Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
шпоры по АСП.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
517 Кб
Скачать
☆

5. Прыродазнаўства ў сістэме навуковых ведаў. Праблема суадносінаў прыродазнаўчых і гуманітарных навук.

Выраз “навука сучаснага тыпу”, які неаднаразова ўжываўся ў дадзеным дапаможніку, абазначае тут навуку XVII-XXI cтагоддзяў. Яе галоўная мэта – выяўленне іманентных рэчаіснасці прычынна-выніковых сувязяў. Сродкамі для дасягнення дадзенай мэты ў яе абсягу з’яўляюцца эксперыменты, назіранні, тэарэтычныя абагульненні, матэматычныя гіпотэзы, якія сталым чынам узаемадзейнічаюць паміж сабой. Адмысловае месца ў метадалагічным арсенале навукі сучаснага тыпу належыць матэматычным, колькасным метадам, так што ступень авалодання гэтымі метадамі фігуруе ў ёй як крытэрый узроўню развіцця той ці іншай навуковай дысцыпліны. Грунтоўнай яе характарыстыкай з’яўляецца таксама істотная, непарыўная сувязь з практыкай, якая паглыблялася з кожным крокам наперад у яе развіцці.

Першы этап гістарычнай эвалюцыі навуковага пазнання сучаснага тыпу доўжыўся ад ХVII да мяжы ХІХ і ХХ стст. Навуцы гэтага часу дадаецца, як правіла, эпітэт “класічная”. У класічным прыродазнаўстве прыярытэтнае становішча належала механіцы і звязанаму з ёй механічнаму светабачанню: менавіта механіка задавала ўласцівыя яму кагнітыўныя стандарты. Дамінаванне механіцызму мела свае культурныя перадумовы і са свайго боку ўплывала на культурныя працэсы, абумоўліваючы ўзнікненне адпаведных яму тэндэнцый і разам з тым выклікаючы да жыцця інтэнсіўны пошук сваіх альтэрнатыў.

Сярод істотных характарыстык класічнага прыродазнаўства неабходна вылучыць найперш той момант, што яно адцягвалася ад уплыву суб’екта навуковага пазнання на аб’ект. Ягонаму кагнітыўнаму ідэалу адпавядала апісанне і тлумачэнне “аб’екта ў ім самім без указання на сродкі яго даследавання”.

Спецыфіка класічнага прыродазнаўства ў дачыненні да сучаснай навукі (гэтаксама як і ў дачыненні да папярэдніх формаў навуковага пазнання) выразна выяўляецца таксама ва ўласцівай яму канцэпцыі строгай, адназначнай прычыннасці. Фактычнай яе асновай з’яўляецца механіка, дынаміка, яе грунтоўнае ўяўленне пра сілу.

Такім чынам, класічнае прыродазнаўства з’яўляецца гістарычна першай формай прыродазнаўчых ведаў сучаснага тыпу. Яго храналагічныя межы – XVII – канец ХІХ стст. У якасці навукі-лідара ў ім выступае фізіка і найперш – механіка. Класічнае прыродазнаўства характарызуецца строгім аб’ектывізмам, яно адцягвалася ад уплыву суб’екта навуковага пазнання на яго аб’ект. Істотнай яго характарыстыкай з’яўляецца таксама дэтэрміністычнае светабачанне, разгляд прыродных з’яў і працэсаў у кантэксце строгіх, адназначных прычынна-выніковых сувязяў.

Узнікненне і паспяховае развіццё прыродазнаўства сучаснага тыпу мела трывалы духоўны, культурны падмурак і са свайго боку надзвычай моцна паўплывала на культуру ў цэлым і асабліва на пазнавальны яе сегмент. Першым духоўным феноменам была класічная механіка. Яе распрацоўка надзвычай пасавала да агульнакультурнага ландшафту ХVІІ-пач. XІХ стст., да настрою думак, ідэалаў і чаканняў, народжаных індустрыяльнай рэвалюцыяй.

Дамінаванне прыродазнаўства ў сістэме навуковага пазнання ў Новы час знайшло сваё адлюстраванне і ў філасофіі. Як падкрэслівае Г.-Г.Гадамер, філасофскае асэнсаванне існасці пазнання і высвятленне пытання пра ўмовы праўдзівасці ведаў адбывалася і адбываецца найперш пад вырашальным уплывам прыродазнаўства, што паўстала як вынік навуковай рэвалюцыі XVII ст.

Тым не менш панаванне прыродазнаўчых пазнавальных стандартаў у навуковай культуры не было татальным нават у перыяд “трыўмфальнага шэсця” н’ютанаўскай механікі. У пэўных выпадках назіралася памкненне актуалізаваць і сцвердзіць ідэал гуманітарных ведаў, што сягае сваімі каранямі ў антычную эпоху, як неабходнае дапаўненне прыродазнаўчага падыходу. Яскравым прыкладам супраціўлення дыктату ўласцівых для прыродазнаўства сучаснага тыпу прынцыпаў, арыентацый і норм пазнавальнай дзейнасці ў гэты час з’яўляецца творчасць Д.Віка (1668-1744 ) з характэрнай для яе артыкуляцыяй “памяці”, “фантазіі”.

