Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
шпоры по АСП.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
517 Кб
Скачать
☆

2. Структура навукі.

Навуковае пазнанне характарызуецца метадычнай арганізаванасцю і структурным адзінствам. Адзінства навукі мае праблемны, дыскусійны статус; яна актыўна абмяркоўваецца філосафамі і навуказнаўцамі. Пры гэтым усё больш пашыраецца пазіцыя, якая аддае перавагу моманту разнастайнасці, варыятыўнасці навуковага пазнання. Дадзены момант сапраўды істотным чынам уласцівы навуцы, ён зусім не выключае яе грунтоўнага адзінства; наадварот, гаворка павінна ісці тут пра іх узаемасувязь, пра рознасць у стыхіі тоеснасці.

Навука мае шматпланавую структуру: гэта тлумачыцца багаццем яе ўнутраных вызначэнняў і разнастайнасцю знешніх стасункаў, і складанасцю тых мэтаў, якія яна павінна дасягнуць. Пры гэтым вылучаюцца эмпірычны, тэарэтычны і метатэарэтычны ўзроўні. Тэрміны “эмпірыя” і “тэорыя” ўзніклі ўжо ў эпоху Антычнасці, яны прайшлі з таго часу пэўную эвалюцыю, у выніку якой набылі новыя значэнні. Тэрмін “метатэорыя” належыць дваццатаму стагоддзю; у лінгвістычным, этымалагічным плане, аднак, яго карані таксама сягаюць у мову элінаў.

Эмпірычны ўзровень навукі – гэта ўзровень навуковага досведу. У “Клясычным грэцка-беларускім слоўніку” Яна Пятроўскага дадзены прыметнік перакладаецца як “дасьведчаны ў, абазнаны з; здольны, спрытны, навыклы ў рэчы”. Досвед выступае не толькі як навуковы, ён мае складаны характар і можа быць усеагульным або спецыяльным, паўсядзённым або прафесійным. Яго сутнасць – у глыбокай сувязі з чалавечай дзейнасцю, з практыкай, у непасрэдных і асабістых кантактах з рэчаіснасцю.

У агульнапазнавальным кантэксце досвед выяўляецца як узровень адзінства, сінтэзу пачуццёвага і рацыянальнага пачаткаў: пачуццёвае пазнанне знаходзіць у ім сваё сваё першапачатковае абагульненне і разам з ім сваё адноснае завяршэнне. Што да навукі, дык тут яго асаблівасцю з’яўляецца мэтанакіраваны, упарадкаваны, метадычны характар. Упершыню дадзенае палажэнне было выказана выдатным англійскім Ф.Бэканам (1561-1626).

У сучасных умовах шмат хто з філосафаў і тэарэтыкаў навуказнаўства выказвае сумненні адносна адзінства навукі. Або існаванне адзінага, універсальнага метаду ставіцца пад пытанне ці ўвогуле катэгарычна адмаўляецца. Так, выбітны прадстаўнік постпазітывісцкай філасофскай традыцыі К.Попер (1902-1994), паводле яго ўласнага расповеду, пачынаў прысвечаны праблеме навуковага метаду курс лекцый з прызнання, што такога (адзінага і ўніверсальнага) метаду няма.

Слова “метад” азначае “шлях да пэўнай мэты”. На ўзровень філасофскага паняцця яно ўпершыню ўзнімаецца ў Платона. Сэнс і прызначэнне метаду – у тым, каб упарадкаваць і арганізаваць пэўную дзейнасць, пазбавіць яе мітуслівасці, няпэўнасці і няўпэўненасці. Метадычнымі прадпісаннямі акрэсліваецца яе пачатак, разгортванне, рэгламентуецца ўжыванне тых ці іншых працэдур і інструментаў.

