- •Гісторыя матэрыяльнай культуры беларусі хіх – пачатку хх ст. Вучэбна-метадычны комплекс для студэнтаў ііі курса спецыяльнасці «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны»
- •Программа курса «история материальной культуры беларуси
- •Тэматычны план курса «Гісторыя матэрыяльнай культуры Беларусі хіх – пачатку хх ст.»
- •Лекцыя 1. Сельскія пасяленні Беларусі хіх-пачатку хх ст.
- •Пытанні і заданні для самакантролю.
- •Лекцыя 2. Мястэчкі і гарады Беларусі хіх-пачатку хх ст.
- •Пытанні і заданні для самакантролю.
- •Лекцыя 3. Сядзібы Беларусі хіх – пачатку хх ст.
- •Лекцыя 4. Касцюм Беларусі хіх-пачатку хх ст.
- •Пытанні і заданні для самакантролю.
- •Пытанні і заданні для самакантролю.
- •Лекцыя 5. Беларуская кухня хіх-пачатку хх ст.
- •Пытанні і заданні для самакантролю.
- •Лекцыя 6. Транспарт Беларусі хіх-пачатку хх ст.
- •Пытанні і заданні для самакантролю.
- •Лекцыя 7. Заняткі і побыт насельніцтва Беларусі
- •Пытанні і заданні для самакантролю.
- •Літаратура:
- •Беларускія мястэчкі і гарады хіх-пачатку хх стст. (4 гадзіны)
- •Планіроўка беларускіх гарадоў.
- •Культавыя помнікі гарадскога дойлідства.
- •Грамадскія помнікі гарадскога дойлідства.
- •Літаратура:
- •Сядзіба Беларусі хіх – пачатку хх стст. (4 гадзіны )
- •Касцюм хіх – пачатку хх стст. (4 гадзіны)
- •Рэфераты:
- •Стравы і напоі беларусаў хіх-пачатку хх стст. (2 гадзіны)
- •Рэфераты:
- •Літаратура:
- •Пытанні да заліка па курсу “Гісторыя матэрыяльнай культуры Беларусі”
- •3 Курс, 6 семестр
Пытанні і заданні для самакантролю.
1. Дайце азначэнне паняццю “мястэчка”.
2. Вызначце асноўныя тыпы мястэчак пыводле ландшафтнай прывязкі.
3. Вызначце асаблівасці забудовы ўсходне- і заходнебеларускіх мястэчак.
4. Якія эклектычныя формы распаўсюдзіліся ў сакральным будаўніцтве ХІХ – пачатку ХХ ст.?
5. Вызначце асаблівасці пабудовы мячэцей і сінагог на Беларусі.
6. Як называўся на Беларусі пастаялы двор?
7. Як выглядалі паштовыя станцыі і чыгуначныя вакзалы ў ХІХ – пачатку ХХ ст.?
8. У чым была сутнасць рэканструкцыі гарадоў Беларусі і якому стылю аддавалася перавага ў пачатку ХІХ ст.?
9. Дайце азначэнне паняццю “даходнае домабудаўніцтва”.
10. Якія тыпы грамадскіх будынкаў узводзіліся ў ХІХ – пачатку ХХ ст.?
Лекцыя 3. Сядзібы Беларусі хіх – пачатку хх ст.
Сялянская сядіба.
Сядзіба мяшчан.
Шляхецкая сядзіба.
1. З усёй разнастайнасці сялянскіх сядзіб для Беларусі найбольш характэрны тры асноўныя тыпы двара – вяночны, пагонны і двор з нязвязанымі пабудовамі. Пры вяночнай забудове комплекс жылых і гаспадарчых будынкаў складаў правільны чатырохвугольнік, усе пабудовы ў якім былі звязаны паміж сабой. Калі паміж жылымі і гаспадарчымі пабудовамі былі прамежкі, яны закрываліся замётам ці парканам з бярвенняў. Парадак размяшчэння гаспадарчых пабудоў быў наступным: да хаты прыбудоўваліся сенцы, да сенцаў – варыўня. Да варыўні прыбудоўваўся хлеў з асобным уваходам са двара. Паралельна гэтай лініі пабудоў таксама ў рад і шчыльна адзін да аднаго ставіліся клець, майстэрні і хлявы. Уваход у клець абавязкова знаходзіўся супраць вакон хаты. Тарцовыя прамежкі паміж двума радамі будынкаў замыкаліся пуняй, а з вуліцы – глухімі варотамі. Такое кампактнае размяшчэнне гаспадарчых пабудоў на адным двары не вызначалася асаблівай практычнасцю, затое надзейна бараніла сям’ю і яе набытак ад ліхіх людзей, а скаціну – ад драпежнікаў. Але, з другога боку, у выпадку пажару агонь імгненна спапяляў усю сядзібу. Вяночная забудова пераважала ў паўночна-ўсходняй часцы Беларусі.
