- •Тэма паўстання 1863-1864 гг. У рамане э. Ажэшкі “над нёманам” і рамане у. С. Караткевіча “каласы пад сярпом тваім” (вобразна-сімвалічны аспект)
- •Глава 1. Паўстанне 1863-1864 гг. У жыцці і творчасці э. Ажэшкі і у. С. Караткевіча 6
- •Глава 2. Ідэйна-мастацкае асэнсаванне паўстання ў раманах э. Ажэшкі “над нёманам” і рамане “каласы пад сярпом тваім” у. С. Караткевіча: тыпалогія вобразаў-сімвалаў 14
- •Уводзіны
- •Глава 1. Паўстанне 1863-1864 гг. У жыцці і творчасці э. Ажэшкі і у. С. Караткевіча
- •1.1.Gloria victis: паўстанне ў жыцці і творчасці э. Ажэшкі
- •1.2.“У рабстве гіне дух”: паўстанне 1863-1864 гг. У жыццёвай і творчай дарогах у.С. Караткевіча
- •Глава 2. Ідэйна-мастацкае асэнсаванне паўстання ў раманах э. Ажэшкі “над нёманам” і рамане “каласы пад сярпом тваім” у. С. Караткевіча: тыпалогія вобразаў-сімвалаў
- •2.1. Вобраз ракі як захавальніцы памяці і яе інтэграцыйны фактар
- •2.1.1. “На Нёман, прашу на Нёман!”: вобраз Нёмана ў рамане э. Ажэшкі
- •2.1.2. “Ухіляюся табе, рэчачка!”: вобраз Дняпра ў рамане у. С. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”
- •2.2. Сімвалічнае значэнне могілак
- •2.2.1. Могілкі ў рамане э. Ажэшкі “Над Нёманам”
- •2.2.2. Вобраз-сімвал магільні Загорскіх у рамане у. С. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”
- •2.4. Вобраз-сімвал дрэва ў межах канцэпцыі паўстання
- •2.3.1. “Ой, беднае дрэўца, што ліст не шкадуе!”: сімвалічнае значэнне вобразу дрэва ў рамане э. Ажэшкі “Над Нёманам”
- •2.4.2. “ Сякера пры дрэве”: сімвал дрэва ў рамане у. С. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”
- •Заключэнне
- •Спіс выкарыстанай літаратуры
2.2. Сімвалічнае значэнне могілак
Згодна з хрысціянскай культурай магіла з’яўляецца месцам будучага ўваскрашэння чалавека. Па гэтай прычыне магілы шануюцца, захоўваюцца ў чысціні, сакралізуюцца.
І ў рамане Э. Ажэшкі, і ў “Каласах…” У. С. Караткевіча прысутнічае вобраз могілак, які не зусім адпавядае класічнаму ўвасабленню могілак сучаснага чалавека. Сімвалічныя значэнні, якія былі ўкладзеныя пісьменнікамі ў гэтыя вобразы ў сваіх раманах, даволі падобныя, аднак ніяк не з’яўляюцца аднолькавымі.
2.2.1. Могілкі ў рамане э. Ажэшкі “Над Нёманам”
Вобраз могілак у рамане Э. Ажэшкі “Над Нёманам” сустракаецца двойчы: гаворка ідзе пра магілу Яна і Цэцыліі і пра Магілу, дзе ляжаць паўстанцы, што загінулі ў недалёкім мінулым. Гэтыя вобразы не з’яўляюцца тоеснымі па сваім сімвалічным значэнні, але своеасаблівым чынам дапаўняюць адзін аднаго.
Ян і Цэцылія – пачаткоўцы роду Багатыровічаў, іх часткова містыфікаваныя продкі. Як сцвярджае сямейная гербавая легенда, Цэцылія была панскага паходжання, Ян – простага. Безумоўна, тут прасочваецца алюзія на Яна і Юстыну, саюз якіх з прычыны прыналежнасці герояў да розных слаёў грамадства здаецца амаль немагчымым, але прыклад прашчураў дэманструе адваротнае. Ян і Цэцылія пражылі доўгае жыццё разам, і былі пахаваныя таксама разам. Значыць, іх магіла – гэта сімвал кахання, якое не зважае на сацыяльную няроўнасць? Канечне, адмаўляць гэтую відавочную трактоўку не мае сэнсу, аднак сімвалічнасць гэтага вобразу мае пад сабой не толькі рамантычны падмурак.
Ян і Цэцылія прыйшлі здалёк у наднёманскі край, іх прывабіла пушча, дзе яны маглі схавацца ад пагоні. Аднак неабжытыя мясціны вымагалі ад людзей працы, каб наваколле стала насамрэч прыдатным для жыцця. І закаханыя рупліва працавалі, не шкадуючы сваіх сіл. Ян і Цэцылія перайначылі гэты край для сябе ўласным мазалём.
