Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЯЦУХНАТЭОРЫЯ ЛІТ 2.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1 Мб
Скачать
☆

1.2. Літаратурны від і жанр

Адразу ж зазначым, што ва ўжыванні тэрмінаў «від» і «жанр», якімі абазначаецца ўнутранае структурна-падпарадкавальнае і функцыянальнае чляненне твораў мастацкай літаратуры, няма пэўнага адзінства. Так, у большасці даведачных выданняў па літаратуразнаўству свярджаецца, што від з’яўляецца катэгорыяй больш агульнай у адносінах да жанру (напрыклад, раман як від і сацыяльна-бытавы раман як жанр). Разам з тым на практыцы гэтыя паняцці вельмі часта змешваюцца, атаясамліваюцца, а то і зусім палярна ўзаемазамяняюцца. Калі ж браць пад увагу частату ўжывання дадзеных тэрмінаў, то намнога, нават непараўнальна часцей, сустракаецца тэрмін «жанр», які ў сваю чаргу можа падраздзяляцца на формы, разнавіднасці і нават віды (напрыклад, жанравая форма апавядання, разнавіднасць аповесці, від рамана)1. Такім чынам, жанр як бы падмінае пад сябе від і ў прынцыпе замяняе яго.

Жанрам называецца «гістарычна акрэслены, адносна ўстойлівы тып мастацкай формы, дзе структура пэўных фармальных прыкмет (архітэктанічных, вобразных, моўных) выяўляе больш-менш канкрэтны мастацкі сэнс»1.

Жанры літаратурных твораў вылучаюцца па трох асноўных прыкметах: 1) па прыналежнасці да таго ці іншага літаратурнага роду; 2) па пераважаючай эстэтычнай якасці, якую вызначаюць вершаваная альбо празаічная форма твора, а таксама яго вядучы пафас (камічны, сатырычны, трагедыйны, элегічны ці які-небудзь інш.); 3) па аб’ёму і адпаведнай агульнай структуры твора.

Наогул любы жанр — гэта канкрэтнае адзінства пэўных асаблівасцей і ўласцівасцей формы ў яе асноўных момантах — своеасаблівай кампазіцыі, вобразнасці, мове, рытме.

Усё часцей і часцей айчынныя (у тым ліку і беларускія) літаратуразнаўцы вядуць гаворку аб жанравай форме і жанравым змесце. Так, В. Рагойша піша: «Генетычна кожная жанравая форма звязана з пэўным зместам, аднак у выніку сваёй адноснай самастойнасці яна ў працэсе літаратурнага развіцця можа «адчужацца» ад яго і выражаць новы жанравы змест»2. Разам з тым даследчык звяртае ўвагу на немагчымасць поўнай страты сувязей паміж формай і зместам у жанры. Менавіта гэты момант указвае на адрозненне жанру «ад віду літаратурнага, заснаванага толькі на фармальных прыкметах (архітэктанічных, моўных, рытмічных і інш.)»3.

Жанр з’яўляецца, як правіла, утварэннем гістарычна ўстойлівым, цвёрдым, замацаваным у шматвяковай практыцы. «Кожны з іх — гэта не выпадковая сукупнасць рысаў, а прасякнутая дастаткова пэўным і багатым мастацкім сэнсам сістэма кампанентаў формы. Гэта форма, якая ўжо «апрадмеціла» ў сваёй архітэктоніцы, фактуры, каларыце больш ці менш канкрэтны мастацкі сэнс»4.

Даволі складанай з’яўляецца праблема гістарычнага развіцця жанру. З аднаго боку, жанр увесь час змяняецца, абнаўляецца, набываючы ў творчасці кожнага таленавітага пісьменніка нейкія новыя якасці і рысы. З другога боку, жанр бывае часам надзвычай устойлівым і жывучым, бо літаратура, як правіла, рэдка грэбуе ўжо выпрацаванымі і апрабаванымі формамі. Многа выпадкаў адраджэння жанру ў абноўленым выглядзе, як то, напрыклад, трагедыі ў часы класіцызму і рамантызму, навелы ў першай трэці ХІХ і ў сярэдзіне ХХ стст., і г. д.

У сувязі з развіццём жанравых форм, магчымасцю іх відазмянення і трансфармацыі В. Халізеў вылучае жанры кананічныя, «гатовыя, завершаныя, цвёрдыя формы ..., нязменна роўныя самім сабе (яркі прыклад такога жанравага ўтварэння — санет, жывы і сёння)»1, і жанры неканананічныя, «гнуткія, адкрытыя ўсялякім трансфармацыям, перабудовам, абнаўленням, якія, да прыкладу, элегіі ці навелы ў літаратуры Новага часу»2.

Разглядаючы жанры як усеагульныя формы літаратурных твораў, што надзвычай моцна вызначаюць творчасць любога пісьменніка, не трэба таксама забываць і аб індывідуальнай жанравай своеасаблівасці кожнага канкрэтнага твора. Пры аналізе творчасці любога буйнога мастака абавязкова будзе паўставаць пытанне аб спецыфіцы яго жанравых форм. Менавіта ў творчасці такіх пісьменнікаў ажыццяўляецца развіццё, якое змяняе пэўныя тыповыя рысы ўсіх жанравых форм, не даючы ім застыць, закасцянець. Адбываецца неабходны і заканамерны працэс унутранага жанравага абнаўлення.

