Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Язэп Лёсік. Беларускі правапіс. 1929.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1 Мб
Скачать
☆

14. Верны прыяцель.

У ваднаго селяніна быў вялікі сабака. Стаў ён стары, і ўжо ня мог вартаваць гаспадарскае дабро. Не хацелася селяніну дарма карміць сабаку. Вось ён узяў з сабой вяроўку і камень ды пацягнуў сабаку да ракі.

Глядзіць на яго сабака разумнымі вачыма, быццам разумее, што думае гаспадар.

Сеў гаспадар з сабакам у човен, ад’ехаў ад берагу ды стаў прывязваць камень сабаку на шыю. Пасьля ўстаў ды піхнуў нагою сабаку ў ваду.

Сабака панырнуў, але пры гэтым човен крэпка скалануўся, а селянін не ўдзяржаўся, і сам зваліўся ў ваду.

Захліснула яго хваля, зусім ужо пачаў тануць. Раптам чуе—нехта цягне яго. А гэта яго сабака. Камень адвязаўся, і сабака кінуўся ратаваць гаспадара. Схапіў зубамі за кашулю, выплыў з ім да берагу і ледзь жывы расьцягнуўся на беразе.

Заплакаў селянін, абняў сабаку, стала яму стыдна. Да самае сьмерці карміў і даглядаў ён вернага свайго прыяцеля.

15. Восень.

Восень халодная, чорная, хмурая

Сунецца ціха, нічутна што дзень;

Хварбы наўкола паклала панурыя,

Сонца хавае за чорную цень.

Збожжа пажатае з ніваў пазвожана;

Голыя гоні самотна ляжаць;

Неба дажджліваю хмарай абложана;

Траўкай ня грае сваёй сенажаць.

Кветкі ня сьвецяць галоўкамі яснымі,

Кусьця бяз лісту, бяз красак стаяць;

З гэтымі восені днямі бяскраснымі

Цяжкія думкі на сэрца ляцяць.

Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі

Лістам пажоўклым тужліва шумяць:

“Хутка надыдуць завеі з марозамі,

Ветры з сьнягамі ізноў наляцяць”.

Толькі высокія хвоі іглістыя

Вечна-зялёны свой кажуць убор;

Днямі зімовымі цёмна-імглістыя

Будуць чарнець навакол наузгор.

Зіму пачуўшы, мядзьведзь непакоіцца,

Ходзіць па лесе, шукае бярлог;

Хмурны і злосны, пакуль супакоіцца,

Горш на скаціну, на людзі налёг.

Гусі і качкі гуртамі зьбіраюцца:

Хутка на поўдзень саўсім паляцяць;

Хэўра за хэўрай на рэчцы зьмяняецца;

Зранку крычаць, на вадзе лапацяць.

А. Гарун.

16. Мурашкі.

Абсохла зямля. Дзе-ні-дзе стала паказвацца зялёная травіца. На прыгорку, у лесе, весела гойдае сіняю галавою першая веснавая кветка—сон. У яго касматай галоўцы ўжо поўзае пчолка ды цалуе яго сінія лісточкі.

Усё варушыцца, прачынаецца ад зімовага сну і холаду, усё хоча глянуць на высокае сонца, што так шчыра аблівае сваім цяплом яшчэ мокрую зямлю. Сагрэла сонейка і мурашнік, каторы паўгода быў засыпаны сьнегам. Пачула цяпло і працавітая мурашка. Выпаўзла яна з зямлі, дзе сядзела ўсю зіму; за ёю выпаўзла другая, трэцяя. Вот ужо іх цэлая тысяча поўзае ды грэецца на сонцы. Пагрэліся ды зараз за работу—давай папраўляць сваю хату, папсованую сьнегам. А яшчэ дзянькі праз два-тры папаўзуць яны ў лес зьбіраць кусочкі хвоек, смолку, што скінула старая хвоя. А пападзецца на дарозе жук або хрушч, палепяцца яны за яго ды павалакуць яго да свае хаткі. Працавітае стварэньне мурашка! Многа чаго ёсьць павучыцца ў яе гультаю.

17. Жніво.

Рэдкае збожжа—травы палавіна.

Колас ня гнецца зярнём да зямлі.

Знаць, нешчасьліва была та часіна,

Як кідалі зерня сяўцы па ральлі.

Вышлі на поле вось жнеі з сярпамі

У лапцях лазовых, а хто без лапцей.

Ніва пустымі шуміць каласамі,

Ніва ня цешыць жаночых вачэй!

Цяжка ўздыхнуўшы, збаны пастаўлялі,

Клункі на межы паклалі жняі;

Бабы старыя свой твар пражагналі

Ціха за працу ўзяліся дзяўкі.

Горача ў полі. Эх, жар дакучае!

Праца марудна, бясконца цяжка.

Сьпіну і плечы ім боль адбірае,

Аж дзервянее у жнеек рука.

Збэрсана жыта, чапляецца колас.

Жменя нажата, разгнецца жняя,

Жыта паложыць на скручаны пояс.

Цяжкая, жнейка, работа твая!

Ціха на полі ў палудзень гарачы.

Хоць-бы дзе кусьціка рэдкая цэнь!

Толькі ў калысцы плач чуеш дзіцячы,

Нудна над вухам зьвініць авадзень.

Я. Колас.