Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ИМК.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
415 Кб
Скачать
☆

Пытанні і заданні для самакантролю.

1. Якія тыпы сельскіх пасяленняў былі характэрны для Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ стст.?

2. Чым адрозніваліся паміж сабой вёска і сяло?

3. Вызначце этымалогію паняцця “засценак”.

4. У чым заключаецца падабенства паміж хутарам і выселкам?

5. Якой была планіроўка сельскіх пасяленняў ў ХІХ – пачатку ХХ стст.?

6. Якія вёскі называліся ўстаўнымі?

7. Ахарактарызуйце сельскія пасяленні Беларусі ХІХ – пачатку ХХ стст. па іх памерах.

8. Што было пакладзена ў аснову “ўзорных” праектаў праваслаўных вясковых храмаў?

9. Якія тыпы касцёлаў існавалі ў ХІХ – пачатку ХХ стст.?

10. Дайце азначэнне паняццям “капліца” і “званіца”.

Лекцыя 2. Мястэчкі і гарады Беларусі хіх-пачатку хх ст.

1. Беларускае мястэчка.

2. Беларускі горад.

1. Сацыяльны склад насельніцтва мястэчка істотна адрозніваўся ад вёскі ці горада. У адрозненне ад вёскі тут жылі рамеснікі і гандляры. Яны засялялі цэнтральную частку пасялення і яго асноўныя вуліцы. У адрозненне ад горада ў мястэчку жылі сяляне, якія сяліліся на яго ўскраінах. Такім чынам, мястэчкі выконвалі функцыю пасрэдніка паміж горадам і вёскай.

Паводле ландшафтнай прывязкі вызначаліся берагавыя, сухадольныя і балотныя мястэчкі. Берагавыя мястэчкі ўзнікалі каля перапраў, на скрыжаванні водных і сухапутных шляхоў. Сухадольныя і балотныя развіваліся на аснове буйных вёсак, адыгрываючы ролю пэўных тэрытарыяльных цэнтраў. Як і для сельскіх паселішчаў, так і для развіцця планіроўкі мястэчак мелі значэнне сыходзячыеся да гандлёвай плошчы восі дарог. Адсюль вызначаліся двух- трох- і шматвулічныя мястэчкі.

У пачатку ХІХ ст. мястэчкі Беларусі сталі падвяргацца рэканструкцыі. Паводле “ўзорных” планаў забудова мястэчак вялася па квартальнаму прынцыпу. Галоўным ландшафтна-планіровачным цэнтрам мястэчка ХІХ-пачатку ХХ ст. была плошча з адміністрацыйнымі, культавымі і гандлёвымі будынкамі.

Мястэчкі на ўсходзе Беларусі адрозніваліся параўнальна невялікай шчыльнасцю тэрытарыяльнага размеркавання: адлегласць паміж імі была 50-70 км. Таксама характэрнай асаблівасцю ўсходнебеларускіх мястэчак з’яўлялася поўная перавага драўлянай забудовы.

Мястэчкі на захадзе Беларусі вылучаліся большай шчыльнасцю тэрытарыяльнага размеркавання – у асноўным яны размешчаліся праз 30-50 км. Усе будынкі ў цэнтры былі мураваныя.

Кампазіцыйнай дамінантай мястэчка з’яўляліся сакральныя збудаванні. Местачковыя цэрквы будаваліся ў ХІХ – пачатку ХХ ст. у неавізантыйскім стылі. Для храмаў было характэрна: шматверхія кампазіцыі з цыбулістымі глаўкамі, дамінаванне цэнтральнага купала, шатровая вежа-званіца. Пластыка фасадаў вылучаецца ўзорыстасцю, якая ствараецца каскадамі пілястраў.

У царкоўнай местачковай архітэктуры па-ранейшаму значнае месца займалі драўляныя збудаванні. У большай ступені гэта характэрна для рэгіёну Палесся і Усходняй Беларусі, дзе гістарычна склалася перавага драўлянай архітэктуры над мураванай. У мястэчках сярод драўляных цэркваў пераважаў восевы і ярусна-восевы тыпы. Першы вызначаўся лінейным спалучэннем прытвора, нефа і алтара, зрубы якіх завяршаліся шатровымі дахамі. Ярусна-восевыя цэрквы вылучаліся складанай каскаднай будовай аб’ёмаў. Яны маглі мець двух- і трох’ярусную будову па прыкладу чацвярык на чацвярык, васьмярык на чацвярык. Прытвор, неф і алтар мелі адпаведныя двух- і трох’яруснае завяршэнне і двухсхільны дах. Таксама быў вядомы тып, калі формы яруснай будовы групаваліся на крыжовых ці крыжова-восевых планах. Пераход крыжовага плана на крыжова-восевы назіраўся пры дабудове да прытвора вежы-званіцы.

