Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
В.И.Саитова - История краеведения Беларуси.doc
Скачиваний:
5
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1 Мб
Скачать
☆

2.2. Музейнае краязнаўства

Асобным элементам у арганізацыйнай структуры краязнаўства стала сетка краязнаўчых музеяў. У многіх раённых гарадах Беларусі краязнаўчыя музеі пачалі адкрывацца ў першыя гады пасля вайны. Так, Баранавіцкі краязнаўчы музей быў створаны ў 1946 г., Мазырскі ў 1949 г.; шэраг музеяў пачалі працу ў 50-я гады – Слуцкі, Лепельскі, Лідскі, Мінскі. У наступныя дзесяцігоддзі працягвалася стварэнне новых краязнаўчых музеяў. Дзякуючы рашэнням уладаў, ініцыятыўнасці мясцовых краязнаўцаў у 1972 г. працавалі 22 дзяржаўныя краязнаўчыя музеі: абласныя, гарадскія і раённыя. Стварэнне значнай колькасці буйных краязнаўчых музеяў адлюстроўвала вынікі пошукавай дзейнасці краязнаўцаў па зборы каштоўнага матэрыялу, прысвечанага рэгіёнам. Так, Міхаіл Фёдаравіч Мельнікаў (1921 – 1993) нястомна збіраў дакументы па гісторыі Крычаўшчыны і пра яе выдатных ураджэнцаў, арганізаваў і ўзначаліў Крычаўскі краязнаўчы музей. І.І.Стаброўскі у гады Вялікай Айчыннай вайны захаваў археалагічную калекцыю і бібліятэку Слонімскага краязнаўчага музея, адраджаў дзейнасць музея. У кожным музеі збіраліся унікальныя экспанаты, якія неслі непаўторную інфармацыю пра рэгіён. Хаця краязнаўчыя музеі адрозніваліся па паўнаце збораў, іх каштоўнасці, але кожны з іх захоўваў гісторыка-культурную спадчыну краю, вёў дзейнасць па яе вывучэнні і папулярызацыі. У канцы 80-х гадоў пад уплывам росту нацыянальнай свядомасці павысілася значэнне музейнай дзейнасці, пашырыліся яе змястоўныя кірункі.

У гэты час былі створаны унікальныя краязнаўчыя музеі і рэгіянальныя гісторыка-культурныя комплексы, актывізавалася рэстаўрацыя выдатных гістарычных помнікаў, перш за ўсё славутага Мірскага замка. У краязнаўчай рабоце адбываецца абуджэнне інтарэсу да традыцыйнай народнай тэхналогіі, рамёстваў, адраджэння традыцый народнага побыту. У 1990 г. быў створаны першы раённы дом рамёстваў у Глыбокім, у гуртках якога вучні авалодвалі сакрэтамі тэхналогіі рамёстваў.

У асобных раёнах з канца 80-х гадоў пачалі распрацоўваць краязнаўчыя праграмы тыпу “Вяртанне вытокаў” (Івянецкі раён). У ходзе яе выканання быў створаны музей фальклору ў вёсцы Опаль, музей народнай медыцыны ў вёсцы Стрэльна. У выніку пошукавай работы падрыхтаваны матэрыялы да стварэння раённага краязнаўчага музея.

Сярод краязнаўчых музеяў былі адметныя сваімі зборамі, а таксама гісторыяй узнікнення. Так, унікальны Веткаўскі музей народнай творчасці (адкрыты ў 1987 г.) быў заснаваны на аснове калекцыі Ф.Р.Шклярава (выдатны калекцыянер стаў і першым дырэктарам). Музей размешчаны ў купецкім доме ХІХ ст., звыш 6000 экспанатаў яго характарызуюць народную культуру, побыт, традыцыйнае мастацтва, промыслы Веткаўшчыны. Сярод іх старадрукі ХVI – XVIІІ стст., рукапісы з пачатку ХVI да пачатку ХХ ст., у т.л. рукапісы крукавага нотнага пісьма, у т.л. веткаўскай школы, абразы XVII – пачатку ХХ стст., дзелавая і асабістая перапіска майстроў, рахункі, старадаўняя і сучасная разьба па дрэве, чаканка, ліццё, шыццё золатам, жэмчугам, бісерам, вышыўкі. Раздзелы ў музеі адлюстроўвалі элементы наваколля краю: “Слабада”, “Кірмаш”, “Манастыр”, “Рака”.

Інстытут геахіміі і геадэзіі АН Беларусі стварыў у мінскім раёне Уручча Музей валуноў (1985 г.). Гэта збор некалькіх тысяч эталонных і рэдкіх валуноў. Сярод іх ёсць археалагічныя аб’екты з выбітымі знакамі ў форме лука са стрэламі, крыжоў (напрыклад, крыж Стэфана Баторыя), сонца, валуны з надпісамі, слядамі апрацоўкі, культавыя і інш. Адзін з гранітных валуноў знаходзіўся раней у Мінску на Свіслачы і называўся Стары. Гэтаму Старому яшчэ на пачатку ХХ ст. ахвяравалі мёд, малако, віно, ўпрыгожвалі ручнікамі і тканінай.

На базе буйнейшых гістарычных цэнтраў у 1967 г. былі створаны гісторыка-археалагічныя запаведнікі ў Полацку, Заслаўі і Гродна. У другой палове 80-х – 1990 г. яны былі пераўтвораны ў гісторыка-культурныя запаведнікі. Напрыклад, у склад Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка ўвайшлі Полацкі верхні замак з Сафійскім саборам, гарадзішча, будынкі былога езуіцкага калегіума і іншыя аб’екты. Заслаўскі (1986) уключыў замак (гарадзішча “Вал”) з былым кальвінісцкім зборам другой паловы ХVI – пачатку ХVIІ ст., гарадзішча “Замэчак” Х – ХІ ст., звязанае з памяццю Рагнеды і Ізяслава, фарны касцёл святой Марыі, курганныя могільнікі. На тэрыторыі запаведніка размешчаны музеі народнага побыту: “Млын”, “Хата завознікаў” (карчма), “Кузня”, “Свіран”. Музеі ўяўляюць сабой рэканструкцыі аб’ектаў, што размяшчаліся ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. у Заслаўі і навакольных вёсках. Усе запаведнікі з'яўляюцца цэнтрамі гісторыка-краязнаўчых даследаванняў і буйнейшымі турыстычнымі цэнтрамі.

Супрацоўнікі краязнаўчых музеяў былі адной з буйнейшых катэгорый прафесійных краязнаўцаў. Многія з іх актыўна публікавалі вынікі даследаванняў. Так, дырэктар Мінскага краязнаўчага музея (г. Маладзечна) Г.А.Каханоўскі апублікаваў многа артыкулаў па матэрыялах архіўных і археалагічных пошукаў, этнаграфічных і фальклорных экспедыцый. Перайшоўшы на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, Каханоўскі захапіўся вывучэннем гісторыі краязнаўства ў Беларусі, што адлюстравана ў кнізе “Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХVI – ХIХ стст.” (1984). Ён стаў у 80-я гг. на чале руху грамадскасці па аднаўленні беларускай краязнаўчай арганізацыі.