Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможнік.Прафесійная лексіка.docx
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
396 Кб
Скачать
☆

Пытанні для самакантролю

1. Ахарактарызуйце публіцыстычны стыль: назавіце сферу яго выкарыстання, асноўныя стылеўтваральныя рысы, пералічыце падстылі і жанравыя разнавіднасці.

2. Назавіце функцыі публіцыстычнага стылю, дайце ім кароткую характарыстыку.

3. Якія асноўныя лексічныя асаблівасці публіцыстычнага стылю?

4. Назавіце марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці публіцыстычнага стылю.

Раздзел 5

НАВУКОВЫ СТЫЛЬ

Навуковы стыль — адзін з функцыянальных стыляў беларускай літаратурнай мовы, які абслугоўвае сферу навукі і набліжаецца да афіцыйна-справавога стылю аб'ектыўнасцю, акрэсленасцю і лаканічнасцю выкладу.

5.1. Асноўныя рысы навуковага стылю

Навуковы стыль адносіцца да кніжных стыляў літаратурнай мовы, для яго характэрны:

• маналагічны характар выказвання;

• строгі адбор моўных сродкаў;

• лагічная паслядоўнасць выказвання;

• сцісласць тэксту пры інфармацыйнай насычанасці зместу;

• выкарыстанне кадыфікаванай (унармаванай) літаратурнай мовы. Асноўная функцыя навуковай мовы — доказны выклад навуковай інфармацыі, дакладнае, строгае і лагічнае выказванне думкі. Гэтай функцыяй абумоўліваюцца спецыфіка навуковага стылю і яго асноўныя стылёвыя рысы: навуковая тэматыка тэкстаў, абстрактнасць і абагульненасць, аб'ектыўнасць і дакладнасць, лагічнасць і строгасць, доказнасць, насычанасць фактычнай інфармацыяй.

Навуковая тэматыка тэкстаў. Навука як своеасаблівая сфера чалавечай дзейнасці мае сваё прызначэнне: даць праўдзівую інфармацыю аб навакольным свеце. Прыналежнасць тэкстаў да навуковага стылю прадвызначае іх тэматыку: тэксты розных галін навукі раскрываюць пытанні менавіта той сферы ведаў, у рэчышчы якой праводзіцца даследаванне, тлумачэнне прычын з'яў рэчаіснасці, апісанне прадмета навуковага пазнання.

Абстрактнасць і абагульненасць навуковага выкладу абумоўлены спецыфікай навуковага пазнання. У тэкстах навуковага стылю выкарыстоўваецца абстрактная лексіка, характэрная для пэўнай галіны навукі: устойлівасць, сукупнасць, уласцівасць, станау'ленне, вымярэнне, працэс, працягласць і інш. У навуковых тэкстах слова як лексічная адзінка называе звычайна не канкрэтны, асобна ўзяты прадмет, а цэлы клас аднастайных прадметаў, з'яў, гэта значьшь, што слова выражае не прыватнае, не індывідуальнае, а агульнае, з'яўляецца паняццем — абагульненым адлюстраваннем у свядомасці чалавека рэалій навакольнага свету. У сказе Ядловец — хваёвы куст, радзей дрэва сямейства кіпарысавых (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы) слова ядловец з'яўляецца паняццем, паколькі абазначае не канкрэтны адзінкавы прадмет (расліну), а сукупнасць прадметаў (раслін), якія адносяцца да аднаго класа. У канструкцыі Сінгарманізм — фанетычны працэс прыпадабнення наступных галосных гукаў у афіксах да галосных гукаў кораня ў асновах таго самага слова; характэрны для цюркскіх моў (Слоўник лінгвістычных тэрмінаў) практычна ўсе словы з'яўляюцца паняццямі і надаюць навуковаму тэксту абстрактнасць і абагульненасць. Абагульнена-абстрактны характар навуковага маўлення праяўляецца таксама ў адборы лексічнага матэрыялу (пераважнае ўжыванне назоўнікаў, выкарыстанне пэўных формаў дзеясловаў і інш.) і ў спецыфічных сінтаксічных канструкцыях (выкарыстанне няпэўна-асабовых сказаў, пасіўных канструкцый і інш.).

• Аб'ектыўнасць і дакладнасць навуковага выкладу праяўляецца праз выкарыстанне ў навуковых тэкстах тэрмінаў і адназначных, нявобразных слоў. Для мовы навукі не характэрна ўжыванне слоў-сінонімаў, слоў з пераносным значэннем (выключэнне склада- юць тэрміны-метафары: у фізіцы — ядро атама, у матэматыцы — вось гіпербалы, цела Архімеда, дрэва складовых, паласа крытычная, у энтамалогіі — зефір 'род матылёў сямейства блакітніц', дрывасекі 'жукі', танцоркі 'насякомыя').

