- •Кароткі канспект лекцый Па гісторыі дзяржавы і права беларусі ўводзіны
- •1. Прадмет I задачы гiсторыi дзяржавы I права Беларусi
- •2. Гістарыяграфія гісторыі дзяржавы і права Беларусі
- •3. Грамадскі лад усходне-славянскіх княстваў у IX — першай палове XIII ст.
- •4. Палітычны лад дзяржаў-княстваў
- •5. Станаўленне права старажытнай Беларусі і яго характарыстыка
- •6. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага
- •7. Грамадскі лад Вялікага Княства Літоўскага
- •8. Палітычны лад вкл
- •9. Люблінскі сойм і ўмовы аб’яднання вкл з Польшчай
- •10. Заканадаўчае замацаванне самастойнасці Вялікага Княства Літоўскага пасля Люблінскай уніі
- •11. Крыніцы права феадальнай Беларусі
- •12. Судзебнік Казіміра 1468 г.
- •13. Статуты Вялікага Княства Літоўскага
- •14. Канстытуцыйнае права ў статутах вкл
- •15. Грамадзянскае права ў статутах вкл
- •16. Крымінальнае права Беларусі ў XVI ст.
- •17. Вышэйшыя судовыя органы Вялікага Княства Літоўскага
- •18. Мясцовыя судовыя органы вкл
- •19. Працэсуальнае права Вялікага Княства Літоўскага
- •20. Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай
- •21. Акт «Ураўнаванне правоў Вялікага Княства і Кароны» 1697 г. І «Літоўская пастанова» 1700 г.
- •22. Спробы ажыццяўлення рэформ у галіне дзяржаўнага кіраваннЯ Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII ст.
- •23. Кароткі агляд права Беларусі ў другой палове XVI — XVIII ст.
- •24. Судовыя ўстановы і права Беларусі ў канцы XVIII - першай палове XIX ст.
- •25. Рэформа 1861 г. Мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання і самакіравання пасля адмены прыгоннага права
- •26. Судовая, земская і гарадская рэформы
- •27. Першы ўсебеларускі з’езд і абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі
- •28. Абвяшчэнне ссрб. Утварэнне Літоўска-Беларускай сСр
- •29. Другое абвяшчэнне ссрб
- •30. Узаемаадносіны ссрб і рсфср. Уваходжанне Беларусі ў склад ссср
- •31. Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне бсср. Пашырэнне тэрыторыі рэспублікі
- •32. Развіццё права ў Беларускай сср у 20—30-я гг. XX ст.
- •33. Канстытуцыі Беларускай сср 1927 і 1937 гг.
- •34. Судовыя органы Беларусі ў 20–30-я гг. XX ст.
- •35. Землi Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Уз’яднаннЕ Заходняй Беларусі з бсср
- •36. Прававыя меры павышэння абараназдольнасці краіны напярэдадні і ў час Вялікай Айчыннай вайны
- •37. Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і кіравання бсср у гады Вялікай Айчыннай вайны
- •38. Права ў гады вайны
- •39. Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і кіравання бсср у другой палове 40-х — 80-я гг. XX ст.
- •40. Беларуская сср на міжнароднай арэне
- •41. Развіццё права Беларускай сср у другой палове 40-х — 80-я гг. XX ст.
- •42. Канстытуцыя бсср 1978 г.
- •43. Абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэту Беларускай сср
- •44. Кадыфікацыя заканадаўства суверэннай Рэспублікі Беларусь (90-я гг. XX ст. – пачатак XXI ст.)
- •45. Асноўныя этапы беларуска-расiйскай iнтэграцыі
8. Палітычны лад вкл
Пытанне дзяржаўнага ладу ВКЛ – адно з найбольш складаных, асабліва ў раскрыцці праблемы даяржаўнага ўладкавання.
У ХIV–ХVI стст. Вялікае княства Літоўскае па форме праўлення было феадальнай манархіяй. На чале дзяржавы стаяў манарх, які называўся гаспадаром, або вялікім князем. Ён ажыццяўляў заканадаўчую, судовую і адміністрацыйна-гаспадарчую ўладу. У прыватнасці, вялікі князь кіраваў пытаннямі знешняй палітыкі, камандаваў узброенымі сіламі, выдаваў граматы і іншыя прававыя акты, ажыццяўляў вышэйшы суд у дзяржаве, валодаў правам заканадаўчай ініцыятывы і г. д. Але ж найбольш важныя пытанні ён павінен быў вырашаць разам з радаю.
Такім чынам, улада гаспадара не была абсалютнай, яна была абмежавана радай, у склад якой уваходзілі вярхі класа феадалаў. Акрамя таго, яго ўлада абмяжоўвалася соймам, дзе былі прадстаўнікі і павятовай шляхты.
