Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЯЦУХНАТЭОРЫЯ ЛІТ 2.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1 Мб
Скачать
☆

5. Ліра-эпас як адно з буйнейшых

міжродавых утварэнняў.

Сістэма ліра-эпічных відаў і жанраў

Спецыфіка ліра-эпасу ў тым, што ён спалучае і сінтэзуе ў творах адзнакі і прыкметы лірыкі і эпасу. Сюжэтнае апавяданне аб падзеях у такіх творах спалучаецца з эмацыянальна-медытатыўнымі выказваннямі апавядальніка, якія ствараюць вобраз лірычнага «я» альбо лірычнага героя.

Самымі распаўсюджанымі і характэрнымі відамі і жанрамі ліра-эпасу з’яўляюцца паэма і балада.

Паэма (гаворка ідзе менавіта аб класічнай паэме) уяўляе сабой даволі вялікі (аб’ёмны) вершаваны твор, у якім закранаюцца і адлюстроўваюцца важныя праблемы рэчаіснасці, пададзеныя, як правіла, на значным сацыяльна-гістарычным фоне. У адрозненне ад вершаваных рамана і аповесці ў паэме адсутнічаюць падрабязныя апісанні; яе аўтары стараюцца ўзняцца над паўсядзённасцю і адшукаць у жыцці ўзвышана-гераічнае. Акрамя таго, паэма выяўляе імкненне да філасофска-гістарычнага асэнсавання падзей. Адпаведна, што гэта накладвае адбітак на сюжэтна-кампазіцыйныя і стылёвыя адзнакі твора. Самыя глыбокія вытокі паэмы ляжаць у фальклоры, а таксама ў не надта далёка адышоўшых ад яго творах народна-гераічнага эпасу. Еўрапейская літаратурная паэма вядзе свой адлік з антычнасці («Энеіда» Вергілія). Найвышэйшы ўздым паэма як жанр перажыла ў ХІХ ст., у эпоху рамантызму, калі тварылі Дж. Байран, А. Пушкін, М. Лермантаў, А. Міцкевіч і цэлы шэраг інш. паэтаў. Пераважная большасць даследчыкаў правамоцна ўказвае на «Песню пра зубра» М. Гусоўскага як на твор, які паклаў пачатак развіццю жанру паэмы на Беларусі. У новай беларускай літаратуры на пачатковым этапе яе развіцця выдатныя ўзоры паэмы пакінулі пасля сябе аўтары «Энеіды навыварат» і «Тараса на Парнасе», а таксама Я. Купала, Я. Колас. Іх традыцыі плённа працягнулі і ўзбагацілі крыху пазней П. Трус, М. Чарот, У. Дубоўка, А. Куляшоў, М. Танк, П. Панчанка, П. Броўка, Н. Гілевіч, Л. Геніюш і цэлы шэраг інш. паэтаў.

Балада характарызуецца распрацоўкай драматычна-напружанага сюжэта фантастычна-казачнага, легендарна-гістарычнага ці гераічнага зместу. Вытокі еўрапейскай літаратурнай балады ляжаць у творчасці Р. Бёрнса, С. Кольрыджа, І. Гётэ, Ф. Шылера, Г. Гейнэ, В. Жукоўскага, А. Пушкіна, М. Лермантава, А. Міцкевіча. Пачынальнікамі беларускай балады лічацца В. Дунін-Марцінкевіч («Травіца брат-сястрыца»), Ф. Багушэвіч («Хцівец і скарб на святога Яна»), Я. Купала («Забытая карчма»), А. Гарун («Варажба»), З. Бядуля («У калядную ноч»). Іх традыцыі працягнулі і ўзбагацілі П. Трус, А. Дудар, А. Куляшоў, М. Танк, П. Броўка, П. Панчанка, А. Вялюгін, Н. Гілевіч, Я. Сіпакоў, А. Лойка і інш.

Шэрагам даследчыкаў да ліра-эпічных відаў і жанраў адносяцца таксама байка (невялікі, звычайна вершаваны, алегарычны твор павучальна-гумарыстычнага ці сатырычнага характару, чалавечае жыццё ў якім адлюстроўваецца, як правіла, праз вобразы жывёл, раслін, рэчаў), вершаваная аповесць і вершаванае апавяданне (дадзеныя жанры, у адрозненне ад паэмы, маюць яскрава выражаную ўстаноўку на апавядальнасць, падзейнасць; пэўнымі ўзорамі іх можна лічыць «Гапон», «Вечарніцы», «Купала» і інш. вершаваныя рэчы В. Дуніна-Марцінкевіча) і раман у вершах (вялікі вершаваны твор, у якім шырока ахопліваюцца істотныя жыццёвыя падзеі пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі, эпохі, паказваюцца характары ў іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці; раман у вершах даволі шырока ўзнаўляе бытавыя малюнкі; у дадзеным жанры шмат лірычных адступленняў, у якіх закранаюцца многія важныя пытанні чалавечага жыцця; змацоўвае раман у вершах, сплятае ў адзінае цэлае яго сюжэт фігура галоўнага героя — Дон Жуана і Яўгена Анегіна ў аднайменных творах Дж. Байрана і А. Пушкіна, С. Вячоркі ў «Родных дзецях» Н. Гілевіча).  

Літаратура

Арочка М.М. Беларуская савецкая паэма.— Мн., 1979.

Бечык В.Л. Балада ў літаратуры // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.— Мн., 1984.— Т. 1.

Введение в литературоведение / Под. ред. Г.Н. Поспелова.— 2-е изд., доп.— М., 1983.

Жаков А.Г. Современная советская поэма. Мн., 1981.

Казека Я. Беларуская байка // Казека Я. Няходжанай дарогай.— Мн., 1973.

Казека І.Д. Байка // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.— Мн., 1984.— Т. 1.

Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства.— 2-е выд., дапрац. і дап.— Мн., 1982.

Лазарук М.А. Паэма ў літаратуры // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.— Мн., 1984.— Т. 1.

Майсейчык А.А. Аповесць вершаваная // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.— Мн., 1984.— Т. 1.

Поспелов Г.Н. Теория литературы.— М., 1978.

Рагойша В. Аповесць; Байка; Балада; Паэма; Раман вершаваны // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапаможнік.— Мн., 2001.

Салавей Л.М. Беларуская народная балада.— Мн., 1980.

Сучасная беларуская паэзія.— Мн., 1970.

Тимофеев Л.И. Основы теории литературы.— 5-е изд., испр. и доп.— М., 1976.

Тодоров Л. Лиро-эпический жанр // Словарь литературоведческих терминов / Редакторы-составители Л.И. Тимофеев и С.В. Тураев.— М., 1974.

Штэйнер І.Ф. Беларуская балада: Вытокі жанру і паэтычная структура.— Мн., 1989.

Штэйнер І.Ф. Варожасць балады вякоў: Беларуская балада і славянскія традыцыі.— Мн., 1993.

Штэйнер І.Ф. Балада: гісторыка-тэарэтычны нарыс: У 2 ч.— Гомель, 1993.— Ч. 1–2.

Эпштейн М.Н Лиро-эпический жанр // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.— М., 1987.

РАЗДЗЕЛ ІІІ

ЛІТАРАТУРНЫ працэс