Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Kratkij_konspekt_lekcij.doc
Скачиваний:
74
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
781 Кб
Скачать
☆

35. Землi Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Уз’яднаннЕ Заходняй Беларусі з бсср

Паводле Рыжскага мірнага дагавора Заходняя Беларусь прызнавалася часткай Польшчы, а на яе землях устанаўлівалася буржуазна-памешчыцкая ўлада. Менавіта на гэтай тэрыторыі быў уведзены прыняты ў Польшчы адмі­ніст­ра­цый­на-тэрытарыяльны падзел на ваяводствы, павегы, гміны, утвораны Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Плошча Заходняй Беларусі ў 1931 г. складала больш за 112 тыс. кв. км, а насельніцтва – 4,6 млн чалавек.

Гэта была адсталая ўскраіна польскай дзяржавы. У пачатку 30-х гг. 85 % насельніцтва Заходняй Беларусі жыло ў вёсцы, 79 % — занята ў сельскай гаспадарцы. Складаючы 23 % тэрыторыі і 11 % насельніцтва Польшчы, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы мелі ў 1937 г. толькі 2,8 % прадпрыемстваў і 1,9 % рабочых краіны. Эканамічная палітыка правячых колаў была скіравана на тое, каб пакінуць «усходнія крэсы» ў становішчы аграрна-сыравіннага прыдатку больш развітых прамысловых раёнаў карэннай Польшчы, што асуджала край на адсталасць і галечу.

Згодна з пунктам 1 артыкула VII Рыжскага мірнага дагавора Польшча павінна была прадаставіць беларусам, якія апынуліся пад яе юрысдыкцыяй, усе правы па забеспячэнню свабоднага развіцця культуры, адукацыі, мовы, выканання рэлігійных абрадаў, але польскія правячыя колы ніколі не выконвалі гэтыя палажэнні. Наадварот, цяжкае сацыяльнае і эканамічнае становішча спалучалася з не менш цяжкім нацыянальным прыгнечаннем беларускага народа. Польскія ўлады і пануючыя класы ставілі сваёй мэтай выкараніць нацыянальную свядомасць беларусаў, апалячыць іх і дзякуючы гэтаму ліквідаваць глебу для барацьбы за нацыянальнае вызваленне. Каб неяк абгрунтаваць сваё права на захопленыя землі, польскія ўлады не спыняліся перад фальсіфікацыяй статыстычных звестак аб нацыянальным складзе насельніцтва Заходняй Беларусі. Напрыклад, у Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах беларусаў было не 22,5 %, як сцвярджала афіцыйная польская статыстыка, а 67 %; палякаў — не 42, а 12–13; украінцаў было – 5–6; яўрэяў — каля 9; рускіх — 2; літоўцаў — 3 %.

3 першых дзён захопу краю польскія ўлады пачалі закрываць беларускія школы, якіх у 1918 — 1919 гг. сіламі грамадскасці было адкрыта каля 350. У 1938/39 навучальным годзе ў Заходняй Беларусі не стала ні адной беларускай школы, а польскіх школ было недастаткова, каб забяспечыць навучанне ўсіх дзяцей. У выніку непісьменных сярод насельніцтва Заходняй Беларусі ва ўзросце звыш 10 гадоў у 1931 г. налічвалася 43 %. У дзяржаўных установах не дазвалялася карыстацца беларускай мовай, беларусаў не бралі на дзяржаўную службу. Культурнае жыццё беларускага народа пастаянна абмяжоўвалася і падаўлялася.

Польшча лічылася буржуазна-дэмакратычнай рэспублікай. Аднак абвешчаныя сакавіцкай Канстытуцыяй 1921 г. свабоды слова, друку, сходаў, арганізацый пастаянна парушаліся, асабліва на «крэсах». Тут панавалі самавол i здзекі над насельніцтвам з боку паліцыі, чыноўнікаў. Асабліва ўзмацняліся рэпрэсіі ў перыяды ўздыму нацыянальна-вызваленчага руху. У пачатку 30-х гг. у турмах Польшчы знаходзілася больш 10 тыс. палітзняволеных. Новая хваля масавых арыштаў ахапіла край пасля таго, як у 1934 г. на Палессі, у Бярозе-Картузскай, быў створаны канцэнтрацыйны лагер для палітычных зняволеных.

Палітычнае бяспраўе, сацыяльны і нацыянальны прыгнёт насельніцтва Заходняй Беларусі выклікалі барацьбу за свае правы, за вызваленне з-пад польскай акупацыі. Барацьбітоў не магло запалохаць нават тое, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі да 1932 г. прымянялася Крымінальнае ўлажэнне Расійскай імперыі 1903 г., а ў 1932 г. быў уведзены ў дзеянне Крымінальны кодэкс Польшчы, згодна з якiм асобы, прызнаныя вінаватымі ў вызваленчай барацьбе, сурова караліся аж да смяротнага прысуду.

Вызваленчая барацьба ў большасці выпадкаў была выклікана імкненнем да ўз’яднання з БССР. Партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва СССР паўафіцыйна падтрымлівала развіццё ідэі такога ўз’яднання і садзейнічала ўмацаванню веры ў яго ажыццяўленне.