Прававое становішча рады замацавана ў прывілеях 1492 і 1506 гг. Напрыклад, у 1492 г. законам было ўстаноўлена, што ў выпадку разыходжання ў радзе думак вялікага князя і радных паноў гаспадар быў абавязаны выконваць тое, што параяць яму паны-рада. Абмежаванне ўлады вялікага князя ў далейшым было заканадаўча замацавана ў Статуце 1529 г.
Рада з’яўлялася пастаянна дзеючым дзяржаўным органам. Яна не мела строга акрэсленай кампетэнцыі і магла вырашаць любое пытанне ўнутранага і знешняга жыцця дзяржавы. У прыватнасці, у кампетэнцыю рады ўваходзіла: выбранне вялікага князя, абарона дзяржавы, вырашэнне міжнародных спраў, абмеркаванне і прыняцце заканадаўчых актаў, заслухоўванне справаздач некаторых службовых асоб, разгляд найважнейшых судовых спраў і інш.
Такім чынам, рада была выканаўча-распарадчым, заканадаўчым і кантралюючым органам. Яе галоўнае прызначэнне заключалася ў тым, каб ахоўваць правы магнатаў ад замахаў з боку вялікага князя, а таксама ахоўваць тэрытарыяльную недатыкальнасць дзяржавы.
Сойм – вышэйшы агульнадзяржаўны заканадаўчы орган бярэ пачатак ад старажытных вечавых сходаў, якія пры феадалізме ператварыліся ў саслоўна-класавыя органы феадалаў. Пачатак рэгулярнага склікання соймаў адносіцца да XV ст.
Парадак работы сойма, яго кампетэнцыя да XIV ст. рэгуляваліся звычаёвым правам. Спачатку ў сойм уваходзілі ўсе буйныя феадалы, якія з’яўляліся раднымі панамі, службовыя асобы цэнтральнай і мясцовай адміністрацыі, а таксама ўся шляхта. Але рашэнні, як правіла, выносіліся вялікім князем і панамі-радай, а дробныя і сярэднія феадалы пры гэтым толькі прысутнічалі, інакш кажучы, валодалі дарадчым, а не рашаючым голасам. Таму соймы гэтага перыяду былі больш дарадчымі, чым заканадаўчымі.
У XVI ст. заканадаўчыя функцыі сойму пашырыліся. У гэты час ён з усесаслоўнага перарос у прадстаўнічы орган, на пасяджэнні якога з’яўлялася не ўся шляхта, а толькі яе прадстаўнікі — па два дэпутаты (паслы) ад кожнага павета, якія выбіраліся на павятовых сойміках. Акрамя гаспадара, паноў-рады, службовых асоб цэнтральнага і мясцовага кіравання ў рабоце вальных (агульных) соймаў бралі ўдзел каталіцкія і праваслаўныя епіскапы, ігумены манастыроў і кляштараў.
У сістэме органаў дзяржаўнага кіравання значная роля належала вышэйшым службовым асобам, паўнамоцтвы якіх рэгуляваліся пераважна звычаёвым правам.
Важнае месца займаў маршалак земскі, які з’яўляўся ахоўнікам парадку і этыкету пры вялікакняжацкім двары. Яго намеснікам быў маршалак дворны.
Узброенымі сіламі дзяржавы кіраваў гетман найвышэйшы (з XVIII ст. – вялікі), які меў, асабліва ў час вайны, вялікія паўнамоцтвы. Яго намеснікам быў маршалак дворны.
Дзяржаўную канцылярыю ўзначальваў канцлер, пры ім былі пісары, сакратары і іх памочнікі (дзякі). Канцлер зберагаў дзяржаўную пячатку, без прыкладання якой законы не набывалі сілы, падпісваў найважнейшыя дзяржаўныя дакументы, разам са сваім намеснікам падканцлерам – удзельнічаў у падрыхтоўцы і канчатковым рэдагаванні заканадаўчых актаў.
Падскарбі земскі загадваў дзяржаўнымі фінансамі, скарбам. Яго намеснікам быў падскарбі дворны, а памочнікамі – скарбнікі і скарбавыя пісары.
Спецыфічнае становішча сярод службовых асоб займалі вялікакняжацкія ўраднікі. Яны непасрэдна неслі службу ў вялікага князя і вышэйшых прадстаўнікоў улады, выконвалі судовыя рашэнні, уводзілі ва ўладанне маёнткамі, рабілі рэвізіі (люстрацыі), спаганялі нядоімкі па падатках, сачылі за будаўніцтвам дарог, мастоў і інш.
