Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ !!!!.docx
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
720 Кб
Скачать
☆

11. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларусі ў канцы 18—першай палове 19 ст.

Насельніцтва. Адміністрацыйны падзел.

САСЛОЎІ

Прывілеяваныя

падатковыя

Пазбаўленыя рэкрутчыны, цялесных пакаранняў, падушнага падатку і інш. дзярж. павіннасцей

Агульныя павіннасці: падушны падатак, рэкрутчына, іншыя грашовыя і натуральныя павіннасці

Дваранства

Духавенства

Купецтва

Ганаровыя грамадзяне (з 1832 г.)

Прыгонныя сяляне (53,5 %)

мяшчане

Памешчыцкія

дзяржаўныя

Свабоднае вінакурства

Земскі падатак

Саслоўная структура насельніцтва Беларусі зацвердзіла падзел саслоўяў на прывілеяваныя і падатковыя. Вышэйшымі прывілеяванымі саслоўямі былі дваранства, духавенства, купецтва і нешматлікая група ганаровых грамадзян (з 1832 г.). Усе яны пазбаўляліся рэкрутчыны, цялесных пакаранняў, падушнага падатку і іншых дзяржаўных павіннасцей.

Асноўную масу падатковага саслоўя і ўсяго насельніцтва Беларусі (53,5 %) складалі прыгонныя сяляне, якія падзяляліся на дзве асноўныя групы — памешчыцкія і дзяржаўныя. Другім падатковым саслоўем былі мяшчане — асабіста свабоднае насельніцтва гарадоў, якое павінна было плаціць падушны падатак, адбываць рэкрутчыну, выконваць іншыя грашовыя і натуральныя павіннасці.

У першай палове XIX ст. у Беларусі ўтвараецца новая для яе непадатковая, але і не прывілеяваная група насельніцтва — разначынцы, г. зн. выхадцы з «розных чыноў і звання'ў».

1796—1797 гг. -- адміністрацыйная рэформа, у Беларусі ствараліся губерні: Беларуская з губернскім горадам Віцебскам; Мінская з губернскім горадам Мінскам і Літоўская з губернскім горадам Вільняй.

У выніку новага адміністрацыйнага падзелу Расіі ў 1802 г. Беларуская губерня падзялілася на Магілёўскую і Віцебскую. Яны ўвайшлі ў склад Беларускага генерал - губернатарства. Літоўская губерня падзялілася на Гродзенскую і Віленскую, якія склалі разам з Мінскай губерняй Літоўскае генерал - губернатарства.

Генерал - губернатары з'яўляліся даверанымі асобамі імператара і надзяляліся фактычна неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Выканаўчая ўлада ў губернях была перададзена губернатарам. Яны кіравалі праз канцылярыі, у якія ўваходзілі віцэ-губернатар, саветнікі, пракурор, сакратары і іншыя чыноўнікі. Звычайна склад вышэйшых чыноў набіраўся з рускіх саноўнікаў і чыноўнікаў.

У 1785 г. на гарады Беларусі былі распаўсюджаны прынцыпы, абвешчаныя Кацярынай II у «Даравальнай грамаце гарадам» («Грамата на правы і выгады гарадам Расійскай імперыі»). У гарадах адмянялася панаванне свецкіх ці духоўных феадалаў, скасоўвалася магдэбургскае права. Шматлікія прыватныя гарады і мястэчкі былі выкуплены ўрадам. Усе гараджане дзяліліся на шэсць разрадаў і ў залежнасці ад таго, якой маёмасцю валодалі, дапускаліся да выбараў дэпутатаў («гласных») у гарадскую думу. Яна з'яўлялася распарадчым органам і выбірала па аднаму прадстаўніку ад кожнага разряду ў свой выканаўчы орган — шасцігласную думу. Аднак вырашэнне ўсіх важных пытанняў гарадскога жыцця цалкам залежала ад губернатараў і прызначаных імі чыноўнікаў — гараднічых. Купецтва атрымала права на арганізацыю гільдый, як гэта было ў Расіі.

Сацыяльная і канфесійная палітыка. Расія, у складзе якой аказалася Беларусь, па форме дзяржаўнага ладу была абсалютнай манархіяй.

