Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
В.И.Саитова - История краеведения Беларуси.doc
Скачиваний:
5
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1 Мб
Скачать
☆

Глава 4. Узнікненне бібліяграфічнага краязнаўства

У XVIІІ ст. упершыню пачалі стварацца краязнаўчыя бібліяграфічныя матэрыялы, прысвечаныя населеным пунктам, адміністрацыйна-тэрытарыльным адзінкам, фізіка-геаграфічным аб’ектам Літвы-Беларусі. Гэта былі несамастойныя формы ў навуковай, даведачнай літаратуры, зборніках заканадаўчых актаў: падрадковыя бібліяграфічныя заўвагі, унутрыкніжныя спісы, прадметныя паказальнікі да выданняў. У кантэкст новых ведаў, ствараемых аўтарам, з іх дапамогай інтэграваліся раней задакументаваныя веды, што дазваляла карыстальнікам “аглядаць” распрацаванасць пытання і весці пошук тых ці іншых дакументаў або іх сукупнасцей. Складальнікамі іх былі вучоныя, якія паходзілі з літоўска-беларускіх зямель, а некаторыя з Польшчы.

Сярод даведачных выданняў шырокае распаўсюджанне атрымалі гербоўнікі шляхты. Так, у лепшым з іх гербоўніку “Карона Польская пры залатой вольнасці…”, які склаў манах езуіт Каспар Нясецкі, ёсць спісы літаратуры, прысвечаныя ўсім беларускім ваяводствам, уніяцкім і каталіцкім біскупствам на беларускіх землях, а таксама спісы біябібліяграфічнага характару аб ваяводах і кашталянах. Цікава, што ў бібліяграфічных апісаннях Нясецкі, як правіла, называў аўтара, артыкул заканадаўчага дакумента, але не заўжды прыводзіў назву. Напрыклад, называючы прозвішчы аўтараў, якія пісалі аб віцебскім ваяводзе Станіславе Кішку, і адзнаючы дакладныя старонкі, дзе былі змешчаны звесткі аб ім, складальнік не назваў творы. З аднаго боку, кола літаратурных крыніц у тыя часы было параўнальна вузкім і добра адукаваныя людзі ведалі ўсе асноўныя крыніцы. Такі метадычны прыём выкарыстоўваўся пэўны час і ў заходнееўрапейскай бібліяграфічнай практыцы. Але, з другога боку, К.Нясецкі на ўласным вопыце ўжо ацаніў, наколькі важнымі былі дакладнасць і паўната бібліяграфічных даных. Напрыклад, ён са шкадаваннем некалькі разоў адзначыў, што не запісаў у свой час звесткі аб творах. Так, ня могучы ўспомніць твор, звязаны з асобай Мсціслаўскага ваяводы Рыгора Друцкага-Горскага, К.Нясецкі адзначыў: “Аб ім дзесьці чытаў, але аўтара не запісаў”.

Краязнаўчыя бібліяграфічныя матэрыялы ўключаліся ў польскамоўныя выданні Статута 1588 г., якія выходзілі ў XVII – XVIII стст. У выданні 1619 г. у друкарні Мамонічаў па загаду канцлера Сапегі юрыст Гаўлавіцкі падзяліў артыкулы на параграфы і пад кожным артыкулам падаў звесткі аб сеймавых канстытуцыях, а юрыст С. Галонска склаў рэестр – прадметны паказальнік27. Прадметныя паказальнікі, складзеныя С.Галонскай, уключаліся ва ўсе наступныя польскамоўныя выданні Статута 1588 г. У гэтых паказальніках былі рубрыкі, прысвечаныя асобным тэрытарыяльным аб’ектам Беларусі.

Да ліку рэдкіх яшчэ краязнаўчых кніг з выдатным бібліяграфічным афармленнем належалі творы базыльянскага святара Ігната Сцябельскага, прысвечаных гісторыі хрысціянства ў Полацку (“Два вялікія светачы на гарызонце Полацкім…”, “Храналогія…”) і інш. У першай з іх аўтар змясціў грунтоўны спіс “Апісанне значнейшых аўтараў і кніг іх”, ёмістыя падрадковыя і ўнутрытэкставыя бібліяграфічныя спасылкі, “рэгістр асоб і прадметаў”.

Несамастойныя бібліяграфічныя матэрыялы, прысвечаныя літоўска-беларускім землям выкарыстоўваліся і іншымі аўтарамі навуковых прац. Звычайна яны ўключаліся ў даследаванні, дзе рэгіянальны матэрыял адлюстроўваўся разам з матэрыялам аб Рэчы Паспалітай. Гэта асаблівасць паказвае, з аднаго боку, нешматлікасць твораў, прысвечаных ВКЛ і літоўска-беларускім тэрыторыям, з другога, – глыбіню інтэграванасці абодвух дзяржаўных суб’ектаў Рэчы Паспалітай.

Бібліяграфічнае краязнаўства, якое спадарожнічала навуковай працы, у гэты перыяд яшчэ не пранікла ў сферу бібліятэк.

Зараджэнне і развіццё краязнаўства ў перыяд ВКЛ было заканамерным вынікам развіцця дзяржаўных і нацыянальных працэсаў, высокай маральнай каштоўнасці такіх паняццяў, як айчына, гонар, род, сям’я, шляхецтва. Развіццё адукацыі, навукі, бібліятэчнай справы стварыла ўмовы для даследчай краязнаўчай працы. Першапачатковы этап краязнаўства дазваляе выявіць зараджэнне аматарскага і навуковага краязнаўства, краязнаўства ў адукацыйнай сістэме. Краязнаўчыя звесткі і веды распаўсюджваліся вусна і пісьмова, пры чым дакументаванне, стварэнне рукапісных і друкаваных матэрыялаў найперш спрыяла назапашанню і трансляцыі будучым пакаленням краязнаўчых ведаў.