Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Kratkij_konspekt_lekcij.doc
Скачиваний:
74
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
781 Кб
Скачать
☆

20. Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай

Як мы гаварылі раней (гл. с. 33–35), па акту Люблінскай уніі Вялікае княства Літоўскае павінна было зліцца з Каронай і страціць сваю самастойнасць. Але згодна з артыкуламі Статута 1588 г. ВКЛ здолела захаваць сваю самастойнасць. Можна сцвярджаць, што ў выніку Люблінскай унii ў Еўропе ўтварылася новая канфедэратыўная шматнацыянальная дзяржава — Рэч Паспалітая.

Заканадаўчая ўлада ў краіне належала Вальнаму (агульнаму) cойму. Соймы падраздяляліся на звычайныя, што склікаліся каралём, і надзвычайныя. Надзвычайныя соймы мог склікаць кіраўнік каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай – прымас1 (арцыбіскуп Гнезненскі) у выпадку смер­­­ці караля або яго адмаўлення ад трона. Для выбрання новага караля склікаліся тры соймы: канвакацыйны, элекцыйны і каранацыйны. На канвакацыйным сойме вызначалі час і месца выбараў караля, выпрацоўвалі ўмовы дагавора з кандыдатамі на прастол. На элекцыйным сойме праводзілі выбары і заключалі пагадненне «Пакта канвента». Урачыстая каранацыя і прысяга караля ажыццяўляліся на каранацыйным сойме.

Вальны сойм быў двухпалатны і складаўся з Сената і Пасольскай ізбы (палата дэпутатаў). Вышэйшай палатай сойма з’яўляўся Сенат. Сюды ўваходзілі пэўныя вышэйшыя службовыя асобы дзяржаўнага апарату, вярхі каталіцкага духавенства, ваяводы і кашталяны. Колькасць сенатараў даходзіла да 150 чалавек, гэта лічба магла быць большай або меншай, што залежала ад памяншэння ці павелічэння тэрыторыі дзяржавы і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Першае месца ў Сенаце займаў Гнезненскі арцыбіскуп, прымас каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай. За ім сядзелі звычайныя біскупы і толькі потым — свецкія службовыя асобы (кашталяны, ваяводы і г. д.). Такі расклад сенатараў сведчыць аб клерыкальным накірунку ўлады ў Рэчы Паспалітай. Старэйшыя сенатары размяшчаліся ў крэслах, а малодшыя — на лавах. Як перажытак мінулага сойм выбіраў з ліку сенатараў 28 чалавек ў каралеўскую раду тэрмінам на два гады. Сенатары — дарадчыкі караля дзяліліся на чатыры групы (па 7 чалавек у кожнай) і працавалі ў каралеўскай радзе па шэсць месяцаў.

Ніжэйшай палатай сойма была Пасольская ізба. У яе ўваходзілі прадстаўнікі (паслы-дэпутаты) ад шляхты асобных паветаў ці земляў канфедэратыўнай дзяржавы, а таксама ў невялікай колькасці дэпутаты ад мяшчан найбольш важных ў палітычных і эканамічных адносінах гарадоў. Пасольская ізба з цягам часу стала галоўнай часткай сойма. Дэпутаты ў Пасольскую ізбу выбіраліся шляхтай на павятовых сойміках, якія склікаліся ў ВКЛ за шэсць тыдняў да Вальнага сойма. Выбарчая акруга, у залежнасці ад гістарычных умоў яе складання ці велічыні сваёй тэрыторыі, пасылала на Вальны сойм ад 1 да 8 паслоў. Агульная колькасць дэпутатаў Пасольскай ізбы залежала ад тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У XVI–XVII стст. яна даходзіла да 200 асоб, а ў сярэдзіне XVIII ст. — да 236.

Вальны сойм склікаўся каралём праз кожныя два гады ў Варшаве. Аднак у сувязі з сепаратысцкім шляхецкім рухам у Вялікім княстве Літоўскім ў сярэдзіне XVII ст. супраць караля Рэчы Паспалітай Яна Сабескага Карона пайшла на ўступкі шляхце ВКЛ, і на сойме 1673 г. было прынята рашэнне, каб кожны трэці сойм збіраць у Гародні.

