Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Язэп Лёсік. Беларускі правапіс. 1929.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1 Мб
Скачать
☆

3. Месны склон адзіночнага ліку.

Месны склон мае канчаткі: 1) е—э, 2) і—ы і 3) у.

ПРАВІЛА 28. 1) На е канчаюцца іменьнікі ўсіх родаў з цьвёрдай асновай, прычым аснова заўсёды зьмякчаецца, напр.: сын— пры сыне, дуб—на дубе, стол—на стале, пакос—на пакосе, мароз—на марозе; яма—у яме, маліна—у маліне, галава на—галаве, мова—у мове, сасна—на сасне; акно—у акне, слова—аб слове, крыло—на крыле, ярмо—у ярме, гаспадарства—на гаспадарстве, пісьменства—у пісьменстве, жабрацтва—у жабрацтве і г. д.

а) Калі аснова канчаецца на г і х, то гэтыя гукі зьмяняюцца на з і с, напр.: парог—на парозе, бераг—на беразе, луг—на лузе, слуга—пры слузе; нага—на назе, дарога—пры дарозе; гарох—у гаросе, кажух—у кажусе, страх—у страсе; саха—на сасе, страха—на страсе, мачыха—пры мачысе, Лявоніха—пры Лявонісе, муха—на мусе, вуха—на вусе і г. д;

б) Калі слова канчаецца на д—т, то гэтыя гукі зьмяняюцца на мяккія дз—ц, напр.: агарод—у вагародзе, горад—на горадзе, град—аб градзе, сад—у садзе, народ—у народзе, ваявода—пры ваяводзе, вада—на вадзе, бяда—у бядзе, свабода—на свабодзе, калода—на калодзе; гняздо—у гнязьдзе; брат—пры браце, сват—на сваце, сьвет—у сьвеце, плот—на плоце, мост—на мосьце; хата—у хаце, работа—на рабоце, рута—у руце, мята—у мяце, сіта—у сіце, жыта—на жыце, лета—аб леце, места—у месьце, рэшата—у рэшаце і г. д.

На э канчаюцца: а) Іменьнікі жаночага роду з асноваю на к, калі націск прыходзіцца на канчатак: на руцэ, у руцэ, на рацэ, у рацэ. (Рыба ў рацэ, да ня ў руцэ).

б) Здараецца і мужчынскі род з асноваю р у месным склоне з канчаткам э: на дварэ, у дварэ.

2) Канчатак і маюць: а) Іменьнікі ўсіх радоў з мяккім зычным перад канчаткам (з мяккай асновай): на кані, па камені, па локці; па зямлі, у кузьні, на косьці, па полі, на гальлі, пры жыцьці.

б) Іменьнікі мужчынскага роду, што канчаюцца ў назоўным склоне адзіночнага ліку на й: гай—у гаі, Дунай—на Дунаі, рай— у раі, салавей—пры салаўі, верабей—на вераб’і.

Канчатак ы маюць іменьнікі ўсіх радоў з асноваю на зацьвярдзелыя гукі: ж, ч, ш, ц, р: на нажы, па абручы, у салашы, на канцы, па бары, на тапары; у дзяжы, па печы, на душы, у кашы, па вуліцы, на гары; на плячы, на вогнішчы, на сонцы, у дабры, па моры і г. д.

в) Канчатак ы прынялі ўсе іменьнікі жаночага роду з асноваю на к, прычым к зьмяняецца ў ц, напр.: граматыка—у граматыцы, лаўка—на лаўцы, матка—пры матцы, навука—у навуцы, рэчка—на рэчцы, шапка—у шапцы, казка—у казцы, жаваранка— аб жаваранцы, і г. д.

Увага: Іменьнікі жаночага роду адзіночнага ліку ў давальным і месным склоне заўсёды маюць аднолькавыя канчаткі: к зямлі—на зямлі, к галаве—па галаве, к гары—на гары і г. д.

