Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
1. КУРСАВАЯ ПРАЦА. фінальная версія. Агрэніч.docx
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
98 Кб
Скачать
☆

Глава 1. Паўстанне 1863-1864 гг. У жыцці і творчасці э. Ажэшкі і у. С. Караткевіча

1.1.Gloria victis: паўстанне ў жыцці і творчасці э. Ажэшкі

Вядомая польская раманістка, навелістка, публіцыстка, а таксама палітычны і грамадскі дзеяч Э. Ажэшка нарадзілася 6 чэрвеня 1841 года на Гродзеншчыне. Потым ёй давялося пераехаць у Варшаву. Доўгі час жывучы ў Польшчы, яна заўсёды памятала месца свайго нараджэння, была натхнёная прыгажосцю гэтай зямлі, таму пасля разрыву з мужам ахвотна вярнулася зноў у Гродна і менавіта там у выніку знайшла вечны спачын 18 мая 1910 года.

Пераломным момантам у жыцці пісьменніцы, як потым тая сама прызнавала ў сталасці, было паўстанне 1863-1864 года, якое прыпала на маладосць Э. Ажэшкі: пісьменніцы ішоў 21 год. Яна апекавалася партызанамі, дапамагала ў пошуках ежы, адзення. Летам 1863 г. кіраўнік паўстання Рамуальд Траўгут знайшоў надзейны прытулак у маёнтку мужа Э. Ажэшкі – у Людвінове. Гаспадыня апекавалася неспадзяваным госцем, лячыла яго, калі той захварэў, а потым сама адвезла яго да мяжы Каралеўства Польскага, што, безумоўна, было вельмі небяспечна і рызыкоўна для маладой жанчыны. Калі патруль рускіх жаўнераў затрымаў картэдж, Э. Ажэшка захавала спакой і стрымана сказала салдатам, што вязе хворага кузына да доктара. Пасля паражэння паўстання маёнтак мужа Э. Ажэшкі быў канфіскаваны, а сама жанчына вымушана была выехаць у родны маёнтак на Мікалаеўшчыне.

Сама Э.Ажэшка так пісала пра ролю паўстання 1863-1864 гг. у сваім жыцці: “Той момант рашуча паўплываў на ўсю маю будучыню. З яго ў маёй душы з’явіліся сур’ёзнасць і ніколі поўнасцю не згаснае шкадаванне, якое мяне назаўсёды адхіліла ад свету бляску, забаў і пустой весялосці. Той момант нарадзіў ува мне прагу да служэння Айчыне па меры сілы і прыроды маіх здольнасцяў; з яго агню і яго слёз ува мне паўстала жаданне закласці хоць маленькую цаглінку у той выратавальны мост, па якім народ мусіў прайсці над шырока адкрытай пад ім прорвай. Прыйшлі потым розныя сумненні, але ў любові да Айчыны і абавязку служэння ёй я не сумнявалася ніколі; прыйшлі потым розныя болі, але ніводны не быў роўны болю яе няшчасця, прыходзілі потым доўгім-доўгім шэрагам розныя пісьменніцкія ідэі , але не было сярод іх ніводнай, як з першакрыніцы, што нараджала думкі пра Айчыну. Гэта ўсё ўчыніў са мной і ўва мне год 1863. Калі б не яго молат і долата, лёсы мае былі б, дакладней за ўсё, іншыя і, хутчэй за ўсё, я не была б пісьменніцай” [10, c. 244-245].

Безумоўна, развагі Э. Ажэшкі наконт паўстання 1863-1864 гг. не маглі застацца незанатаванымі, бо інакш гэта разглядалася б як здрада пісьменніцы самой сабе. Тэма была небяспечная, і прысвячаць свае творы ёй значыла ствараць для сябе вялікія праблемы. Але пісьменніца не магла не рызыкнуць.

Летам 1884 Марцін Гавалевіч, рэдактар “Ілюстраванага штотыднёвіка” (“Tygodnika Ilustrowаnego”), замовіў у Э.  Ажэшкі раман, які – тое становіцца зразумелым з эпісталярнай спадчыны пісьменніцы – мусіў датычыць стасункаў маладога і старога пакаленняў, а таксама стасункаў паміж жыхарамі горада і вяскоўцамі. І ўжо ў канцы таго ж года рэдакцыя часопіса засведчыла чытачам, што хутка выйдзе новы раман з-пад пяра Э. Ажэшкі пад назвай “Мезальянс”(“Mezaljans”). Але так сталася, што і ў 1885-ым годзе праца над раманам не распачалася. Пісьменніца разумела ўсю небяспеку звароту ў рамане да тэмы, якую планавала ўзняць. Для яе было прынцыпова рэалізаваць сваю ідэю паўнавартасна, не надта арыентуючыся на магчымыя заўвагі цэнзуры, а гэта прадугледжвала дадатковую падрыхтоўку: “Знаходжуся ў вёсцы на працягу двух месяцаў… Спачатку не займалася нічым, акрамя таго, што дыхала поўнымі грудзьмі і наталялася добрым летнім надвор’ем і вясковай цішынёй. Аднак ужо некалькі тыдняў таму сабралася пісаць вялікі двухтомны раман, які будзе называцца “Над Нёманам” (“Nad Niemnem”), і ў якім маю вялікія, хоць мо і марныя, спадзяванні ” [9, c. 29].

