодна з якім суб’екты грамадзянскіх адносін могуць кіравацца ў сваіх паводзінах звычайна прад’яўляемымі патрабаваннямі. Вось гэтыя звычайна пра- д’яўляемыя патрабаванні і можна разглядаць як правілы паводзін прававога характару, што склаліся і існуюць незалежна ад дзяржаўнай волі, але іх існаванне дзяржава дапускае і, больш таго, у выпадку іх парушэння будзе абараняць сваёй прымусовай сілай.

Апошняя абставіна яскрава сведчыць аб прававым характары «звычаяў дзелавога абароту». А той факт, што без нормы права, якая сфармулявана ў арт. 193 ГК Рэспублікі Беларусь, звычайна прад’яўляемыя патрабаванні немагчыма выкарыстаць і тым больш абараніць, сведчыць на карысць дадатковасці дадзенай крыніцы права.

6.Нарматыўныяактысудовайулады

Акты Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і пастановы Пленумаў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь складаюць самастойны падвід (самастойную падсістэму) крыніц сучаснага беларускага права. Гэтыя нарматыўныя акты асобнага зместу і асобнага прызначэння ў сістэме крыніц права, таму іх можна выдзеліць у самастойную групу нарматыўных актаў у сэнсе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Іх можна назваць мадыфікаванымі крыніцамі права.

Месца пастаноў Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў Рэспублікі Беларусь у сістэме крыніц сучаснага беларускага права, а, значыць, і юрыдычная сіла вызначаюцца месцам і юрыдычнай сілай тых крыніц права, адносна дзеяння і прымянення якіх Пленумамі Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў Рэспублікі Беларусь былі абагульнены судовая практыка і судовая статыстыка. Такім чынам, юрыдычную сілу нарматыўных актаў гэтых органаў судовай улады нельга вызначыць аднастайна, бо яна мае «рухомы характар». У адных выпадках юрыдычная сіла нарматыўных актаў Пленумаў Вяроўнага Суда і Вышэйшага Гас-

442

падарчага Суда Рэспублікі Беларусь можа быць, напрыклад, вызначана праз юрыдычную сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, калі абагульняюцца судовая практыка і судовая статыстыка непасрэднага прымянення судовымі інстанцыямі краіны пэўнай нормы Асноўнага закону краіны. Калі ж, напрыклад, абагульняюцца судовая практыка і судовая статыстыка прымянення дэкрэта і ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, то юрыдычная сіла нарматыўных актаў вышэйшых судовых інстанцый вызначаецца праз юрыдычную сілу дэкрэта і ўказа Прэзідэнта краіны. Юрыдычная сіла нарматыўных актаў вышэйшых судовых інстанцый можа вызначацца і праз юрыдычную сілу іншых крыніц сучаснага беларускага права, напрыклад, праз вызначэнне месца і юрыдычнай сілы ратыфікаванага міжнароднага дагавору Рэспублікі Беларусь у сістэме крыніц права.

На наш погляд, разглядаемыя нарматыўныя акты судовай улады можна лічыць неабходнымі дапаўненнямі да самастойных крыніц сучаснага беларускага права, пэўнай «мадыфікацыяй» існуючых крыніц права, без якіх немагчымы належная рэалізацыя і прымяненне самастойных крыніц сучаснага беларускага права. Разам з тым нельга вырашыць ніводнае юрыдычнае пытанне, спасылаючыся толькі на нарматыўныя акты судовай улады. І больш таго, паколькі ў нарматыўных актах вышэйшых судовых інстанцый інтэрпрэтуюцца як крыніцы нацыянальнага, так міжнароднага права, то іх нельга аднастайна адносіць толькі да ліку крыніц унутрыдзяржаўнага беларускага права і лічыць самастойным падвідам гэтага віду крыніц сучаснага беларускага права.

У юрыдычным механізме рэгулявання грамадскіх адносін яны хутчэй за ўсё складаюць самастойны элемент (звяно) нарматыўнай асновы, і іх галоўным прызначэннем з’яўляецца адаптацыя агульных правілаў паводзін, якія замацаваны ў нормах права, да рэальных грамадскіх адносін без змены ці нарматыўнага тлумачэння дзеючых крыніц права. Але гэта такая адаптацыя, якая адбываецца шляхам (на падставе) абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі. Правапалажэнні, якія змяшчаюцца ў пастановах Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў Рэспублікі Беларусь, такім чынам, з’яўляюцца адначасова адаптацыяй норм права да рэальных грамадскіх адносін шляхам абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі менавіта вышэйшымі судовымі інстанцыямі.

