Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Рабышко_УМК по ВОВ.doc
Скачиваний:
37
Добавлен:
16.09.2019
Размер:
2 Мб
Скачать
☆

2. Палітыка генацыду. Карныя экспедыцыі.

У адносінах да мясцовага насельніцтва нямецкія ўлады з першых дзён свайго гаспадарання распачалі палітыку генацыду. Праграма каланізацыі акупіраваных усходне-славянскіх тэрыторый прадугледжвала прымусовае высяленне, якое было заменена пасля паражэння пад Масквой і Сталінградам на знішчэнне 75% насельніцтва Беларусі і засяленне «вызваленых» зямель нямецкімі каланістамі.

Яшчэ ў маі 1940 г. Г.Гімлер паведамляў, што важнейшай справай усходняй палітыкі з’яўляецца ачышчэнне далучаных да Рэйху тэрыторый на Усхо­дзе ад асоб «чужой расы». Ён жа патрабаваў не лічыцца з абставінамі, вы­ка­рыстоўваючы сілу, ісці напралом пры ажыццяўленні каланізацыі і выні­шчэнні славянскіх народаў. А ў «Загадзе аб выкарыстанні ваеннай юрысдыкцыі ў раёне «Барбароса» і аб асобных мерапрыемствах у войсках ад 13 мая 1941 г.» паведамлялася: «За дзеянні, учыненыя супраць варожых грамадзянскіх асоб, не існуе ніякага прымусовага праследавання нават у тым выпадку, калі дзеянні з’яўляюцца адначасова ваенным злачынствам або правапарушэннем».

Практычнаму ажыццяўленню злачынных задум нямецкага фашызму супраць славянскіх народаў спрыяла бесперапынная ідэалагічная апрацоўка салдат вермахта і войскаў СС. Магутны апарат нацысцкай прапаганды на працягу некалькіх гадоў метадычна атручваў свядомасць грамадзян Рэйху ідэямі ваеннай агрэсіі і расавай перавагі. За 1941 г. нямецкія акупанты знішчылі на беларускай зямлі каля 100 тыс. мірных жыхароў, спалілі 120 вёсак разам з 3945 іх жыхарамі. Для падтрымання парадку на тэрыторыі Беларусі былі размешчаны 5 ахоўных дывізій і створаны паліцэйскі апарат. Акрамя таго, дзейнічалі аператыўныя групы рэйхсфюрэра СС Гімлера, якія распачалі масавы тэрор супраць насельніцтва. Агульная колькасць ваенна-паліцэскіх сіл на Беларусі дасягала 160 тыс. чалавек. Летам — восенню 1941 года на Беларусь былі ўведзены ўкраінскія і літоўскія прафашысцкія ваенныя фарміраванні, якія адрозніваліся асаблівай жорсткасцю нават у параўнанні з нямецкімі вайс­коўцамі. Літоўскі батальён толькі з 5 кастрычніка па 7 лістапада 1941 г. знішчыў 43 тысячы мірных беларусаў.

Акупанты стварылі на тэрыторыі Беларусі сістэму турмаў і канцэнт­рацыйных лагераў. Больш за 260 лагераў смерці, іх філіялаў і аддзя­ленняў дзейнічалі на акупіраванай тэрыторыі: для ваеннапалонных, для цы­вільнага насельніцтва, жаночыя лагеры, перасыльныя лагеры СС, штрафныя, гета. Адзін з першых лагераў смерці быў створаны ў в. Дразды каля Мінска, дзе ў ліпені — верасні 1941 г. утрымліваліся ваеннапалонныя і цывільныя асобы ва ўзросце ад 15 да 60 гадоў. Самым буйным не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй захопленай савецкай зямлі з’яўляўся Трасцянецкі лагер смерці. Тут было знішчана больш за 206 тыс. чал.

Адным з буйнейшых гарадскіх лагераў смерці было мінскае гета, створанае гітлераўцамі 19 ліпеня 1941 г. Гета было абнесена высокай ага­роджай з калючым дротам. Выходзіць з гета яўрэі маглі толькі на работу ці па спецыяльным дазволе. На спіне і грудзях яны павінны былі насіць жоўтыя зоркі. За парушэнне правілаў паграджаў расстрэл. На насельніцтва гета фа­шысты накладвалі кантрыбуцыі, зборам якіх займаўся яўрэйскі камітэт і яўрэйская паліцыя. У гады акупацыі ў мінскім гета сістэматычна паўтараліся пагромы. У выніку тут было знішчана каля 100 тыс. чал. Усяго ў Беларусі існа­вала больш за 100 яўрэйскіх гета, у якія фашысты сагналі сотні тысяч яўрэяў — жыхароў рэспублікі і іншых краін.

Сродкам рэалізацыі планаў па знішчэнні насельніцтва былі карныя аперацыі — тэрарыстычныя акцыі ваеннага, палітычнага і эканамічнага харак­тару. За гады акупацыі фашысты правялі больш як 140 карных аперацый, у ходзе якіх спалілі 5 454 населеныя пункты разам з усімі ці часткай жыхароў. Трагічны лёс Хатыні падзялілі 627 беларускіх вёсак. З вясны 1942 г. карныя аперацыі, іх арганізацыя і правядзенне набылі сістэматычны характар. Варвар­скія расправы з цывільным насельніцтвам, знішчэнне населеных пунктаў разам з жыхарамі сталі паўсядзённай практыкай гітлераўскіх захопнікаў.

З набліжэннем лініі фронту да Беларусі акупанты ўзмацнілі расправу над насельніцтвам, вывозілі ў Рэйх тэхналагічнае абсталяванне і сыравіну. 7 верасня 1943 г. нямецкая армія атрымала загад ператварыць тэрыторыю, якую яна пакідае, у «зону пустыні». У загадзе, у прыватнасці, гаварылася: «Усе без выключэння дамы неабходна паліць, печы ў дамах падрываць з дапамогай ручных гранат. Калодзежы прыводзіць у непрыгоднасць шляхам знішчэння пад’ёмных прыстасаванняў, а таксама кідаючы ў іх нечыстоты. Стагі саломы і сена, а заадно ўсялякага роду запасы паліць, сельскагаспадарчыя машыны і тэлеграфныя слупы падрываць, паромы, лодкі тапіць». Адступаючы, нямецкія войскі з педантычнасцю выконвалі гэты загад. I, як вынік, у 1943 г. акупанты спалілі 2 653 вёскі разам з 84 188 жыхарамі. Асабліва цярпелі ад ворага пры­франтавыя раёны. За перыяд нямецкага генацыду на Беларусі гарадское на­сельніцтва рэспублікі страціла звыш 1 063 тыс. жыхароў, беларуская вёска — 445 594 мірных жыхароў, 155 594 з якіх згарэлі разам з 5 454 вёскамі. На бе­ла­рускай зямлі нямецкія акупанты закатавалі звыш 810 тыс. савецкіх ваен­на­палонных.

Асабліва ўзмацніліся рэпрэсіўныя мерапрыемствы супраць мірнага насельніцтва ў зоне кіравання ваенных і ў Генеральным камісарыяце восенню 1943 г. пасля забойства В. Кубэ. Адміністрацыю камісарыята ўзначаліў генерал СС Готберг, які перанёс метады дзейнасці сваёй установы ў сцены грамма­дзян­скай адміністрацыі.