У эканамічным і палітычным развіцці Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст. меліся пэўныя адрозненні. У XVIII ст., калі ў Еўропе хутка развіваўся капіталізм, у Рэчы Паспалітай працягваў панаваць феадальны лад, які знаходзіўся ў сваім апагеі: У Расіі памешчыкі раней, чым у Рэчы Паспалітай, пачалі пераводзіць сялян на больш прагрэсіўную форму рэнты — грашовы чынш.

У пачатку XVIII ст. «паспалітае рушэнне», служба ў якім лічылася неабходнай умовай для валодання шляхтай землямі, у Рэчы Паспалітай ужо не склікалася. У Расіі толькі маніфест Пятра III ад 1762 г. вызваліў дваранства ад нясення дзяржаўнай службы.

Былі адрозненні

-- ў формах дваранскага землеўладання,

-- ў прававым статусе дваранства Расіі і Рэчы Паспалітай.

Расія не ведала землеўладання такой сацыяльнай групы, як дробная шляхта.

Шляхта згубіла правы на канфедэрацыі, на ўтрыманне свайго войска і ўласных крэпасцей.

Дваранству і купецтву беларускіх земель у 1773 г. было дазволена выбіраць дэпутатаў для выпрацоўкі праекта новага агульнадзяржаўнага Улажэння.

У 1777 г. былі праведзены выбары павятовых і губернскіх прадвадзіцеляў дваранства, створаны павятовыя і губернскія дваранскія сходы.

На беларускае насельніцтва была распаўсюджана і расійская падатковая сістэма. Уводзіліся падушны падатак і земскі збор. Але, улічваючы цяжкі стан беларускага насельніцтва, выяўлены ў час перапісу (пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай), расійскі ўрад на два гады вызваліў яго ад выплаты дзяржаўных падаткаў. На працягу наступных 10 гадоў падушны падатак збіраўся ў палавінным памеры ў параўнанні з расійскімі падаткаплацельшчыкамі.

Асноўным заканадаўчым кодэксам заставаўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Але мясцовая адміністрацыя ўстанаўлівалася па расійскаму ўзору і была строга падсправаздачна цэнтральнай уладзе.

У першы час пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ўрад імкнуўся не выкарыстоўваць жорсткія меры ў адносінах да мясцовага насельніцтва, спрабуючы тым самым прыглушыць апазіцыйныя настроі.

Аднак значная частка апалячанай шляхты і каталіцкага духавенства, якая страціла сваё прывілеяванае становішча, засталася незадаволенай. Гэта прымусіла царскі ўрад неўзабаве стаць на шлях узмацнення сваіх пазіцый у беларускіх землях.

Першым крокам у гэтым напрамку з'явілася ўвядзенне ў Беларусі землеўладання рускага дваранства за кошт дзяржаўнага фонду. Асноўная частка дзяржаўных зямель разам з сялянамі была раздадзена Кацярынай II у Беларусі рускім дваранам ды чыноўнікам. Пасля 1801 г., з-за моцнага супраціўлення дзяржаўных сялян пераводу іх у разрад памешчыцкіх, раздача маёнткаў у Беларусі ўрадам Аляксандра I была спынена.

Наступны крок -- паступовае абмежаванне правоў мясцовага дваранства. У адносінах да апазіцыйна настроенай шляхты быў выкарыстаны такі сродак барацьбы, як канфіскацыя маёнткаў за ўдзел у антыўрадавай дзейнасці. Канфіскацыя праводзілася ў некалькі этапаў.

-- Першыя канфіскацыі прыпадаюць на 1773—1775 гг. Яны былі накіраваны супраць той часткі магнатаў і шляхты, што не захацела прынесці прысягу новаму гаспадару.

-- Наступная хваля канфіскацый была накіравана супраць удзельнікаў паўстання Тадэвуша Касцюшкі (1794 г.).

-- Пасля Айчыннай вайны 1812 г. пачалася новая хваля канфіскацый, якая, праўда, хутка прыпынілася. Цар, па сутнасці, дараваў здраду тым мясцовым памешчыкам, якія служылі Напалеону I.

Па загаду Кацярыны II пачалася «чыстка» мясцовага дваранскага саслоўя. Гэтае мерапрыемства расцягнулася на многія гады і называлася «разборам шляхты». Расійскія ўлады запатрабавалі ад беларускай шляхты прад'яўлення дакументаў на дваранскае званне. Дробная шляхта часта не мела іх і ў выніку выключалася з дваранскага саслоўя і пераводзілася ў саслоўе аднадворцаў.