Не сама па сабе судовая практыка складае мадыфікаваную крыніцу права, а замацаваныя ў пастановах Пленумаў вышэйшых

443

судовых інстанцый у форме (відзе) правапалажэнняў вынікі абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі. Таму памылковымі з’яўляюцца высновы аб аднясенні судовай практыкі да асобнага віду крыніц права. Судовая практыка і судовая статыстыка могуць абагульняцца і іншым чынам, напрыклад, у форме навуковых каментарыяў да дзеючых крыніц права ці асобных норм права. Але такое абагульненне, па-першае, не мае абавязковага (нарматыўнага) характару, па-другое, не выконвае ролі па адаптацыі норм права да рэальных грамадскіх адносін, па-трэцяе, не ажыццяўляецца вышэйшымі судовымі інстанцыямі краіны. Толькі арганічнае спалучэнне трох акрэсленых прымет дае ўяўленне аб прававой прыродзе пастаноў Пленумаў вышэйшых судовых інстанцый і характарызуе іх у якасці мадыфікаванай крыніцы сучаснага беларускага права.

Судовая практыка, безумоўна, можа прывесці да фармавання прававога звычая – нейкага агульнага правіла паводзін прававога характару, якое не знайшло свайго замацавання ў правапалажэннях пастаноў Пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, але выкарыстоўваецца судовымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь у якасці агульнаабавязковага правіла. Праўда, такая сітуацыя мае найбольш гіпатэтычны, а не рэальны характар.

Такім чынам, нарматыўныя акты вышэйшых судовых інстанцый Рэспублікі Беларусь «завязваюцца» на іншыя крыніцы дзеючага права, без існавання якіх яны губляюць свой сэнс. Спецыфіка гэтых нарматыўных актаў якраз і зводзіцца да таго, што яны адначасова інтэрпрэтуюць нейкія крыніцы права і абагульняюць судовую практыку і судовую статыстыку. Гэта значыць, што яны выконваюць адначасова дзве неад’емныя для гэтых актаў функцыі – інтэрпрэтацыю іншых крыніц права на падставе абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі і абагульненне судовай практыкі і судовай статыстыкі шляхам інтэрпрэтацыі іншых крыніц права. Ніводная з гэтых функцый не можа быць ажыццёўлена сама па сабе без выканання другой. Толькі адначасовае іх ажыццяўленне забяспечвае (гарантуе) нарматыўны характар актаў вышэйшых судовых інстанцый, іх абавязковасць для органаў судовай улады, іншых дзяржаўных органаў (службовых асоб) і грамадзян.

Для абазначэння тых нарматыўных палажэнняў, якія фармулююцца ў пастановах Пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, цалкам прымальным можна лічыць паняцце (тэрмін) «правапалажэнне». Правапалажэнне, якое

444

ствараецца Пленумамі вышэйшых судовых інстанцый, у адрозненне ад прэцэдэнта, фармуецца не пры разглядзе канкрэтнай судовай справы, а шляхам аналізу і абагульнення судовай практыкі па шэрагу спраў, судовай статыстыкі і на падставе ўжо дзеючых норм права ў мэтах іх «адаптацыі» да рэчаіснасці шляхам своеасаблівай дэталізацыі і канкрэтызацыі і, як вядома, падзяляе іх лёс пры змене ці адмене норм права. Прычым абагульненне правапрымяняльнай, у тым ліку судовай, практыкі не можа выходзіць за межы дзеяння існуючага пазітыўнага права і робіцца на яго падставе.

Вядома, што Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь забяспечвае вяршэнства Канстытуцыі краіны шляхам ажыццяўлення кантрольных паўнамоцтваў за адпаведнасцю ўсіх нарматыўных актаў Асноўнаму закону краіны. Нарматыўныя акты, якія прызнаюцца Канстытуцыйным Судом не адпавядаючымі Канстытуцыі ці актам, якія валодаюць больш высокай юрыдычнай сілай, лічацца страціўшымі сілу цалкам ці ў вызначанай іх частцы. Натуральна, што размова пры гэтым ідзе не толькі аб нарматыўных прававых актах, але і іншых відах крыніц як нацыянальнага, так і міжнароднага права – прававых звычаях, дагаворах нарматыўнага зместу, прававых прэцэдэнтах і г. д.