Значная частка Беларускага Палесся ўваходзяць у зону распаўсюджання пагоннага двара. Пагонную сістэму забудовы можна падраздзяліць на два тыпы: аднарадны і двухрадны. Пры аднараднай забудове жыллё і гаспадарчыя забудовы ўтвараюць адзін рад (пагон). Усе гаспадарчыя пабудовы шчыльна прымыкалі да хаты і былі накрыты агульнай страхой. Пры аднараднай забудове на першым месцы ад вуліцы ставілі хату з сенцамі, за імі – варыўню, клець, пуню, а затым некалькі хлявоў для жывёлы і шопку. У двухрадным двары ўсе пабудовы на сядзібе ставіліся ў два паралельныя рады. У адным размяшчалася хата з сенцамі, якія часта перагароджвалі дошкамі і адзялялі такім чынам частку сенцаў пад камору. Да сенцаў непасрэдна прымыкала варыўня. На супрацьлеглым баку двара шчыльным радам звычайна пад адной страхой размяшчаліся ўсе астатнія гаспадарчыя пабудовы: клець, кароўнік, свінарнік, аўчарня, стайня.
У асобную групу трэба выдзеліць сядзібы з нязвязанымі пабудовамі, калі жылыя і гаспадарчыя будынкі ставіліся на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго. Такія двары ўзніклі ў канцы ХІХ ст. Экспедыцыйныя матэрыялы сведчаць, што ў пачатку ХХ ст. колькасць сядзіб з нязвязанымі пабудовамі пачала расці. Размяшчэнне гаспадарчых пабудоў на адлегласці было абумоўлена мерамі супрацьпажарнай бяспекі.
Асноўнай складаючай сялянская сядзібы з’яўляецца хата. Будаўніцтва хаты пачыналася з выбару месца пляцоўкі і дастаўкі на месца будаўнічых матэрыялаў. Для будаўніцтва жылля выкарыстоўвалі сасну, яліну, алешыну ці асіну. Бярвенне на новую хату рыхтавалі зімой. З ачышчаных ад кары бярвенняў рабілі тры – чатыры часовыя невысокія зрубы, якія ў такім выглядзе падсыхалі цэлы год. Толькі з прасохлага бярвення будавалі хату. Жыллё будавалася з круглых бярвенняў – “круглякоў”. Злучалі бярвенні ў вянках пры дапамозе ўрубкі аднаго бервяна ў другое па вуглах зруба. Самым распаўсюджаным спосабам замацавання вянкоў хаты было злучэнне бярвенняў “у чашку” з выступамі канцоў бярвенняў за сцены зруба. У Заходнім Палессі сцены хаты будавалі з брусоў і дылей – бярвенняў, расколатых уздоўж на 2-4 часткі. Для больш моцнага злучэння вянкоў рабіліся выемкі ў выглядзе прамавугольнікаў зверху і знізу. Такі спосаб называўся “просты замок” ці “у вугал”. Таксама ў Заходнім Палессі ставіліся зрубы “у каню”. Пры такім спосабе чашкі вырэзваліся з выемкамі ў адным бервяне і выступамі ў другім, што дапамагае больш моцнаму злучэнню вянкоў зруба. Таксама на тэрыторыі Беларусі быў вядомы і “чысты вугал” – без выступаў бярвенняў за сцены зруба. Гаспадарчыя пабудовы рабілі звычайна “у шулы”. Па вуглах пабудовы ў зямлю ўкопваліся вертыкальна слупы (шулы), у пазы слупоў закладваліся бярвенні. Зруб сялянскай хаты па традыцыі рабіўся адкрытым, не абмазваўся глінай і не тынкаваўся. Для ўцяплення хата імшылася, а пазы бярвенняў замазваліся глінай. Зруб сялянскай хаты мог ставіцца прама на зямлю. У такім разе першы вянок абавязкова быў дубовым. Таксама зруб ставіўся на вялікія неачэсаныя валуны, моцныя дубовыя карчы – “штандары”.