Пачыналася работа сойма ўрачыстым набажэнствам, пасля якога выбіралі маршалка (старшыню) сойма. Калі сойм адбываўся ў Польшчы, старшынёй яго выбіраўся паляк, калі на Беларусі — ліцвін (па прыналежнасці да дзяржавы ВКЛ). Старшыня абвяшчаў пачатак работы сойма. Пасля праверкі мандатаў дэпутатаў Сенат і Пасольская ізба праводзілі сумесныя пасяджэнні, на якіх урад рабіў справаздачу аб сваёй дзейнасці за два гады, разглядаў прапановы наконт далейшай працы. Потым абедзьве палаты працавалі паасобку. За тыдзень да канца сойма праводзіліся пленарныя пасяджэнні дзвюх палат. Распрацаваныя і зацверджаныя каралём соймавыя пастановы набывалі сілу законаў.

Кампетэнцыя вальных соймаў Рэчы Паспалітай была шырокай. Практычна сойм меў права вырашаць любыя пы­танні дзяржаўнага кіравання і заканадаўства. Такія пытанні, як выбранне караля, скліканне апалчэння, аб’яўлен­не вайны і заключэнне міру, устанаўленне падаткаў для шляхты на выпадак вядзення вайны, адносіліся да выключнай кампетэнцыі сойма. Трэба, аднак, адзначыць, што для прыняцця рашэння на сойме патрабавалася аднагалоснае яго ўхваленне. Даволі было аднаму дэпутату не згадзіцца з яго пастановай і паставіць сваё «vеtо» («не дазваляю»), як гэта пастанова прыпынялася. Яшчэ ў XVII ст. былі спробы змагацца з гэтым вельмі шкодным для дзяржавы прынцыпам, але безвынікова. Шляхта бачыла ў скасаванні адзінагалосся і вольнага вета памяншэнне сваіх правоў. Акрамя таго, усе дэпутаты з паветаў абавязаны былі дакладна прытрым­лі­вацца інструкцый, атрыманых на павятовых сойміках, што, у сваю чаргу, стварала цяжкасці ў рабоце. Ужо ў 1652 г. шляхціц А. Сіціньскі, які дзейнічаў па ўказанню А. Радзівіла, першы раз сарваў пасяджэнне сойма, не згадзіўшыся на яго пралангацыю (адтэрміноўку). У далейшым такія бясплённыя соймы здараліся ўсё часцей.

Праўда, у некаторых выпадках, каб пазбегнуць зрыву сойма накладваннем вета, дэпутаты аб’яўлялі свой сойм канфедэрацыяй1, і тады рашэнні прымаліся простай большасцю галасоў.

Рашэнні соймаў Рэчы Паспалітай падраздзяляліся на тры групы:

1) тыя, што тычыліся ўсёй канфедэрацыі2, — аб вышэй­шых органах улады, падатках і іншых агульных справах;

2) тыя, што мелі дачыненне да Кароны;

3) тыя, што мелі сілу ў ВКЛ.

Як правіла, апошнія складалі асобныя соймавыя канстытуцыі. Напрыклад, для кантролю за паступленнем і расходваннем грашовых сродкаў Вялікага княства Літоўскага па рашэнню сойма ствараўся адасоблены ад Кароны Скарбавы трыбунал, які камплектаваўся з прадстаўнікоў ВКЛ. Фінан­савая адасобленасць Княства захоўвалася да апошніх дзён яго існавання. Да 1775 г. на мяжы з Польшчай дзейнічалі канторы і спаганялася пошліна пры ўвозе і вывазе тавараў.

Пасля Вальнага сойма дэпутаты склікалі па паветах так званыя рэляцыйныя соймікі, на якіх яны рабілі справаздачы перад сваімі выбаршчыкамі аб рабоце сойма і сваёй дзейнасці на яго сесіях. Гісторыя ведае выпадкі, калі рэляцыйныя соймікі фактычна пераглядалі пытанні, вызначаныя Вальным соймам. Так, калі ў 1671 г. шляхце Берасцейскага павета на рэляцыйным сойміку паведамілі, што ў цэнтры на сойме разглядаліся пытанні аб устанаўленні падаткаў і зборы войска, то яна, спасылаючыся на адсутнасць кворуму, не прывяла ў выкананне пастанову Вальнага сойма і адклала соймікавыя дэбаты па гэтых пытаннях. Як бачым, нават Вальны сойм не вырашаў канчаткова тое ці іншае пытанне, таму што кожны соймік паасобку пакідаў за сабой права прыняць сваё рашэнне па яго пастанове. Больш таго, мясцовыя соймікі самастойна рашалі фінансавыя і ваенныя пытанні, зацвярджалі падаткі, выбіралі кандыдатаў на адміністрацыйныя і судовыя пасады. Гэта сведчыць, што ў палітычным рэгуляванні Рэчы Паспалітай пераважалі працэсы дэцэнтралізацыі і нават анархіі, калі ўлічваць, што ў 1582–1762 гг. 40% пасяджэнняў Вальнага сойма было сарвана без прыняцця рашэнняў, а ў XVIII ст. рэдка які сойм быў выніковым.