У касцёльным будаўніцтве найбольшае распаўсюджанне атрымалі неагатычныя формы: стромкія дахі і высокія франтоны, шпілі, разеткі-вітражы, стрэльчатыя вокны. Неагатычныя касцёлы ўзводзіліся з чырвонай цэглы. У Паазерскім рэгіёне ў касцёльным будаўніцтве канца ХІХ – пачатку ХХ ст. шырока ўжывалася муроўка з рознакаляровых валуноў, з мазаічнымі ўзорамі з дробных каменьчыкаў.

На пачатку ХХ ст. у мястэчках з’явіліся драўляныя касцёлы, якія інтэрпрэтавалі стылістыку дойлідства сакральных збудаванняў мінулых эпох. Да такіх храмаў трэба аднесці касцёл аднавежавага тыпу ў Друі з шмат’яруснай вежай неабарочнай інтэрпрэтацыі, драўляны касцёл у мястэчку Дварэц з дэкаратыўнай інтэрпрэтацыяй гатычных форм.

У многіх беларускіх мястэчках будаваліся татарскія мячэці. Аснову мячэці складаў зрубны, блізкі ў плане да квадрата аб’ём, які пераходзіць у шатровую страху з нізкім чацверыком і пакатай чатырохсхільнай страхой, завершанай мінарэтам. Да асноўнага аб’ёму далучаліся з боку ўвахода прытвор і два бакавыя прырубы. Сцены шаляваліся, вокны і дзверы аздабляліся ліштвай, якая фарбавалася ў белы колер. У традыцыях мусульманскага дойлідства выконваўся і мінарэт: выцягнуты гранёны барабан, завяршаўся купалам, аснаванне якога падкрэслівалася карнізам.

Калі вызначыць агульныя рысы местачковых сінагог Беларусі, то трэба адзначыць, што ў параўнанні з аналагічнымі збудаваннямі іншых краін Еўропы тут назіраліся пэўныя асаблівасці. Галоўная з іх – увасабленне ў архітэктуры стылізаванага і пераасэнсаванага вобраза прасторнага грамадскага дома – сімвала абшчыны. Гэта можна растлумачыць тым, што ўсе сінагогі Беларусі складаліся з цэласнага, значных памераў аб’ёма пад шатровым дахам. Ва ўнутраным абсталяванні сінагог варта адзначыць таксама некаторыя асаблівыя элементы. Так, каля сцяны, звернутай да Іерусаліма, мелася невялікае ўзвышэнне над падлогай – арон-кодэш. Абсталёўвалася месца для чытання Свяшчэннага пісання – біма. Каля ўсходняй сцяны знаходзілася сховішча духоўных тэкстаў – каўчэг.

Шматканфесійная структура местачковага грамадства фарміравала не толькі прастору існавання, але і прастору памяці – могілкі. Праваслаўныя і каталіцкія могілкі адрозніваліся рысамі і дэталямі сімволікі надмагільных помнікаў. І тыя, і другія мелі агароджу і капліцу. У надмагіллях каталіцкіх могілак часта прысутнічалі скульптурныя кампазіцыі. Надмагіллі праваслаўных могілак вылучаюцца дэкаратыўнымі чыгуннымі крыжамі, часам на высокіх п’едэсталах. Магнаты часам стваралі на могілках цэлыя фамільныя некропалі. Пабудовы склепаў выконваліся як узоры архітэктуры. Саркафагі і труны ўмуроўваліся ў спецыяльныя нішы склепаў могілкавых касцёлаў.

Яўрэйскія могілкі вылучаліся радамі каменных пліт са спецыфічнымі надпісамі арабскай каліграфіі. Усе пліты былі павернуты ў бок Іерусаліма. Яўрэйскія могілкі мелі дакладнае размеркаванне на мужчынскую і жаночую часткі. На могілках часам сустракаліся замест традыцыйнага камня жорны ад млына – гэта азначала, што тут пахаваны самы бедны член абшчыны.

Найбольшае ўражанне пра мястэчка пакідаді крамы і гандлёвыя рады. Самымі распаўсюджанымі былі дамы-крамы, у якіх спалучаліся жыллё рамесніка-гандляра і лаўка. Гэтыя пабудовы часта рабіліся двухпавярховымі. Гандлёвыя рады – гэта па сутнасці зблакіраваныя крамы на ўсю даўжыню плошчы.

