Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Язэп Лёсік. Беларускі правапіс. 1929.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1 Мб
Скачать
☆

2. Родны склон адзіночнага ліку.

ПРАВІЛА 33. 1) Родны склон адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду не пад націскам канчаецца на ага—яга: добрага чалавека, добрага дзіцяці, сіняга каменя, сіняга шкла; а пад націскам на ога: маладога чалавека, старога акна.

2) Родны склон адзіночнага ліку жаночага роду не пад націскам мае канчаткі: ае (ай)-яе (яй): цікавае або цікавай кнігі; сіняе або сіняй паперы; а пад націскам—ое—ой: маладое або маладой жанчыны; старое або старой хаты.

Практыкаваньне 47. У баязьлівага купца ні грошай, ні тавару. Ня бойся зьвяглівага, а кусьлівага. Нясьмелага ад няўмелага не распазнаеш. Старога вераб’я на мякіну не падманеш. З чужога каня і ў гразі злазяць. Роўны з роўнага цешыцца. Аднаго хіба птушынага малака няма. Па вуліцы пацяклі равочкі каламутнае вады. Цякла крынічка халоднае чыстае вады. Плачуць думкі па вясьне, хочуць лепшай долі. Дзяўчынка прасіла хлеба для свае хворае мацеры. Ня было толькі сіняе стужкі. Ад дваровага злодзея не ўсьцеражэшся. Ад роднага таткі прыемны і латкі. Паслаўшы дурнога, а за ім другога. Аднэй печанай рэдзькі хіба ня ем. Ад чужога шалу ў галаве круціцца. Добрага сабаку на прывязі трымаюць. З гары ў даліну галубкі лятаюць, з белае бярэзіны лісьце аганяюць. Каля суседняга сяла было вялікае возера. У гэтым годзе ня было ні раньняй вясны, ні раньняй зімы. Хто новага ня бачыў, той і старому рад. У мае сястрыцы, у мае роднае—каліна ў дварэ. Пытайся не ў старога, а ў бывалага.

3. Вінавальны склон адзіночнага ліку жаночага роду.

ПРАВІЛА 34. Прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку ў вінавальным склоне канчаюцца на ую—юю: бачу вялікую кнігу, добрую жанчыну, раньнюю зорку, сінюю паперу.

Практыкаваньне 48. Люблю я летнюю месячную ноч. У летнюю ноч вячэрняя зара з ранічнай сходзіцца. Многа работы залатому сонейку ў раньнюю вясну. Маці ў службу выпраўляе родную дзяціну ды украдкам выцірае горкую сьлязіну. Заглядае сонца ўсюды: і ў бедную сялянскую хату, і на пяшчаную горку, і ў малую лагчынку, і ў лес, і на луг, і на поле. Сей у раньнюю вясну, але ня зьбірай у позьнюю восень. Дзяўчына купіла шырокую стужку. Прыемна глядзець на зялёную ніву. Цяжка ехаць у зімнюю буру.

4. Творны і месны склон.

ПРАВІЛА 35. 1. Прыметнікі мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку ў творным і месным склоне маюць канчаткі— ым—ім: новым пяром, новым сталом; на новым стале, на новым пяры; сінім колерам, на сінім колеры; сінім небам, на сінім небе;

2. а) Прыметнікі жаночага роду адзін. ліку ў творным склоне бяз націску на канчатку маюць—аю (ай)-яю (яй): босаю або босай нагой; новаю або новай кнігаю; сіняю або сіняй папераю; раньняю або раньняй вясною; а калі націск на канчатку, то будзе—ою (ой): дурною або дурной галавою.

б) У месным склоне прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку канчаюцца на—ай—яй, калі няма націску на канчатку: на босай назе, на новай хаце; на сіняй паперы, аб раньняй вясьне; а калі націск на канчатку, то будзе—ой: у дурной галаве, на старой хаце

Практыкаваньне 49. Пустыя адзінокія могілкі прытуліліся на пяшчаным узгорку. На шырокім і доўгім панадворку было весела і крыкліва. Не шчабячы, салавейка, у зялёным гаі, калі родная сямейка сірацее ў краі! Па ласым кусе я і вады нап’юся. У ліпавым кусьце мяцеліца мяце (сіта). Сядзіць паня на мурку ў чырвоным каптурку— хто ідзе, той паклоніцца (суніца). Кукавала зязюлечка ў зялёным гаі. Кажаны цьвіркаюць тоненькім піскам. У далёкім чыстым небе сьвецяцца зоркі. У цёмным яловым лесе вывела ваўчыха трох ваўчанят. Маладзён едзе ў чысьценькім полі на вараненькім коні. На шырокім полі расла старая купчастая бярэзіна. Будзь старанным, сынку: станеш чалавекам. З разумным пагаворыш—розуму набярэшся, а з дурным—апошні страціш. У маленькім гаршчочку кашка смачненькая (арэх). Высока стаіць яснае сонца на чыстым небе. У цёмным лесе не расло нічога. На беразе рэчкі, на сухім грудзе стаяў стары дуб. Цэлае лета вісеў жолуд на старым дубе. На шырокім полі расла старая груша. У вішнёвым садочку ноч начавалі, у зялёным гаёчку сапачывалі (п.). Ой пад гаем зеляненькім здаўся мне сон дзівенькі! (п.). Рэчка ахінала сяло шырокім сталёвым поясам. На саломцы тонкай, у траве густой сьпее-дасьпявае колас сіратой. (Я. К.). Няхай плачам у сіняй далі песьня разальлецца! (Я. К.). Шкода хаткі мне старэнькай з латанай страхою, што над Нёмнам пахілілась горкай сіратою. Шкода мне зялёнай нівы, што шуміць у полі. Рад любавацца я кветкай убогай. За дурною галавою нагам няма спакою. У сіняй далі слаўся туман. На бітай дарозе трава не расьце. Крыкі знаёмыя, крыкі пявучыя льлюцца вячэрняй парой. Сьціхлі песьні зімняй буры. (Я. Кол.). Шчыраю рукою ўбрала лета ўвесь сьвет. Край неба блішчыць шырокаю чырвонаю стужкай. Раньняю вясною мы выехалі з гораду. На раньняй ральліцы родзіць жыта і пшаніца; на позьняй ральліцы родзіць куколь і мятліца (п.).