Навуковыя метады маюць на мэце арганізацыю і ўпарадкаванне навукова-даследчай дзейнасці. Асноўным метадам эмпірычнага яе ўзроўню з’яўляецца эксперымент. Эксперымент – гэта метад, сутнасць якога – у актыўным, дзейным і планамерным запытванні прыроды пра яе таямніцы, пра яе істотныя уласцівасці. Ён звязаны, такім чынам, з актыўным, мэтанакіраваным і кантраляваным уздзеяннем даследчыка на аб’ект даследавання Эксперыментальныя яе “допыты” звязаныя з “катаваннямі”, бо вольная, наравістая, яна не хоча адкрываць свае сакрэты. Для паспяховага правядзення эксперымента неабходна стварыць пэўныя, спецыяльныя ўмовы, у якія змяшчаецца прадмет даследавання.Эксперымент з’яўляецца найважнейшым метадам.Ён можа быць праведзены далёка не заўжды. У галіне касмалогіі,дзе вывучаюцца гіганцкія сістэмы, неспрыяльная для правядзення эксперыментаў сітуацыя з’яўляецца тыпічнай. У такім выпадку даследчыкі звяртаюцца да назірання. Назіранне – гэта мэтанакіраванае пачуццёвае ўспрыманне рэчаісных аб’ектаў, выяўленне істотных характарыстык якіх і фігуруе ў якасці яго мэты. У залежнасці ад умоў, у якіх адбываецца даследчая дзейнасць, ад магчымасцяў даследчыка і ўласцівасцяў прадмета яго даследаванняў яно можа быць непасрэдным ці апасродкаваным, г. зн. здзяйсняцца пры дапамозе тэхнічных прыстасаванняў. Іх стварэнне і ўжыванне дыктуецца нярэдка рэвалюцыйнай пазнавальнай сітуацыяй і спрыяе яе далейшаму развіццю.

Прыродазнаўства імкнецца да спасціжэння фізічнай рэальнасці ў адзінстве яе існасці, у яе. У выніку істотнае значэнне набываюць колькасныя адрозненні паміж рэчаіснымі прадметамі, працэсамі і феноменамі. Таму прыродазнаўчыя навукі не могуць абысціся без такога метаду, як вымярэнне. Сутнасць вымярэння – у вызначэнні колькасных параметраў рэальных з’яў, падзей і аб’ектаў праз іх параўнанне з пэўным эталонам. Яго немагчыма правесці пры адсутнасці вымяральных прыстасаванняў.

Апісанне – гэта здзейсненая ў пэўнай знакавай сістэме фіксацыя тых падзей, што маюць месца ў рэчаіснасці.Важнае месца ў метадычным арсенале эмпірычнага пазнання займае мадэляванне рэальных з’яў, працэсаў і сістэм, г. зн. стварэнне іх аналагаў. Такія аналагі – мадэлі – могуць замяшчаць іх у навуковых даследаваннях.

Існуюць і іншыя метады эмпірычнага пазнання. У даследчай практыцы да агульнанавуковых, г. зн. характэрных для навукі ў цэлым, метадаў далучаюцца спецыяльныя, г. зн. тыя, што знаходзяць ужытак толькі ў паасобных навуках. Таму ў метадычным плане навуковае пазнанне ўяўляе сабой шматбаковы і багаты феномен. Сярод метадаў , што ўжываюцца на эмпірычным узроўні навукі, неабходна адзначыць і вылучыць індукцыю. Індукцыя выяўляе і грунтоўны лагічны аспект. Яна выступае як спецыфічная форма высноўвання, у якім адбываецца ўзыходжанне ад пэўнай сукупнасці сінгулярных пасылак да ўсеагульнай высновы.

Індукцыя накіроўвае даследчую дзейнасць на выяўленне ў выніках эксперыментаў і назіранняў усеагульных момантаў. Яна ўключае адцягненне ад пабочнага і неістотнага (абстрагаванне), вылучэнне ўсеагульных характэрных рыс аб’ектаў і працэсаў (абагульненне) і мае складаны, комплексны характар. Яе ўжыванне сведчыць пра адноснае завяршэнне досведу, пра неабходнасць пераходу на іншы ўзровень даследчай дзейнасці – тэарэтычны.

Мэтай тэарэтычнага ўзроўню навукі з’яўляецца феномен, праз які ён атрымаў сваю назву, – навуковая тэорыя. У сучасных умовах дадзены тэрмін мае шматзначны характар. У кантэксце пазнавальнай дзейнасці ўвогуле ў ім фіксуецца момант выхаду за межы непасрэдна дадзeнага дзеля таго, каб зразумець і растлумачыць яго. Гэты момант прысутнічае ва ўсіх відах пазнання, але ў пазнанні навуковым ён выступае ў асабліва выразнай, канцэнтраванай форме.

Тыпічным для навукі спосабам згаданай арганізацыі з’яўляецца аксіяматызацыя. Ролю аксіём выконваюць пры гэтым выказванні, у якіх фіксуюцца грунтоўныя законы таго сегмента рэчаіснасці, што апісваецца дадзенай тэорыяй. Найбольш эфектыўным чынам аксіяматызацыя здзяйсняецца ў спалучэнні з фармалізацыяй тэарэтычных ведаў. Фармалізацыя пэўнай тэорыі – гэта прадстаўленне яе у знакавай сістэме, у якой фіксуюцца структурныя сувязі яе элементаў пры адцягненні ад змястоўных аспектаў.

