Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
С.В.Зыгмантович ОРГАНИЗАЦИЯ И ТЕХНОЛОГИИ БИБЛИО...doc
Скачиваний:
24
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
2 Мб
Скачать
☆

4.2. Картатэкі і базы даных бібліятэкі

У адрозненне ад бібліятэчных каталогаў картатэкі адлюстроўваюць звесткі аб дакументах (або выбраных з іх фактах) незалежна ад наяўнасці гэтых матэрыялаў у фондзе дадзенай бібліятэкі, гэта значыць, што яны арыентаваны на адлюстраванне ўсяго сукупнага дакументнага патоку.

Сёння ў бібліятэках картатэкі вядуцца ў традыцыйнай і адзіна магчымай для іх форме – карткавай. Выкарыстанне электронных сродкаў пры арганізацыі такіх пошукавых сістэм вядзе да змены назвы – фарміравання баз даных, хаця можна яшчэ сустрэць такія некарэктныя назвы, як “электронная картатэка”, “электронны каталог артыкулаў”.

Да ліку найбольш распаўсюджаных у практыцы работы бібліятэк картатэк адносяцца сістэматычная картатэка артыкулаў (СКА); краязнаўчыя картатэкі; тэматычныя картатэкі; спецыяльныя картатэкі; фактаграфічныя картатэкі.

Цэнтральнае месца сярод картатэк займае сістэматычная картатэка артыкулаў. Па тэматыцы адлюстроўваемых дакументаў яна з’яўляецца універсальнай, аднак у канкрэтных бібліятэках яе змястоўныя межы вызначаюцца з улікам эканамічнага і сацыяльна-культурнага развіцця абслугоўваемага бібліятэкай рэгіёна (раёна), профілю бібліятэкі і сістэма­тычнага вывучэння патрэбнасцей карыстальнікаў. Па назначэнні СКА адносіцца да крыніц агульнай бібліяграфіі і выконвае функцыю ядра ўсёй сістэмы картатэк бібліятэкі. Яе структура аналагічная структуры сістэматычнага каталога. Асаблівасці гэтай картатэкі, якія адрозніваюць яе ад сістэ­матычнага каталога, звязаны з аператыўным адлюстраваннем у ёй новых матэрыялаў з часопісаў, газет, перыядычных выданняў і зборнікаў, якія працягваюцца; пастаянным увядзеннем новых і актуалізацыяй фармуліровак старых рубрык.

Асноўнымі крыніцамі папаўнення СКА раней з’яўляліся друкаваныя карткі цэнтралізаванай каталагізацыі, але з 1992 г. Нацыянальная кніжная палата Беларусі іх перастала выпускаць, а набыццё картак Расійскай кніжнай палаты звязана з фінансавымі цяжкасцямі. Таму ў цяперашні час аналітычны роспіс ажыццяўляецца, як правіла, сіламі супрацоўнікаў бібліятэкі – бібліёграфамі, што прыводзіць да шматкратнага дубліравання гэтага працэсу і яго падаражання. У СКА адлюстроўваюцца аналітычныя матэрыялы незалежна ад іх наяўнасці ў бібліятэцы. Галоўнымі крытэрыямі для адбору з’яўляюцца профільнасць бібліятэкі, актуальнасць, навізна, арыгінальнасць, навуковая, мастацкая значнасць матэрыялаў.

У аснове сістэматызацыі матэрыялаў у сістэматычнай картатэцы артыкулаў ляжыць тая ж схема класіфікацыі, што і ў сістэматычным каталогу (ББК – ва універсальных біблія­тэках; УДК – у навуковых і навукова-тэхнічных бібліятэках; рубрыкатары, распрацаваныя ў апошнія гады буйнейшымі бібліятэкамі). Але для СКА характэрна больш дробная дэталізацыя матэрыялу ўнутры рубрык у сувязі з тым, што па новых і перспектыўных тэмах картатэка адлюстроўвае большы аб’ём матэрыялу, чым СК. Унутры рубрык картатэкі матэрыял размяшчаецца ў адваротным храналагічным парадку, што забяспечвае карыстальніку магчымасць знаёмства з навейшымі публікацыямі, а бібліёграфу – аператыўна ўключаць новыя карткі і выключаць устарэлыя.

Матэрыялы ў СКА захоўваюцца, пакуль яны актуальныя і на іх ёсць попыт, а ў СК – да тых часоў, пакуль дакумент знаходзіцца ў фондзе. Картатэку пастаянна аднаўляюць у адпаведнасці з устаноўленымі тэрмінамі захоўвання картак: тры – чатыры гады (для грамадскіх навук), чатыры – пяць гадоў (для прыродазнаўчых і тэхнічных навук), сем і болей гадоў (для літаратуразнаўства, мастацтва).