Аб'ектыўнасць як спецыфічная рыса навуковага стылю праяўляецца ў выкладанні не аднаго, а некалькіх поглядаў на праблему, у засяроджанасці на прадмеце выказвання і адсутнасці суб'ектывізму пры перадачы зместу. Мэтай любога навуковага паведамлення з'яўляецца выклад навуковых ведаў і іх доказ, таму асабістыя эмоцыі немагчымыя, а роля аўтарскага «я» нязначная. Менавіта таму ў мове навуковых прац прынята замест займенніка я ўжываць асабовы займеннік мы (наш, нам) і выкарыстоўваць такія канструкцыі, як: на нашу думку..., на наш погляд..., паводле нашых назіранняў..., на думку аўтара..., аўтар лічыць... і пад.

Лагічнасць і строгасць навуковага выкладу праяўляецца ў тэкстах навуковага стылю ў выглядзе сістэмы сэнсавай сувязі як паміж асобнымі сказамі, так і паміж вялікімі часткамі навуковых тэкстаў. Інфармацыя ў навуковых тэкстах навінна падавацца паслядоўна і быць несупярэчлівай. Лагічнасць і строгасць навуковага выкладу дасягаецца шляхам выкарыстання:

• спецыяльных канструкцый тыпу трэба адзначыць, неабходна спыніцца, варта пагадзіцца, зараз звернемся, спачатку прааналізуем;

• пабочных канструкцый: па-першае, па-другое, па-трэцяе, значыць, гэта значыць, такім чынам;

• злучнікаў (злучальных слоў) і прыслоўяў: таму, пагэтаму, таксама, адсюль;

• канструкцый з прыназоўнікамі : з прычыны, у сувязі, у выніку, у адпаведнасці з;

• абагульняльнага слова пры аднародных членах: Абрады маюць шэраг жыццёва важных функцый: функцыя сацыялізацыі індывіда; інтэгруючая (з дапамогай рытуалаў калектыў перыядычна абнаўляе і сцвярджае сябе, сваё адзінства); рэпрадуктыўная (абнаўленне і падтрымка традыцый, нормаў', каштоўнасцей калектыву) і інш.;

• складаназалежных сказаў: 3 пункту погляду сучаснай філасофіі сістэма — катэгорыя, якая фарміруе анталагічнае ядро сістэмнага надыходу і абазначае аб'ект, арганізаваны ў якасці пэўнай цэласнасці, дзе энергія сувязей паміж элементамі сістэмы пераўзыходзіць энергію іх сувязей з элементамі іншых сістэм...;

• прамога парадку слоў у сказах: Сотні тысяч каменных, гліняных, металічных, касцяных, драўляных і шкляных вырабаў, зброі, твораў мастацтва, у тым ліку ўнікальных знаходак, сталі асновай экспазіцый рада музеяў краіны.

Аднак лагічнаспь і строгасць навуковага выкладу не выключае магчымасці выкарыстання ў тэкстах навуковага стылю своеасаблівай вобразнасці, эмацыянальнасці і экспрэсіі. Прызначэнне гэтых сродкаў мовы ў навуковым стылі іншае, чым у мастацкім і публіцыстычным стылях. У навуковым маўленні яны выкарыстоўваюцца з мэтай тлумачэння, канкрэтызацыі навуковых звестак, з мэтай дасягнення даступнасці выкладу інфармацыі. У адрозненне ад мастацкага маўлення ў навуковым эмацыянальнасць і экспрэсія не складаюцца ў мастацка-вобразную сістэму, не з'яўляюцца сродкамі стварэння вобразнасці. Гэта асобныя элементы, якія ўласцівыя навуковым творам палемічнай скіраванасці і якія выяўляюцца ў навукова-навучальным і навукова-папулярным падстылях. Выкарыстанне эпітэтаў, параўнанняў, метафар і інш. дазваляе зрабіць «сухі» навуковы тэкст больш зразумелым для чытача, актывізаваць яго ўвагу і развіць мысленчыя здольнасці:

