Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
шпоры по АСП.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
517 Кб
Скачать
☆

6. Прыродазнаўства і філасофія.

Тэрмінам “сучасная навука” і “сучаснае прыродазнаўства” абазначаецца тая форма навуковага пазнання, якая паўстала ў выніку рэвалюцыйных яго пераўтварэнняў, што адбыліся напачатку ХХ ст. Яна ўяўляе сабой новы ў параўнанні з класічным этап у развіцці навукі сучаснага тыпу. Сучаснае прыродазнаўства не зрабілася, безумоўна, менш эксперыментальным і матэматызаваным, чым класічнае – у гэтым плане яны з’яўляюцца аднатыпнымі. Тым не менш паміж імі існуюць і істотныя адрозненні. Яны звязаныя найперш з самім разуменнем рэальнасці. На сваім фундаментальным узроўні яна спасцігаецца ўжо як вызначаная праз узаемадачыненні суб’екта і аб’екта пазнання. Э.Шродзінгер даводзіць у дадзенай сувязі, “што нашы знакі і формулы, а таксама звязаныя з імі выявы апісваюць і паказваюць не незалежна ад суб’екта існы аб’ект, а толькі дачыненне суб’ект:аб’ект” і дадае затым, каб суцешыць засмучаных такой сітуацыяй фізікаў: “Але ці не з’яўляецца дадзенае дачыненне па сутнасці адзінай сапраўднай рэальнасцю, якую мы ведаем?”.

Другое фундаментальнае адрозненне паміж сучасным і класічным прыродазнаўствам датычыць інтэрпрэтацыі ў іх рамках прынцыпу дэтэрмінізму. Калі ў класічнай навуцы дамінавала строгая яго версія (кожная падзея разглядалася як адназначна абумоўленая), дык для навукі сучаснай характэрнае хутчэй статыстычнае апісанне прычынна-выніковых сувязяў. Паводле сучасных уяўленняў неабходнасць і выпадковасць спалучаюцца ў самім падмурку рэчаісных з’яў і працэсаў. А ў тэорыях самаарганізацыі ўвогуле даводзіцца пра варыятыўны характар эвалюцыі складаных, адкрытых і далёкіх ад стану раўнавагі сістэм.

У нашым культурным абсягу прынята вылучаць і адрозніваць дзве стадыі развіцця навуковага пазнання ў ХХ-пач.ХХІ стст. – некласічную і постнекласічную. Для заходніх тэарэтыкаў навуказнаўства і навукоўцаў не характэрная ні згаданая тэрміналогія, ні – як правіла – звязаны з ёй падыход. Падзеі, што адбыліся ў галіне навукі ў апошняй траціне ХХ ст. нячаста разглядаюцца імі як навуковая рэвалюцыя, аналагічная па сваіх маштабах і наступствах з радыкальнымі пераўтварэннямі навуковага пазнання, што мелі месца напачатку Новага часу і напачатку ХХ ст.

Такім чынам, сучаснае прыродазнаўства паўстала ў выніку рэвалюцыйных пераўтварэнняў у абсягу прыродазнаўчых навук, што адбыліся на мяжы ХІХ і ХХ ст. Найістотнейшай яго характарыстыкай з’яўляецца разгляд рэальнасці праз прызму ўзаемадзеяння суб’екта і аб’екта пазнання. Яму ўласціва таксама хутчэй статыстычнае апісанне прычынна-выніковых сувязяў. У нашым культурным асяродку прынята вылучаць і адрозніваць дзве стадыі развіцця навуковага пазнання ў ХХ-пач. ХХІ стст. – некласічную і постнекласічную. Найважнейшай характарыстыкай постнекласічнай навукі з’яўляецца тое, што яна найперш засяроджваецца на вывучэнні звышскладаных сістэм, якім уласцівыя працэсы самаарганізацыі і якія нярэдка ўключаюць у сябе чалавека і чалавецтва як дзейныя, актыўныя сілы.

Сучасныя біёлагі нячаста звяртаюцца да праблематыкі жыцця як такога. Яны аддаюць перавагу спецыяльным пытанням, апраўдваючы гэта агульнай тэндэнцыяй сучаснай навукі засяроджвацца на канкрэтных і спецыяльных праблемах. У некаторых выпадках, аднак, згаданай праблематыцы надаецца належная ўвага і атрымліваюцца сур’ёзныя і цікавыя тэарэтычныя вынікі. Ж.Манод, напрыклад, лічыць, што спецыфіка жывога выяўляецца найперш у трох характарыстыках: тэлеанаміі (жывыя істоты надзеленыя праектам, які яны рэпрэзентуюць у сваёй структуры і які здзяйсняецца ва ўсіх праявах іх жыцця), аўтаномным марфагенезе (жывыя істоты набываюць сваю форму і ўвогуле, і ў дэталях праз дзеянне ўнутраных фактараў), інварыянтным узнаўленні (здольнасці рэпрадуктаваць і перадаваць інфармацыю, адпаведную ўласнай структуры).

