Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Бел.мова. Прафесійная лексіка. Н.А.Круглік.-200...doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1 Мб
Скачать
☆

Паняцце стыляў мовы

Словы, якія складаюць лексіку сучаснай беларускай мовы, адрозніваюцца сваім ужываннем. Для выражэння думак або перадачы пэўнага паведамлення мы выбіраем толькі тыя моўныя, у тым ліку і лексічныя, сродкі, якія адпавядаюць абставінам, мэце і задачам паведамлення. Падбор моўнавыяўленчых сродкаў і вызначае стылі сучаснай беларускай мовы, вывучэннем якіх займаецца стылістыка.

Моўны стыль (грэч. stylos — палачка для пісьма ў старажытнасці і сярэднявеччы) — гэта сукупнасць моўных сродкаў, ужыванне якіх залежыць ад характару, мэт і зместу выказвання. У стылістыцы вылучаецца пяць асноўных функцыянальных стыляў: навуковы, афіцыйна-справавы, публіцыстычны, гутарковы і мастацкі.

Навуковы стыль абслугоўвае патрэбы людзей, звязаных з іх дзейнасцю ў пэўнай галіне навукі і тэхнікі. Гэта стыль навуковых прац, падручнікаў. Для яго характэрны абагульненасць і падкрэсленая лагічнасць выкладу.

Афіцыйна-справавы стыль служыць для афармлення заканадаўчых актаў і дакументаў (дагавораў, інструкцый, заяў, даведак, справаздач, пратаколаў і інш.). На ім вядзецца перапіска ўстаноў і службовых асоб. Гэты стыль вызначаецца дакладнасцю, лаканічнасцю і канкрэтнасцю.

Публіцыстычны стыль выконвае дзве асноўныя функцыі — інфармацыі і эмацыянальнага ўздзеяння. Ён выкарыстоўваецца ў грамадскай літаратуры, перыядычным друку, палітычных выступленнях, прамовах на сходах, у мове радыё і тэлебачання.

Гутарковы стыль — гэта стыль штодзённай неафіцыйнай размовы людзей. Ён абслугоўвае сферу бытавых моўных зносін і адрозніваецца ад іншых стыляў не толькі падборам моўных сродкаў, але і наяўнасцю пры размове жэстаў, мімікі, інтанацыі.

Асобнае месца ў мове займае мастацкі стыль, або стыль мастацкай літаратуры. Асноўная яго функцыя — эстэтычнае ўздзеянне на чытача і слухача праз мастацкія вобразы. Таму гэты стыль вызначаецца вобразнасцю, эмацыянальнасцю і выразнасцю.

Кожны з разгледжаных стыляў, побач з агульнаўжывальнымі, стылістычна нейтральнымі лексічнымі і граматычныміі адзінкамі, уключае толькі яму ўласцівыя словы, фразеалагізмы, сінтаксічныя канструкцыі, інтанацыйныя сродкі, якія атрымалі назву стылістычна абмежаваных.

Існаванне стыляў абумоўлена багаццем мовы, яе сінанімікай. У сучасных нацыянальных мовах любое выказванне можна перадаць па-рознаму. Чым больш развітая мова, чым багацейшыя яе сінанімічныя рэсурсы, тым больш разнастайныя спосабы перадачы інфармацыі.

Але існаванне патэнцыяльных рэсурсаў мовы не стварае функцыянальных стыляў. Для іх фарміравання патрэбны яшчэ знешнія, экстралінгвістычныя, нямоўныя фактары, якія вызначаюць умовы адбору моўных адзінак: форма зносін (вусная і пісьмовая, дыялагічная і маналагічная), сацыяльная сфера зносін (бытавая, вытворчая, дзяржаўная і г. д.), змест інфармацыі (тэма і прадмет выказвання), мэта зносін (паведамленне, просьба, загад і г. д.), умовы адносін (характар узаемаадносін удзельнікаў акта камунікацыі).

Вусная і пісьмовая формы адносін адрозніваюцца асаблівасцямі кантакту паміж субяседнікамі. Пры вуснай форме ажыццяўляецца непасрэдны кантакт субяседнікаў, пры пісьмовай — апасродкаваны. Вусная форма разлічана на слыхавое ўспрыманне, пісьмовая — на зрокавае. Пры вуснай форме маўлення вялікую ролю адыгрывае жэст, міміка, інтанацыя. Нездарма Б. Шоу гаварыў, што ёсць пяцьдзесят спосабаў сказаць «так» і пяцьсот спосабаў сказаць «не», але ёсць толькі адзін спосаб напісаць гэта.

Падзел маўлення на вусную і пісьмовую формы не супадае з падзелам стыляў на гутарковы і кніжныя, бо кожны стыль мовы можа выкарыстоўвацца ў вуснай і пісьмовай форме, але найчасцей гутарковы стыль ужываецца ў вуснай мове, а кніжныя — у пісьмовай.

Дыялагічная і маналагічная формы зносін таксама дыктуюць выбар моўных сродкаў. Дыялагічная форма часцей ужываецца ў гутарковым стылі, маналагічная — у кніжных. Аднак і маналагічная форма зносін магчымая ў гутарковым стылі, напрыклад выступленне на сходзе, сяброўскае пісьмо. Нават у звычайнай размове субяседнікаў дыялог спалучаецца з маналогам. У такіх кніжных стылях, як публіцыстычны і навуковы, выкарыстоўваюцца элементы дыялагічнай формы выказвання. Стылю мастацкай літаратуры ўласцівы абедзве формы; у лірыцы пераважае маналог, у драматычных творах — дыялог.

На сучасным этапе развіцця грамадства найбольш характэрным з’яўляецца ўзаемапранікненне стыляў, іх узаемны ўплыў. Перасячэнне, скрэшчванне розных стылістычных пластоў выяўляецца не толькі ў звязным тэксце, але і ў асобным выказванні. Тлумачыцца гэта павышэннем узроўню адукацыі, актыўнасцю сродкаў інфармацыі, зменай сацыяльнай структуры грамадства і інш. Межы паміж стылямі, умоўныя, адносныя заўсёды, цяпер становяцца яшчэ больш рухомымі. Аднак не ўсе стылі аднолькава ўспрымаюць уздзеянне іншых стылістычных пластоў. Найбольш падатлівы гутарковы стыль. Ён прыцягвае рознастылёвыя моўныя сродкі, але і сам аказвае вялікі ўплыў на фарміраванне новых прымет у іншых стылях. Гутарковы стыль асімілюе кніжныя элементы і сам пранікае ў кніжныя стылі, нават у найбольш кансерватыўны — афіцыйна-справавы.