Такім чынам, заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі, як і пастановы Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў Рэспублікі Беларусь, «завязваюцца» на ўсе вядомыя крыніцы сучаснага беларускага права і «абслугоўваюць» іх. Праўда, у іншым кірунку, чым гэта робяць акты вышэйшых судовых інстанцый судоў агульнай і гаспадарчай юрысдыкцыі. Калі акты Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў адаптуюць нормы дзеючага беларускага права да рэальных грамадскіх адносін шляхам абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі і выдання абавязковых для выканання пастаноў, то заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь забяспечваюць адпаведнасць зместу і формы ўсіх крыніц сучаснага беларускага права Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Натуральна, што заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь адносяцца да ліку нарматыўных актаў у сэнсе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і займаюць у сістэме крыніц права прамежкавае становішча паміж Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і тымі відамі крыніц права, якія правяраюцца поўнасцю ці ў нейкай частцы на іх адпаведнасць Канстытуцыі краіны і іншым крыніцам права, якія валодаюць больш высокай юрыдычнай сілай. Толькі ў гэтай «звязцы» заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі

445

Беларусь набываюць юрыдычную значнасць і абавязковасць для ўсіх суб’ектаў права.

У адрозненне ад юрыдычнай сілы пастаноў Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў Рэспублікі Беларусь, якая з’яўляецца «рухомай», юрыдычная сіла заключэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь адназначна акрэслена ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Паколькі абсалютна ўсе крыніцы сучаснага беларускага права могуць быць правераны Канстытуцыйным Судом на іх адпаведнасць Асноўнаму закону краіны, то юрыдычная сіла заключэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь не можа быць меншай за юрыдычную сілу гэтых крыніц права, яна іх пераўзыходзіць, саступаючы толькі юрыдычнай сіле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Галоўная місія заключэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь у сістэме крыніц сучаснага беларускага права, якая вызначальным чынам уплывае на іх прававую прыроду, зводзіцца да выканання кантрольнай функцыі ў сістэме крыніц права з мэтай забеспечэння іх сістэмнасці і ўзаемаўзгодненасці, падтрымання ўсёй сістэмы крыніц сучаснага беларускага права ў адпаведнасці з Канстытуцыяй краіны.

Усё сказанае прыводзіць да высновы, што заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца, як і пастановы Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў Рэспублікі Беларусь, адной з мадыфікаваных крыніц сучаснага беларускага права. Праўда, функцыі гэтай мадыфікаванай крыніцы права ў сістэме крыніц сучаснага беларускага права адрозніваюцца ад функцый, якія выконваюць пастановы Пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь. Улічваючы розніцу ў характары юрыдычнай сілы паміж заключэннямі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і пастановамі Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў Рэспублікі Беларусь, можна зрабіць выснову,, што заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, магчыма, і не ўваходзяць у склад самастойнай падсістэмы нарматыўных актаў судовай улады – нарматыўных актаў вышэйшых органаў судовай улады Рэспублікі Беларусь, а складаюць толькі самастойную падгрупу мадыфікаваных крыніц сучаснага беларускага права.

446

7.Галоўная,асноўныяідадатковыякрыніцыміжнароднаправавогахарактару

У параўнанні з сістэмай унутрыдзяржаўных крыніц, дзе, як вядома, асноўнай і адначасова галоўнай крыніцай права з’яўляецца нарматыўны прававы акт, сярод крыніц міжнародна-прававога характару галоўнай і асноўнай крыніцай права з’яўляецца міжнародны дагавор – разнавіднасць дагавору нарматыўнага зместу.

Памылкова лічыць, што нарматыўны прававы акт не з’яўляецца крыніцай у сістэме крыніц міжнародна-прававога характару. Справа ў тым, што асноўная маса, асноўны аб’ём норм міжнароднага права (за выключэннем, магчыма, нормаў юс когенс), у асаблівасці норм, якія змяшчаюцца ў міжнародных дагаворах, што заключаюцца Рэспублікай Беларусь, набывае юрыдычна абавязковае значэнне на тэрыторыі Беларусі не інакш, як праз нарматыўныя прававыя акты, якія выдаюцца дзяржавай, яе ўпаўнаважанымі органамі ў мэтах імплементацыі норм міжнародных дагавораў у прававую сістэму Рэспублікі Беларусь. Прамое ўздзеянне норм міжнародных дагавораў на ўнутрыдзяржаўнае права без трансфармацыі, рэцэпцыі ці імплементацыі практычна немагчыма.

Ратыфікацыя, іншыя абавязковыя працэдуры надання нормам міжнародных дагавораў абавязковага значэння для Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюцца, як правіла, шляхам выдання адпаведных нарматыўных прававых актаў унутрыдзяржаўнага характару. Ратыфікацыя міжнароднага дагавору Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь, напрыклад, ажыццяўляецца шляхам выдання закону Рэспублікі Беларусь аб ратыфікацыі пэўнага дагавору.