Шляхецкае саслоўе ў цэлым страціла права выбіраць манарха, збіраць ваяводскія і павятовыя соймікі, ствараць узброеныя сілы (канфедэрацыі) для абароны сваіх вольнасцей і прывілеяў.

Магнаты былі пазбаўлены права трымаць свае войскі і крэпасці.

Адбыліся змены і ў судовай справе: крымінальныя справы вырашаліся на аснове расійскіх законаў, а грамадзянскія — у адпаведнасці з нормамі III Статута ВКЛ. Членаў судоў выбірала шляхта, якая мела не менш чым 10 прыгонных мужчынскага полу. Незаможная шляхта да выбараў не дапускалася. Значная частка раней вольных людзей была далучана да прыгонных сялян.

Для мясцовых памешчыкаў важнае значэнне мела захаванне за імі права на свабоднае вінакурства (пры ўмове выплаты дзяржаве пэўнай пошліны).

Падаткі і павіннасці. На Беларусь была распаўсюджана расійская сістэма падаткаў і павіннасцей.

Сяляне і мяшчане павінны былі плаціць дзяржаве замест ранейшага падымнага (з кожнага «дыма», двара) падушны падатак, значна больш цяжкі. Ён раскладваўся на мужчынскія «душы».

На мяшчан ускладваліся расходы па ўтрыманню гарадскіх улад, паліцыі, турмаў і г. д. (земскі падатак).

З 1811 г. дзяржаўныя падаткі ў Беларусі пачалі збіраць не асігнацыямі (папяровымі грашыма), як гэта было ў расійскіх губернях, а манетай, курс якой быў значна вышэйшы. У канцы 18 ст. падушны падатак даходзіў да 1 рубля серабром у год.

Новай і вельмі цяжкай для сялян і мяшчан Беларусі з'явілася рэкруцкая павіннасць (абавязак выдзяляць рэкрутаў на 20-гадовую службу ў расійскую армію). Адзін рэкрут выдзяляўся ад 200, а з 1820 г.— 125 душ мужчынскага полу.

Каб перавесці расійскае войска на самазабеспячэнне, міністр А.Аракчэеў стварыў у 1810 г. на базе Бабылецкага староства Клімавіцкага павета першае ваеннае пасяленне. Да жніўня 1818 г. яны ўзніклі ва многіх губернях, у тым ліку ў Віцебскай і Магілёўскай. Салдат сялілі ў вёсках, а сялян гэтых вёсак перасялялі ў Новарасійскі край. Вёскі разбураліся і ствараліся новыя з роўнымі вуліцамі і аднолькавымі хатамі. Салдаты павнны былі несці службу і займацца сельскай гаспадаркай.

Уключэнне Беларусі ў агульнарасійскую гаспадарчую сістэму вызначыла накірункі гаспадарчай спецыялізацыі. Узніклі новыя мануфактуры: палатняныя, парусінавыя, канатныя, суконныя.

У Крычаве была заснавана судаверф, дзе будаваліся лёгкія судны для Чарнаморскага флоту.

Больш сталі вырошчваць тэхнічных культур..

Былі адменены пошліны на продаж сельскагаспадарчых прадуктаў, былі ліквідаваны ўнутраныя мытні. Пашырыліся гандлёвыя сувязі з рускімі і украінскімі губернямі. Павялічыўся вываз тавараў у расійскія парты на Балтыйскім моры.

Адносіны да канфесій.

Каля 80 % ад усіх мясцовых хрысціян складалі вернікі уніяцкай царквы. Да яе належала пераважная большасць сялян, а таксама частка мяшчан і дробнай шляхты. Практычна ўсе мясцовыя памешчыкі былі каталікамі.

Забаронены рымскім папам у 1773 г. ордэн езуітаў знайшоў сабе прытулак да 1820 г. на землях Усходняй Беларусі. Цэнтр езуіцкага ордэна перамясціўся ў Полацк. Была ўтворана Беларуская каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве.

Праваслаўная царква, заняпалая ў часы Рэчы Паспалітай, заняла пануючае становішча на беларускіх землях: яе дзейнасці забяспечвалася поўная дзяржаўная падтрымка.

