Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
бел.літ.docx
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
156 Кб
Скачать
☆

6. Жыццёвы і творчы шлях а.Макаёнка. Пачатак літаратурнай дзейнасці.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Працаваў масавіком у раённым Доме культуры. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Крымскім фронце. Працуе загадчыкам аддзела прозы часопіса «Вожык», галоўным рэдактарам часопіса «Неман». А. Макаёнак адносіўся да ліку тых мастакоў, якія вельмі патрабавальна ставяцца да ўласнай творчасці. Лепш не пісаць зусім, чым пісаць пасрэдна. Менавіта гэты максімалісцкі прынцып вымусіў яго адмовіцца ад публікацыі першых шматактовых п'ес „Ворагі" і „Выйгрыш". Гэткі ж лёс напаткаў і драму „Узыходы шчасця". У іх пісьменнік вучыўся майстэрству стварэння вострых, грамадска значных канфліктаў і сітуацый, пабудове багатага на стылёва-лексічныя адценні і выразнага дыялога, наданню дзеянню дынамізму і імклівасці развіцця, абмалёўцы яркіх, каларытных вобразаў і характараў. Першым творам Макаёнка, які трапіў у друк, стала аднаактовая п'еса „Добра, калі добра канчаецца" (1945). Задума яе нарадзілася пад уздзеяннем, з аднаго боку, непераадольнага жадання тварыць, якое валодала пісьменнікам яшчэ ў дзяцінстве, і непасрэднага сацыяльнага заказу часу - з другога. Працуючы сакратаром Гродзенскага гаркома камсамола, Макаёнак сутыкнуўся з востраю няхваткай драматургічнага матэрыялу для мастацкай самадзейнасці. Змагацца з дэфіцытам ён вырашыў уласнымі сіламі. Так і з'явілася аднаактоўка, якая адразу ж трапіла на самадзейную сцэну, а крыху пазней на конкурсе, аб'яўленым Упраўленнем па справах мастацтва пры СНК БССР, была адзначана дыпломам і грашовай прэміяй. Дзеянне п'есы „Добра, калі добра канчаецца" адбываецца ў вёсцы адразу пасля вайны і грунтуецца на часовых непаразуменнях, якія ўзнікаюць паміж героямі. Маладой і прыгожай дзяўчыне-ўдарніцы Фросі, якая вярнулася з раённай нарады перадавікоў працы, бацькі паведамляюць, што яе каханы Павел вярнуўся з фронту, але не сам, а з жонкай. Крыху пазней з такой жа навіной з'яўляецца і сяброўка Фросі. Рэакцыя дзяўчыны даволі звычайная ў такіх выпадках: яна плача, кідаецца ў адчай, бацькі ж і сяброўка суцяшаюць Фросю. Аднак праз некаторы час высвятляецца, што дзяўчына, якая прыехала разам з Паўлам, не даводзіцца яму жонкай. Яна толькі суправаджае Паўла, як параненага. Акрамя таго, Павел запрасіў Кацю (так завуць дзяўчыну, што прыехала з ім) на сваё вяселле з Фросяй, бо яна, калі Павел быў цяжка паранены, дала яму сваю кроў, а таксама даглядала і выхаджвала пасля ранення. Непаразуменні знікаюць, усё заканчваецца добра, і Павел з Фросяй рыхтуюцца да вяселля. Сюжэт п'есы, а дакладней, яе фабула, як бачна, нескладаная, як, дарэчы, і канфлікт, пакладзены ў аснову твора. Але ўжо тут назіраюцца некаторыя асаблівасці, у прыватнасці здольнасць да стварэння камедыйна-сатырычных сітуацый, уменне карыстацца сакавітым народным словам, ёмістасць і лаканічнасць дыялога, якія стануць характэрнай адзнакай п'ес Макаёнка.

7. Выяўленне рэчаіснасці 1950 - 1960-х гадоў у камедыях а.Макаёнка ("Выбачайце, калі ласка", "Каб людзі не журыліся", "Лявоніха на арбіце") (на выбар).

