Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
1. КУРСАВАЯ ПРАЦА. фінальная версія. Агрэніч.docx
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
98 Кб
Скачать
☆

2.1.2. “Ухіляюся табе, рэчачка!”: вобраз Дняпра ў рамане у. С. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”

“Не бачыў Нёмна, але, думаю, што Дняпро ля Рагачова не горшы. Ён, мне здаецца, больш першабытны. Гліністыя, пясчанікавыя, сланцавыя адхоны. Крыніцы выбіваюцца з-пад іх, шастае трава. Так і здаецца, што зараз з’явіцца над ракою табун дзікіх коней” [6, c. 72–73], – пісаў У. С Караткевіч у адным з лістоў да Я. Брыля.

Аўтару з перспектывы асобы, што выбрала для даследавання творы, дзеянне ў якіх адбываецца на Прыдняпроўі і на Панямонні, застаецца толькі пагадзіцца з класікам беларускай літаратуры, бо Дняпро ў рамане “Каласы пад сярпом тваім” адыгрывае не менш важную ролю, як Нёман у рамане Э. Ажэшкі.

Дняпро ў рамане моцны, бурлівы, неўтаймаваны: “Дняпро падбiраўся да яе [грушы] спакваля, патроху, як разбойнiк. У вечным сваiм iмкненнi скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусiм блiзка да яго, руйнаваў адхоны, зносiў, каб пасадзiць у другім месцы, лазу, гвалтоўна вырываў кавалкi берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя брылы зямлi. Потым адступаў, да наступнай вясны, i трава лiтасцiва спяшалася залячыць раны, нанeсеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў: дзе руйнаваў, дзе падмываў i з часам абкружыў грушу амаль з усiх бакоў” [6, c. 7].

Такім чытач бачыць Дняпро на самым пачатку твора, такім ён застаецца да апошняй старонкі. Энергія, скаваная берагамі, просіцца вонкі. Дняпро гатовы змяніць наваколле, ён адчувае сваю моц як ніколі. Тут у ім увасоблена само паўстанне, якому наканавана паглынуць усё і ўся: “За кручай і вышэй яе Дняпро шырэў, разліваючыся. Круча стрымлівала яго, не давала прарвацца ўніз і змыць усё на сваім шляху” [6, c. 190]. Гатоўнасць да змен і прага змен бяруць верх над ракой, яна ўжо не можа чакаць, вымушанасць бегчы па звычайнай сваёй дарозе ёй абрыдла.

Уражвае майстэрства, з якім У. С. Караткевіч перакшталтоўвае трактоўку вобраза Дняпра, захоўваючы агульны настрой і кожны раз беручы за аснову тое, што Дняпро – “вялікая рака”, родная рака, рака, да якой вядуць усе дарогі яе дзяцей: “Але плыве i плыве вялiкая рака. Нас не было, а яна ўжо несла свае хвалi мiма заток, пушчаў i буславых гнёздаў. А калi нас не будзе, яна ўсё яшчэ будзе бегчы далей i далей, да апошняга, далёкага мора” [6, c. 12]. Тут Дняпро адназначна выступае ў якасці захавальніка народнай памяці, бо рака памятае, што было задоўга да сучаснасці, і праз гады ёй наканавана несці ў сваіх водах гэтую інфармацыю, паступова набываючы новую.

І Дняпро здольны дзяліцца гісторыямі мінулых дзён з людзьмі, пра што сведчыць наказ Юрыя сыну падчас яго пострыгу: “Усё жыццё ты будзеш піць ваду з Дняпра і абмываць гэтай вадой сваіх нованароджаных” [6, c. 75]. Гэта тая непамерная пашана рацэ, якую Дняпро заслугоўвае, гэта тая адзнака важнасці народнай памяці (тут: у сімвалічным значэнні Дняпра), якой У. С. Караткевіч аддаваў асаблівае месца на працягу ўсяго жыцця, гэта тая любоў да роднага кута, якая прымушала людзей ісці на смерць за яго.

Перад Дняпром усе яго гадаванцы роўныя, ён будзе несці ўспаміны пра кожнага з іх: “Гэта ж была тая самая рака, што і за тысячу год да іх дзён, тыя ж берагі і тыя ж дубы на іх. Ён [Алесь] блытае сваіх продкаў, а яго далёкія нашчадкі будуць блытаць яго з Андрэем, а іх – з тымі, што жылі на гэтых берагах даўно-даўно. Таму што пройдуць такія вялікія тысячы год, што ўсім будзе ўсё адно... I гэта неяк страшнавата наблізіла яго, Алеся, да ўсіх людзей, нават да тых, чые курганы стаяць вось ужо колькі стагоддзяў па берагах вялікай ракі. Ягоны курган зблытаюць з іхнімі. Пройдуць вялікія тысячы год, і людзям будзе ўсё адно” [6, c. 215-216].

Паказальна, што цела Стафана вязуць на могілкі менавіта па рацэ [6, c. 716]. Старэйшага сына Кагутоў, пры жыцці сумленнага і бяскрыўднага чалавека, плаўна нясуць хвалі вялікай ракі, каб запомніць яго назаўсёды.

Смерць Данілы Кагута таксама суправаджае вобраз Дняпра, і менавіта ў гэтым фрагменце рамана рака ў поўнай меры набывае свой неаспрэчны сакральны сімвалічны сэнс. Мудры Даніла схіляе галаву перад Дняпром у апошнія хвіліны свайго жыцця, бо “косці стануць зямлёй, і вырастуць дрэвы, і пацякуць з іх кроплі дажджу. Проста туды, у раку. І ён стане ракою, рака – ім. І нават самы мудры, нават Бог, іх не адрозніць” [6, c. 768]. Стары становіцца тоесным Дняпру, яны разам утварацюць нешта непадзельнае ў сваёй вечнасці. Даніла сыходзіць у нябыт фізічна, а дух яго далучаецца да дняпроўскіх вод, становячыся яшчэ адным успамінам вялікай ракі, якую Даніла перад смерцю папрасіў: “Бяжы сабе ды бяжы. Нясі сабе ды нясі” [6, c. 786].

Дняпро ў рамане У. С. Караткевіча – гэта сімвал роднай зямлі, людской непрымірымасці з абставінамі, і, канечне, сімвал народнай памяці, якую Дняпро нёс праз гады, якую будзе несці і далей. З такіх рэк, уласна кажучы, і складаецца ўсеагульная гісторыя чалавецтва, якую пісьменнік увасобіў у вобразе мора: “Гэта тое самае мора, у якое ўпадае мой Дняпро. І ён, і яшчэ тысячы, тысячы рэк, ручаін і проста струменьчыкаў аддаюць мору ваду, адбіткі берагоў, якія яны бачылі на ўсім сваім шляху, каламуць, колер вод, галіны, лісце сваіх лясоў і траў і, нарэшце, саміх сябе, сваё жыццё” [6, c. 242].