Для распрацоўкі цэнтральных паняццяў і палажэнняў тэорыі фундаментальна важным з’яўляецца метад ідэалізацыі, а тасама шчыльна звязаны з ім уяўны эксперымент: у якасці выніку ідэалізацыі можа фігураваць не толькі ідэальны аб’ект, але і ідэальная сітуацыя – сітуацыя, у якой ідэальныя аб’екты ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Уяўны эксперымент прыводзіць такую сітуацыю ў рух, накіроўвае згаданае ўзаемадзеянне ў пэўнае рэчышча, і ўсё гэта адбываецца ў розуме і ва ўяўленні даследчыка.

У кантэксце аналізу тэарэтычага ўзроўню навуковага пазнання надзвычай важнае значэнне мае высвятленне суадносінаў такіх яго феноменаў, як уласна тэорыі і гіпотэзы. Пад навуковай гіпотэзай (ад старажытнагр. – здагадка, дапушчэнне) мы будзем разумець тэарэтычнае ўтварэнне, якое не пярэчыць фактам, але мае разам з тым статус недаказанага.

Гіпатэтычна-дэдуктыўны метад. Згодна з яго патрабаваннямі спачатку распрацоўваецца гіпотэза, з якой робяцца высновы, што дапускаюць эмпірычную і тэарэтычную праверку . Грунтоўны кагнітыўны патэнцыял выяўляе таксама метад матэматычнай гіпотэзы, г. зн. гіпотэзы сфармуляванай на матэматычнай мове і пры дапамозе матэматычных сродкаў. Тэорыі і гіпотэзы могуць разглядацца як мадэлі тых сегментаў рэчаіснасці, што апісваюцца імі. Матэматычнае мадэляванне фігуруе, як грунтоўная характарыстыка і як надзвычай важны метад тэарэтычнага пазнання. Матэматычная мадэль можа разглядацца як “матэматычная структура, якая выкарыстоўваецца для рэпрэзентавання некаторых значных у фізічных адносінах структур у свеце”. Пры гэтым матэматычнай з’яўляецца структура, элементы якой ўяляюць сабой матэматычныя аб’екты, дачыненні якіх і аперацыі з якімі таксама маюць матэматычны характар.

Метатэарэтычны ўзровень навуковага пазнання – гэта ўзровень светапоглядных і метадалагічных яго асноў. На ім адбываецца інтэнсіўнае ўзаемадзеянне навукі з іншымі духоўнымі формамі і найперш з філасофіяй. Дадзенае ўзаемадзеянне з’яўляецца надзвычай шматпланавым і рознабаковым. У кантэксце ўзаемадачыненняў філасофіі і навукі надзвычай важным падаецца той момант, што істотны іх сегмент мае дысцыплінарна арганізаваны характар. Адпаведная дысцыпліна – філасофія навукі – засяроджваецца на пытаннях пра існасць, асаблівасці і мэты навуковага пазнання. Да найважнейшых яе задач якраз і належыць высвятленне метадалагічных асноў навукі.

Яскравы прыклад скіраваных да навукі паспяховых і ўплывовых філасофскіх канцэпцый уяўляе сабой крытычны апрыярызм І.Канта. Кант прызнаваў наяўнасць у свядомасці суб’екта першасных, дадзеных да ўсякага досведу формаў сузірання, катэгорый, прынцыпаў, якія выступаюць як падстава для тэарэтычнага сінтэзу разнастайнага матэрыялу, атрыманага на пачуццёвым узроўні. У гэтай пазіцыі выявіўся кантаўскі падыход да згаданай вышэй праблемы індукцыі. Філосаф ні на ёту не сумняваўся ў праўдзівасці н’ютанаўскіх законаў, гэта значыць ён лічыў навуку здольнай узняцца да ўсеагульных і неабходных па сваёй існасці ведаў. Ён усведамляў, што такія веды не могуць быць набытыя індуктыўным шляхам.