за католікамі захоўвалася права на свабоднае выкананне абрадаў, маёмасць каталіцкіх касцёлаў, кляштараў захоўвалася ў недатыкальнасці. Засноўвалася Беларуская каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве.

каталіцкаму духавенству катэгарычна забаранялася схіляць да сваей веры праваслаўных.

Такая ж верацярпімасць была праяўлена і ў адносінах да уніятаў: мінскае і беларускае праваслаўныя епархіяльныя кіраўніцтвы былі папярэджаны аб тым, што нельга прымушаць уніятаў прымаць праваслаўную веру, а патрэбна «возбуждать добровольное желание». Святары, якія парушалі гэты указ, падлягалі адлучэнню ад сваіх прыходаў.

Толькі ў 1794 г. пасля паўстання Т. Касцюшкі Кацярына II выдала указ, каб ніхто з шляхты, духоўных або ўрадавых асоб не рабіў перашкоды пры пераходзе з уніяцтва ў праваслаўе.

Пастаяннае пражыванне яўрэяў у Расіі было забаронена ў пачатку 40х гг. XVIII ст. У 1794 г. Кацярына II падпісала ўказ аб увядзенні «мяжы яўрэйскай аселасці» ў беларуска-літоўскіх і ўкраінскіх губернях. Толькі тут дазвалялася яўрэям пастаяннае пражыванне. Але і ў гэтым раёне ім было забаронена трымаць шынкі, корчмы і пастаялыя двары ў вёсках, арандаваць памешчыцкія маёнткі і прамысловыя прадпрыемствы і ўвогуле пражываць за межамі гарадоў і мястэчак. У сувязі з гэтым пачалося прымусовае высяленне яўрэяў з вёсак і памешчыцкіх маёнткаў у гарады і мястэчкі, не звяртаючы ўвагі на адсутнасць там для большасці з іх жылля і працы.

Яўрэйскія рамеснікі і купцы абкладваліся ўдвая большымі падаткамі, чым хрысціяне. За выплату падаткаў, за выкананне павіннасцей адказваў кагал. Для яўрэяў была павышана і норма рэкруцкай павіннасці. Гэтыя і іншыя меры мелі на мэце прымусіць яўрэяў перайсці ў хрысціянства (праваслаўе) або зусім пакінуць Расійскую імперыю. Усе абмежаванні скасоўваліся для хрышчоных яўрэяў, якія цалкам адрываліся ад кагалу. Яўрэі маглі запісвацца ў мяшчанскія і купецкія саслоўі з умовай, што яны будуць плаціць дзяржаўныя падаткі ў двайным памеры ў параўнанні з хрысціянскім насельніцтвам.

Сітуацыя ў Беларусі напярэдадні вайны.

У лістападзе 1806 г. французскія войскі занялі частку Польшчы, якая ўваходзіла ў склад Прусіі. Было створана Варшаўскае герцагства. Гэта магло адмоўна паўплываць на настроі ў былой усходняй частцы Рэчы Паспалітай, якая знаходзілася ў складзе Расіі (прывесці да ўздыму сярод шляхты памкненняў да аднаўлення дзяржаўнасці). Каб не дапусціць такіх настрояў цар Аляксандр І заявіў аб намеры аднавіць пад эгідай Расіі Вялікае княства Літоўскае.

У 1811 г. быў складзены князямі М.Агінскім, Ф. Любецкім, графам Л. Плятэрам праект “Палажэння аб аўтаномным Вялікім княствам Літоўскім”. Праект прадугледжваў аўтаномію – шырокае ўнутранае самакіраванне. Ён атрымаў назву “план Агінcкага”.

Пачатак вайны. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1812 г. 12 чэрвеня 1812 г. войскі Напалеона Банапарта, сканцэнтраваныя на тэрыторыі герцагства Варшаўскага і Прусіі, пераправіліся праз Нёман і ўступілі ў межы Расійскай імперыі — на землі Літвы і Беларусі. 16 чэрвеня яны занялі Вільню, а праз 8 дзён — Мінск.

Штаб 1-й арміі генерала М. Б. Барклая дэ Толі знаходзіўся ў Вільні,

штаб 2-й арміі генерала П. I. Баграціёна — у Ваўкавыску,

штаб 3-й арміі генерала А. П. Тормасава — у Луцку (на Валыні).