Падлогі сялянскіх хат былі землянымі, глінабітнымі і драўлянымі. Для ўтварэння земляной падлогі зямля насыпалася да ўзроўню другога вянка, а затым ўтрамбоўвалася. Каб атрымалася глінабітная падлога, таксама насыпалася зямля, а зверху ўтрамбаваную зямлю некалькі разоў залівалі глінай. Добра зроблены “ток” утрымліваў цяпло і сухасць. Драўляная падлога клалася на папярочныя брусы-лагі якія ўрубаліся паміж першым і другім вянкамі зруба. У ХІХ ст. на тэрыторыі Беларусі былі вядомы дзве разнавіднасці столі – скляпеністая і гарызантальная. Стрэхі былі двухсхільнымі, трохсхільнымі і чатырохсхільнымі. Уздоўж страхі па кожнаму яе схілу на кроквах прыбіваліся гарызантальна 10-12 жэрдак, да якіх потым прывязвалася салома. Зрэдку замест саломы хаты крылі чарапіцай, бляхай ці дошкамі. Часам пры ўваходзе ў хату звонку ўладкоўваўся ганак у выглядзе памосціка з двума апорнымі слупкамі і аднасхільнай стрэшкай. Таксама будавалі ганак у выглядзе дзвюх прыступак. Больш дасканалым быў ганак з чатырма апорнымі слупамі і двухсхільнай страхой. Важным элементам традыцыйнага народнага жылля з’яўляецца яго ўпрыгожанне. Найбольш пашыранай аздобай сялянскага жыцця была разьба. Да таго ж сялянскія хаты ўпрыгожвалі вільчыкі на стрэхах. Сярод дэкаратыўных упрыгожанняў другой паловы ХІХ ст. была распаўсюджана разная ліштва на вокнах. Часцей разьбой упрыгожвалася толькі верхняя дошка над вакном (надваконнік), а ніжняя (падваконнік) заставалася наогул без упрыгожанняў ці ўпрыгожвалася вельмі сціпла. Акрамя аконнай ліштвы разьбой аздаблялі вуглы хат і франтоны.
У ХІХ ст. аднакамернае жыллё ў Беларусі сустракалася выключна рэдка. Такое жыллё было толькі ў самых збяднелых сялян. Развіццё хаты ішло ў асноўным у даўжыню за кошт прыбудовы іншых памяшканняў, як жылых, так і гаспадарчых. Першым крокам у развіцці жылля было ператварэнне аднакамернай пабудовы ў двухкамерную. Двухкамерная пабудова ўтваралася шляхам далучэння да хаты сенцаў. Абодва памяшканні служылі пэўным мэтам: цёплая хата была асноўным прытулкам сям’і, а халодныя сенцы рабіліся для больш надзейнага захавання цяпла ў хаце. Як бачна, двухкамернае жыллё утвараецца не шляхам раздзялення аднакамернага на дзве часткі, а шляхам прыбудовы да яго дадатковага памяшкання.
Далейшым крокам у развіцці народнага жылля было з’яўленне трохкамернай пабудовы, якая складалася з хаты, сенцаў і трэцяга памяшкання – жылога ці гаспадарчага. Гэта трэцяе памяшканне прыкметна змяняла выгляд і структуру ўсёй пабудовы. Найбольш характэрнымі варыянтамі трохкамернага жылля было злучэнне хаты, сенцаў і варыўні альбо хаты, сенцаў і клеці. Далейшае развіццё трохкамернага жылля заключалася ў тым, што гаспадарчая пабудова паступова пачала выконваць некаторыя функцыі жылой. Першым крокам было перанясенне спальнага памосту асобных членаў сям’і, асабліва маладых, у камору або клець. Так узнік тып планіроўкі “хата + сенцы + хата”. У большасці выпадкаў патрэба ў другой жылой хаце з’яўлялася тады, калі сялянская сям’я разрасталася. Ужо з сярэдзіны ХІХ ст. з выдзяленнем заможнай праслойкі сялянства тып “хата + сенцы + хата” стаў выкарыстоўвацца для павелічэння камфартабельнасці быту. У гэтым выпадку адна хата магла быць курнай, а другая мела печ з дымаходам.
Развіццё трохкамернага памяшкання ў другой палове ХІХ ст. ішло шляхам сегментацыі жыллёвай плошчы. Самым простым ускладненым варыянтам трохкамернага жылля была планіроўка хата + сенцы + гаспадарчая пабудова з выдзяленнем у сенцах падсобнага памяшкання (кладоўкі ці каморы). У канцы ХІХ ст. ускладняўся план самой хаты. Спачатку ў ёй выдзялялася спальнае месца, а затым кухня. Спальня ў хаце пачала рабіцца там, дзе заўсёды знаходзіліся палаці і палок. Першым крокам у гэтым выдзяленні было простае завешванне спальнага месца, потым – адгароджванне яго лёгкай загародкай. Пазней аддзяляць спальню магла печка-сцяноўка. Наступным крокам ва ўдасканаленні планіроўкі народнага жылля было выдзяленне кухні.
На Беларусі былі вядомы і так званыя хаты-пяцісценкі. Гэта такая жылая пабудова, у якой пятая капітальная сцяна дзеліць усё памяшканне па папярочнай восі на дзве часткі, рубілася адначасова з чатырма асноўнымі. Да зруба, у якім дзякуючы пятай капітальнай сцяне атрымлівалася два жылыя памяшканні, прыбудоўваліся сенцы.