Ж.Манод даводзіць пра глыбокую узаемасувязь згаданых характарыстык. Сутнасць праекта, які здзяйсняецца на ўзроўні жывых істотаў, вызначаецца той інфармацыяй, якая рэпрадуктуецца і транслюецца імі. Гаворка ідзе пра інварыянтную інфармацыю, уласцівую віду, да якога належыць тая ці іншая істота. Мэтай яе структур, здзяйсненняў, усіх яе дзеянняў з’яўляецца падтрыманне пэўнага, характэрнага для дадзенага віду ўзроўню арганізацыі, упарадкаванасці, зафіксаванага ў згаданай інфармацыі. Тэлеанамічная інфармацыя не выяўляецца інакш, як праз аўтаномны марфагенез.

Наяўнасць грунтоўнай сувязі паміж згаданымі характарыстыкамі жывога, падкрэслівае Ж.Манод, не дае падстаў для іх змешвання, для адмаўлення і ігнаравання адрозненняў паміж імі. Аўтаномны марфагенез з’яўляецца не столькі характэрнай рысай жывога, колькі механізмам яго ўзнікнення, які дзейнічае і на ўзроўні структур, што забяспечваюць інфармацыйную інварыянтнасць, і на ўзроўні тэлеанамічных структур. Адрозніваюцца паміж сабой і гэтыя апошнія, яны адрозніваюцца ўжо сваім базавым біяхімічным субстратам: тэлеанамічныя здзяйсненні забяспечваюцца бялковымі макрамалекуламі, а інфармацыйная інварыянтнасць – малекуламі нуклеінавых кіслот.

Ж.Манод падкрэслівае выключны статус жывога ва ўніверсуме, у якім згодна з другім пачаткам тэрмадынамікі дамінуе тэндэнцыя да разбурэння і хаосу. Ён піша, што сучасная навука дазваляе вынесці адназначны вердыкт на карысць інфармацыйнага аспекту ў гэтым плане. Таму “ўзнікненне, эвалюцыя, сталае дасканаленне ўсё больш і больш развітых тэлеанамічных структур звязаная са змяненнямі, што адбываюцца ў структуры, якая валодае ўжо ўласцівасцю інварыянтнасці, здольнай, значыцца, “захаваць выпадак” і падпарадкаваць такім чынам яго наступствы гульні натуральнага адбору”.

Іншыя навукоўцы, якім не чужая натурфіласофская праблематыка, у сваіх версіях адказу на пытанне пра сутнасныя характарыстыкі жывога таксама акцэнтавалі яго здольнасць супрацьстаяць тэндэнцыі, скіраванай да ўзроўню раўнавагі, якому ўласцівая максімальная энтрапія. Жывыя істоты спасцігаюцца ў сувязі з гэтым як адкрытыя, іерархічна арганізаваныя сістэмы, што падтрымліваюць высокі ўзровень упарадкаванасці, забяспечваючы дынамічную, гнуткую ўнутраную раўнавагу.

Праблема існасці жыцця як біялагічнага феномена абмяркоўвалася і абмеркоўваецца ў філасофскай літаратуры. Нямецкі філосаф М.Гартман (1882-1950) даводзіў, што жывому ўласцівыя найперш тры віды працэсаў: абмен рэчывамі і энергіяй, раздражняльнасць і формаўтварэнне. Французскі філосаф Д.Лекур таксама падкрэслівае, што найгрунтоўнейшай характарыстыкай жывога з’яўляецца няспынны марфагенез, развіццё, эвалюцыя формаў і імкнецца паказаць перамогу фізікалісцкай пазіцыі ў разуменні існасці жыцця, абумоўленая паспяховым разгортваннем біямалекулярных даследаванняў з іх квантава-механічнымі і біяхімічнымі метадамі, не з’яўляецца канчатковай. Найноўшыя дасягненні біялагічнай навукі ствараюць аснову для новай тэорыі жывога, здольнай выйсці за межы традыцыйнай апазіцыі механіцызму і віталізму. Грунтам гэтай тэорыі можа быць новая інтэпрэтацыя прычыннасці, задзейнічанай у эвалюцыйным працэсе. Прычынна-выніковыя сувязі створаны ўсім папярэднім ланцугом “выбараў”, зробленых прыродай у хадзе развіцця жывых формаў.

Такім чынам, у сучасным біяфіласофскім і біялагічным мысленні даюцца розныя, але разам з тым і ў пэўных сваіх аспектах падобныя паміж сабой адказы на пытанне пра сутнасныя ўласцівасці жывога. У пазіцыях фізікалісцкага характару падкрэсліваецца прыярытэт сярод згаданых уласцівасцяў забяспечанай малекуламі нуклеінавых кіслот інфармацыйнай інварыянтнасці жывога, г. зн. захавання, рэпрадуктавання і трансляцыі відавой спадчыннай інфармацыі. У кантэксце сістэмнага падыходу адзначаецца іерархічная арганізацыя жывых істотаў, якія, уяўляючы сабой надзвычай складаныя сістэмы, падтрымліваюць уласцівы ім высокі ўзровень упарадкаванасці і павышаюць яго (г. зн. пераадольваюць тэндэнцыю да павялічэння энтрапіі, што дамінуе ў свеце нежывога). У некаторых філасофскіх працах, прысвечаных дадзенай праблематыцы, у якасці найістотнейшай характарыстыкі жыцця і жывога разглядаецца эвалюцыя яго формаў і падкрэсліваецца адметнасць тых каўзальных сувязяў, што дзейнічаюць у яе рамках.