Такім чынам, нарматыўныя прававыя акты, без выдання якіх на тэрыторыі Беларусі практычна не дзейнічае ніводная норма міжнароднага дагавору, нельга не аднесці да ліку крыніц міжна- родна-прававога характару, бо галоўная іх мэта і сэнс выдання «завязваюцца» на міжнародныя дагаворы. Наўпрост, без дагавораў міжнароднага характару такія нарматыўныя прававыя акты, як правіла, не маюць юрыдычнай значнасці. Таму нарматыўныя прававыя акты з’яўляюцца таксама адной з дзвюх асноўных крыніц міжнародна-прававога характару, але ў параўнанні з сістэмай унутрыдзяржаўных крыніц права дадзеная крыніца права ў падсістэме крыніц права міжнародна-прававога характару не з’яўляецца галоўнай.

Акрамя гэтага, міжнародныя дагаворы для набыцця юрыдычнай значнасці і непасрэднай дзейнасці на тэрыторыі нашай дзяр-

447

жавы патрабуюць ажыццяўлення шэрагу ўнутрыдзяржаўных працэдур, якія неабходны для выражэння згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе міжнародных дагавораў. Да ліку такіх працэдур адносіцца і выданне неабходных для ажыццяўлення міжнародных дагавораў нарматыўных прававых актаў ці нават заключэння дагавораў нарматыўнага зместу ўнутрыдзяржаўнага характару. Абсалютная большасць норм міжнародных дагавораў не дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без выдання нарматыўных прававых актаў.

Міжнародны дагавор з’яўляецца асноўнай крыніцай міжна- родна-прававога характару ў прававой сістэме Рэспублікі Беларусь. Абсалютная большасць норм права, якія маюць міжнародна-пра- вавы характар і з’яўляюцца складанай часткай прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь, былі сфармуляваны і замацаваны менавіта ў форме дагавору. Удзельная вага гэтай крыніцы права сярод крыніц права міжнародна-прававога характару набліжаецца да абсалютнай, таму што без суверэннай волі дзяржавы, якая выкладзена і выражана ў дагаворы, не існуе іншага шляху стварэння норма міжнароднага права.

Вядома, што прававая сістэма Рэспублікі Беларусь функцыянуе і развіваецца ў шчыльнай узаемасувязі з іншымі нацыянальнымі прававымі сістэмамі, а таксама з міжнародным правам. У артыкуле 8 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацавана правіла, згодна з якім Рэспубліка Беларусь прымае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права былі замацаваны ў шэрагу міжнародна-прававых дагавораў у форме Статута ААН, дэкларацый і г. д., якія Рэспубліка Беларусь прызнала для сябе абавязковымі. Таму фармулёўка артыкула 8 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сведчыць, як уяўляецца, аб тым, што Рэспубліка Беларусь дала згоду на тое, што шэраг міжнародных дагаворных норм, якія змешчаны ў асобных міжнародных дагаворах, маюць прыярытэт, першынство ў прававой сістэме Рэспублікі Беларусь.

Агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права дзейнічаюць на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і маюць абавязковае значэнне для ўсіх асобаў, яны пранізваюць усю прававую сістэму Рэспублікі Беларусь, склаўшуюся гістарычна ў Беларусі сістэму крыніц права ўвогуле і сістэму заканадаўства, у прыватнасці. Прычым дзейнічаюць яны бестэрмінова. Частка агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права існуе ў форме прававога

448

звычая, і таму гэтыя звычаёвыя па свайму характару і зместу нормы права асобныя аўтары – спецыялісты ў галіне міжнароднага публічнага права адносяць да асноўных крыніц права. Агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнароднага права, якія існуюць у форме прававога звычая, з’яўляюцца неабходнай перадумовай існавання міжнароднага дагаворнага права. Яны стваралі і ствараюць неабходную прававую базу, аснову для існавання агульнага міжнароднага права.

У склад дадатковых крыніц міжнародна-прававога характару ўваходзяць найперш прававы прэцэдэнт і прававыя звычаі, акрамя тых прававых звычаяў, аб якіх узгадвалася вышэй.