Да сярэдзіны ХІХ ст. вясковыя хаты ў большасці выпадкаў былі курнымі, з 2-3 невялікімі акенцамі, якія высякалі ў двух суседніх вянцах. На ноч вокны закрывалі драўлянымі засаўкамі. Дзверы рабілі з колатых і апрацаваных стругам цясін. Справа або злева ля ўваходу размяшчалася печ. У беларускай хаце печ заўсёды была павернута вусцем да бакавога вакна. Печ не толькі абагравала жылое памяшканне, у печы рыхтавалі ежу, на ёй спалі. У першай палове ХІХ ст. былі распаўсюджаны глінабітныя курныя печы без коміну. У другой палове ХІХ ст. масава з’яўляюцца “напаўбелыя” печы. Над курнай печчу ў адтуліну столі ўмацоўвалася драўляная труба. Такое прыстасаванне не толькі стварала значную цягу, але і з’яўлялася засцярогай ад частых пажараў. Плошча, якую займала печ дасягала 6 м. кв. Ніжняя частка печы была зрубнай, глінабітнай або цаглянай. З пярэдняга боку ў ёй рабілі квадратную адтуліну, якая вяла ў падпечча. Тут у маразы трымалі свойскую птушку. Большасць пячэй мела яшчэ некалькі невялікіх пячурак, у якіх сушылі анучы, рукавіцы, захоўвалі розныя дробязі гаспадарчага ўжытку. Заканчвалася ніжняя частка печы верхняй кладкай – пляцоўкай з тонкіх бярвенняў. На верхнюю кладку насыпалі пласт змешанай з пяском гліны. Зверху насцілаўся слой камення. Яго замазвалі глінай, каб атрымалася роўная пляцоўка, на якую ўскладвалі абпаленую цэглу (под). Частку пода з боку вусця печы пакідалі пад уступ (прыпечак). На ім справа рабілася “пячурка”, куды зграбалі жар. Верхняя частка печы складалася з роўнай глінабітнай пляцоўкі-ляжанкі. Толькі ў канцы ХІХ ст. паявіліся “белыя” печы з дымаходам і комінам. Каля печы знаходзіўся качарэжнік, дзе быў састаўлены пячны інвентар – качарга, вілкі, чапяла. Над печчу пад столлю замацоўвалася жэрдка-перасоўка, на якой сушылі адзенне. У верхніх вянцах зруба ці ў столі рабілі адтуліну для дыма. Супраць печы каля ўваходу размяшчаўся гаспадарчы вугал, так званы бабін кут, дзе стаяла вадзянка (кадушка з вадой), даёнка, драўляныя вёдры. На сцяне вісела кухонная паліца з посудам, побач – лыжачнік – драўляная палка з гнёздамі для лыжак. Каля вугла печы, звернутага ўнутр памяшкання знаходзіўся канёвы стоўб – конь, што служыў апорай для спальнага памосту. Частку памяшкання ад печы да тарцовай сцяны займаў спальны памост – пол. На ім ляжаў сяннік, падушкі, посцілкі. Вышэй на ўзроўні лежака печы быў больш вузкі пол або палаці. Пад столлю ўздоўж сцен мацавалі тонкія жэрдкі-грады, на якіх сушылі лучыну, ляжалі прылады ткацтва, маткі нітак, лыка для лапцей. Ніжэй вокнаў амаль на ўсю даўжыню сцен ставілі лавы. На скрыжаванні лаў на покуці ставілі хлебную дзяжу – сімвал дастатку і дабрабыту. На покуці развешваліся абразы, убраныя ручнікамі. Покуць размяшчалася па дыяганалі ад печы. Таксама на покуці стаяў засланы абрусам стол.
Сярод мэблі, апрача лаў і палічак шырока ўжываліся ўслоны (невялікія перанасныя лаўкі), зэдлікі (калодкі з невялікімі ножкамі), калыскі. У другой палове ХІХ ст. палы і палаці сталі паступова знікаць, а на іх месца прыйшлі драўляныя ложкі. У гэты ж час у сялянскіх хатах ля кутняй сцяны ставілі куфар. Хаты вечарам асвятляліся лучынай, якую замацоўвалі ў спецыяльным прыстасаванні – лучніку. Лучнікі паводле канструкцыі падзяляліся на пераносныя і стацыянарныя. Першыя найбольш шырока бытавалі ў паўночнай паласе Беларусі. Сярод іх вылучаліся звычайны (стаячок) і падвесны лучнікі. Стаячок уяўляў сабой стойку з крыжападобнай ці суцэльнай асновай, на верхнім канцы яе замацоўваўся клямар для лучыны, пад якую ставілі карытца з вадой. Падвесны лучнік уяўляў звычайна кароткі кій з крукам на адным канцы і клямарам для лучыны на другім. Стацыянарны лучнік (светач) быў распаўсюджаны на Палессі. Ён складаўся з трубы дымахода і падвешанай пад ёй жалезнай рашоткай, дзе палілі асмол.