У пачатку ХІХ ст. на Беларусі праз інтэрвал у 20 вёрст сталі масава будавацца “ўзорныя” паштовыя станцыі. Станцыя нагадвала замкнуты чатырохвугольны двор, звернуты да дарогі будынкам станцыйнага наглядчыка. Гэта была аднапавярховая пабудова з уваходам пасярэдзіне, які вёў у кароткі калідор з выхадам у двор. Паабапал калідора знаходзіліся жылыя пакоі станцыйнага наглядчыка, пакоі для фурманаў, шынок і пакой для падарожнікаў. У калідоры часам мелася кладоўка і ватэрклазет. Паабапал дома наглядчыка меліся ўязныя і выязныя вароты і флігелі вартаўнікоў. Астатнюю забудову двара складалі канюшні, паветка для фурманак, дрывотня, свіран, хлеў, пограб, калодзеж.

Развіццё сеткі чыгуначных дарог прывяло да будаўніцтва чыгуначных станцый і вакзалаў. Вакзалы ўяўлялі сабой аднапавярховыя драўляныя будынкі з праходнай залай пасярэдзіне і невялікімі службовымі памяшканнямі. Двухсхільны дах меў багатае разьбяное аздабленне: карнізы, кансолі, франтоны.

Асобную частку аб’ектаў забудовы мястэчак складалі прамысловыя прадпрыемствы, якія існавалі ў Чачэрску (шкляны завод), Парэччы (рафінадная і суконная фабрыкі), Сянно (завод “Лесапрамыславік”), Добрушы (папяровая фабрыка).

2. У ХІХ – пачатку ХХ ст. гарады Беларусі трапілі ў сістэму горадабудаўнічых пераўтварэнняў. Рэарганізацыя і рэканструкцыя планіроўкі ў першую чаргу закранула губернскія і павятовыя гарады. Першая мэта, якая ставілася, – ліквідаваць рэшткі сярэднявечных фартыфікацыйных збудаванняў, валоў, бастыёнаў, упарадкаваць хаатычную забудову мяшчанскіх сядзіб, ліквідаваць крывыя, перанаселеныя вуліцы і завулкі, вызначыць галоўныя напрамкі (восі) развіцця забудовы.

Першая хваля генеральных планаў гарадоў ахапіла канец XVIII – пачатак ХІХ стст. У расійскім горадабудаўніцтве ў гэты час панавала прыхільнасць да стылю ампір. Планіроўка будавалася альбо на прамянёвай, альбо на прамянёва-квартальнай аснове. Прамянёвая сістэма вызначылася ў прыватнасці для гарадоў Магілёва і Бабруйска.

Пры рэканструкцыі губернскіх гарадоў улічваліся ансамблі гістарычнай забудовы грамадскіх і культавых збудаванняў, якія ўжо склаліся, хаця акцэнты мяняліся: узводзіліся будынкі гарадскіх упраў, павялічвалася колькасць мураваных пабудоў, прыярытэт аддаваўся забудове праваслаўных храмаў і манастыроў. Для павятовых гарадоў падыход быў прасцейшы. Тут рабілася альбо поўная перапланіроўка, альбо ствараўся, па сутнасці, новы горад па суседству з найбольш каштоўнымі аб’ектамі старой забудовы (царква, гандлёвыя рады, пастаялы двор).

У ХІХ ст. гарады Беларусі паступова ўцягваліся ў сістэму развіцця прамысловай і транспартнай інфраструктуры Расіі. Асабліва бурна гэты працэс ішоў у другой палове ХІХ ст., калі буйныя гарады рабіліся транспартна-чыгуначнымі вузламі. Вызначаныя фактары спрыялі рэзкаму павелічэнню насельніцтва гарадоў і фарміраванню так званай масавай драўлянай забудовы. Фарміраваліся рабочыя прадмесці (напрыклад, Грушаўка, Ляхаўка, Уборкі, Серабранка ў Мінску). У межы гарадоў траплялі цэлыя маёнткі з вёскамі (Курасоўшчына, Пятроўшчына, Добрыя Мыслі ў Мінску).

З развіццём капіталістычных адносін у гарадскіх кварталах актыўна ішла забудова “даходных” дамоў. Даходныя дамы цэнтральных раёнаў гарадоў былі, як правіла, двух-, трохпавярховыя пабудовамі, якія ўтваралі стужчатую забудову ўздоўж вуліц. Часам дамы з рознастылёвымі рашэннямі фасадаў ляпіліся адзін да другога, утвараючы стракатую па пластыцы і колеру панараму. Праходы ў двор ажыццяўляліся праз аркі-праезды на ўзроўні першага паверха. Пластычнае аздыбляненне даходных жылых дамоў складалі праёмы з паўарачным і арачным завяршэннем, пілястрамі карнізнымі паяскамі.