Аб’ектывізм і арыентацыя на досвед характарызуюць таксама пазітывісцкі метадалагічны праект. У ім адсутнічае у адрозненне ад кантаўскай пазіцыі апрыярыстычны кампанент. Тэрмін “пазітывізм” узыходзіць да слова “пазітыўны”, узятага як абазначэнне фактычнага, наяўнага, дадзенага. Прадстаўнікі пазітывісцкай традыцыі падкрэсліваюць глыбокую ўзаемасувязь тэорыі і досведу. Тэарэтычныя палажэнні разглядаюцца імі як бяссэнсавыя, калі яны не дапускаюць эмпірычную праверку, здольную пацвердзіць іх – верыфікацыю (ад лац. veritas – праўда). У дадзенай сувязі, аднак, зноў заяўляе пра сябе праблема індукцыі: верыфікацыя мае індуктыўны характар і таму не можа быць поўнай.

З памкнення вырашыць супярэчнасць паміж прэтэнзіямі і магчымасцямі пагрунтаванай на прынцыпе верыфікацыі індуктывісцкай праграмы, прапанаванай ў рамках пазітывізму, паўстаў фальсіфікацыянісцкі праект (ад лац. falsus – памылковы). Ён быў распрацаваны К.Поперам, які зыходзіў з фундаментальнай асіметрыі паміж станоўчымі і адмоўнымі вынікамі эмпірычнай праверкі пэўных тэарэтычных утварэнняў: станоўчыя вынікі, колькі б іх ні было, не азначаюць поўнага і канчатковага пацвярджэння тэорыі, у той час як дастаткова толькі аднаго адмоўнага, каб яе абвергнуць.

Фальсіфікацыянізм арыентуе навукоўцаў на строга крытычнае стаўленне да ўсіх без выняткаў навуковых канструкцый (таму тэарэтычны кірунак, ля вытокаў якога стаіць К.Попер і атрымаў назву “крытычны рацыяналізм”). І калі тэорыя не вытрымлівае працэдуру строгай крытычнай праверкі, якая мае, зрэшты, дэдуктыўны характар, ад яе неабходна адмовіцца. Такая мадэль паводзінаў павінна быць у найвышэйшай ступені прыцягальнай для навукоўцаў: яна звязаная з новымі пошукамі, а значыцца і адкрыццямі.

У навукоўцаў ёсць, аднак, іншае выйсце: паспрабаваць выратаваць яе пры дапамозе дадатковых тэарэтычных дапушчэнняў, якія ўводзяцца спецыяльна дзеля таго, каб пераадолець супярэчнасці, з якімі яна сутыкнулася. Крытыкі Попера даводзяць, што ў рэальнай даследчай практыцы найперш абіраецца менавіта гэты другі шлях. Яго праект выглядае ў іх вачах наіўна-рамантычным, прасякнутым духам нарматыўнасці і надта далёкім ад рэальнасці. У якасці яе рэалістычнай, памяркоўнай альтэрнатывы, таксама фальсіфікацыянісцкай па сваёй сутнасці, была прапанавана метадалогія даследчых праграм (І.Лакатас (1922-1974)). Ніхто не адмаўляецц ад тэорыі пры з’яўленні першай яе супярэчнасці з вынікамі эксперыментаў і назіранняў. Толькі ў тым выпадку, калі супярэчнасці памнажаюцца і пагражаюць самому ядру даследчай праграмы, калі яна абрастае тлустым шыхтом ad hoс гіпотэз і , значыцца, дэгенеруе, яна павінна разглядацца як сфальсіфікаваная.

Сярод філасофска-метадалагічных канцэпцый сустракаюцца і праекты, якія ў філасофскай і навуказнаўчай літаратуры спалучаюцца з эпітэтам “радыкальныя”. Да іх належыць, напрыклад, аперацыяналізм. Згодна з патрабаваннямі дадзенай канцэпцыі навуковыя паняцці павінны фармулявацца выключна ў кантэксце аперацый і працэдур, што здзяйсняюцца з імі. У іншым выпадку яны абвяшчаюцца пазбаўленымі сэнсу. Такога кшталту радыкальныя метадалагічныя канцэпцыі выяўляюцца, аднак, як аднабаковыя і занадта рэстрыктыўныя для таго, каб перамагчы ў барацьбе ідэй і знайсці поўнае ўвасабленне ў практыцы навуковых даследаванняў. Дадзеная практыка – багатая, супярэчлівая і жывая – перапрацоўвае, трансфармуе і ўлучае ў свой жывы кантэкст пурыстычныя праекты, скіраваныя на яе дыстыляцыю.