Важнае месца ў інтэр’еры сялянскай хаты займалі гаспадарчыя прынады і посуд. Да ХХ ст. беларускія сяляне выкарыстоўвалі самаробныя прынады і посуд. Асабліва шырока прымяняліся гліняныя вырабы. Дабытую гліну ганчар мясіў спецыяльнай лапаткай ці нагамі, змочваў яе вадой і дабаўляў пясок. Вырабляўся посуд часцей на ганчарным крузе. Ганчар рукамі прыдаваў загатоўцы патрэбную форму. Няроўнасці на паверхні загладжваліся “шпаркай”. Сыры посуд аддзяляўся ад круга з дапамогай тонкай вяроўкі і падсушваўся на лаве ці паліцы. Толькі пасля гэтага посуд абпальвалі ў спецыяльным горне. Звычайна беларускія ганчары рабілі посуд натуральнага колеру гліны. На паўднёвым усходзе рабілі посуд чорнага колеру (праз дымленне), на захадзе “глазіравалі”, прысыпаючы парашком, вырабленым з волава і меднага перагара. Для прыгатавання ежы выкарыстоўвалі “гаршчкі” любых памераў. Звычйна ў іх было плоскае дно і ўздутыя бакі. Таксама сустракаліся гаршчкі з ручкамі і рыльцамі. Для прыгатавання другіх блюд выкарыстоўваўся посуд тыпу “плошкі”, шырока вядомы пад назвай “латкі”. Звычайна тут тушылі мяса, гатавалі пражаную яешню. Часам латка замяняла міску для вадкіх страў. Для расцірання мака, бульбы, тварага выкарыстоўвалі “макацёр”. Унутры такога сасуду рабіліся рубцы, а звонку прымацоўвалася ручка. Каб збіць масла выкарыстоўвалі вялікі гаршчок з ручкамі па баках – “лаханку”. Для кіпячэння вады, а таксама захоўвання розных вадкасцей выкарыстоўваўся шарападобны гліняны сасуд з плоскім дном і вузкім горлам – “гляк”. У быту беларускіх сялян былі распаўсюджаны збаны. Збан меў плоскае дно, крыху ўздутыя бакі, горла з рыльцам і ручку збоку. Гарлач у адрозненні ад збана меў больш доўгае і вузкае горла. Для пераносу ежы ў поле выкарыстоўваліся “гаршкі-спарышы”. Гэта два зусім аднолькавыя гаршкі, замацаваныя разам. З гліны беларусы рабілі сталовы посуд – міскі, талеркі, кубкі, салонкі.
Значная частка посуду беларусаў выраблялася з дрэва. Для захоўвання зерня і мукі выкарыстоўвалі даўблёныя кадоўбы, для захоўвання мёду – “ліпаўкі”. Для пераносу вады выкарыстоўвалі вёдры, якія неслі на карамыслах, а для захоўвання вады служылі кадкі і вадзянкі. Начоўкі выкарыстоўвалі для сціркі адзення. У кублах засольвалі мяса. З-за адсутнасці ў пераважнай большасці сялянскіх сямей куфэрка кубел служыў для захоўвання найбольш каштоўнага адзення і палатна. Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ўжываліся драўляныя лыжкі. Ручка лыжкі магла мець розную форму – круглую, плоскую ці чатырохгранную. Агульная даўжыня лыжкі – 30 см. Акрамя лыжак для разліву страў выкарыстоўвалі “апалонікі”, для зачэрпвання вады – каўшы. Важную ролю ў быту селяніна адыгрывала дзяжа, у якой квасілі хлеб. Выраблялася яна з дубовых ці яловых клёпак, якія зверху і знізу замацоўваліся драўлянымі абручамі. Вельмі спецыфічным відам посуду з’яўлялася баклага. Яна рабілася з дубовых клёпак, абцягнутых абручамі і мела два днішчы. З бакоў баклагі рабіліся два вушкі для прадзявання рэмня, з дапамогай якога баклага вешалася праз плячо. Пасярэдзіне адной клёпкі рабілі адтуліну, якая затыкалася драўлянай пробкай. Беларусы выкарыстоўвалі таксама плецены з саломы, бяросты і лазы посуд: салонкі, саламянікі, кошыкі, карзінкі. З прынад, якія ўжываліся пры прыгатаванні ежы, трэба назваць ухват, качаргу і чапялу. Ухватам падхоплівалі гаршчкі з печы, чапялой – патэльні. Качаргой падграбалі вуглі. У печы падмяталі памялом. Хлеб сажалі ў печ драўлянай лапатай. Побач з глінянымі і драўлянымі прынадамі беларусы выкарыстоўвалі жалезныя чыгункі, патэльні і бляхі (процвіні).
