- •Прадмова
- •З гісторыі беларускага правапісу
- •Два правапісныя стандарты
- •Дзейнасьць Працоўнае групы
- •Асноўныя прынцыпы
- •Праблема асваеньня пазычаньняў
- •Структура выданьня
- •Афармленьне ілюстрацыяў
- •Правапіс е, ё, я
- •Правапіс о
- •Правапіс э
- •Правапіс і – й – ы
- •Правапіс у – ў
- •Правапіс галосных у складаных словах19
- •Правапіс прыстаўных і ўстаўных галосных Прыстаўныя галосныя
- •Устаўныя галосныя
- •Правапіс с, з, ц, дз перад мяккімі зычнымі32
- •Правапіс зычных на сутыку прыстаўкі й кoраня
- •Правапіс зычных перад суфіксальным і пoстфіксальным с
- •Правапіс каранёвых зд, ст, зг, ск
- •Правапіс непрыстаўкавых зычных перад ч
- •Правапіс зычных на канцы асноваў назoўнікаў перад ц
- •Правапіс іншых спалучэньняў зычных на сутыку кораня й суфікса
- •Падоўжаныя (падвойныя) зычныя
- •Правапіс разьдзяляльных знакаў
- •Правапіс прыстаўных і ўстаўных зычных
- •Правапіс спалучэньняў галосных
- •Правапіс л – ль Перадаваньне l у словах заходнеэўрапейскага паходжаньня47
- •Перадаваньне л – ль у словах незаходнеэўрапейскага паходжаньня
- •Правапіс г (ґ), к, х і галосных пасьля іх
- •Правапіс і, ы пасьля д/дз, т/ц, з, с56 Правапіс і, ы ў пачатку й сярэдзіне слова
- •Правапіс і, ы на канцы слова
- •Спалучэньні галосных на сутыках частак складаных словаў
- •Спалучэньні j/[й] з галоснымі
- •Правапіс э, е пасьля зычных асновы
- •Перадаваньне падвойных Падвойныя галосныя
- •Падвойныя зычныя69
- •Перадаваньне грэцкае літары β
- •Перадаваньне s германскіх моваў
- •Перадаваньне спалучэньня ei нямецкае мовы
- •Перадаваньне нехарактэрных для беларускае мовы гукаў Перадаваньне θ I f (правапіс т, ф)
- •Перадаваньне [w]
- •Перадаваньне ö
- •Перадаваньне ü
- •Перадаваньне некаторых галосных ангельскае мовы84
Два правапісныя стандарты
Рэформа 1933 году паклала пачатак суіснаваньню двух правапісных стандартаў – клясычнага (“тарашкевіца”) і афіцыйнага (“наркамаўка”), але на практыцы рэформа вылілася ў рэвізію нормы як на артаграфічным, гэтак і на іншых роўнях мовы: артаэпічным, марфалягічным, сынтаксычным, лексычным.
Трэба адзначыць, што суіснаваньне двух правапісных і часам нават моўных варыянтаў у межах аднаго соцыюму – зьява не ўнікальная. Яна праяўляецца ў тых выпадках, калі пісьмовая мова мае працяглую гісторыю й грамадзтва ня можа адмовіцца ад традыцыйнае формы мовы (альбанская, навагрэцкая, апошнім часам нямецкая мовы), або тады, калі народы – носьбіты адпаведнае мовы – зазналі вонкавую экспансію (мовы нарвэская, галісійская, румынская ў Малдове). Да другое катэгорыі належыць і беларуская мова.
Рэформа 1933 году не разьвязала актуальных праблемаў артаграфіі, не спрасьціла правапісу, а ў шэрагу выпадкаў ускладніла яго (напр., ужываньне ў нескладовага, адлюстраваньне мяккасьці зычных (хтосьці ў госці) ды інш.).
Хібнасьць такога становішча ўсьведамлялася і ўсьведамляецца носьбітамі мовыxxix. Пераадоленьне артаграфічнага дуалізму бачыцца ў канвэргенцыі стандартаўxxx, што фактычна ўжо адбываецца, аднак не набыло характару працэсу. Прыкладам, прыхільнікі клясычнага стандарту ў Беларусі адмовіліся ад захаваньня “оканьня” ў пазычаньнях, ад “правіла другога складу”xxxi ды шэрагу іншых правілаў і прынялі сфармуляваныя ў артаграфічным зборы 1959 году асноўныя прынцыпы правапісу складаных словаў. А афіцыйны стандарт, пачынаючы з 1957 году, паволі, але няўхільна эвалюцыянуе ў бок клясычнага стандарту, што асабліва выразна выявілася ў прапановах Дзяржаўнае камісіі, у праектах групы А. Падлужнага. Апошнім часам усё часьцей гучаць заклікі да збліжэньня й “дасягнення разумнага кампрамісу”xxxii.
Дзейнасьць Працоўнае групы
Цяперашні Збор грунтуецца на апублікаваным у 1995 годзе праекце правапісу аўтарства Вінцука Вячоркіxxxiii, вынікам грамадзкага абмеркаваньня якога сталася Праская канфэрэнцыя пад эгідаю Беларускае службы радыё “Свабода” (5–6 сьнежня 1998 г.).
Узяць удзел у канфэрэнцыі арганізатары (аўтар праекту Вінцук Вячорка й прадстаўнік радыё Сяргей Шупа) запрасілі ўсіх, хто даслаў свае заўвагі да праекту. Канфэрэнцыя прыняла Вячоркаў праект за аснову й вызначыла кірунак далейшае працы. Зь вясны 2000 году група ўдзельнікаў канфэрэнцыі пачала рэгулярна зьбірацца на паседжаньні. На пачатковым этапе Працоўная група была больш шматлікаю, склад быў нестабільны й часткова зьмяняўся: ня ўсе з тых, хто выклікаўся быў удзельнічаць у працы групы, маглі ахвяравацца для такое працяглае, а часам і вельмі інтэнсіўнае працы (цягам пяці гадоў група правяла больш за дзьвесьце паседжаньняў). Пагатоў група працавала на грамадзкіх асновах, ня маючы ні фінансавага, ні тэхнічнага падтрыманьняxxxiv.
Канчаткова група сфармавалася ўвосень 2002 году. У яе ўвайшлі людзі, якія стала займаліся практычнымі пытаньнямі, зьвязанымі зь беларускім правапісам. Пры разглядзе праблемаў асваеньня іншамоўнае лексыкі Працоўная група нязьменна кансультавалася з знаўцамі й носьбітамі адпаведных моваў.
У канцы жніўня – пачатку верасьня 2004 году Працоўная група правяла адкрытае анкетаваньне па найбольш контравэрсійных пытаньнях – шляхам адраснага рассыланьня, а таксама праз газэту “Наша Ніва” (№32 за 27 жніўня) ды інтэрнэт-сайт www.pravapis. org; вынікі анкетаваньня былі ўлічаныя ў праекце Збору, які сёлета ў сярэдзіне студзеня Працоўная група разаслала 27-мі адрасатам (мовазнаўцам, літаратарам, у зацікаўленыя інстытуцыі) на водгук. Апошні этап – унясеньне карэктываў і зацьверджаньне канчатковае рэдакцыі – скончыўся на пачатку сакавіка гэтага году.
