Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЯЦУХНАТЭОРЫЯ ЛІТ 2.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1 Мб
Скачать
☆

3. Кампаненты-складнікі

змястоўнай формы твора

3.1. «Свет мастацкага твора»: значэнне паняцця

Сучаснае літаратуразнаўства ўсё больш і больш аперыруе паняццем «свет мастацкага твора» (альбо «мастацкі свет твора», «унутраны свет твора», «паэтычны свет твора»).

«Свет літаратурнага твора — гэта ўзноўленая ў ім з дапамогай мовы і пры ўдзеле вымыслу прадметнасць. Яна ўключае ў сябе не толькі матэрыяльныя данасці, але і псіхіку, свядомасць чалавека, галоўнае ж — яго самога як душэўна-цялеснае адзінства. Свет твора складае рэальнасць як «рэчыўную», так і «асабовую». ... Свет твора складае неад’емную грань яго формы (заўсёды змястоўнай). Ён знаходзіцца як бы паміж уласна зместам і слоўнай тканінай (тэкстам)»1.

Свет мастацкага твора даволі разнастайны і шматпланавы.

Найбольш значнымі адзінкамі мастацкага свету твора з’яўляюцца персанажы (як правіла, пададзеныя ў пэўнай сістэме) і падзеі, з якіх складваюцца сюжэты.

Наступныя, менш буйныя кампаненты свету мастацкага твора — гэта акты паводзін персанажаў, рысы іх знешнасці (партрэты), з’явы псіхікі, а таксама акаляючыя персанажаў рэчы, карціны прыроды (пейзажы). Сюды неабходна таксама аднесці і акты выказванняў персанажаў (іх маналогі і дыялогі).

І, нарэшце, самымі малымі, але таксама вельмі важнымі адзінкамі мастацкага свету твора з’яўляюцца падрабязнасці (дэталі) таго, што адлюстроўваецца. Часам яны спецыяльна выдзяляюцца і падкрэсліваюцца пісьменнікамі, набываючы ў выніку асаблівую важкасць і значнасць.

Літаратура

Лихачев Д.С. Внутрений мир художественного произведения // Вопросы литературы.— 1968.— № 8.

Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Художественный мир произведения // Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Новейший литературоведческий словарь-справочник для ученика и учителя.— Мозырь, 2003.

Хализев В.Е. Теория литературы.— 2-е изд.— М., 2000.

Чернец Л.В. Мир произведения // Введение в литературоведение. Литературное произ­ведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец.— М., 2000.

3.2. Персанаж

3.2.1. Агульнае паняцце аб персанажы

Тэрмін «персанаж» запазычаны з французскай мовы (person­nage), а сваю этымалогію вядзе з лацінскай мовы (ад лац. persona — асоба, твар, маска). Старажытныя рымляне словам «персанаж» абазначалі спачатку маску, якую надзяваў акцёр, а пазней асобу, абмаляваную ў творы.

Побач з тэрмінам «персанаж» у літаратуразнаўстве даволі часта ўжываюцца ў якасці сінанімічных тэрміны «літаратурны герой» і «дзеючая асоба». Разам з тым паміж імі нельга паставіць знак поўнай тоеснасці. Слова «герой» падкрэслівае пазітыўную ролю, яркасць, незвычайнасць, выключнасць чалавека, які пададзены ў творы. Словазлучэнне ж «дзеючая асоба» ўказвае перш за ўсё на факт здзяйснення персанажам нейкіх учынкаў.

Паняцце «персанаж» знаходзіць найпярвейшае і асноўнае выкарыстанне пры аналізе эпічных і драматычных твораў. Тут яны складаюць аснову прадметнага свету і сваімі дзеяннямі ўтвараюць сюжэт. «У лірыцы ж, якая ўзнаўляе перш за ўсё ўнутраны свет чалавека, персанажы (калі яны ёсць) абмалёўваюцца пункцірна, фрагментарна, а галоўнае — у непарыўнай сувязі з перажываннямі лірычнага суб’екта»1.

Паводле сваёй прыроды, паходжання персанаж можа быць плёнам фантазіі, чыстага вымыслу пісьменніка (напрыклад, ліліпуты Гулівера); вынікам дадумвання аблічча рэальна існаваўшага чалавека; альбо, урэшце, вынікам дапрацоўкі, дабудовы вядомага літаратурнага героя (Праметэй, Дон Жуан, Фауст і інш.).

Побач з людзьмі (а часам і асобна ад іх ці наогул без іх) у творы могуць дзейнічаць і размаўляць жывёлы, расліны, рэчы, фантастычныя істоты, робаты і г. д. Ёсць цэлы шэраг жанраў (казка, байка, балада, творы анімалістычнай літаратуры, навуковай фантастыкі і інш.), у якіх «падобныя персанажы абавязковыя альбо вельмі верагодныя»1. Разам з тым — і гэта аксіёма — усе «нечалавечыя» індывідуальнасці з іх паводзінамі, унутраным светам і г. д. так ці інакш праецыруюцца на чалавека, на яго сацыяльна-асабовую сутнасць.