Канструктывізм – яго прадстаўнікі імкнуцца да праўдзівага, пэўнага і трывалага абгрунтавання навуковых ведаў. Такое абгрунтаванне лічыцца імі як удалае ў тым выпадку, калі яе зыходныя тэзы будуць прынятыя кожным кампетэнтным удзельнікам прысвечанага ёй непрадузятага дыскурсу.

Навуковая карціна свету выступае як сістэма грунтоўных уяўленняў пра рэчаіснасць, выпрацаваных у працэсе гістарычнага развіцця навуковага пазнання. Яна з’яўляецца сінтэзам дасягненняў розных навук і фігуруе як агульнанавуковая. Сістэма грунтоўных уяўленняў пра прыроду ўтварае прыродазнаўчую карціну свету, якая ўяўляе сабой адносна самастойную духоўную форму, адрозную ад той, што сінтэзуе веды, набытыя ў галіне грамадазнаўства. І пэўныя асаблівасці светабачання, уласцівыя кожнай канкрэтнай навуковай дысцыпліне, дазваляюць весці гаворку пра тое, што і на іх узроўні сінтэзуюцца адмысловыя – лакальныя, ці спецыяльныя, – карціны свету.

Эмпірычныя, тэарэтычныя і метатэарэтычныя кампаненты навуковага пазнання знаходзяцца ў шчыльным узаемадзеянні паміж сабой. Згаданае ўзаемадзеянне мае супярэчлівы характар, і на пэўных этапах развіцця навукі назіраюцца вострыя калізіі, што патрабуюць радыкальных трансфармацый сістэмы навуковых ведаў. Эмпірычнае пазнанне выступае як найбольш дынамічны кампанент навукі.

Такім чынам, з пункту гледжання задач, сродкаў і вынікаў навукова-даследчай дзейнасці ў ёй вылучаюцца эмпірычны, тэарэтычны і метатэарытычны ўзроўні. Эмпірычны ўзровень – гэта ўзровень навуковага досведу, які ў агульнапазнавальным кантэксце выступае як сінтэз пачуццёвага і рацыянальнага кагнітыўных пачаткаў, а ў навуковым – набывае метадычна арганізаваны характар. Да асноўных метадаў эмпірычнага пазнання належаць эксперымент, назіранне, вымярэнне, апісанне, мадэляванне і індукцыя. У выніку даследаванняў, здзейсненых на ўзроўні навуковага досведу, фіксуюцца факты, датычныя пэўнай сферы рэчаіснасці, выяўляюцца істотныя сувязі і карэляцыі феноменаў, што да яе належаць. Іх сістэматычны разгляд, іх тлумачэнне, аднак, адбываецца на тэарэтычным узроўні навукі. Асноўнай формай навуковых ведаў на гэтым узроўні з’яўляецца тэорыя, якая і дала яму яго імя. Асноўнай характарыстыкай дадзенай формы з’яўляецца яе сістэмнае ўладкаванне. Тыпічным для навукі спосабам такога ўладкавання з’яўляецца аксіяматызацыя. Найважнейшымі метадамі тэарэтычнага пазнання з’яўляюцца метад ідэалізацыі, уяўны эксперымент, гіпатэтычна-дэдуктыўны метад, метад матэматычнай гіпотэзы, матэматычнае мадэляванне.

Метатэарэтычны ўзровень навукі – гэта ўзровень светапоглядых і метадалагічных яе асноў. На гэтым узроўні яна шчыльна ўзаемадзейнічае з філасофіяй. У кантэксце згаданага ўзаемадзеяння быў выпрацаваны цэлы шэраг метатэарэтычных праектаў (крытычны апрыярызм, фальсіфікацянізм, аперацыяналізм і г.д.). У структуры згаданага ўзроўню ў нашым культурным кантэксце традыцыйна вылучаюцца таксама ідэалы і метады навуковага даследавання і навуковая карціна свету.

Даследуючы рэчаіснасць, якая мае структураваны характар, навука структуруецца ў адпаведнасці з ёю. У гэтым плане яна выяўляе дысцыплінарную будову. Навуковыя дысцыпліны можна згрупаваць у сацыягуманітарныя, прыродазнаўчыя і тэхнічныя – у адпаведнасці з тым абсягам рэчаіснасці, што вывучаецца кожным з гэтых комплексаў навук. Па-за межамі гэтай класіфікацыі застаюцца філасофія, логіка і матэматыка, якія маюць адмысловы статус у сістэме навуковага пазнання.