Увогуле, як мяркуюць гісторыкі навукі, у ХVIII ст. былі зробленыя вырашальныя крокі ў падрыхтоўцы вылучэння гуманітарыстыкі ў адносна самастойны элемент навуковага пазнання. Напачатку ХІХ ст. працэс згаданага вылучэння сталее, разгортваецца, набірае моц: узнікаюць самастойныя гуманітарныя даследчыя кірункі і традыцыі. У сувязі з гэтым цалкам натуральна паўстала патрэба ў вывучэнні і раскрыцці існасці ўзаемадачыненняў гуманітарных навук і прыродазнаўства.

Адпаведная праблематыка была ўспрынятая як грунтоўная і ў найвышэйшай ступені перспектыўная найперш нямецкім філосафам В.Дзільтэем (1833-1911). В.Дзільтэй імкнуўся разглядаць яе менавіта з пункту гледжання гуманітарыстыкі, кіруючыся ідэалам чалавека як цэласнай у сваёй рознабаковасці істоты – адоранай не толькі розумам з яго лагічнымі аперацыямі і схемамі, але і жаданнямі, воляй, пачуццямі. Філосаф быў перакананы, што праявы і вынікі творчай дзейнасці людзей, разгортвання іх узаемных стасункаў, іх гістарычнага развіцця могуць плённа вывучацца толькі на аснове адмысловай пазнавальнай стратэгіі.

В.Дзільтэй таксама ні на ёту не сумняваўся ў тым, што згаданая стратэгія павінна адрознівацца кардынальным чынам ад сістэмы характэрных для прыродазнаўства метадалагічных ідэалаў, арыенціраў і прынцыпаў. Прыродазнаўчыя навукі выяўляюць уласцівыя прыроднай рэчаіснасці каўзальныя сувязі, фармулююць законы, на якіх яны грунтуюцца і, значыцца, тлумачаць яе. Пагрунтаванае на тэарэтычным валоданні законамі рэчаіснага свету тлумачэнне не можа быць, аднак, плённым у абсягу гуманітарыстыкі, бо гістарычныя падзеі, мастацкія творы ці чалавечыя ўчынкі не могуць быць зведзеныя да законаў, да ўсеагульных і неабходных прычынна-выніковых сувязяў. Таму іх нельга растлумачыць, іх можна толькі зразумець. У якасці гістарычнага падмурку для такога падыходу фігуравала герменеўтычная духоўная традыцыя, кагнітыўныя працэдуры ў рамках якой грунтуюцца менавіта на прынцыпах, ідэалах і мэтах інтэрпрэтацыі і разумення.

Паводле Дзільтэя, разуменне як эфектыўная пазнавальная стратэгія магчымая таму, што ў духоўнай рэчаіснасці, у яе фактах выяўляюцца пэўныя працэсы, аспекты, нюансы ўнутранага духоўнага жыцця індывідаў, пэўныя іх перажыванні. Паміж згаданымі фактамі і іх унутранай духоўнай падставай захоўваецца жывая сувязь. Кожны, хто імкнецца зразумець іх, можа дасягнуць такога разумення праз паўтарэнне звязанага з імі перажывання. Для яго дадзенае перажыванне выступае як новае, здольнае пашырыць ягоны духоўны далягляд, што абумоўлівае грунтоўны пазнавальны патэнцыял адпаведных практык.

У гуманітарным пазнанні ўнутраны свет яго суб’екта павінен быць задзейнічаны напоўніцу, што суб’ектыўная зацікаўленасць, суб’ектыўны ўдзел у прадмеце пазнання выступае як у найвышэйшай ступені запатрабаваны. У прыродазнаўстве суб’ектыўнае разглядаецца як persona non grata у кагнітыўным працэсе. На навуковым узроўні, у абсягу розных гуманітарных дысцыплін задзейнічаныя, больш складаныя, чым разгледжаная вышэй, герменеўтычныя працэдуры. Дзільтэй меркаваў, што больш складаныя тыпы разумення грунтуюцца на гэтай простай яго форме і ў канчатковым выніку зводзяцца да яе.

