Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможнік.Прафесійная лексіка.docx
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
396 Кб
Скачать
☆

1.3.3. Развіццё і функцыянаванне беларускай літаратурнай мовы ў XX — пачатку XXI ст.

У пачатку XX ст. у сувязі з прыняццем закона аб свабодзе друку (1905 г.) умовы для развіцця беларускай мовы кардынальна змяніліся. Нягледзячы на тое, што руская мова па-ранейшаму выконвала функцыі афіцыйнай мовы ў грамадскім, культурным, навуковым і адукацыйным жыцці Беларусі, пасля 1905 г. з'явіліся значна больш шырокія магчымасці для выдавецкай дзейнасці, легальнай беларускай журналістыкі, мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры. У беларускую культуру і літаратуру прыйшлі сотні маладых дзеячаў, найперш пісьменнікаў і публіцыстаў (Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Максім Гарэцкі, Цётка, Алесь Гарун і інш.). З'явіліся шматлікія беларускія выдавецтвы («Загляне сонца ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва» ў Вільні і інш.), дзейнасць якіх у той час спрыяла выпрацоўцы нормаў беларускай літаратурнай мовы.

Да Першай сусветнай вайны на беларускай мове выходзілі газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Беларус», «Гоман», «Дзянніца» і інш., выдаваліся часопісы: «Саха», «Лучынка», «Раніца» і інш. Былі апублікаваны першыя беларускія падручнікі для дзяцей («чытанкі» Каруся Каганца, Цёткі, Якуба Коласа), брашуры на розныя тэмы (у тым ліку навукова-папулярныя), прысвечаныя вытворчасці, рамёствам, што спрыяла выпрацоўцы адпаведнай тэрміналагічнай лексікі. Друкаваліся пераклады на беларускую мову твораў з іншых моў, найперш з рускай, польскай. украінскай.

У гэты час істотна папоўніўся слоўнікавы склад нацыянальнай мовы — за кошт лексікі з тэрытарыяльных і прафесійных дыялектаў, запазычанняў з іншых моў, стварэння беларускіх наватвораў.

На пачатку XX ст. беларускія выданні друкаваліся як лацінскай, так і кірылічнай графікай, але паступова перавага аддавалася «грамадзянцы». На той час абедзве графічныя сістэмы былі ўжо добра адаптаваны да беларускай мовы: былі прапанаваны спецыяльныя сімвалы для абазначэння спецыфічных гукаў (напрыклад, [ў]), выключаны літары рускага і польскага алфавітаў, якія абазначалі неўласнівыя беларускай мове гукі.

Важным крокам на шляху да стабілізацыі моўных нормаў стала стварэнне Браніславам Тарашкевічам «Беларускай граматыкі для школ» (1918 г.) — падручніка, у якім на навуковай аснове былі распрацаваны і прыведзены ў сістэму правілы беларускай арфаграфіі, граматыкі, пунктуацыі.

Найбольш спрыяльнымі для беларускай мовы сталі 1920-я гг., калі беларуская мова набыла статус афіцыйнай мовы БССР і атрымала неабходную дзяржаўную падтрымку.

Важным для развіцця беларускай літаратурнай мовы ў першай палове XX ст. стала прыняцце Цэнтральным Выканаўчым камітэтам у ліпені 1924 г. пастановы «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палігыкі», якая паклала пачатак планаваму ажыццяўленню беларусізацыі. Вынікам стала стварэнне на вучальных устаноў на беларускай мове, актыўнае развіццё нацыянальнай літаратуры, пашырэнне беларускіх выданняў, арганізацыя навукова-даследчай працы па ўсебаковым вывучэнні Беларусі, перавод дзяржаўных і грамадскіх органаў і часцей Чырвонай Арміі на тэрыторыі рэспублікі на беларускую мову. Узнікла адчувальная гіатрэба ў распрацоўцы і замацаванні лексічных, графічных, арфаграфічных і граматычных нормаў беларускай літаратурнай мовы. У многім гэтыя задачы былі паспяхова вырашаны, дзякуючы намаганням беларускіх мовазнаўцаў Язэпа Лёсіка, Браніслава Гарашкевіча, Сцяпана Некрашэвіча, Пятра Бузука, Міколы Байкова, Язэпа Воўка-Левановіча, Максіма Гарэцкага і інш.

Знакавай падзеяй першай паловы XX ст. з'явілася Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі, што адбылася ў 1926 г. На канферэнцыі была створана Арфаграфічная камісія (пад кіраўніцтвам акад. С. Некрашэвіча), якая ў сціслыя тэрміны падрыхтавала праект змяненняў беларускага правапісу, але па палітычных матывах ён не быў зацверджаны.