Важнай часткай сядібнага комплекса сялян з’яўляліся гаспадарчыя пабудовы. Клець (свіран) – гаспадарчая пабудова, якая будавалася ў комплексе з жыллём ці асобна насупраць хаты. Падлогу клеці ўтвараў насціл шчыльна падагнаных дошак. Клець часта мела скляпеністую гарбатую столь з цесна прыгнаных адно да аднаго бярвенняў, на якіх ляжаў дах. У клеці каля сцяны адгароджваліся засекі для збожжа. Побач стаялі бочкі, кадоўбы ці саламяныя карабы з зернем, крупамі, мукой, макам, ільносемем. Тут захоўвалі кубельцы з салам, бачонкі з квасам. На бэльках падвешваліся кумпякі. Тут жа стаяў куфар з тканінамі і адзеннем, а таксама ложак, дзе летам спалі маладажоны. Варыўня (стопка) – паўназемнае памяшканне, упушчанае на паўметра ў зямлю, якое служыла для захоўвання бульбы, гародніны, садавіны, малочных прадуктаў. Для прадуктаў тут адгароджваліся адсекі. Бліжэй да ўвахода размяшчаліся кадушкі і бочкі з квашанай капустай, салёнымі агуркамі, хлебным квасам. У сярэдзіне памяшкання размяшчаўся невялікі ачаг-жароўня, куды зімой насыпалі гарачае вуголле. Склеп (пограб) – заглыбленае ў зямлю памяшканне тыпу зямлянкі, прызначанае для захавання гародніны, бульбы, напіткаў. Склеп часцей рабіўся ў сістэме жылля (пад сенцамі ці клеццю), а таксама будаваўся асобна. У такім выпадку ён меў паграбню ў выглядзе стрэшкі з уваходам. Да паграбоў вельмі блізкія ямы-сховішчы. Іх капалі звычайна ў лесе. Туды на выпадак вайны заносіліся каштоўныя рэчы, лепшае адзенне, грошы. Гумно (клуня) – гаспадарчая пабудова для захавання і абмалоту збожжа. У цэнтры гумна быў выбіты ток для малацьбы, па баках – застаронкі, куды складвалі снапы. Гумно мела высокую страху, якая падтрымлівалася на некалькіх сохах (слупы з сукаватай развілкай уверсе). Сушня (асець) была прызначана для сушкі збожжа ў снапах і будавалася непасрэдна ў гумне або побач з ім. Звычайна асець мела два паверхі: на ніжнім размяшчалася печ-каменка, на верхнім – растаўляліся неабмалочаныя снапы. Хлеб сушылі таксама ў спецыяльных рашотчатых прыстасаваннях – азяродах. Зжатае і павязанае ў снапы жыта закладвалі паміж жэрдак азярода коласам уніз. Адрына (пуня) служыла для захавання сена ці саломы. Уяўляла сабой прасторнае зрубна-каркаснае памяшканне з шырокімі варотамі. Для захавання сена ўладкоўвалі і абарогі (стажарні), што ўяўлялі сабой рухомую стрэшку на 4 бакавых слупах. Для ўтрымання свойскай жывёлы будавалі хлявы. Асноўнымі разнавіднасцямі хлева былі свінарнік, кароўнік і аўчарня. Лазня (баня) будавалася на краі сядзібы або выносілася за яе межы да возера ці ракі. Па сваіх канструкцыйных асаблівасцях лазні былі двух тыпаў – зрубныя і зямлянкі. Зямлянкі рабілі ў пясчаных схілах па берагах рэк. Апрача асноўных функцый лазні выкарыстоўвалі для сушкі льну, які тут жа мялі, трапалі, вычэсвалі. У лазнях распарвалі дрэва, з гнулі дугі, абады, санныя палазы. Важнай гаспадарчай пабудовай сялянскай сядзібы быў млын. У залежнасці ад рухаючай сілы млыны падзяляліся на вадзяныя, ветракі і механічныя (конныя ці валовыя). Вадзяныя млыны будаваліся на невялікіх рэках, дзе зручна было рабіць плаціны-запруды, устанаўліваючы тут вадзяное кола. Ветракі па сваёй канструкцыі падзяляліся на шатровыя (яны мелі вялікія памеры і ў залежнасці ад напрамку ветру паварочваліся толькі верхняй часткай) і казловыя (яны мелі невялікія памеры і паварочваліся на асявым слупе ўсім корпусам). Часам у сялянскім двары знаходзіліся памяшканні для транспартных сродкаў – вазоўні, вежападобныя збудаванні для вэнджання мяса, сала ці рыбы – вяндлярні.
2. Драўлянае гарадское жыллё ў ХІХ ст. уяўляла сабой у значнай ступені новую з’яву ў параўнанні з папярэднімі этапамі. Традыцыйныя, этнаграфічныя рысы, характэрныя гарадскому жыллю феадальнай эпохі, істотна перапрацоўваюцца, відазмяняюцца пад уздзеяннем стылістык і архітэктуры горада, норм і правіл, якія уніфікуюць забудову. Сядзібная жылая забудова ўключалася ў адзіны працэс праектавання гарадскіх будынкаў, рабілася прадметам клопату архітэктара.