З'яўленне сатырычнай камедыі «Выбачайце, калі ласка» (1953) расцэньваецца як грамадзянскі і творчы подзвіг драматурга. Спектаклі па п'есе выклікалі шырокі рэзананс ў краіне, прынеслі А. Макаёнку ўсесаюзнае прызнанне. У той час, калі ў літаратуры панавала тэорыя бесканфліктнасці і ў творах змагалася добрае з лепшым, малады драматург звярнуўся да вострага жыццёвага канфлікту, паказаў залежнасць калгасаў ад раённых кіраўнікоў. Макаёнак вывеў старшыню райвыканкома, які дзеля кар'еры ідзе на падман дзяржавы, з'едліва высмеяў стыль кіраўніцтва, калі жывая праца падмяняецца пасяджэннямі. Калібераў — тыповы кіраўнік савецкага часу, і высмеяны драматургам, ён не адно дзесяцігоддзе кіраваў калгасамі, раёнамі, прадпрыемствамі, абласцямі, нават рэспублікамі, ён выдатна ўпісаўся ў сённяшнюю рэчаіснасць. Мэта Каліберава — вярнуцца ў сталіцу. Там ён займаў нейкую адказную пасаду, але не справіўся з абавязкамі, і яго «панізілі» — перавялі на працу ў раён. Даючы прадгісторыю персанажа, А. Макаёнак гаварыў пра заганную практыку савецкіх і партыйных функцыянераў — кіраўніка, які не ўмее ці не хоча працаваць, не здымаюць з пасады, а пераводзяць у іншае месца. Талент Калібераў мае, але зусім не той, каб разумна наладзіць працу ў раёне. Ён выдатны дэмагог, за клопатам пра дзяржаву лоўка хавае свае эгаістычныя намеры. Метады ў яго тыя ж, што і ў Гарлахвацкага («Хто смяецца апошнім»), ён запалохвае Гарошку фармуліроўкамі тыпу «сабатаж», «кулацкая тэндэнцыя», «шкодніцтва». Перад пагрозай выкрыцця «здае» сваіх бліжэйшых памочнікаў, звальвае віну за прыпіскі на Моцкіна. Ён сапраўды нібыта ў баку, у яго прынцыповасць і сумленнасць доўга вераць Гарошка і калгаснікі. Моцкін — другі цікавы характар у п'есе. Ён дзейнічае актыўна, нахрапіста, яму няма за каго хавацца. Дапамагае Калібераву таму, што ад старшыні райвыканкома не ў малой ступені залежыць — уздымецца Моцкін ці не па службовай.лесвіцы. А. Макаёнак адкрыў новы тып — запалоханага, зацюканага начальствам старшыні калгаса. Гарошка ўнутрана сумленны чалавек, дбайны і разумны гаспадар. Калгас, якім ён кіруе, не з горшых, за што раённае начальства пастаянна завышае гаспадарцы план здачы збожжа дзяржаве. Становішча, у якое трапіў Гарошка — стаў, не жадаючы таго, махляром — аўтар тлумачыць асаблівасцю яго характару. Персанаж не вызначаецца ні настойлівасцю, ні рашучасцю, ён падатлівы, палахлівы, баіцца начальства, баіцца калгаснікаў. Аднак такое тлумачэнне нясе ў сабе пэўны момант спрашчэння і згладжвання жыццёвага канфлікту. Супрацьстаяць самаўладдзю раённага начальства, калі зверху дыктавалі, што сеяць і калі ўбіраць, было вельмі цяжка і старшыням валявым, рашучым. Нават ідучы на махінацыі, Гарошка кіруецца інтарэсамі калгаса, думае, што можна «і другія работы падцягнуць, не будзе той гарачкі». Даўшы гарантыйную распіску Печкурову, ён жыве ў трывозе, душэўна пакутуе. У п'есе адбываецца «перавыхаванне» Гарошкі, ён пераадольвае сваю нерашучасць, палахлівасць і выступае супраць Моцкіна і Каліберава. Дапамагаюць гэта зрабіць старшыні калгасніца Ганна Чыхнюк, брыгадзір Міхальчук, сакратар райкома партыі, які прыязджае на сход.