Э. Ажэшка прыехала ў Міневічы пасля пажару ў Гродне ў 1885 годзе. Акурат у той час туды вярнуўся з катаргі адзін з найвыбітнейшых дзеячаў паўстання 1863-1864 гг., Ян Каменьскі, якому і належалі Міневічы. Яго фальварак быў спалены рускімі яшчэ ў 1863 годзе, а маёмасць канфіскавана. Паколькі дочкі Каменьскага выйгралі судовы працэс, які разглядаў справу іх бацькі, частку Міневічаў засталося выкупіць, частку атрымаць пазней: “Уладальнік Міневічаў, спадар Ян Каменьскі, разам з жонкай і дочкамі сёлета вярнуўся з Сібіры ў краіну. Ведала гэтых людзей з ранняй маладосці, з радасцю іх вітала, але сапраўднае захапленне справіў выгляд гэтага высакароднага і смелага чалавека, сапраўднага пакутніка высокай ідэі і любові, які вітаў родныя мясціны пасля сваёй адсутнасці, што працягвалася больш за дваццаць гадоў, які вольна дыхаў пасля кайданоў і катаржніцкіх падзямелляў, пасля лягчэйшага, але яшчэ цяжкога, смутку пасяленца (!) - родным паветрам, роднымі гукамі і краявідамі. У рэвалюцыйных часах ён быў адным з найгарачэйшых і найуплывовейшых паплечнікаў справы люду на Літве, гэтаксама сяляне віталі яго ўсёй грамадою, расчуленныя да глыбіні душы, з прыкметамі памяці і ўдзячнасцi [9, c. 30].

Акурат побыт у Міневічах, доўгія размовы з іх гаспадаром, бясконцыя ўспаміны пра мінулыя часы, само наваколле паўплывалі і на змену назвы, і на сістэму вобразаў, і на пэўныя ўдакладненні ў сюжэце будучага рамана.

“Раман будзе трохтомны і калі не мастацкі, то, прынамсі, поўны вельмі новых рэчаў. Галоўнай крыніцай яго сюжэту будзе паўстанне 1863 года. Абыходжанне цэнзуры таксама ўскладняе пісанне, але без распачынання датэрмінова нічога ясным не можа быць” [11, c. 28]

Раман “Над Нёманам” у выніку стаў вырашальным у творчасці пісьменніцы. Звярнуўшыся ў ім да тэмы паўстання, яна не толькі ўзгадала трагічныя падзеі мінулых дзён, якія не маглі не закрануць пачуцці сучаснікаў, але і скіравала ўвагу на важнасць адзінства вёскі і засценка, такім чынам сцвярджаючы адзін з неабходных фактараў выйсця Польшчы са стану крызісу на той момант. І надалей не бачачы зрухаў на паляпшэнне ў сучаснасці, Э. Ажэшка працягвала звяртацца ў сваёй творчасці да недалёкай, хоць і трагічнай, але парадаксальна жыццясцвярджальнай мінуўшчыны. У мэтах паўстання 1863-1864 гг., самім спосабе барацьбы за волю пісьменніца знаходзіла тыя ідэалы, да якіх варта было імкнуцца суайчыннікам, тую праграму развіцця дзяржавы ў цэлым, якую неабходна было ажыццяўляць для мадэрнізацыі Айчыны. Менавіта таму тэма паўстання не знікла з творчасці Э. Ажэшкі пасля напісання “Над Нёманам” і лягла ў аснову шэрагу новых твораў.

Так, у рамане “Два полюсы” (“Dwa bieguny”) Э. Ажэшка на прыкладзе галоўнай гераіні Севярыны паказвае, якім чынам мусіць быць выкананы своеасаблівы нямы наказ паўстанцаў народу: жанчына, адданая сваёй малой Радзіме, спрабуе мадэрнізаваць гаспадарку маёнтка, а не кідае яго ў цяжкую хвіліну, яна неабыякавая да лёсу простых людзей, адмаўляецца ад асабістага шчасця ў імя народнага абавязку. Яна памятае свайго брата-паўстанца, ганарыцца ім, спрабуе рэалізаваць тое, што ён хацеў бы па яе меркаванні ўвасобіць у жыццё.

Варта ўзгадаць і зборнік навел “Gloria victis”, дзе пісьменніца ў чарговы раз акрэсліла сэнс паўстання 1863-1864 гг. і ацаніла значэнне яго паражэння. У загалоўнай навеле “Gloria victis” пісьменніца звярнулася да вобразаў магіл, выказаўшы пашану паўстанцам, якія загінулі ў драматычным няроўным змаганні. Навелы маюць жыццясцвярджальны характар: нягледзячы на паражэнне паўстання (нават хутчэй дзякуючы яму), народны дух стаў мацнейшым (“Звышпераможца Дух”(“Arcyzwycięzca Duch”) ).

Такім чынам, для Э. Ажэшкі паўстанне 1863-1864 гг. стала пачаткам яе пісьменніцкай дзейнасці і пунктам дасягнення маральнай спеласці. І праз дзясяткі гадоў ёй, чалавеку паслялістападаўскай эпохі, не ўдалося забыцца пра паўстанне, яна знаходзіла ў ім натхненне, працягвала захапляцца постацямі тагачасных герояў, разумела важнасць гэтых падзей, таму і ўсклала на сябе свяшчэнную місію нагадаць суайчыннікам пра мужнасць паўстанцаў, абумоўленую бязмежнай любоўю да Радзімы і ўсведамленнем неабходнасці адстаяць уласную чалавечую годнасць. І з гэтай місіяй пісьменніца выдатна справілася і паспрыяла будаванню таго самага “выратавальнага моста, па якім народ мусіў прайсці над шырока адкрытай пад ім прорвай” [10, c. 245]. Нездарма ўдзячныя спадкаемцы празвалі Э. Ажэшку “пісьменніцай сумлення”.