галоўнакамандуючы -- Барклай дэ Толі. Перад 3-й арміяй ён паставіў задачу перакрыць французам шлях на Кіеў, а 1-я і 2-я арміі павінны былі адступаць на ўсход з мэтай злучыцца ў Віцебску.

Барклай дэ Толі адступаў праз Свянцяны — Полацк,

а Баграціён вёў сваё войска з Ваўкавыска праз Слонім на Мір (бітва 27-28 чэрвеня) і Мінск, але гэты шлях пасля ўзяцця французамі Мінска быў перакрыты. З - пад Міра 2-я армія накіравалася на Магілёў. У 11 км ад Магілёва, ля вёскі Салтанаўка 11 ліпеня, адбыўся жорсткі бой. Корпусу генерала М.М.Раеўскага (у бітве прымалі ўдзел яго 10 і 17 гадовыя сыны) ўдалося на суткі скаваць значныя сілы французаў, што дазволіла Баграціёну з асноўнымі сіламі пераправіцца праз Днепр.

У сярэдзіне ліпеня вызначылася немагчымасць злучэння расійскіх армій у раёне Віцебска. Чарговым пунктам іх сустрэчы быў прызначаны Смаленск. 1-й арміі 13 - 14 ліпеня давялося вытрымаць жорсткія баі на падыходзе да Віцебска (каля мястэчка Астроўна і вёскі Кукавячына), пасля чаго яна пакінула Віцебск і накіравалася на Смаленск. Туды ж праз Чэрыкаў рухалася войска Баграціёна.

У гэтыя ж дні напружаныя баі адбываліся ў раёне Полацка, дзе Барклай дэ Толі пакінуў 25-тысячны корпус генерала Вітгенштэйна з мэтай перакрыць французам шлях на Пецярбург. Полацк быў заняты маршалам Удзіно. У бітве 15 ліпеня паміж мястэчкам Клясціцы і вёскай Якубава расійскі генерал Я. Кульнёў (у 1809 г. ён быў прызначаны шэфам Беларускага, а потым Гродзенскага гусарскага палка, які ўваходзіў у склад 1-й рускай арміі пад камандаваннем М. Барклая дэ Толі. У 1900 г. імя Кульнёва было прысвоена Полацкай настаўніцкай семінарыі, у 1909 – Клясціцкаму гусарскаму палку, які да 1824 г. называўся Гродзенскі) атрымаў перамогу над Удзіно, але неўзабаве ў баі каля мястэчка Сівошын загінуў. Полацк застаўся ў руках французаў.

У сярэдзіне ліпеня ў баявыя дзеянні ўключылася і армія Тормасава, якая накіравалася ў Гродзенскую губерню для ўдару па тылах французскіх войскаў. Але французы прымусілі яе зноў адступіць на Валынь.

На працягу другой паловы ліпеня Напалеон знаходзіўся ў Віцебску, вырашаючы пытанне, што рабіць далей. План маланкавага разгрому расійскай арміі ў межах Беларусі праваліўся, вайна зацягвалася. Усведамляючы небяспеку далейшага паходу ў глыбіню Расіі, французскі імператар схіляўся да думкі — закончыць баявую кампанію 1812 г. у Віцебску і чакаць тут мірных перагавораў з Аляксандрам I.

Але ўрэшце прыйшоў да высновы, што захаваць баяздольнасць сваёй арміі ён зможа толькі пры ўмове руху наперад і дасягнення перамог. Таму прыняў рашэнне ісці далей на ўсход і 1 жніўня выступіў з Віцебска.

Тым часам арміі Барклая дэ Толі і Баграціёна 22 ліпеня злучыліся пад Смаленскам. Пасля бітвы 4-5 жніўня працягвала адступаць. Тут у ходзе баёў колькасная перавага французаў значна зменшылася, а напярэдадні Барадзінскай бітвы (26 жніўня) сілы праціўнікаў былі ўжо прыблізна роўныя.

У баях пад Смаленскам удзельнічала Н.Дурава – гераіня вайны 1812 г., першая ў Расіі жанчына – афіцэр. З 1811 г. яна служыла ў Літоўскім уланскім палку, размешчаным у Гродне. Удельнічала ў Барадзінскай бітве. Затым непрацяглы час была ардынарцам М.І.Кутузава.