Мясцовыя органы ўлады і кіравання на дзяржаўных землях будаваліся ў адпаведнасці з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам. Да ўтварэння ваяводстваў і паветаў асобныя землі кіраваліся намеснікамі вялікага князя. Пры намесніках былі такія службовыя асобы, як ключнік, гараднічы, цівун, канюшы, ляснічы, пасады якіх у асноўным засталіся і пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565–1566 гг., што падзяліла тэрыторыю ВКЛ на ваяводствы (акрамя існаваўшых раней уводзіліся і новыя), паветы і воласці.
Саслоўна-прадстаўнічымі органамі мясцовай улады выступалі павятовыя і ваяводскія соймікі. У іх удзельнічалі ўсе землеўласнікі павета ці ваяводства.
Мясцовыя органы ўлады мелі шырокія паўнамоцтвы і мала залежалі ад цэнтральных органаў. У сваёй дзейнасці яны кіраваліся агульнадзяржаўнымі нарматыўнымі актамі і мясцовым звычаёвым правам, а таксама актамі мясцовай адміністрацыі.
На тэрыторыі ваяводства прадстаўніком вышэйшай улады быў ваявода. Ён узначальваў адміністрацыйныя, гаспадарчыя, ваенныя і, у значнай ступені, судовыя органы. Ваявода прызначаўся вялікім князем і радай пажыццёва з ліку буйных феадалаў — ураджэнцаў ВКЛ. Бліжэйшым памочнікам ваяводы быў кашталян, які ўзначальваў войска галоўнага замка і апалчэнне.
Ключнік адказваў за спагнанне падаткаў і чыншу, гараднічы быў камендантам замка, лоўчы і ляснічы наглядалі за ляснымі і паляўнічымі ўгоддзямі.
Кіраўніком адміністрацыі ў павеце быў стараста, які таксама прызначаўся вялікім князем і радай з ліку буйных феадалаў. Намеснікам яго быў падстараста. Паўнамоцтвы старасты былі блізкія да паўнамоцтваў ваяводы, у тым ліку і ў галіне правасуддзя. Памочнікам старасты па ваенных справах быў павятовы маршалак, які камандаваў павятовым апалчэннем шляхты. Ён жа, як правіла, старшынстваваў на пасяджэннях павятовага сойміка.
Ніжэйшым звяном у сістэме мясцовага кіравання (на ўзроўні воласці) былі дзяржаўцы – кіраўнікі дзяржаўных і вялікакняжацкіх маёнткаў.
Органы мясцовага кіравання і самакіравання ў гарадах Беларусі, якія рэгулявалі жыццядзейнасць карпарацый мяшчан, значна адрозніваліся ад іншых мясцовых органаў улады і кіравання на месцах. Па арганізацыі кіравання і па характару залежнасці ад вышэйшых органаў улады беларускія гарады падзяляліся на тыя, якія мелі спецыяльныя граматы (прывілеі) на магдэбургскае права, і тыя, якія не мелі такіх грамат. Гарады, якія атрымалі прывілеі, выключаліся з адміністрацыі ваявод і старастаў, у іх утвараліся органы гарадскога кіравання (магістрат) у спалучэнні з некаторымі элементамі самакіравання.
У магістрат (раду) уваходзілі войт, бурмістры, радцы і лаўнікі. Войт стаяў на чале гарадской адміністрацыі суда, прызначаўся на гэтую пасаду ўрадам з ліку феадалаў або гараджан. Правасуддзе войт ажыццяўляў сумесна з членамі гарадской рады і лаўнікамі (засядацелямі). Войт мог прызначыць сабе намесніка — лент-войта. Памочнікам войта па кіраванню справамі ў горадзе былі бурмістры, якія прызначаліся або зацвярджаліся войтам з ліку членаў гарадской рады.
У большасці беларускіх гарадоў рада складалася прыкладна з 6–20 чалавек. Як правіла, у яе ўваходзілі найбольш багатыя купцы, кіраўнікі рамесных цэхаў, багатыя майстры-рамеснікі. У адных гарадах рада выбіралася мяшчанамі, у другіх — войт кампанаваў раду. Рада вызначала асноўны напрамак развіцця гарадской гаспадаркі і кіравала пытаннямі добраўпарадкавання і ўтрымання ў баявой гатоўнасці абарончых збудаванняў, займалася зборам сродкаў на гарадскія патрэбы, ажыццяўляла кантроль за іх расходаваннем і г. д.
Прыватнаўласніцкія гарады былі ўласнасцю асобных князёў і паноў. Таму кіраванне ў іх залежала ад волі ўладальніка, які мог дазволіць утварэнне мясцовых органаў у адпаведнасці з магдэбургскім правам або прызначыць у горад свайго намесніка-кіраўніка.