На пачатку ХХ ст. даходныя дамы аздаблялі ў стылі мадэрн. Яго найбольш яркія праяўленні бачны ў мудрагелістых па форме атыках, ламаных мансардных дахавых надбудовах, аздабленні сцен пілястрамі і карнізамі, складаных крывалінейных формах аконных праёмаў, мудрагелістых і разнастайных малюнках кратаў балконаў, кансоляў, казыркоў. Часам архітэктурнае рашэнне пабудоў дапаўнялі пірамідальныя і вежавыя формы чыста дэкаратыўнага характару. Стылістыка форм мадэрна ў даходных дамах не ведала рэгіянальных межаў і прыжывалася незалежна ад традыцый канкрэтнага асяроддзя.

Асновай сакральных пабудоў ХІХ – пачатку ХХ ст. стаў крыжова-купальны храм, акружаны галерэямі-портыкамі. Яны ў некаторай ступені згадваюць калонна-галерэйную сістэму антычных храмаў. Элементы класічных ордэраў (дарычнага, іанічнага, карынфскага) сталі неад’емнымі атрыбутамі пластыкі цэркваў і касцёлаў. Базілікавая будова прысутнічала ў канструкцыйным рашэнні нефаў і апсід. Прыкладам аднаапсіднага купальнага сабора з’яўляецца сабор Аляксандра Неўскага ў Пружанах, трохапсіднага – Петрапаўлаўскі Сабор у Гомелі. Класічныя будынкі ўзводзіліся ў беларускіх гарадах у асноўным у першай трэці ХІХ ст. Адначасова з імі ўзводзіліся храмы эклектычнай форматворчасці. Асабліва гэта датычылася будаўніцтва праваслаўных храмаў, архітэктура якіх павінна была ўвасобіць традыцыі рускага дойлідства. Форма і пластыка такіх храмаў грунтавалася на перапрацоўцы візантыйскіх прыёмаў. У такім стылі перабудаваны царква Аляксандра Неўскага ў Мінску, цэрквы ў Магілёве, Гомелі, Гродна.

Моцны адбітак на архітэктурнае аблічча гарадоў Беларусі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. наклаў стыль мадэрн. Гэта арыгінальная форма эклектыкі надавала прадстаўнічасць і экзатычны выгляд будынкам, сутнасць якіх да гэтых форм не мела ніякага дачынення. Формы сярэднявечных палацаў і замкаў набылі даходныя дамы, магазіны, біржы, банкі, прамысловыя прадпрыемствы. Горадабудаўнічымі асаблівасцямі мадэрна было імкненне акцэнтаваць скрыжаванні кварталаў вежавымі гмахамі. Увесь квартал стылёва інтэрпрэтаваўся як казачны замак з вежамі па вуглах. Другой горадабудаўнічай рысай стылю мадэрн было імкненне да скразной забудовы вуліцы, якую перарывалі на ўзроўні першых паверхаў пад’язныя аркі.

У ХІХ – пачатку ХХ ст. у архітэктурнай забудове гарадоў рэзка ўзрасла роля грамадскіх будынкаў. Узводзіліся будынкі гарадскіх дум, прысутнасцей, земскіх сходаў і валасных упраў. Найбольш архітэктурна выразнымі з’яўляліся тэатры. Характэрнымі элементамі тэатраў, выкананых у стылі мадэрн, з’яўляліся вуглавыя, ярусна-вежавыя аб’ёмы з крывалінейнымі бочкападобнымі дахавымі завяршэннямі. Унутраная прастора падзялялася на тры асноўныя памяшканні: вестыбюль, аванзалу, залу гледачоў. Тэатры існавалі ва ўсіх губернскіх гарадах.

У беларускіх гарадах пачалі з’яўляцца спартыўныя збудаванні. Прыкладам можа быць манежны корпус Ружанскага палаца Сапегаў. Манеж уяўляў сабой прасторнае памяшканне, якое асвятлялася высокімі праёмамі вокнаў і мела ў тарцовай сцяне невялікі балкон для гледачоў. У ХІХ ст. у Мінску быў пабудаваны іпадром. У губернскіх гарадах пачалі ўзводзіцца стадыёны, вакол якіх уладкоўваліся велатрэкі. Тут жа ствараліся пляцоўкі для тэніса і кракета, кегельбан, гімнастычныя корты.