Становішча ў Беларусі ў час вайны.

Да службы ў расійскай арміі былі прыцягнуты шляхам рэкруцкіх набораў каля 180 тыс. жыхароў беларускіх зямель. У 1-й арміі 6 дывізій былі ўкамплектаваны ўраджэнцамі беларускіх губерняў.

Разам з тым у Беларусі ў другой палове 1812 г. былі сфарміраваны 6 кавалерыйскіх і 5 пяхотных палкоў агульнай колькасцю каля 25 тыс. чалавек, якія ваявалі на баку Напалеона. Акрамя таго, не менш чым 8 тыс. налічвалася ў корпусе жандараў, народнай гвардыі і ў батальёнах стралкоў.

Польскія і беларускія паны і шляхта віталі прыход французаў, паступалі на службу ў напалеонаўскую армію, падтрымлівалі акупацыйны рэжым з надзеяй на аднаўленне Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай.

1 ліпеня 1812 г. (19 чэрвеня па старому стылю) загадам Напалеона быў утвораны Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага (Часовая камісія), якому падпарадкоўваліся Віленская, Гродзенская, Мінская губерні і Беластоцкая вобласць, перайменаваныя па французскаму ўзору ў дэпартаменты. (Дэпартамент — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Францыі.).

Імі кіравалі асобныя камісіі з трох членаў. Віцебскі і Магілёўскі дэпартаменты, якія не ўваходзілі ў склад ВКЛ, падпарадкоўваліся непасрэдна французскім ваенным уладам.

Часовы ўрад ВКЛ імкнуўся да злучэння з Польшчай. 14 ліпеня 1812 г. ён падпісаў акт аб «зліцці з народам Польшчы».

Галоўным абавязкам Часовага ўрада ВКЛ з'яўлялася выкананне загадаў Напалеона, найперш — забеспячэнне французскай арміі прадуктамі, фуражом (кормам для жывёлы), правядзенне рэкруцкіх набораў, ахова грамадскага парадку ў краі.

Дзеля аховы тылу Напалеон пакінуў у Беларусі прыблізна 100-тысячнае войска.

Партызанскі рух. Агульны настрой насельніцтва Літвы-Беларусі ў адносінах да французаў на пачатку вайны быў спрыяльны. Напалеона і яго маршалаў сустракалі з хлебам-соллю ў Вільні, Мінску і іншых гарадах. У многіх месцах яшчэ да прыходу французаў па ініцыятыве шляхты з удзелам сялян ствараліся ўзброеныя атрады, якія перашкаджалі расійскім войскам вывозіць матэрыяльныя каштоўнасці, запасы харчоў і фуражу, нападалі на абозы і каманды, што займаліся рэквізіцыямі ў вёсках. (Рэквізіцыя — прымусовае адабранне дзяржавай маёмасці ва ўласніка пры надзвычайных абставінах.)

Паны і сяляне ў Беларусі звязвалі з прыходам Напалеона розныя надзеі. Спадзяванні беларускіх сялянства вызваленне ад прыгону. Але ў Беларусі, як і ў Расіі, Напалеон не пайшоў на рэвалюцыйныя меры ў вырашэнні сялянскага пытання, якія маглі б забяспечыць яму масавую падтрымку з боку прыгонных сялян.

У такіх умовах у многіх месцах Беларусі ў другой палове 1812 г. разгарнуўся партызанскі рух з мэтай абароны ад марадзёрства. Сялянскія атрады нападалі на каманды фуражыраў, не дапускалі іх да сваіх вёсак, пры магчымасці знішчалі. Адначасова сяляне адмаўляліся выконваць павіннасці на карысць памешчыкаў, нярэдка грамілі панскія фальваркі.

Першыя партызанскія атрады пачалі дзейнічаць на яе тэрыторыі ўжо ў ліпені 1812 года. Сяляне вёскі Трасцяны Ігуменскага павета Мінскай губерні стварылі атрад, у які ўваходзіла ўсё дарослае насельніцтва вёскі. На чале яго стаяў селянін Тарас Барысенка. Атрад нападаў на французскіх салдат і мясцовых памешчыкаў, якія актыўна супрацоўнічалі з акупантамі. У гэты ж час арганізавалі партызанскія атрады сяляне вёсак Стараселле, Мажаны, Кляўкі Барысаўскага ўезда і іншых населеных пунктаў Беларусі.