3) а) Калі іменьнікі мужч. роду з асноваю на зацьвярдзелыя гукі: ж, ч, ш, ц, р азначаюць асобу чалавека, то месны склон мае аднолькавы канчатак з давальным, гэта значыць—у: к мужу—пры мужу, Лукашу—на Лукашу, Багдановічу—пры Багдановічу, Грыгору—на Грыгору, купцу—на купцу, немцу—па немцу, кітайцу—пры кітайцу.

б) У месным склоне таксама будзе канчатак у (як і ў давальным), калі іменьнікі мужч. і ніякага роду маюць аснову на к: на суку, у Менску, у Слуцку, пры чалавеку, аб ваўку; на воку, на веку, у малаку.

в) У іменьніках мужч. р. з канчаткам на а (з цьвёрдаю асноваю) у месным і давальным склоне часьцей бывае канчатак у, хоць ужываюцца і звычайныя канчаткі, напр.: пры мужчыну, на старасту, пры Купалу, на Манюшку, таксама і пры Янку, пры бацьку, на дзядзьку, па сабаку і пад.

Увага: Калі іменьнікі мужч. і ніякага роду маюць аснову на г ці х, то месны склон можа мець таксама канчатак у, як і з асноваю на к: у страху, на парогу, у вуху, на воку; але калі гартанная аснова зьмякчаецца, то будзе канчатак е ці ы: у страсе, на парозе, па вусе, на воцы: толькі заўсёды “на шляху”.

Практыкаваньне 36. Паліўся срэбрам сьпеў прыгожы ў далёкай сіняй вышыні. Цэлы гай старасьвецкіх дубоў раскінуўся па беразе рэчкі. Ціха месяц адзінокі ходзіць у небе над зямлёй. Усё зьмяшалася ў тумане. Толькі на лузе блішчыць яшчэ сьнег і лёд. На злодзеі шапка гарыць. Бяда не па лесе, а па людзях ходзіць. Дзесятая вада на кісялі. Над збожжам убогім вецер гуляе на волі. У белым сьнезе маладняк. Ходзяць па полі ў задуме мужчыны. Моцна хлопец занудзіўся па бацьку, па маме. На старасьці дзьве радасьці. Пад стольлю ў павуціне б’ецца муха-сіраціна. На гальлі старога дуба было буслава гняздо. Кветка красуе на грунце ўбогім. Сьвежая магіла выкапана ў доле. Узімку ў лесе і на полі шмат менш птушак і зьвяроў. Салавейка жыў у зялёным гаі. Зябнуць вербы на марозе. Ходзіць шум па лесе. Пастушкі сядзелі пры агні. Каня водзяць на вобраці. Многа смутку ў песьні гэтай. Быў на кані і пад канём. На дварэ было цёмна, як у скляпеньні. Па сіняй раўніне за хмаркаю хмарка плыве. У хаце сьвяцілася газьніца.

Практыкаваньне 37. Ярка на камінку смольны корч палае. Бацька на калодцы лапаць выплятае. Птушка сядзела на суку. На гасьцінцы рос стары беразьняк. І на сонцы ёсьць плямы. Нудна на сэрцы. Маладзенькая травіца блішчыць на сонцы. У ціхую пагоду хораша на моры. Па возеры плавалі гусі і качкі. Вада ў моры горка-салоная. Марскія стварэньні і расьліны ў рэчцы ці ў возеры жыць ня могуць. Ката ў мяшку ня купляюць. Будзе кірмаш і на нашай вуліцы. На вяку ўсяго нажывеш. Шкадлівай кошцы хвост уцінаюць. На сваім сьметніку і певень сьмелы. На ўзгорку былі сялянскія могілкі. Ня кукуй ты, шэрая зязюля, сумным гукам у бары! Сірату пакінулі жыць пры купцу. Рана была на пальцы. Агонь разлажылі на леташнім вогнішчы. Блішчалі зоры ў нябесным прасторы. Не адзін Гаўрылка, што ў Полацку. Старой бабцы хораша і ў шапцы. Пры цару была паншчына. А воўку памоўка, а воўк тут. Быць бычку на лычку, а кароўцы на вяроўцы. На пажарышчы часова стаяла новая будова. У канцы грэблі шумяць вербы. За сялом, у полі, у жоўценькім пясочку пахавала маці маладую дочку. Ня было уцехі ў мацярынскім горы. На абшары тым шырокім прыгожа нівы красавалі.

