Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Язэп Лёсік. Беларускі правапіс. 1929.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1 Мб
Скачать
☆

§ 18. Правапіс злучнікаў і дапаможнікаў.

ПРАВІЛА 49. 1) Складаныя злучнікі пішуцца зьлітна, напр.: абы (=а+бы), або (=а+бо), ажно (=а+ж+но), ато (=а+то), аднож (=ад+но+ж), нібыта (=ні+быць+то), нібы (=ні+бы), альбо (=аль+бо), каб (=ка+б), быццам (=дзеяслоў “быць” з зваротным займеньнікам “ся”), нашто (=на+што), зашто (=за+ што), затым (=за+тым), затое (=за+тое), штоб (=што+б), прынамсі (=пры+нам+сі), чымсі (=чым+сі)—апошнія два злучнікі з прыстаўною часткаю “сі”; у неазначальным займеньніку будзе “ся” (чымся—займеньнік).

2) Складаныя злучнікі: нашто, зашто, затым, затое, штоб—трэба адрозьніваць ад займеньнікаў з прыназоўнікамі або дапаможнікамі, бо займеньнікі пішуцца асобна ад другіх слоў; напр.: “нашто дарма траціцца”—„на што паставіць лямпу”. “Затым казак гладак, што пад’еў ды набак”.—“За тым домам быў вялікі сад”. “Кося, кося, штоб толькі злавіць удалося”. “Што-б ты даў за гэта?” У першых сказах словы: нашто, затым, штоб— злучнікі; а ў другіх сказах словы: на што, за тым, што-б—займеньнікі і дзеля таго напісаны асобна ад прыназоўнікаў “на”, “за” і дапаможніка “б” (бы), прычым “што-б” напісана з злучком, бо:

3) дапаможнікі б—бы, ж—жа, то, небудзь—нібудзь, абы, быля пішуцца з папярэднім словам з злучком, напр.: добра было-б, каму-б гэта даць; рад-бы, пайшоў-бы, а мой-жа ты суседзька! Ды куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся? Ці-то птушка кінула зярнё, ці-то ветрам занясло яго? Што-то будзе, што-то будзе? Што-небудзь, хто-небудзь, якое-нібудзь, каторая-небудзь, дзе-небудзь, калі-небудзь, абы-хто, абы-што, быля-хто, быля-што і г. д.

4) Калі-ж гэтыя дапаможнікі сходзяцца разам, то яны паміж сабою злучком ня зьвязваюцца; напр.: куды-ж бы мне пайсьці? вот быў-бы ж рад! то-то б была радасьць!

Увага. Дапаможнікі “о”, “ж” стаяць посьля галосных, а “бы”, “жа”—посьля зычных; напр.: які-б, чаму-ж; ён-бы пайшоў, дай-жа мне і г. д.

5) Дапаможнік “няўжо” сустракаецца ў форме “няўжо-ж” і “нёж”, напр.: Пойдзеш ты куды?—Няўжо-ж не! (=Нёж не!).

Практыкаваньне 61. Сьпісаць і заўважыць правапіс слоў, надрукаваных звычайным шрыфтам.

Ці-то птушка тая кінула зярнё, ці-то заняслося бураю яно? Сам ня ведаю, чым мілы, чым вы сэрцу любы, выхаванцы веку, сілы, маладыя дубы! Чымся мілым, чымся родным ад вас павявае, аж мне сэрца ў сьпеў лагодны ціха ахінае (Я. Кол.). Які-б то быў крук, каб выпусьціў з рук. Чымсі з благім квасам, дык лепей з вадою, абы не з бядою. Хоць з вадою, абы не з бядою. За што купіў, эа тое і прадаў. І паху яго штоб ня было тут! Каб-жа то была праўда! Калі-ж бы я што калі каму якое, а то я ніколі нікому нічога,—дык за што-ж мне тое? Каму за шутку прымаюць, а другому за тое-ж скуру зьдзіраюць. Касіць-бы касіў, калі-б хто косу насіў. Лепей лычны мір, чымсі раменная справа. Ня тут-то было. Нібы-то была жывая вада. Сьвініна—псіна, дрозд—саланіна, да калі-б к гэтаму дразду да кусок сала, то-то-б была патрава. Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю. Што-б было з нашаю чайкай, калі-б мы ехалі ў ёй подчас буры па моры? Вагар стаў-бы пералівацца цераз край, і нам не ўдалося-б вярнуцца пад бераг, асабліва, калі недалёка ад берагу ёсьць падводнае каменьне. Разгарыся, вячэрняя зорка, перад раньняю, разгарыся! Расхадзіся, наша гаспадынька, перад жнейкамі, расхадзіся! Адмыкай-жа высокія церамы залатымі ключмі, адмыкай-жа! Засьцілай-жа тонкімі абрусамі цясовыя сталы, засьцілай-жа! Да вітай-жа першую жнейку-пастацяначку, да вітай-жа! Адтаго мы пагалелі, што соладка пілі і елі. Ад таго месца да места пяць вёрст. Што нам да таго, што ён няўзоркі. А датаго, ён яшчэ ня ў сталых гадох. Тады-то і было, як па вадзе плыло. Ці ўсё-то спажыць, што ў чужой клеці ляжыць! Нашто козамі сена травіць? Нашто ў клець ісьці па муку, калі торба вісіць на круку? У ёй і крупы драныя, і кускі ламаныя. Грошы круглы, адтаго і коткі. Дай свае табакі, ато ад чужое нос баліць (прыказка). Высока над зямлёю чуваць маркотны крык жураўлёў; борзда ляцяць яны з поўначы на поўдзень і сваім крыкам быццам шлюць нам сваё апошняе разьвітаньне. Хоць-бы дзе кусьціка рэдкая цень!