23 жніўня 1939 г., ва ўмовах абвостранага міжнароднага становішча, урад СССР падпісаў з гітлераўскай Германіяй дагавор аб ненападзенні. Пакт быў дапоўнены какрэтнымі пратаколамі, па якіх тэрыторыя Польшчы і шэрага іншых краін падзялялася на сферы ўплыву СССР і Германіі. Устанаўлівалася, што мяжа гэтых сфер павінна праходзіць па лініі рэк Нарэў, Буг, Вісла, Сан. Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна прызнаваліся сферай інтарэсаў СССР.

Засцярогшы сябе на ўсходзе, гітлераўская Германія 1 верасня 1939 г. пачала даўно спланаваную вайну супраць Польшчы. 17 верасня Чырвоная Армія перайшла мяжу, што аддзяляла Заходнюю Беларусь ад БССР. На ўсёй заходняй тэрыторыі пачалі стварацца часовыя органы народнай улады – камітэты сёл, сялянскія валасныя камітэты, з’езды і нарады сялянскіх камітэтаў валасцей і паветаў, упраўленні гарадоў і паветаў, упраўленні абласцей. Ва ўсе ўладныя структуры ўвайшлі прадстаўнікі Чырвонай Арміі.

22 кастрычніка на аснове савецкай выбарчай сістэмы на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі праведзены выбары ў Народны (Нацыянальны) сход. Удзельнічаць у іх мелі права ўсе жыхары, якія дасягнулі 18 гадоў. Было створана 929 выбарчых акруг і выбрана 927 дэпутатаў.

Народны (Нацыянальны) сход пачаў сваю работу 28 кастрычніка 1939 г. у Беластоку. На парадку дня стаялі наступныя пытанні: 1) аб дзяржаўнай уладзе; 2) аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР; 3) аб кан­фіскацыі памешчыцкіх зямель; 4) аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці.

У адпаведнасці з разгледжанымі пытаннямі былі адобраны чатыры дэкларацыі, абвясціўшыя ўстанаўленне савецкай улады на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Дэкларацыі Народнага (Нацыянальнага) сходу сталі прававой асновай для прыняцця 2 лістапада 1939 г. Вярхоўным Саветам СССР Пастановы «Аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад Саюза ССР з аб’яднаннем яе з Беларускай ССР». 14 лістапада Вярхоўны Савет БССР пастанавіў прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і «ўз’яднаць тым самым беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве».

4 снежня 1939 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў указ аб стварэнні на тэрыторыі Заходняй Беларусі пяці абласцей — Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай і Пінскай. У студзені 1940 г. указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 32 паветы былі рэарганізаваны ў 101 раён. 3 мэтай стварэння савецкіх органаў улады і кіравання ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 7 снежня 1939 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі зацверджаны абласныя выканаўчыя камітэты, хоць у адпаведнасці з Канстытуцыяй 1937 г. папярэдне было неабходна правесці выбары ў мясцовыя Саветы. Аблвыканкамы ў сваю чаргу фарміравалі рай- і сельвыканкамы. Выбары ў мясцовыя Саветы на тэрыторыі Заходняй Беларусі адбыліся 15 снежня 1940 г.

Такім чынам, у кастрычніку 1939 г. адбыўся працэс тэрытарыяльнай кансалідацыі беларускай нацыі ў яе этнаграфічных межах. Аднак неўзабаве Віленскі край у сувязі з пактам Молатава — Рыбентропа быў перададзены Літве.

Трэба адзначыць, што станаўленне савецкай сістэмы кіравання суправаджалася парушэннямі законнасці — высылкай у глыб краіны былых дзяржаўных служачых (нават леснікоў), гандляроў, рамеснікаў. Дэпартацыя матывавалася неабходнасцю ачысціць край ад буржуазных элементаў і «ворагаў народа». Мясцовым кадрам, у тым ліку і былым членам КПЗБ і КСМЗХ, выказваўся «палітычны недавер», а на кіруючыя пасады назначаліся, як правіла, работнікі, якія прыязджалі з усходніх абласцей рэспублікі (больш за 14 тыс. чалавек). Няведанне многімі з іх мясцовай спецыфікі прыводзіла да грубых памылак у рабоце і выклікала незадаволенасць насельніцтва.

16 лістапада 1939 г. паміж савецкім урадам і ўрадам Германіі было заключана пагадненне аб перасяленні асоб беларускай нацыянальнасці з польскіх тэрыторый, акупіраваных трэцім рэйхам, на беларускія землі, якія адышлі да СССР. Многіх перасяленцаў напаткаў трагічны лёс: яны сталі ахвярамі органаў НКУС.

Аднак, нягледзячы на ўсе выдаткі, трэба адзначыць, што ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі было актам гістарычнай справядлівасці. Яно паклала канец падзелу Беларусі, аднавіла яе тэрытарыяльную цэласнасць, уз’яднала беларускі народ у адзіную сям’ю.