Задачка 25-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, заместа рысак, літары е або і.

Паліўся срэбрам сьпеў прыгожы ў далёкай сіняй вышын—. Ціха месяц адзінокі ходзіць у неб— над зямлёю. Усё зьмяшалася ў туман—. Ціха на пол— ў палудзень гарачы. Сьвішчуць сані на мароз—. У белым сьнез— маладняк. Моцна хлопец занудзіўся па брац—, па мам—. Над збожжам убогім вецер гуляе на вол—. Ходзяць па пол— ў раздум’— мужчыны. Бронісь быў самы маленькі ў хац—. Сьвежая магіла выкапана ў дол—. Узіму ў лес— і на пол— шмат менш птушак і зьвяроў. Салавейка жыў у зялёным га—. На бераз— рэчкі стаяла цэлая кучка народу. На злодзе— шапка гарыць. Дзесятая вада на кісял—. Зябнуць вербы на мароз—. Ходзіць шум па лес—. Пацямнела ў хац—. Вее вецер за вугламі, у комін— галосіць. Кветка красуе на грунц— убогім. Па сіняй раўнін— за хмаркаю хмарка плыве. На балоц— з чаратамі лазьнякі шапталі. Трэцца жыта ў пыл на просьц—. Многа смутку ў песьн— гэтай. Пад стольлю ў павуцін— б’ецца муха-сіраціна. Ветрык паўднёвы ў луз— квяцістым калыша траву-сенажаць. Бусел клякоча ў гнязьдз— над хваінай. На дварэ было цёмна, як у скляпеньн—. На гальл— старога дуба было буслава гняздо. На старасьц— дзьве радасьці. Каня водзяць на вобрац—, а злодзея на ланцузе. Гэты цьвеце па ўсім сьвец—. На курган— расла прыгожая грушка. У хац— сьвеціць газьніца. У жыцьц— ўсяго нажывеш. Сядзеў на прызьб— стары дзед.

Задачка 26-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, літары ы, у.

Птушка сядзела на сук—. На гасьцінц— рос стары беразьняк. Нудна на сэрц—. Ярка на камінк— смольны корч палае. Бацька на калодц— лапаць выплятае. На магілц— стаяў трухлявы крыж. І на сонц— ёсьць плямы. Маладзенькая травіца-атава блішчыць на сонц—. Загула малатарня ў халодным асеньнім паветр—. На паліц— дзьве сініцы. У ціхую пагоду хораша на мор—. Па возер— плавалі гусі і качкі. Вада ў мор— горка-салоная. Марскія стварэньні і расьліны ў рэчц— ці ў возеры жыць ня могуць. Ката ў мяшк— ня купляюць. На вяк— ўсяго нажывеш. Будзе кірмаш і на нашай вуліц—. Шкадлівай кошц— хвост уцінаюць. На сваёй лаўц— і памерці добра. На сваім сьметнік— і певень сьмел—. Па вуліц— бегалі дзеці. На ўзгорк— былі сялянскія могілкі. У вёсц— па хатах засьвяціліся агні. У бар— растуць баравікі. Па летнік— грэбля была да ракі. Вада ў рэчц— несалоная. У гушчар— яловага лесу вывела ваўчыха трох ваўчанят. Блішчалі зоры ў нябесным прастор—. На пальц— была рана. Па гасьцінц— ехалі людзі. Агонь разлажылі на леташнім вогнішч—. Пры цар— была паншчына. А воўк— памоўка, а воўк тут. Быць бычку на лычк—, а кароўцы на вяроўц—. За сялом, у полі, ў жоўценькім пясочк—, пахавала матка маладую дочку. Ня было уцехі ў мацярынскім гор—. Я цяжкі смутак у сэрц— маю. На пажарышч— часова стаяла новая будова. У бярэзьнік— стаяла лясьнікова будка. На абшар— тым шырокім прыгожа нівы красавалі. Матылёчкі залатыя на сонц— крыльцамі блішчалі. У гаспадарц— быў парадак. У канц— грэблі шумяць вербы.