З міжнародна-прававым прэцэдэнтам, які мае значэнне на тэрыторыі пэўнай дзяржавы, мы сутыкаемся ў сітуацыях, калі дзяржава прызнае для сябе абавязковымі рашэнні міжнародных судовых інстанцый, напрыклад, Еўрапейскага Суда па правах чалавека. У такім разе на тэрыторыі дзяржавы рашэнне дадзенай судовай установы па канкрэтнай справе з удзелам грамадзяніна гэтай дзяржавы мае юрыдычна абавязковае значэнне. Акрамя гэтага, усе судовыя інстанцыі краіны, якая прызнае на сваёй тэрыторыі юрысдыкцыю Еўрапейскага Суда па правах чалавека, павінны кіравацца прэцэдэнтамі тлумачэння, якія былі сфармуляваны дадзенай юрысдыкцыйнай інстанцыяй пры разглядзе іншых спраў. Іншымі словамі, прызнаўшы аднойчы юрысдыкцыю Еўрапейскага Суда па правах чалавека на сваёй тэрыторыі, дзяржава тым самым стварае своеасаблівы легальны «прававы калідор», праз які ў прававую сістэму дадзенай дзяржавы наўпрост, без дадатковых унутрыдзяржаўных працэдур, паступаюць і становяцца складанай часткай яе прававой сістэмы нормы міжнароднага права. Прэцэдэнт тлумачэння, які ствараецца Еўрапейскім Судом па правах чалавека, уяўляе правіла паводзін агульнага характару, якое фармулюецца пры разглядзе канкрэтных спраў.

Для таго, каб прававы звычай стаў крыніцай міжнароднага права, патрэбна згода некалькіх дзяржаў на тое, што яны прызнаюць пэўны звычай прававым і абавязковым для кіравання. Такім чынам, калі ўнутры дзяржавы звычай можа стаць прававым пры згодзе на тое дзяржаўнай улады (пры яго санкцыянаванні дзяржавай), то для таго, каб, напрыклад, гэты самы ці нейкі іншы звычай стаў крыніцай міжнароднага права, патрэбна згода найменш дзвюх суверэнных дзяржаўных воль. На першасных этапах развіцця міжнароднага права прававы звычай, як, дарэчы, і ў нацыянальным праве, быў асноўнай і нават галоўнай крыніцай міжнароднага

449

права побач з дагаворам нарматыўнага зместу. Бо, уступаючы ў міжнародныя адносіны, дзяржавы павінны былі зыходзіць з прынцыпаў добрасумленнага захавання пагадненняў, якія яны заключалі, з прызнання непарушнасці дагавораў. Прынцып непарушнасці дагавораў і стаў тым першым прававым звычаем міжнароднага характару, з якога вырасла ўсё сучаснае міжнароднае права. У сучасным міжнародным праве прававы звычай выконвае ролю дадатковай крыніцы права. Прыкладам выкарыстання прававога звычая ў якасці крыніцы сучаснага міжнароднага права з’яўляецца сістэматызаваны збор прававых звычаяў у сферы міжнароднага гандлю ў форме правілаў ІНКАТЭРМС. Гэтымі правіламі, а таксама іншымі сістэматызаванымі зборамі правілаў звычаёвага характару кіруюцца ўдзельнікі прававых адносін не толькі ў сферы міжнароднага прыватнага права, але і ў сферы міжнароднага публічнага права.

Частка норм міжнародна-прававога характару існуе ў форме міжнародна-прававой дактрыны – навуковых палажэнняў, якімі кіруюцца пры заключэнні міжнародных дагавораў, пры іх тлумачэнні, выкананні, у тым ліку пры генеральнай і спецыяльнай транфармацыі ва ўнутрыдзяржаўнае права. Асабліва значны ўплыў апошнім часам дактрынальныя міжнародна-прававыя палажэнні аказваюць на стварэнне прэцэдэнтаў тлумачэння Еўрапейскім Судом па правах чалавека і Еўрапейскім Судом. Такім чынам, дактрына і ў сістэме крыніц сучаснага міжнароднага права выконвае ролю дадатковай крыніцы права.

Да ліку дадатковых крыніц міжнароднага права можна аднесці і нормы, якія ўтрымліваюцца ў свяшчэнным пісанні, праўда, яны маюць абмежаванае выкарыстанне ў сучасным міжнародным праве. У прыватнасці, у праекце Канстытуцыі (Асноўнага закону) краін, якія ўваходзяць у склад Еўрапейскага Саюза, аб хрысціянскіх каштоўнасцях нават не ўзгадваецца. Пры заключэнні міжнародных пагадненняў паміж дзяржавамі мусульманскага свету найбольш пашырана выкарыстанне норм свяшчэнных пісанняў.

Пытанні для самаправеркі

1. Пералічыце вядомыя Вам крыніцы права, якія дзейнічаюць у прававой сістэме Рэспублікі Беларусь, дайце іх класіфікацыю на падставе Канстытуцыі краіны.

2. Раскрыйце змест фактараў, якія аказваюць уплыў на падзел крыніц права на асноўныя і дадатковыя крыніцы права.

450