Тэхнічнае пераасэнсаванне набылі традыцыйныя канструкцыі: кругляк змяняюць абчэсаныя брусы, вугал з астаткам саступае месца чыстаму вуглу, лёгкі кроквенны дах змяняюць дахі на дзядках ці козлах. Звесы дахаў абрамляюцца карнізамі, значна ўзрастаюць памеры праёмаў, яны аздабляюцца ліштвай, шырокімі філянговымі аканіцамі. Узрастае роля шалёўкі. Новыя элементы пластыкі павінны былі спрыяць увасабленню ў дрэве стылістыкі гарадской архітэктуры, якая вызначалася відарысамі мураваных пабудоў і іх архітэктурнымі атрыбутамі: ордэрам, пілястрамі, карнізамі, прапарцыянальнымі суадносінамі сцен і праёмаў. Элементы добраўпарадкавання працягвалі стылістыку будынкаў, спрыяючы іх аб’яднанню ў цэласным ансамблі. У канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. архітэктурна-планіровачныя рысы гарадскіх сядзіб і жылля не набываюць прыкметных адрозненняў ад папярэдняга перыяду. Па-ранейшаму сядзіба застаецца асноўнай адзінкай фарміравання забудовы, шматлікіх прадмесцяў і ўрочышчаў. Дом, флігель, хлеў з дрывотняй, агарод і сад – асноўныя складаючыя сядзібы. Найбольш распаўсюджаным застаецца дом на дзве паловы: прыхожая, кухня, некалькі жылых пакояў, грубка.
Пра тыпалагічныя асаблівасці драўлянай гістарычнай забудовы гарадоў Беларусі можна меркаваць па тыпах жылля ХІХ – пачатку ХХ стст.:
1. Прасцейшы, трохпакаёвы тып жылля: прыхожая, па напрамку ўвахода – кухня, збоку ад яе – жылы пакой.
2. Кватэра з развітой планіроўкай: прыхожая, кухня, чатыры жылыя пакоі, утвораныя ўзаемна перпендыкулярнымі перагародкамі.
3. Планіроўка з развітым камунікацыйным вузлом: прыхожая, кладоўка, вакол іх прыкладна розныя па плошчы тры жылыя пакоі і кухня.
4. Кватэра з вылучанай уваходнай групай, якая ўключае веранду з кладоўкай і пограбам, прыхожую, тры жылыя пакоі і кухню.
5. Кватэра, якая ўтворана ўзаемна перпендыкулярнымі перагародкамі з чатырох прыблізна роўных пакояў. Да кухні прымыкае веранда, якая выходзіць у двор, часам з кладоўкай.
6. Тып двухкватэрнага дома з блокам прыхожых-кладовак, да якіх прымакаюць кухонныя пакоі, вакол апошніх размяркоўваюцца жылыя пакоі.
7. Двухкватэрны, шматпакаёвы тып з агульнай прыхожай, на восі якой – дзве кухні і па чатыры жылыя пакоі.
8. Аднакватэрны шматпакаёвы дом, у цэнтры – блок з чатырох пакояў (прыхожая з двух пакояў, кухня, сталовая) з бакоў – жылыя пакоі.
Развіццё будаўніцтва даходных дамоў спрыяла шырэйшаму распаўсюджванню доўгіх шматкватэрных пабудоў. Яны падзяляліся на тры-чатыры жылыя часткі (кватэры), кожная мела асобны тамбур-ганак ці веранду, прыхожую, вакол якой размяшчаліся кухня і жылыя пакоі. Печы ставіліся на падоўжанай восі будынка. Сцены ўнутры часта тынкаваліся, абклейваліся шпалерамі, печкі аздабляліся белай кафляй з карнізамі і паяскамі, часам каляровымі. Планіроўка і архітэктура флігеляў была аналагічная. З-за ўшчыльнення забудовы тарцавыя сцены драўляных дамоў усё часцей змяняліся цаглянымі брандмаўэрамі. Як і ў сярэдзіне ХІХ ст., выкананне шматлікіх дэталяў аздаблення дамоў (вокны, дзверы, карнізы, франтоны) пакідаліся на густ гаспадара і ўменне цесляроў і плотнікаў. На пачатку ХХ ст. даходныя шматкватэрныя дамы ў губернскіх гарадах Беларусі набылі перавагу ў агульнай масе жылой забудовы. Стала звычайнай справай побач з уласным домам на пляцы будаваць флігель ці дом для здачы ў арэнду.
3. Сядзіба дробнай шляхты значна адрознівалася ад сялянскага жылля. У жылым зрубе часта з’яўлялася другое памяшканне – спальня, а “пякарня” і варыўня абавязкова выносіліся ў асобны будынак. Вокны шкліліся цёмным ці светлым шклом, апраўленым у волава ці драўляную раму. Дым з кафляных печак выходзіў праз комін, які высока ўзнімаўся над гонтавым дахам. Дробнашляхецкую сядзібу розніла ад сялянскай і большая колькасць нежылых будынкаў. Каля галоўнага ўваходу ў дом шляхціца размяшчаліся стайні з вазоўнямі, цэнтр падвор’я займаў дом старасты з кухняй, пякарняй, свіранам. Тут жа ўзвышаўся высокі слуп – “компас”, да якога прывязвалі коней. Асобную групу складалі пабудовы гумнішча. З ім па суседству размяшчаліся хлявы. Непадалёку знаходзіўся бровар са студняй. За домам пачынаўся сад, які вёў да сажалак, дзе разводзілі рыбу. За межамі шляхецкага фальварку размяшчаліся млыны і корчмы.
