Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
1. КУРСАВАЯ ПРАЦА. фінальная версія. Агрэніч.docx
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
98 Кб
Скачать
☆

2.1.1. “На Нёман, прашу на Нёман!”: вобраз Нёмана ў рамане э. Ажэшкі

Ужо сама назва твора – “Над Нёманам – указвае на тое, што вобраз ракі з’яўляецца своеасаблівым стрыжнем у рамане Э. Ажэшкі. Стрыжнем, які аб’ядноўвае герояў, падзеі і навакольныя мясціны. Рака ў творы польскай пісьменніцы – вобраз амбівалентны: рака бурлівая і зменлівая, але ў той жа час спакойная і статычная. Э. Ажэшка зрабіла Нёман паўнавартасным героем рамана, які з’яўляецца маўклівым сведкам здарэнняў усіх часавых перыядаў, адлюстраваных у творы.

Ідучы ўслед за наратарам, чытач знаёміцца з Нёманам, захапляецца яго прыгажосцю і спасцігае мудрасць вялікай ракі, спрадвечнай і ачышчальнай. І бацька Нёман сам так ці інакш апавядае сваю гісторыю.

“Воз з вясковымі дзяўчатамі пакаціўся між шэрых пабудоў і густых садоў, што доўгім ланцугом рассыпаліся па схіле высокай гары, ля самага падножжа якой плыў спакойны і ціхі Нёман, адбіваючы ў сваіх водах блакіт неба і цёмны бор”[1, c. 10], – вось так паказвае Э. Ажэшка Нёман у самым пачатку твора. Падчас сустрэчы Яна і Юстыны Нёман “спакойны і ціхі”: ён знаходзіцца ў чаканні паўтарэння гісторыі, якую ўжо некалі бачыў і адбівае ў сваіх водах “блакіт неба і цёмны бор”, як рабіў гэта заўсёды. Нёман не мае нагоды для неспакою, бо ўжо паспеў пабачыць столькі, што згубіў здольнасць здзіўляцца.

Э. Ажэшка і пры наступнай сустрэчы Яна і Юстыны таксама звяртаецца да вобразу ціхага Нёмана. Час быццам бы спыняецца разам са спакоем воднай плыні. Не пакідае адчуванне таго, што мудрая рака ведае, як будуць развівацца падзеі, куды лепш за людзей: “На Нёмане рух спыніўся. Тратвы праплылі, рыбацкія чоўны зніклі, над блакітнай вадой запанавала ціша, часам у асляпляльна яркім сонечным святле імкліва, з выкрутасамі праносіліся бліскучыя, як атлас, крачкі” [1, c. 25].

Воды Нёмана нясуць у сабе тую невідочную, але адчувальную кожнай клеткай цела энергію, што з’яўляецца невытлумачальна важнай для ўзгадаваных на калянёманскіх сядзібах людзей. Гэта і ёсць тыя самыя ўспаміны, ад якіх немагчыма адмовіцца сумленнай асобе. Калі Бенедыкт Карчыньскі думаў пераязджаць да брата, які ўладкаваўся далёка па-за межамі сваёй малой радзімы, ён спачатку параіўся з маленькім Вітольдам, спытаўшы, ці любіць яго сын Нёман. Вітольд у сваю чаргу адказаў: “Татачка, каб ты толькі ведаў, як добра плысці на чоўне і лавіць рыбу!.. Я з Юлікам сёння плаваў…”[1, c. 38]. І тут Нёман выступае найперш як локус, што акрэслівае межы родных мясцін. Сапраўды, усё, што знаходзіцца па-за блакітнай дугой Нёмана, з’яўляецца чужым, а людзі, што свядома перайшлі гэтую мяжу, – здраднікамі (Дамінік Карчыньскі, Зыгмунт Карчыньскі).

І ў такім кантэксце вобраз Нёмана сугучны вобразу магіл, пра які больш падрабязна гаворка пойдзе пазней. Вельмі паказальна, што месца, дзе знаходзіцца магіла Яна і Цэцыліі, акаймляе Нёман [1, c. 88]. Прынцыповая розніца паміж гэтымі вобразамі, якія з’яўляюцца своеасаблівымі якарамі сумлення для жывых і сімвалізуюць народную памяць, заключаецца ў тым, што рака – як бы дзіўна гэта ні гучала – вобраз абсалютна жывы, рухомы, адухоўлены, чаго нельга сказаць пра магілы.