У жніўні 1933 г. Саветам народных камісараў была прынята пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу», якая істотна паўплывала не толькі на арфаграфію беларускай мовы, але таксама закранула фанетыку, лексіку і граматыку мовы. Асноўныя змены заключаліся ў наступным: не адлюстроўвалася на пісьме аканне ў так званых «інтэрнацыянальна-рэвалюцыйных словах» і вытворных ад іх: пролетарыят, Комінтэрн, соўгас, комсамол; іншамоўныя ўласныя назвы не падпарадкоўваліся аканню: Чэрэпанаў, Орджанікідзе, Жэлезноў; ліквідавалася абазначэнне на пісьме асіміляцыйнай мяккасці: свет, злёт, калоссе (раней — сьвет, зьлёт, калосьсе); не перадавалася цвёрдасць зычных перад гукам [і] ў словах іншамоўнага паходжання: марксізм, сістэма, універсітэт (раней — марксызм, сыстэма, універсытэт) і інш.

Аднак гэтая пастанова не мела сілы на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая да 1939 г. знаходзілася ў складзе Польшчы. Там беларускамоўнае асяроддзе працягвала арыентавацца на дарэформенны правапіс на аснове граматыкі Б. Тарашкевіча.

Падчас нямецкай акупацыі на тэрыторыі Беларусі выходзілі толькі асобныя выданні на беларускай мове. Іх аўтары і рэдактары таксама не пагаджаліся з рэфармаваным правапісам і распрацоўвалі ўласныя нормы з арыентацыяй на граматыку Б. Тарашкевіча. Акрамя таго, акупацыйныя ўлады спрабавалі ўвесці ва ўжытак лацінку. Такая сітуацыя прывяла да неўпарадкаванасці ў пісьмовай мове. Пасля Другой сусветнай вайны эмігранцкія выданні працягвалі карыстацца граматыкай Тарашкевіча ў своеасаблівай рэдакцыі. Па гэтай прычыне і ў наш час можна сустрэць на старонках некаторых выданняў, а таксама ў інтэрнэце «альтэрнатыўны» варыянт беларускай пісьмовай мовы.

У 1959 г. былі апублікаваны «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», якія дзейнічалі на працягу амаль 50 гадоў. У адпаведнасці з гэтымі правіламі падрыхтаваны і выдадзены дзясяткі акадэмічных слоўнікаў літаратурнай мовы: «Русско-белорусский словарь», «Беларуска-рускі слоўнік», «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» і інш.

Пасляваенны час стаў перыядам далейшага ўдасканалення арфаграфічнай, лексічнай і стылістычнай сістэм літаратурнай мовы. Пашырэнню аўтарытэту беларускай мовы ў другой палове XX ст. садзейнічала літаратурная дзейнасць многіх таленавітых пісьменнікаў і паэтаў — Кандрата Крапівы, Максіма Танка, Міхася Лынькова, Івана Мележа, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава і інш. Актыўна развівалася нацыянальная філалогія, беларуская мова гучала на радыё, па тэлебачанні, у тэатрах, выкарыстоўвалася ў сферы адукацыі.

3 другога боку, у гэты перыяд змяншалася колькасць беларускамоўных школ, дашкольных устаноў, вучылішчаў, скарачалася выданне літаратуры на беларускай мове. У выніку к сярэдзіне 1980-х гг. на беларускай мове працавалі толькі каля 23% школ і 19% дашкольных устаноў, а выкладанне ў ПТВ, тэхнікумах і ВНУ вялося выключна па-руску.

У 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў закон «Аб мовах у Беларускай ССР», што было выклікана ўзмацненнем нацыянальных настрояў у грамадстве, а таксама хваляй прыняцця аналагічных законаў у іншых савецкіх рэспубліках. У адпаведнасці з законам беларуская мова атрымала статус адзінай дзяржаўнай мовы на тэрыторыі Беларусі. Аднак пасля агульнанацыянальнага рэферэндуму 1995 г. і ўвядзення ў дзеянне закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» (1998) у краіне стала дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская.

На сучасным этапе свайго развіцця беларуская мова, як і многія іншыя мовы свету, знаходзіцца пад адчувальным уплывам англійскай мовы, а ў штодзённым і афіцыйным ужытку выцясняецца рускай. Дадзеныя перапісаў насельніцтва 1999 і 2009 г. пацвярджаюць, што колькасць людзей, якія лічаць беларускую мову роднай і ўжываюць яе ў паўсядзённым жыцці, змяншаецца (гл. табліцу 1). У такой сітуацыі як ніколі важна ўсвядоміць, што захаваць нацыянальную культуру можна толькі на нацыянальнай мове.

Табліца 1

Пытанне

Год перапісу

Мова, на якой звычайна размаўляюць дома

1999

2009

на беларускай

36,7%

23,4%

на рускай

62,8%

70,2%