28 чэрвеня 1812 г., у час баёў каля мястэчка Мір, селянін Дзяніс з вёскі Сімкава па даручэнню казакаў апавясціў рускае камандаванне ў г. Стаўбцы аб месцазнаходжанні французскага атрада, што дало магчымасць казакам Платава разбіць яго. Селянін з мястэчка Грозава (каля Слуцка) завёў атрад французскіх фуражыраў з нарабаваным дабром у размяшчэнне расійскіх войск.

Партызанскі атрад жыхароў вёскі Жарцы ў Полацкім павеце. Камандзір – адстаўны салдат Максім Маркаў і данскі казак Леў Грушын. Удзельнічалі ў баях за Полацк. 22 чалавека атрымалі крыжы на шапкі і былі ўзнагароджаны сярэбранымі медалямі на блакітных стужках.

Пасля вайны сяляне вёскі Жарцы пачалі лічыць сябе вольнымі і адмовіліся ісці на паншчыну. Памешчык пакараў іх розгамі. У 1819 г. царскі ўрад выкупіў сялян вёскі з землямі ў вольныя хлебаробы з умовай спагнання з іх у казну большай часткі гэтай латы.

Фядора Міронава, прыгонная сялянка памешчыка Глазкі на Віцебшчыне. Ёй асабліва давяралі генералы В.Х. Вітгенштэйн і Я.І. Уластаў. Даныя Фядоры Міронавай дапамаглі рускім войскам у штурме і вызваленні Полацка ад французскага войска. ў лютым 1816 года быў падпісаны дакумент на яе ўзнагароджанне. Імператар прызначыў ёй пяцьсот рублёў грошай і срэбны на аненскай стужцы медаль з надпісам “За карыснае”, які дазваляецца ёй насіць. 2 студзеня 1820 года, паводле царскага ўказа, прыгонная сялянка Фядора Міронава, кавалер медаля “За карыснае”, з сямействам была вызвалена з-пад прыгону і стала вольнай.

Адзін з жыхароў Полацка І.Т. Цімафееў па ўласнай ініцыятыве на працягу трох месяцаў збіраў і дастаўляў у корпус Вітгенштэйна звесткі аб праціўніку. Французам удалося яго схапіць. Пагражалі расстрэлам. Але гараджанін збег і працягваў дапамагаць рускай арміі. За свой подзвіг Цімафееў быў узнагароджаны сярэбраным медалём на аненскай стужцы.

4. Баявыя дзеянні восенню 1812 г. У пачатку кастрычніка Напалеон, не дачакаўшыся адказу Аляксандра I на прапановы аб міры, аддаў загад аб адступленні з разбуранай і спаленай Масквы.

6—8 кастрычніка войска Вітгенштэйна авалодала Полацкам, а валынская армія, якую ўзначаліў адмірал Чычагоў,— Слонімам. 2-6 кастрычніка – вызвалены Віцебск.

4 лістапада расійскія войскі занялі Мінск, затым Барысаў (9.11) і Магілёў (12.11).

Армія Напалеона фактычна была акружана, а наперадзе ў яе была пераправа праз раку Бярэзіну. Гэтую пераправу забяспечваў корпус Удзіно. Каля вёскі Студзёнкі (15 км на поўнач ад Барысава) узводзіліся два масты. Адначасова фальшывая — для падману расійцаў — пераправа рыхтавалася ля вёскі Ухалоды — ніжэй Барысава. Сюды і сцягнуў свае войскі адмірал Чычагоў. 14 лістапада праз масты ля в. Студзёнкі пераправіўся Напалеон са сваёй гвардыяй. А ў наступныя тры дні ў гэтым месцы загінула каля 20 тыс. французаў. Праз Бярэзіну пераправілася не больш як 60 тыс. чалавек — дзесятая частка "Вялікай арміі».

У Смаргоні 24 лістапада Напалеон пакінуў армію і ад'ехаў у Парыж. Расійскія войскі без бою 8 снежня занялі Гродна. Да Немана дайшлі менш за 30 тыс. французаў. Для Напалеона тэта азначала катастрофу.