Дэцэнтралізацыі садзейнічала і тое, што ў Рэчы Паспалітай адсутнічалі адзіныя выканаўча-распарадчыя органы. Кожная з частак канфедэрацыі, у тым ліку ВКЛ, мела свой асобны адміністрацыйны і судовы апарат, сваю прававую сістэму. Правамоцтвы караля ўсё больш і больш абмяжоўваліся, і гэта таксама не садзейнічала ўзмацненню цэнтралізацыі.

А зараз мэтазгодна больш падрабязна разгледзець сістэму выканаўчай улады ў Рэчы Паспалітай.

У адпаведнасці з законам краіны на чале выканаўчай улады стаяў кароль, з канца XVI ст. — выбіраемы. Прававое становішча караля рэгулявалася агульнадзяржаўнымі актамі — «Пакта канвента» і «Генрыкаўскімі артыкуламі». Яго дзеянні на тэрыторыі ВКЛ вызначаліся яшчэ і Статутам 1588 г.

У «Генрыкаўскіх артыкулах» абвяшчалася свабоднае абранне караля, свабода хрысціянскага веравызнання, абавязак склікаць сойм раз у два гады тэрмінам на шэсць тыдняў, не склікаць агульнае апалчэнне (паспалітае рушэнне) без згоды сойма. Без згоды сойма каралю забаранялася ўстанаўліваць новыя падаткі, пошліны і інш. Прадугледжвалася, што калі кароль дзейнічаў насуперак праву і сваім абавязкам, то шляхта магла адмовіцца ад падпарадкавання каралю і выступіць супраць яго пасля трохразовага папярэджання з боку прымаса, потым сойміка і, нарэшце, сойма.

Адмовы ад падпарадкавання абвяшчаліся ў выглядзе узброеных канфедэрацый (рокашаў), накіраваных супраць караля (Слуцкая 1767 г., Барская 1768 г., Таргавіцкая 1792 г. і інш.). Такім чынам, ні кароль пры сваім жыцці, ні сойм пры жыцці караля не мелі права намеціць пераемніка каралеўскай улады. Гэтым забяспечвалася поўная свабода шляхты пры абранні караля. Сістэматычна, пасля смерці кожнага караля, пачыналася безуладдзе, якое цягнулася ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Таму на перыяд бескаралеўя існавала асобая пасада інтэррэкса, якую звычайна займаў Гнезенскі арцыбіскуп, прымас Польшчы.

Па закону кароль меў права склікаць Вальны сойм і прызначаць тэрмін для яго правядзення; ад імя караля тварылася правасуддзе; ён прызначаў службовых асоб на ўрадавыя пасады; вёў зносіны з замежнымі краінамі; пасылаў і прымаў паслоў і інш. У сваёй дзейнасці кароль адказваў перад Вальным соймам.

Фактычна ўсё жыццё караля Рэчы Паспалітай было пад кантролем. Нават такія прыватныя факты, як жаніцьба, развод, замежныя паездкі падпадалі пад кантроль сойма.

Такім чынам, Рэч Паспалітую можна вызначыць як моцна абмежаваную манархію. Кароль Рэчы Паспалітай быў выбарны, а таму ён хутчэй нагадваў пажыццёвага прэзі­дэнта, чым манарха. Прыняўшы пад увагу вышэйсказанае, мы бачым, што Рэч Паспалітая па форме хутчэй падобна на рэспубліку, чым на манархію. Так ацэньвала форму праўлення краіны і канстытуцыйнае права, таму што назва «Рэч Паспалітая» ў перакладзе значыць «рэспубліка». Уся ўлада ў гэтай рэспубліцы належала Вальнаму сойму і павятовым соймікам, якія складаліся выключна з паноў-магнатаў і шляхты. Ніжэйшыя станы (саслоўі) краіны ніякіх палітычных правоў не мелі і былі безгалосай, бяспраўнай масай. Таму Рэч Паспалітая фактычна з’яўлялася панскай, шляхецкай рэспублікай без усякіх адзнак дэмакратызму.