У ХІХ – пачатку ХХ ст. у эклектычным стылі будаваліся мужчынскія і жаночыя семінарыі, гімназіі і прагімназіі, павятовыя вучылішчы; у стылі мадэрн – земскія школы і настаўніцкія семінарыі. У сярэдзіне 1830-х гадоў пачалося стварэнне першай на Беларусі вышэйшай навучальнай установы – Горацкай Акадэміі. У 1835 г. была створана земляробчая школа, а праз тры гады па праекце італьянскага дойліда А.Кампіёні разбіты парк. У 1840 г. быў узведзены галоўны на той час корпус акадэміі і закладзена яшчэ 35 будынкаў. Галоўны корпус меў архітэктуру класіцызму. Некалькі карпусоў былі ўзведзены ў пачатку ХХ ст. Найбольш архітэктурна выразны – прафесарскі корпус: трохпавярховы з сіметрычным адносна ўваходнага рызаліту фасадам.

У губернскіх гарадах Беларусі адкрываліся тракціры і рэстарацыі. Іх пачалі блакіраваць з будынкамі гасцінец. У Мінску быў вядомы гасцінечны комплекс “Еўропа” – самы буйны ў “Паўночна-Заходнім краі”.

Будынкі банкаўскіх кантор, купецкіх і дваранскіх сходаў вызначаліся архітэктурнай аднастайнасцю, якая вынікала з інтэрпрэтацыі адных і тых жа матываў эклектыкі ці мадэрна: руставаныя першыя паверхі, размяшчэнне вокнаў у плоскіх нішах, наданне ім лучковай ці арачнай формы, аздабленне сандрыкамі, аздабленне карнізаў конхавымі нішамі, ужыванне рызалітаў, атыкаў, вуглавых веж. Галоўным будаўнічым матэрыялам з’яўлялася чырвоная цэгла.

У ХІХ – пачатку ХХ ст. буйныя бальніцы ўзводзіліся па прынцыпу комплексаў. Адным з такіх з’яўляўся комплекс пабудоў інфекцыйнай бальніцы ў Мінску. Бальніца ўключала каля двух дзесяткаў карпусоў, якія займалі цэлы квартал. Да сённяшняга часу захавалася 8 будынкаў. Гэта пераважна адна- і двухпавярховыя збудаванні з гладка атынкаванымі сценамі. Маюцца толькі надцокальныя, міжпавярховыя і паддахавыя карнізы. Некаторыя вокны і праёмы дзвярэй маюць лучковую форму. Затое большай разнастайнасцю вылучаюцца формы дахаў: двухсхільныя, вальмавыя, з мансардамі і слыхавымі вокнамі, застрэшкамі, кансолямі, вынесенымі на франтоны зацяжкамі крокваў і драўлянымі шпілямі. У іншых губернскіх гарадах Беларусі лячэбныя збудаванні мелі даволі сціплую і невыразную архітэктуру. Прыкладам можа служыць некалькі аднапавярховых карпусоў лазарэта ў Магілёве з праёмамі вокнаў без якой-небудзь пластыкі і дэкору.

Развіццё транспартнай інфраструктуры павышала ў забудове гарадоў ролю вакзальных комплексаў. Былі пабудаваны два чыгуначныя вакзалы ў Мінску, з адкрыццём чыгункі Масква-Варшава – вакзал у Брэсце.

У губернскіх гарадах узводзіліся прамысловыя прадпрыемствы: мылаварныя, абутковыя, парфумерныя фабрыкі, цэментава-бетонныя, піваварныя і іншыя заводы. У канцы ХІХ ст. у Мінску на беразе Свіслачы былі ўзведзены карпусы электрастанцыі.

У ХІХ – пачатку ХХ ст. прыкметнымі аб’ектамі гарадскога асяроддзя робяцца помнікі і манументы. Большасць з іх была прысвечана падзеям 1812 г. Адзін з іх знаходзіцца ў Кобрыне і ўяўляе пастамент з абчасаных блокаў з мемарыяльнымі дошкамі. Паабапал яго медныя марціры і ядры. У Віцебску на беразе Заходняй Дзвіны ўсталяваны помнік-абеліск падзеям 1812 г.: на шырокім і высокім п’едэстале – стромкая страла, якую вянчае выява бронзавага двухгаловага арла. Помнікаў, прысвечаных дзяржаўным дзеячам Расійскай імперыі, у гарадах Беларусі было няшмат. Усе яны зніклі пасля 1917 г. У Мінску ў Саборным скверына пачатку ХХ ст. быў пастаўлены помнік імператару Аляксандру ІІ. Бронзавы бюст на чорным гранітным п’едэстале быў выкананы ў кананічных традыцыях. У цэнтральным, Аляксандраўскім скверы Мінска ў 1879 г. быў адкрыты фантан, які ўпрыгожыла скульптурная група “Лебедзь і Амур”.