Бібліёграфы пастаянна праводзяць рэдагаванне СКА, якое заключаецца ў праверцы адпаведнасці структуры, зместу і афармлення картатэкі патрабаванням, якія да іх прад’яў­ляюцца, і ў выпраўленні выяўленых недахопаў. Адроз­ніваюць планавае і бягучае рэдагаванне, поўнае і выбарачнае, метадычнае і тэхнічнае. Рэдагаванне называюць планавым, калі работа плануецца ў гадавым плане. Бягучае рэдагаванне вядзецца ў працэсе работы з СКА адначасова з расстаноўкай картак. Поўнае рэдагаванне тычыцца картатэкі цалкам, выбарачнае – аднаго або некалькіх загадзя вызначаных раздзелаў. Метадычнае рэдагаванне накіравана на ўдасканаленне картатэкі шляхам перапрацоўкі зместу, паляпшэння яе структуры за кошт уводу новых дзяленняў, унясення выпраўленняў у яе афармленне. Тэхнічнае рэдагаванне звязана з праверкай правільнасці ўнутранага афармлення картатэкі – расстаноўкі картак, афармлення раздзяляльнікаў, выяўлення арфаграфічных памылак, замены зношаных картак. У выніку рэдагавання паляпшаюцца інфармацыйныя якасці картатэк і іх пошукавыя магчымасці, што робіць бібліяграфічныя картатэкі надзейным сродкам абслугоўвання карыстальнікаў.

Бібліяграфічныя аддзелы вядуць СКА з выкарыстаннем сродкаў аўтаматызацыі, фарміруючы базу даных “Артыкулы” і адначасова раздрукоўваючы каталожныя карткі для паралельнага вядзення традыцыйнай СКА.

Для вядзення бібліяграфічнай базы даных “Артыкулы” ў бібліятэцы выкарыстоўваюцца, як і для вядзення ЭК, тыя ж тэхнічныя сродкі (персанальны камп’ютэр, тэрмінал, з дапамогай якога ажыццяўляюцца ўвод даных і далейшае выкарыстанне масіву інфармацыі, якая знаходзіцца ў базе даных, сістэма сувязі са знешнімі базамі даных), праграмнае забеспячэнне (спецыяльна распрацаваныя алгарытмы і праграмы, якія дазваляюць весці аўтаматызаваную апрацоўку дакументаў), лінгвістычныя сродкі (комплекс інфармацыйна-пошука­вых моў – ІПМ рознага тыпу, методыка індэксавання і пошуку інфармацыі), а таксама нарматыўна-метадычныя дакументы, якія рэгламентуюць стварэнне і падтрыманне ў рабочым стане лінгвістычных сродкаў і забяспечваюць магчымасць абмену БД. У аўтаматызаванай тэхналогіі выкарыстоўваюцца як традыцыйныя ІПМ (напрыклад, ББК, УДК, іншыя класіфікацыйныя ІПМ, мова прадметных рубрык), так і нетрадыцыйныя (дыскрыптарныя, мова ключавых слоў і інш.). Падтрымка лінгвістычнага забеспячэння ў рабочым стане ажыццяўляецца службай вядзення ІПМ.

Увод бібліяграфічнай інфармацыі ў бібліяграфічную БД “Артыкулы” ажыццяўляецца з дапамогай фарматаў каталагізацыі, прызначаных для пераўтварэння бібліяграфічнага запісу ў форму, зручную для апрацоўкі на ЭВМ. Фармат вызначае правілы запісу ў камп’ютэры, унутраную структуру даных, а таксама знакі і коды, пры дапамозе якіх біблія­графічныя запісы раздзяляюцца і ідэнтыфікуюцца. У камп’ю­тэрнай тэхналогіі фармат выконвае тыя ж функцыі, што і ГОСТ 7.1 – 2003 “Библиографическая запись. Библиографическое описание. Общие требования и правила составления” пры падрыхтоўцы бібліяграфічных запісаў для традыцыйных картатэк. Найбольш часта выкарыстоўваецца міжнародны камунікатыўны фармат UNIMARC, у Беларусі на аснове гэтага фармату распрацаваны камунікатыўны фармат BELMARC для каталагізацыі розных відаў выданняў, у тым ліку і ана­літычных матэрыялаў, які адлюстраваў асаблівасці нацыянальных правіл каталагізацыі.