ПРАВІЛА 281. Калі іменьнік з прыназоўнікам па выражае пашырэньне па паверхні чаго-небудзь, то ён адказвае на пытаньне па чым? па кім? гэта значыць ставіцца ў месным склоне.

Практыкаваньне 38. Па балоце важна пахаджвае бусел. Сані нячутна плывуць па мяккім сьнезе. Ходзіце вы, хмаркі, па ўсім белым сьвеце! Цэлы гай старасьвецкіх дубоў раскінуўся па беразе Нёмана. Сьветлыя хмаркі ціха па небе плывуць. Людзі езьдзяць па зямлі, плаваюць па моры і лятаюць па паветры. Блудзіла сіротка па полі. Цяпло вельмі борзда разыходзіцца па жалезе. Па краёх крынічкі рос малады алешнік. Пакапалі мышы па загонах норы. Па чужых ты людзях пойдзеш. Дождж хвошча па шыбах. Ходзяць гутаркі па сьвеце летам і зімою. Даставайце з вышак сані—гайда сьцежкі праціраць і па белым акіяне ўдоўж і ўпоперак гуляць. Гудзеў, заводзіў вецер, бы па дроце рэзаў нож. А па небе ў гэта лета ходзіць ходырам камэта. Па саломеных стрэхах дым коціцца. Я-б дымком па небе плаваў, па зямлі-б хадзіў сьвятлом. Коні гулка б’юць па бруку капытом. Лятае па кветках пчолка залатая. Весела дзецям бегаць па брудных лужах. Як толькі ўгарнулі пчаліную матку, пчолы самі скоранька папаўзьлі па палатне ў рэшата. Па стрэсе бегалі шустрыя падманкі. Сьлёзы коцяцца па твары.

Практыкаваньне 39. Сьпішыце наступныя сказы і падчыркнеце тыя словы, якія выражаюць пашырэньне па паверхні чаго-небудзь.

Нашто гэта вецер дарма па сьвеце гуляе, па дарозе пыл падымае, воблакі па небе ганяе? На караблі паехаў чалавек па моры, як па сушы. У старасьвецкай Беларусі па Дняпры, Прыпяці, Нёмне, Дзьвіне і іх прытоках ішоў жывы рух тавараў. Зіму пачуяўшы, мядзьведзь непакоіцца, ходзіць па лесе, шукае бярлог. Па ўсім маім нутры пракацілася нейкая гарачая хваля. Па берагох азёр расьце чарот і аер. Як шчэпкі, носяцца параходы па марскіх хвалях. Па вуліцах пацяклі равочкі каламутнай вады. Сок расходзіцца па ўсёй расьліне, як кроў па чалавечым целе. Курганы ў вялікім ліку раскіданы па ўсім прасторы Беларусі. Вышлі роднай вёскі дзеці расьсяваць па сьвеце косьці. Па полі па бледным снуе бледны цень. Гвазды тарчалі па ўсіх сьцянах. Трэскі ляжалі па ўсім двары. На рэчку хлопцы выбягалі крыху пакоўзацца па лёдзе. Сьлед-трайчаткі па лесе кідаюць зайчаткі. Ліс-хітрэц па сьнезе цягне сьлед раўнюткі. Вада па лузе разьлілася. Па камянёх вілася шумная Вілейка. Па левым беразе зялёных дрэў пралёг радочак. Па іх (узгоркаў) адложыстых уклонах любоўна ветры па загонах жытцо, ярынку чуць гайдалі.