Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможнік.Прафесійная лексіка.docx
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
396 Кб
Скачать
☆

2.4. Лексіка беларускай мовы паводле стылістычнай афарбоўкі

Стылістычная дыферэнцыяцыя моўных сродкаў асабліва выразна праяўляецца ў сферы лексікі. Яна знаходзіць выражэнне ў вылучэнні двух стылістычна значных слоўнікавых пластоў: нейтральнай і стылістычна афарбаванай лексікі.

Стылістычна нейтральная (міжстылёвая) лексіка ўтварае аснову лексічных сродкаў мовы, выкарыстоўваецца ва ўсіх разнавіднасцях вуснай і пісьмовай мовы. Нейтральныя словы служаць для наймення прадметаў, паняццяў, дзеянняў, станаў, прымет без якой-небудзь ацэнкі з боку моўцы: асака, бераг, жыць, заўсёды, ісці, кніга, пясок, стол, трэці, тут, хлеб, чырвоны і інш. Напрыклад: Дзень гэты быў сонечны. На бярозах трапяталася жоўтае лісце. У чыстым полі адзінокі лісток імкнуўся з ветрам удалячынь. Лясы паўз дарогу нерухома вартавалі спакой восені. На пустым іржышчы і на пакошах хадзіла жывёла. Ясны сум восені, здавалася, плыве з ветрам, і ўсё вісіць, як доўгачаканая ласкавасць. Шыпшына кустамі стаяла без лісця і з чырвонымі пладамі (К. Чорны).

Стылістычна нейтральная лексіка выкарыстоўваецца ва ўсіх сферах моўных зносін людзей, складае большую частку слоў мовы, яе базу (каля 60—70% ад агульнай колькасці лексем) і з'яўляецца лексічнай асновай усіх стыляў.

Стылістычна афарбаваная (маркіраваная) лексіка аб'ядноўвае словы, якія акрамя ўласна назыўной функцыі, выконваюць яшчэ і характарыстычную функцыю — утрымліваюць розныя ацэнкі названых прадметаў і з'яў (іронію, насмешку, пагарду, нянавісць, сімпатыю, захапленне і інш.). Такія словы звычайна абмежаваны пэўным стылем і ў слоўніках адзначаюцца адпаведнымі паметамі (кніжн., разм., пагард., уст., паэт. і інш.).

Да стылістычна афарбаваных слоў адносяць кніжную і гутарковую лексіку.

Кніжныя словы выкарыстоўваюцца пераважна ў пісьмовай мове. Асноўныя сферы іх функцыянавання — навуковая і вучэбная літаратура, афіцыйныя дакументы, некаторыя публіцыстычныя творы. Многія з кніжных слоў — запазычаныя.

У складзе кніжнай лексікі можна адрозніць тры функцыянальна-стылістычныя пласты: тэрміналагічную (дактрына, даасізм, пралангіраваць, аўтамарфізм, поліпарадыгматычны), афіцыйна-справавую (абскарджанне, кампетэнцыя, хадайніцтва, у адпаведнасці з..., сведка, транспартныя сродкі, цялесныя пашкоджанні і інш.) і паэтычную (квецень, ліра, муза, хваласпеў, скрыжаль, светач) лексіку.

Да гутарковай лексікі адносяцца як словы з пазітыўнай або нейтральнай афарбоўкай: булёнчык, двойня, добранькі, донечка, сябручок, мо, так і словы з выразна негатыўнай канатацыяй: абібок, вярзіла, жлукта, знюхацца, мямліць.

Сфера ўжывання гутарковай лексікі абмяжоўваецца сітуацыяй штодзённых бытавых зносін, хаця часам яна са стылістычнымі мэтамі выкарыстоўваецца і ў мастацкіх творах: Ды не грукайце дзвярыма, / Не галёкайце, прашу, / Дайце кавы растварымай: / Эпітафію пішу (П. Панчанка); Музыка змоўкла. Да нас набліжаўся Дубатоўк, чырвоны і вясёлы: «Надзеечка, прыгажунька ты мая. Дазвольце старому хрэну лапэтку» (У. Караткевіч).

Лаянкавыя і вульгарныя словы таксама ўваходзяць ў гутарковую лексіку, аднак знаходзяцца на перыферыі лексічнай сістэмы беларускай мовы, іх выкарыстанне сведчыць пра адсутнасць моўнай культуры.

Пытанні для самакантролю

1. Якія словы ўтвараюць аснову лексічнай сістэмы беларускай мовы?

2. З якой мэтай выкарыстоўваецца стылістычна афарбаваная лексіка?

3. Чым адрозніваюцца кніжныя і гутарковыя словы?

4. Чаму выкарыстанне лаянкавых і вульгарных слоў — недапушчальнае?