Праблема спецыфікі гуманітарнага пазнання і яго размежавання з прыродазнаўчымі навукамі хвалявала ў гэты час таксама філосафаў, якія належалі да т. зв. паўднёва-заходняй (бадэнскай) школы неакантыянства. У выніку адпаведных даследаванняў найбольш вядомы з яе прадстаўнікоў В.Віндэльбанд (1848-1915) прыйшоў да высновы, згодна з якой гуманітарныя навукі маюць ідыяграфічны (ад старажытнагр. ἴδιος – уласны, своеасаблівы і γράφειν – пісаць, апісваць) характар: яны засярджваюцца на непаўторным, індывідуальным, адмысловым. А вось прыродазнаўства характарызуецца як наматэтычны2 (ад старажытнагр. νομοθέτειν – выдаваць законы, прадпісваць) тып ведаў: яно арыентуецца на выяўленне заканамернага, усеагульнага, універсальнага. Акрамя таго, як сцвярджалі выбітныя прадстаўнікі дадзенага філасофскага кірунку, у абсягу гуманітарнага пазнання грунтоўнае значэнне мае каштоўнасны аспект: індывідуальнае, асаблівае можа быць вылучана як прадмет навуковага апісання толькі на аснове каштоўнаснага крытэрыю.

Неабходна адзначыць, што на грунце выказанай найперш В.Дзільтэем ідэі метадалагічнай самастойнасці гуманітарных навук паўстала надзвычай уплывовая філасофская традыцыя. Разам з тым на яе адрас гучала і гучыць сур’ёзная крытыка: пазітывісцкі ідэал адзінства навуковых стандартаў, пагрунтаванага на нормах і прынцыпах матэматычнага прыродазнаўства, таксама захоўвае сваю прыцягальную сілу. Прыхільнікі гэтага пункту гледжання бачаць у герменеўтыцы “псеўдаметадалогію недакладнай, адсталай, аддадзенай у палон самавольству і спекуляцыі навуковасці, якая павінна быць замененая лагічна-матэматычнай фармалізацыяй, для таго каб т. зв. навукі пра дух (Geisteswissenschaften) узняліся да ўзроўню сур’ёзнай навукі”. У кантэксце распрацоўкі адзінага, універсальнага ідэалу навуковасці паўстае, аднак, і супрацьлеглая тэндэнцыя – тэндэнцыя, якая характарызуецца памкненнем пагрунтаваць згаданы ідэал якраз на герменеўтычнай метадалогіі.

Той факт, што ў сучасных умовах назіраюцца працэсы, якія сведчаць пра ўзаемнае збліжэнне гуманітарных і прыродазнаўчых навук, можа разглядацца, натуральна, як важкі аргумент на карысць ідэі адзінства навукі і яе пазнавальных стандартаў.

Такім чынам, напачатку Новага часу класічная механіка фігуравала як своеасаблівы узор навуковасці безадносна да прадметнага і праблемнага поля даследчай дзейнасці. Тым не менш панаванне прыродазнаўчых пазнавальных стандартаў у навуковай культуры не было татальным нават у перыяд “трыўмфальнага шэсця” н’ютанаўскай фізікі. У пэўных выпадках (напрыклад, у творчасці Д.Віка) назіралася памкненне актуалізаваць і сцвердзіць ідэал гуманітарных ведаў, што сягае сваімі каранямі ў антычную эпоху, як неабходнае дапаўненне прыродазнаўчага падыходу. У ХVIII ст. былі зроблены вырашальныя крокі ў падрыхтоўцы вылучэння гуманітарыстыкі ў адносна самастойны элемент навуковага пазнання, якое напачатку ХІХ ст. сталее, разгортваецца, набірае моц, так што ўзнікаюць самастойныя гуманітарныя даследчыя кірункі і традыцыі.

У сувязі з гэтым выразна акрэслілася – надзвычай важная ў кантэксце разумення існасці як гуманітарнага, так і прыродазнаўчага пазнання – задача высвятлення іх узаемнай спецыфікі, іх адметнасці. У кантэксце яе вырашэння ў якасці адметнай характарыстыкі гуманітарыстыкі прапаноўвалася разглядаць наяўнасць у ёй такой пазнавальнай стратэгіі як разуменне, што выступае як паўтарэнне перажыванняў, звязаных з чалавечым быццём у свеце, з адпаведнымі падзеямі і працэсамі. У супрацьлегласць гэтаму пазнавальная стратэгія прыродазнаўства характарызавалася як пагрунтаванае на валоданні законамі рэчаіснасці тлумачэнне. Акрамя таго, указвалася на ідыяграфічны (звязаны з апісаннем непаўторнага, адметнага) характар гуманітарных навук, у той час як прыродазнаўства падавалася як наматэтычны (звязаны з заканамерным, усеагульным) тып ведаў.

У сучасных умовах назіраюцца працэсы, якія сведчаць пра ўзаемнае збліжэнне гуманітарных і прыродазнаўчых навук. Яго нельга разглядаць, аднак, як здольнае скасаваць усе ўнутрынавуковыя адрозненні і выступіць у якасці падставы для ўніфікацыі навуковых ведаў на той ці іншай метадалагічнай аснове. Адзінства навукі павінна трактавацца хутчэй як дыялектычнае, канкрэтнае, аплодненае ўнутранымі адрозненнямі.