Іх магіла – гэта сімвал змагання, сімвал паспяховай, спакойнай, сумленнай барацьбы за свой дабрабыт, помнік моцнаму чалавечаму духу, яго нязломнасці. Жыццё Яна і Цэцыліі – увасабленне першага своеасаблівага паўстання ў гэтым краі і за гэты край, сакральнага ў сваёй бяскрыўднасці ў дачыненні да іншых людзей, бо здабытае здабыта “не мячом і крывёй, а працай сваёй і потам” [1, c. 94].
Ян і Цэцылія даказалі не толькі магчымасць існавання кахання паміж няроўнымі па сацыяльным становішчы людзьмі, але і тое, што людзі рознага паходжання ў згодзе здольныя на вялікія справы: “Хлопамі быць ці панамі – хіба не ўсё адно; але ў быдла ператварыцца – гэта цяжка і крыўдна…” [1, c. 95].
Калі Ян і Цэцылія пражылі жыццё ў спакойным, памяркоўным змаганні за спрыяльныя ўмовы жыцця, якое азнаменавалася ў выніку перамогай рупліўцаў і вялікай ўдзячнасцю з боку нашчадкаў, то героі паўстання мусілі змагацца зусім па-іншаму, як таго вымагалі час і абставіны, і змаганне гэтае скончылася для іх трагічна.
“Раней урочышча называлася Ельнікам, бо і сапраўды там расло шмат елак і соснаў, цяпер жа стала называцца Магілай. Хто першы ўжыў гэтую назву і чаму яна адразу паўсюдна прыжылася, цяжка адказаць; але новая назва запанавала ў тутэйшым асяроддзі і стала адзіным помнікам старэйшаму з братоў Карчыньскіх. Іншага не паставілі яму ніколі…” [1, c. 29].
Магіла, дзе знайшлі вечны спакой сорак загінулых падчас бойкі паўстанцаў, ужо знешне не адпавядае вобразу магілы ў яе звычайным выглядзе, паколькі ўяўляе сабой пусты пагарок. І толькі праз тое, што некаторыя жывыя памятаюць падзеі не так даўно мінулых дзён, гэтая мясціна сакралізуецца. Калі Дажэцкі звяртаецца да Карчыньскага з прапановай прадаць частку лесу, дзе знаходзіцца згаданае ўрочышча, Бенедыкт адразу ўспамінае пра Магілу: “Усё гэта мінулая і вядомая рэч, мо і згадваць пра яе не варта. Але, ведае швагер, часам, калі пагляджу на тое… тамтое… калі мінулае ажыве ў памяці, здаецца мне, што гэта святыня…” [1, c. 123].
Бенедыкт не можа пайсці супраць свайго сумлення і прадаць гэты кавалак зямлі , бо занадта шмат ён для яго значыць. Ды і не толькі для яго.
Юстына да наведвання Магілы “ніколі не чула пра геройства і самаахвярнасць, пра добраахвотную смерць за ідэю, пра барацьбу, сэнс якой вымяраўся б не заваяваным памерам багацця альбо шчасцем адзінкі, а мэтай якой былі б інтарэсы чалавецтва, народа, ідэі” [1, c. 168], і Магіла ўмомант стала ўвасабленнем гэтага ўсяго і для яе асабіста.
Вобраз Магілы выклікае герояў на экзістэнцыянальны пошук сябе сапраўднага, бо хтосьці ў выніку ўсвядомлівае ўласныя патрыятызм, глыбокую павагу да загінулых, а хтосьці адмаўляецца ад гэтага ўсяго, паўстаючы адрачэнцам, як Зыгмунт [1, c. 259].
Безумоўна, Магіла з’яўляецца сімвалам барацьбы за праўду, чалавечай самаахвярнасці, патрыятызму, роўнасці, салідарнасці і братэрства, паколькі апошні прытулак там знайшлі і паны, і мужыкі, што плячом да пляча змагаліся за свабоду. І пакуль людзі памятаюць, што за трагічная гісторыя звязана з тым пагоркам, да тых часоў будзе жыць у сэрцах прага волі, якую не здолеў і не здолее знішчыць аніякі рэжым: людзі успрымаюць як свяшчэннае месца той самы кавалак зямлі, які афіцыйна лічыцца пустым пагоркам.
Наяўнасць Магілы з’яўляецца фактычным доказам, што паўстанне было і гаворка ідзе пра яго ахвяр, бо цэнзура не дазваляла Э. Ажэшцы наўпрост згадваць канкрэтныя даты ці ўжываць слова “паўстанне”.
“Ці не быў гэта агонь, што гарэў калісці ў грудзях тых, хто спачывае цяпер у адзінокіх забытых магілах? А мо ўзамен не атрыманых лаўровых вянкоў іхнія косці набылі дар вечнага гарэння, якое выбухала ў свет нябачнымі іскрамі?” [1, c. 168]