Для кожнай літаратурнай эпохі, напрамку, нават плыні з’яўляюцца характэрнымі свае пэўныя жанры. Так, напрыклад, для класіцызму ў якасці тыповых паўстаюць трагедыя, камедыя, ода, эпічная паэма; для Асветніцтва — мяшчанская драма, сатыра, філасофская аповесць; для рамантызму — лірычная паэма, драма, элегія, балада, псіхалагічны і гістарычны раманы; і г. д. Прычым з кожнай новай эпохай у літаратуру ўключаецца ўсё больш і больш жанраў, самых розных паводле зместу, агульнай танальнасці, структурна-кампазіцыйных, моўна-выяўленчых і інш. асаблівасцей.

У працэсе свайго функцыянавання ў тую альбо іншую эпоху, гістарычны перыяд жанры могуць кананізавацца, г. зн. набываць значнасць і аўтарытэт у асяроддзі крытыкаў і чытацкай публікі, займаць самае высокае месца ў жанравай іерархіі. Кананізацыя літаратурных жанраў пачалася яшчэ ў антычнасці (меркаванні Арыстоцеля аб трагедыі і эпапеі, іх значэнні і месцы ў жыцці антычнага грамадства), затым была працягнута класіцыстамі («высокія» і «нізкія» жанры), рамантыкамі, а таксама наступнымі пакаленнямі чытацкай публікі, крытыкаў і наогул людзей, якія маюць пэўнае дачыненне да літаратуры і мастацтва. Так, В. Халізеў аб недалёкім для нас ХХ ст. піша як аб часе, калі «прадпрымаліся спробы (у рознай меры паспяховыя) кананізацыі містэрыяльнай драматургіі (канцэпцыя сімвалізму), пародыі (фармальная школа), рамана-эпапеі (эстэтыка сацыялістычнага рэалізму 1930–1940-х гадоў), а таксама раманаў Ф.М. Дастаеўскага як паліфанічных (1960–1970-я  гады); у заходнееўрапейскім літаратурным жыцці — рамана «плыні свядомасці» і абсурдысцкай драматургіі трагікамічнага гучання. Даволі высокі зараз аўтарытэт міфалагічнага пачатку ў складзе раманнай прозы»1.

Вывучэннем эвалюцыі відаў, жанраў і іх сістэм на працягу значных гістарычных адрэзкаў часу альбо за ўвесь перыяд існавання і функцыянавання ў пэўнай нацыянальнай літаратуры ці наогул у сусветнай прыгожым пісьменстве займаецца гістарычная паэтыка. Яны, г. зн. віды і жанры ў эвалюцыйным развіцці і зменах — «галоўная праблема гістарычнай паэтыкі»2.

Літаратура

Абрамович Г.Л. Введение в литературоведение.— 7-е изд., испр. и доп.— М., 1979.

Аверинцев С.С. Жанр как абстракция и жанр как реальность: диалектика замкнутости и разомкнутости // Аверинцев С.С. Риторика и истоки европейской литературной традиции.— М., 1996.

Андреев А.Н. Жанр // Андреев А.Н. Методология литературоведения.— Мн., 2000.

Бахтин М.М. Проблемы поэтики Достоевского.— 4-е изд.— М., 1979.

Введение в литературоведение / Под. ред. Г.Н. Поспелова.— 2-е изд., доп.— М., 1983.

Волков И.Ф. Теория литературы.— М., 1995.

Гуляев Н.А. Теория литературы.— М., 1985.

Калачева С., Рощин П. Жанр // Словарь литературоведческих терминов / Редакторы-составители Л.И. Тимофеев и С.В. Тураев.— М., 1974.

Кожинов В.В. К проблеме литературных родов и жанров // Теория литературы: Основные проблемы в историческом освещении.— М., 1964.— Кн. 2.

Кожинов В.В. Жанр литературный // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.— М., 1987.

Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства.— 2-е выд., дапрац. і дап.— Мн., 1982.

Лазарук М.А. Від літаратурны // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.— Мн., 1984.— Т. 1.

Лазарук М.А. Жанр літаратурны // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.— Мн., 1985.— Т. 2.

Лихачев Д.С. Отношения литературных жанров между собой // Лихачев Д.С. Поэтика древнерусской литературы.— 3-е изд.— М., 1979.

Макарэвіч А. Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе ХІХ – пачатку ХХ стст.— Магілёў, 1999.

Основы литературоведения / Под. ред. В.П. Мещерякова.— М., 2000.

Поспелов Г.Н. Проблемы исторического развития литературы.— М., 1972.

Поспелов Г.Н. Теория литературы.— М., 1978.

Рагойша В. Жанр літаратурны // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапаможнік.— Мн., 2001.

Сапогов В.А. Вид литературный // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.— М., 1987.

Сінькова Л.Д. Беларуская проза ХХ стагоддзя: Дынаміка жанравых структур.— Мн., 1996.

Стенник Ю.В. Системы жанров в историко-литературном процессе // Историко-литературный процесс.— Л., 1974.

Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Вид литературы; Жанр // Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Новейший литературоведческий словарь-справочник для ученика и учителя.— Мозырь, 2003.

Тимофеев Л.И. Основы теории литературы.— 5-е изд., испр. и доп.— М., 1976.

Томашевский Б.В. Теория литературы. Поэтика.— М., 2002.

Уэллек Р., Уоррен О. Теория литературы. Пер. с англ.— М., 1978.

Хализев В.Е. Теория литературы.— 2-е изд.— М., 2000.

Чернец Л.В. Литературные жанры (проблемы типологии и поэтики).— М., 1982.

Шынкарэнка В.К. Пад ветразем дабра і прыгажосці: Жанрава-стылёвыя асаблівасці прозы У. Караткевіча.— Мн., 1995.

Эсалнек А.Я. Внутрижанровая типология и пути её изучения.— М., 1985.