Рэзідэнцыі сярэдняй і буйной шляхты будаваліся з вялікім размахам. Іх сядзібы – гэта цэлы комплекс будынкаў, самых розных па свайму прызначэнню.
Уязджалі ў двор праз мураваную браму, часам упрыгожаную уверсе гербам уладальніка. Да ганка вяла алея з ліп, якая непасрэдна перад палацам пераходзіла ў адкрытую пляцоўку – курданёр. Пасярэдзіне параднага дзядзінца расла ліпа або іншае старое дрэва, разбіваўся кветнік. Дарожкі, што паўкругамі вялі да палаца, пасыпаліся жвірам.
Абавязковай часткай рэзідэнцыі быў парк, які разбіваўся з супрацьлеглага боку палаца па французскаму ці англійскаму ўзору. Паркавая частка сядзібы вырашалася ў пейзажным стылі. Ландшафтнай воссю парка звычайна станавілася рэчка. У такім выпадку ўздоўж берага ішлі шматлікія сцежкі, якія прыводзілі да альтанак, мемарыяльных комплексаў, каплічак, статуй. Паркавыя комплексы вызначаліся наяўнасцю адметных дрэў, кустарнікаў і кветак. Многія з іх з’яўляліся экзотамі (клён вастралісты, хвоя сібірская, бяроза пасечаналістая, ясень пенсельванскі, галандская ліпа). Цеплалюбівыя дрэвы і кветкі трымаліся ў аранжарэі і выстаўляліся ў летнія дні насупраць палаца ў кадушках. Сарты кветак набываліся ў замежных краінах. Партэрная частка парка з боку флігеляў магла пераходзіць у фруктовы сад, дзе раслі яблыні, грушы, вішні і слівы.
Неад’емным элементам заможнай панскай сядзібы быў звярынец, які складаўся з двух частак: вальера для дзікіх звяроў і прагулачна-агляднага комплексу.
Дамінантай кожнай шляхецкай сядзібы быў дом. Калі ён быў вялікі і меў флігелі, то называўся палацам, а калі зусім малым, то атрымоўваў назву двара. У цэнтры фасада рабіўся портык або высокі ганак з калонамі-слупамі на антычны лад. У размяшчэнні вокнаў і флігеляў захоўвалася сіметрыя. Драўляныя будынкі тынкаваліся пад цагляныя.
З ганка масіўныя дзверы вялі ў прасторныя сені. У кутках сеняў знаходзіліся шафы для адзення гасцей, а таксама былі вымураваны нішы, аздобленыя дзвярыма. За дзвярыма знаходзіліся печы-грубы. Зімой у сенях, каля грубак грэліся прыйшоўшыя з марозу, тут танцавалі, калі збіраліся госці. У сенях дазвалялася дзецям павесяліцца.
З абодвух бакоў сеняў ішлі жылыя памяшканні: спальні, дзіцячыя пакоі, кабінеты, пакоі для прыслугі, музычная гасціная, більярдная, сталовая. У канцы анфілады знаходзілася прасторная гасціная з выхадам у аранжарэю. З гасцінай вінтавая лесвіца вяла ў бібліятэку. Падлога бібліятэкі зроблена з ясеневага паркету, сцены афарбаваны, вокны з паркалёвымі шторамі, кафляная печка. Сярод абсталявання можна назваць фартэпіяна, стол пад сукном, шафы і сцелажы з кнігамі. З бібліятэкі меўся выхад у галерэю з відам на сажалку і парк. У цэнтры дома была вялікая зала з галерэяй, якая вяла ў сад.
Сцены пакояў пакрывалі часцей шпалерамі – палатнянымі ці папяровымі. Якога колеру была абіўка сцен, такія ж і фіранкі на вокнах, і ўся мэбля. Упрыгожваліся сцены дыванамі, габеленамі, карцінамі. Над ложкам прымацоўвалі зброю – шаблі, пісталеты. Самае віднае месца на сцяне займалі люстэркі. Пакоі асвятляліся люстрамі, дзе гарэла некалькі дзесяткаў свечаў. З мэблі выкарыстоўвалі скураныя крэслы і канапы, секрэтэры і шафы рознай велічыні, лакіраваныя кітайскай алівай ці інкруставаныя косцю. У шырокі ўжытак увайшлі пісьмовыя сталы, якія засцілаліся шыкоўнымі абрусамі. У кутах сталовага пакою стаялі буфеты для посуду. Яны звычайна складаліся з дзвюх частак – ніжняй з шуфлядкамі і верхняй – зашклёнай. У сярэдзіне спальнага пакою знаходзіўся шырокі сямейны ложак, які ставіўся галавой да сценкі.