...У тым самым годзе, калі пяцёра полацкіх князёў пад наглядам кіеўскіх дружыннікаў плылі цераз Чорнае мора ў Візантыю, у Тураве нарадзіўся ўсходнеславянскі красамоўца Кірыла Тураўскі. Зразумела, такое імя ён атрымаў, прымаючы пострыг, у дзяцінстве яго звалі інакш, але як — звестак не захавалася. Бацькам Кірылы быў мясцовы баярын, блізкі да княжага двара, дзе юнак і атрымаў шырокую адукацыю ад грэчаскіх святароў і кніжнікаў, якія прыехалі ў Тураў з Візантыі разам з жонкай князя. Кірыла рана пайшоў у манастыр, але манаскае жыццё не задаволіла яго. Ён прысвяціў сябе аскезе, зачыніўся ў вежы, дзе трымаў уласную бібліятэку і працаваў. 3 цягам часу Кірыла адышоў ад аскезы, пачаў падтрымліваць тураўскага князя Юрыя Яраславіча, і з пратэкцыі апошняга кіеўскі мітрапаліт пасвяціў яго ў тураўскія біскупы (К. Тарасаў. Памяць пра легенды).

Доказнасць навуковага выкладу. У тэкстах навуковага стылю ўсе палажэнні і гіпотэзы павінны быць аргументаваны і іх правільнасць павінна пацвярджацца разнастайнымі графікамі, схемамі, дыяграмамі, формуламі, тэкставымі ілюстрацыямі і цытаваннем аўтарытэтных даследчыкаў са спасылкамі на іх працы: У адпаведнасці з канцэпцыяй, прапанаванай А.В. Суперанскай, Н.У. Падольскай, Н.У. Васільевай, тэрміналогія лічыцца аўтаномным класам лексікі, паколькі «тэрміны кожнай галіны ведаў фарміруюць сваю асобую тэрміналогію і значэнне кожнага тэрміна раскрываецца цалкам толькі ў сістэме апошняй» [ОТВТ, с.18] (Беларуская матэматычная тэрміналогія: станаўленне, структура, функцыянаванне).

Насычанасць фактычнай інфармацыяй. У навуковых тэкстах шырока выкарыстоўваюцца абрэвіятуры, разнастайныя ўмоўныя скарачэнні, формулы, сімвалічныя абазначэнні: АТП — адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, ПРП — прыродна-рэсурсны патэнцыял, БАР — біялагічна-актыўныя рэчывы, ДНК, МГц, Вт, кг, Е =mc2, а2 + b2 = с2, π, ∞, ≠.

Для тэкстаў навуковага стылю ўласціва наяўнасць канкрэтнай і дакладнай фактычнай інфармацыі (лічбы, даты, уласныя назвы і інш.), што надае навуковаму выкладу дадатковую грунтоўнасць і аб'ектыўнасць: БІБЛІЯТЭКА ЖЫРОВІЦКАГА МАНАСТЫРА. Існавала пры Жыровіцкім Успенскім манастыры з 16 ст. Вядома паводле вопісаў, пачынаючы з 1731. У 1758 на ўсіх кнігах б-кі пастаўлены надпіс: «Сия книга есть з библиотеки монастыра Жировицкого чину Василия Великого 1758 Аппо подписана», былі прадстаўлены бібліятэчныя шыфры. Паводле вопісу 1800, у б-цы было 2686 кніг у 3867 тамах, а таксама 537 рукапісаў і 93 гравюры. Кнігі былі размеркаваны па 17 раздзелах. Сярод найстараж. рукапісаў б-кі — «Ізмарагд» (15 ст.), павучанні Ісаака Сірына (15 — 16 стст.), Кіева-Пячэрскі пацярык (16 ст.), Жыровіцкае евангелле (16 ст.) (Культура Беларусі: энцыклапедыя).

Пытанні для самакантролю

1. Чым абумоўліваюцца спецыфіка і стылёвыя рысы навуковага стылю?

2. Пералічыце стылёвыя рысы, уласцівыя тэкстам навуковага стылю.

3 Як вы разумееце паняцце навуковая тэматыка тэкстаў?

4. У чым заключаецца абстрактнасць і абагульненасць навуковага выкладу?

5. Што такое аб'ектыўнасць і дакладнасць навуковага выкладу? Як праяўляецца аўтарскае «я» ў тэкстах навуковага стылю?

6. Як вы разумееце паняцце лагічнасць і строгасць навуковага выкладу? Назавіце, з дапамогай якіх сродкаў дасягаецца лагічнасць і строгасць навуковага выкладу.

7. Што такое доказнасць навуковага выкладу?

8. 3 якой мэтай у навуковых тэкстах выкарыстоўваецца такая стылёвая рыса, як насычанасць фактычнай інфармацыяй?