Нярэдка ў літаратуры побач з персанажамі як абасобленымі індывідуальнасцямі выступаюць таксама і «зборныя персанажы» — група, калектыў, грамада, чалавечы натоўп, гурт, (чалавечы натоўп у «Саборы Парыжскай Божай Маці» В. Гюго, грамада ў «Досвітках» Л. Родзевіча і інш.). Такая традыцыя, відаць, бярэ свой пачатак яшчэ ў антычнай драме, дзе паўнапраўнай дзеючай асобай з’яўляўся хор.

Даволі своеасаблівыя і не заўсёды адназначныя суадносіны персанажа з характарам і тыпам. Лік (колькасць) характараў і персанажаў у творы, як правіла, не супадаюць: апошніх болей. Не ўсе персанажы перарастаюць у характары, а тым болей у тыпы; гэта ўдаецца, і часам незалежна ад аўтарскай волі, толькі невялікай іх частцы.

Паводле ступені ўдзелу ў дзеянні персанажы падзяляюцца на цэнтральныя альбо галоўныя, другарадныя і эпізадычныя. Прычым апошнія не толькі з’яўляюцца своеасаблівым фонам дзеяння, але і характарызуюць часам галоўных персанажаў сваімі выказваннямі, заўвагамі аб іх учынках і г. д.

Мастацкія творы з адным ці двума персанажамі сустракаюцца ў мастацкай літаратуры не тое, каб надта ўжо і рэдка, але і не вельмі часта. Гэта характарызуе ў першую чаргу творы малой формы. У сярэдніх і буйных (з пункту гледжання формы і аб’ёму наогул) мастацкіх творах прысутнічае многа, а часам і вельмі шмат персанажаў. Тут яны ўтвараюць пэўную сістэму, у якой існуе свая, вызначаная аўтарам іерархія.

Персанажы не дзейнічаюць у мастацкім творы ў нейкім, скажам так, вакууме. Яны ставяцца аўтарам у пэўныя абставіны. Існуе цесная ўзаемаабумоўленасць персанажаў (асабліва персанажаў-характараў) і абставін. Прычым пад апошнімі трэба разумець не толькі знешнія асаблівасці асяроддзя, у якім ці на фоне якога разгортваецца дзеянне, але і ўнутраны стан гэтага асяроддзя: яго псіхалагічны клімат, маральную атмасферу, ступень грамадскай актыўнасці прадстаўнікоў і г. д. І яшчэ адзін важны момант: меркаваць аб персанажах мастацкага твора, інтэрпрэтаваць іх дзеянні, учынкі, паводзіны, даваць усяму гэтаму пэўную характарыстыку і ацэнку неабходна толькі з улікам канкрэтных сацыяльна-гістарычных рэалій часу, калі працякае дзеянне твора.

Персанаж — галоўны аб’ект літаратуразнаўчага даследавання. Таму існуе цэлы шэраг тэарэтычных аспектаў-накірункаў вывучэння гэтага асноўнага звяна мастацкага твора: персанаж і пісьменнік (герой і аўтар), асаблівасці ўзаемадачыненняў паміж імі; свядомасць і самасвядомасць персанажа, асаблівасці псіхалагічнай матывіроўкі паводзін персанажа; найбольш важныя моманты і асаблівасці партрэтнай характарыстыкі персанажа; формы паводзін персанажа; персанаж як носьбіт мовы (маўлення). Адным з першых ва ўсходнеславянскай вучэбнай-дапаможнай літаратуры звярнуў увагу на дадзеныя моманты і пастараўся сістэматызавана падаць іх В. Халізеў у сваім падручніку «Тэорыя літаратуры». Таму далей пры разглядзе вылучаных вышэй аспектаў характарыстыкі персанажа мы і будзем больш за ўсё абапірацца на меркаванні і высновы гэтага расійскага вучонага і выкладчыка.

Літаратура

Арапова Н.С. Герой // Русская словесность.— 1995.—№ 3.

Бахтин М.М. Эстетика словесного творчества.— 2-е изд.— М., 1986.

Бочаров С.Г. Характеры и обстоятельства // Теория литературы. Основные проблемы в историческом освещении. Образ. Метод. Характер.— М., 1962.

Гинзбург Л.Я. О литературном герое.— Л., 1979.

Гніламёдаў У.В. Літаратурны герой // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.— Мн., 1986.— Т.  3.

Мартьянова С.А. Образ человека в литературе: От типа к индивидуальности и лично­сти.— Владимир, 1997.

Персонаж // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевни­кова, П.А. Николаева.— М., 1987.

Рагойша В. Вобраз літаратурны // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапаможнік.— Мн., 2001.

Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Персонаж; Характер литературный // Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Новейший литературоведческий словарь-справочник для ученика и учителя.— Мозырь, 2003.

Хализев В.Е. Теория литературы.— 2-е изд.— М., 2000.

Чернец Л.В. Персонаж // Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец.— М., 2000.

Чернец Л.В. Персонажей система // Введение в литературоведение. Литературное про­изведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец.— М., 2000.

Энциклопедия литературных героев. Русская литература второй половины ХІХ века / Под общ. ред. Е.А. Шкловского.— М., 1997.