- •Гісторыя станаўлення музеянаўства як навуковай дысцыпліны.
- •Музеязнаўства як навуковая дысцыпліна.
- •Структура музеязнаўства
- •Метад музеязнаўства
- •Мова музеязнаўства
- •Месца музеязнаўства ў сістэме навук.
- •Музейны прадмет – аснова музейнай работы.
- •Музей як сацыяльны інстытут.
- •Тэарэтычны базіс дзейнасці музея
- •Узаемаадносіны музея і помніка
Метад музеязнаўства
Істотнай прыкметай навуковай дысцыпліны з’яўляецца таксама метад, пад якім разумеецца спосаб пазнання, сістэма прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе даследавання пэўных бакоў аб’ектыўнай рэальнасці.
Кожная навуковая дысцыпліна, зыходзячы з аб’екта і прадмета даследавання фарміруе свой метад. Аднак на сучасным этапе адбываецца хуткае ўзаемапранікненне метадаў розных навук, што стварае значную цяжкасць для іх размежавання. Выказваюцца нават меркаванні, што ні ў адной навуцы няма якіх-небудзь непаўторных метадаў. Перапляценне метадаў становіцца ўжо такім, што размываецца непераходная мяжа паміж наукамі аб прыродзе і аб грамадстве. У якасці прыклада можна спаслацца на археалогію, якая ўсё часцей выкарыстоўвае метады, ўласцівыя не толькі для гісторыі, крыніцазнаўства, але і для фізікі, хіміі, батанікі. Такімі з’яўляюцца метады датыроўкі археалагічнага матэрыялу па ступені распаду радыёактыўнага ўклерода, дэндрахраналічны метад, выкарыстанне рэнтгенаграфіі, спектральнага аналізу, хімічнага аналізу.
Пры разглядзе метада якой-небудзь навуковай дысцыпліны неправамерна рабіць выснову аб яго неспецыфічнасці толькі на той падставе, што асобна ўзятыя прыватныя метады выкарыстоўваюцца гэтай і іншымі навукамі. Метад навуковай дысцыпліны не роўны адзінкаваму прыёму і нават не роўны арыфметычнай суме выкарыстоўваемых метадаў і прыёмаў, паколькі ён ўяўляе сабой сістэму. Меркаваць аб падабенстве і адрозненнях метадаў – гэта значыць параўноўваць сістэмы, а не асобныя іх элементы.
У літаратуры праблема метада музеязнаўства толькі пачынае распрацоўвацца, таму натуральным з’яўляецца існаванне істотных разыходжанняў у падыходах. Калі адны музеязнаўцы прызнаюць, што музеязнаўства як навука, якая фарміруецца, знаходзіцца толькі на стадыі выпрацоўкі ўласных метадаў, а гэта звязана з асэнсаваннем прадмета навукі, то іншыя рашуча адмаўляюць магчымасць існавання ўласнага метада, мяркуючы, што музеязнаўства здольна толькі выкарыстоўваць метады, якія запазычаны ў профільных навуках.
Музеязнаўства характарызуецца вялікай разнастайнасцю даследчых метадаў, прычым некаторыя з іх часткова ці поўнасцю супадаюць з метадамі іншых навук. Гэта можна растлумачыць тым, што музеязнаўства сутыкаецца з многімі грамадскімі і прыродазнаўчымі дысцыпінамі.
Аднак было б няправільна разглядаць метад музеянаўства як механічнае спалучэнне асобных методык сумежных навук. Нават у тым выпадку, калі яно выкарыстоўвае прыёмы гістарычных дысцыплін, мастацтвазнаўства і іншых навук, гэтыя прыватныя метады набываюць некаторыя спецыфічныя рысы ў адпаведнасці з асаблівасцямі аб’екта і прадмета даследавання самога музеязнаўства. У гэтым праяўляецца непарыўная сувязь паміж прадметам і метадам навуковай дысцыпліны.
Для метада музеязнаства характэрна наступнае:
Выкарыстанне разнастайных метадаў грамадскіх і прыродазнаўчых навук ў працэсе даследавання музейных прадметаў і здзяйснення музейнай камунікацыі. Шырока выкарыстоўваюцца метады спецыяльных і дапаможных гістарычных дысцыплін, мастацтвазнаўства, літаратуразнаўства і інш. Пры падрыхтоўцы экспазіцый, выставак, вывучэння музейнага наведвальніка, у розных формах адукацыйна-выхаваўчай дзейнасці выкарыстоўваюцца метады педагогікі, псіхалогіі; метады прыродазнаўчых навук знаходзяць выкарыстанне таксама ў працэсе рэстаўрацыі і кансервацыі музейных прадметаў – рэнтгенаграфія, спектраграфія і інш.
Выкарыстанне метадаў палявога даследавання, якія маюць месца ў шэрагу прыродазнаўча-навуковых і грамадскіх навук.
Выкарыстанне метадаў непасрэднага назірання за жыццём.
Даследаванні ў галіне экспазіцыі, яе ўспрыняцця, работы па кансервацыі, рэстаўрацыі музейных прадметаў патрабуюць выкарыстання эксперыментальных метадаў.
Усе гэтыя навуковыя метады трансфарміруюцца ў музеязнаўстве ў адпаведнасці з асаблівасцямі і прадметам музеязнаўства.
Сістэма адзначаных спосабаў даследаванняў у цэлым і складае метад музеязнаўства, які адрознівае яго ад іншых навуковых дысцыплін і разам з тым фіксуе яго сувязь з мноствам сумежных дысцыплін.
Далейшае развіццё музеязнаўства, фарміраванне яго тэорыі несумненна прывядзе да абагачэння метадаў даследавання, іх удакладнення і спецыфікацыі ў адпаведнасці з прадметам навукі, яе задачамі, музейнай практыкай. Гэта, у сваю чаргу, паўплывае на далейшую тэарэтычную распрацоўку пытання аб метадах дысцыліны, якая знаходзіцца на стадыі станаўлення, пацягне за сабою паглыбленне нашага разумення гэтай праблемы.