Э. Ажэшка дастаткова спецыфічна паказвае душу Нёмана. Цікавасць выклікае постаць Юліка, які знітаваны з ракой настолькі моцна, што ўжо сціраецца мяжа паміж паняццямі “чалавек” і “нежывы аб’ект прыроды”: “Дзіўны гэта быў хлопец. З дзяцінства называлі яго дурнем, нават бацька часта біў за непаваротлівасць, і ў сям'і ён заўсёды быў апошнім. Таму, відаць, і прырос да Нёмана; здаецца, і душу сваю ў гэтай рацэ пакінуў, бо так хацелася яму вяртацца да яе. Рэдка пакідае Нёман. На вадзе есць, на вадзе альбо ля вады часта і начуе. Да гаспадарскай працы лянівы і няздатны, ловіць шмат рыбы, прадае яе ў бліжэйшым мястэчку, а грошы заўсёды аддае бацьку... Калі тры гады таму меў ісці ў войска, то цэлымі днямі лямантаваў, як ён без Нёмана выжыве. І вось вам, скурчыліся ў яго пальцы на правай руцэ. Без дай прычыны скурчыліся, стаў калекай. Але ўсе добра ведаюць, што пра гэтае калецтва думаць. На гэта розуму хапіла...” [1, c. 162].

Дык ці не ёсць Юлік спробай аўтара часткова персаніфікаваць саму пасляпаўстанніцкую раку ў яе сімвалічным значэнні? Знявечаны, патрапаны жыццём хлопец моцна прырос да сваіх родных мясцін. Ён не бачыць сябе нідзе, акрамя іх, нешта вышэйшае трымае яго тут, ён адданы ім цалкам і поўнасцю. З аповеду Анзэльма пра Яна і Цэцылію вынікае, што ў тыя далёкія часы “рака была не такой, як цяпер. Глыбіні велізарныя, а цячэнне вельмі быстрае. Вада была тады магутная і гнеўная. Разлівалася шырока і тачыла бераг, прабіваючы сабе новыя руслы, сведчаннем чаго і застаўся гэты яр. Падчас разводдзя крыгі плылі велізарныя, як статкі ўздыбленых коней…” [1, c. 91] Даўніна для Нёмана азнаменавана веліччу, бо велічнымі былі тады гэтая зямля і яе жыхары, а рака неадрыўная ад гісторыі, яна і ёсць тая самая гісторыя краю. Паражэнні, якія церпяць яе гадаванцы, накладаюцца на некалі магутную і гнеўную плынь.

Адсюль, з вялікай трагедыі паўстання, і генерыруецца вобраз Юліка, шчырага, простага ў сваіх зацікаўленасцях і суадноснай з імі абмежаванасцю маўклівага хлопца, што ў выніку прывіў любоў да ракі і Вітольду. Хіба іх сяброўства, якое знаходзіла сабе месца найперш на Нёмане, не з’яўляецца ўвасабленнем таго, што сацыяльнае становішча ператвараецца ў прах перад ракой, перад Іх Вялікасцю Памяццю і Часам?

Нёман і Юстыну з Янам аднойчы раз і назаўсёды ахрысціў роўнымі, калі ў навальніцу малады Багатыровіч кіраваў чаўном насупор стыхіі, бо добра ведаў раку, любіў яе і перадаў паненцы сваю непахісную ўпэўненасць у тым, што рака не можа чыніць зла, калі даверыцца ёй і ўпусціць у сваё сэрца [1, c. 175].

Такім чынам, вобраз Нёмана выконвае інтэграцыйную функцыю не толькі ў прасторавым аспекце, але і на ўзроўні адносінаў герояў, бо перад ракой яны становяцца роўнымі нават нягледзячы на сацыяльны статус.

Нёман памятае стагоддзі, і застаецца жывым, і фіксуе новыя падзеі ў сваёй памяці, працягваючы рабіць нататкі ў летапісе наваколля. Ён спрабуе ачуняць пасля апошніх падзей, што знявечылі яго, спарадзілі Юліка. Яго паверхня пакрытая бясконцымі маршчынамі [1, c. 162], і ён жыве. І жыць будзе: “ Над далёкім выгібам Нёмана, як бы з вады, выплыў агністы беражок месяца. Ён хутка рос, круглеў, каціўся на неба, аж пакуль не павіс над ракой вялізным светлым дыскам” [1, c. 330].