Увод інфармацыі ў бібліяграфічную базу даных “Артыку­лы” заключаецца ў вылучэнні элементаў бібліяграфічнага запісу і занясенні іх у адпаведныя палі і падпалі фармату, пазначаныя меткамі, якія дазваляюць камп’ютэру ідэнтыфі­каваць уводзімую інфармацыю аб дакуменце. Палі і падпалі высвечваюцца на экране, пасля чаго адбываецца іх запаўненне бібліёграфам. Акрамя бібліяграфічнага апісання, бібліёграфам з дапамогай выкарыстоўваемай ІПМ – індэксаў класіфікацыі, прадметных рубрык – адлюстроўваецца змест дакументаў. Для фарміравання слоўнікаў у фармаце біблія­графічнага запісу могуць выдзяляцца прозвішчы аўтараў, назвы калектываў, ключавыя словы і інш., і машына сфарміруе асобныя слоўнікі, якія значна палегчаць пошук неабходнай інфармацыі.

Пошук інфармацыі ў бібліяграфічнай БД “Артыкулы” можа ажыццяўляцца з дапамогай меню і масак. Меню – гэта сфарміраваныя машынай слоўнікі або базы ведаў, якія знаходзяцца ў памяці БД. Яны ўяўляюць сабой пералік лексіч­ных адзінак, што выводзяцца на экран дысплея і дапамагаюць выбраць кірунак пошуку з варыянтаў. Напрыклад, меню тэм можа прадставіць спісак дзяленняў табліцы класіфікацыі або слоўнік прадметных рубрык. Маскі – гэта фарматы, якія маюць пустыя палі, што павінны быць запоўнены спажыўцамі. Напрыклад, маска “Увядзіце загаловак” падказвае карыстальніку шлях адшукання артыкула па загалоўку, які ён запісвае ў фармат.

Асноўнымі носьбітамі інфармацыі пры фарміраванні бібліяграфічнай БД “Артыкулы” з’яўляюцца жорсткія дыскі (вінчэсцеры), дыскеты, кампакт-дыскі. Кампакт-дыскі валодаюць вялікай інфармацыйнай ёмістасцю, сумяшчальнасцю з персанальнымі камп’ютэрамі і з’яўляюцца надзейным даўгачасным сродкам захоўвання і пошуку інфармацыі.

Перыядычныя выданні выступаюць для бібліятэк вельмі важнай і значнай крыніцай для абслугоўвання карысталь­нікаў, таму што змяшчаюць найбольш актуальную інфар­мацыю, аператыўна адлюстроўваюць інфармацыю аб новых навуковых даследаваннях і атрыманых выніках, падзеях навуковага і культурнага жыцця, часта з’яўляюцца адзінай крыніцай інфармацыі па пэўнай праблеме. Таму навуковыя бібліятэкі лічаць прыярытэтным камплектаванне сваіх фондаў часопісамі і ў апошнія гады ў сярэднім больш паловы выдзеленых на камплектаванне сродкаў затрачваюць на іх падпіску. Між тым сёння бібліёграфам трэба ведаць змены, якія характарызуюць выданне перыядычных крыніц, і ствараць адпаведныя сродкі для работы з імі, прымаць адпаведныя метадычныя рашэнні пры вядзенні спецыялізаваных частак ДБА, якія адлюстроўваюць як самі перыядычныя выданні, так і аналітычныя матэрыялы з іх.

На інфармацыйным рынку з’явіліся электронныя версіі перыядычных выданняў, інтэрнет-версіі, стужкі навін, дайджэсты дзелавых навін, а таксама спецыялізаваныя серверы, што даюць інфармацыю як аб бягучых падзеях, так і электронныя архівы газет. Рэдакцыі перыядычных выданняў, якія выдаюць электронныя версіі, могуць прадастаўляць іх карыстальнікам раней выхаду ў свет выдання на папяровым носьбіце, яны могуць быць паўней, чым іх цвёрдыя копіі. Найбольшую складанасць пры пошуку профільных публікацый у бібліёграфа ўяўляюць часопісы, якія выходзяць толькі ў электронным выглядзе, прадстаўлены ў інтэрнеце ў самых розных варыянтах – ад кароткай апісальнай формы да поўных тэкстаў усіх выпускаў з рэтраспектывай за некалькі гадоў. Электронныя часопісы ў сістэме бягучага бібліяграфічнага інфармавання не распісваюцца. Таму бібліёграфы павінны ведаць магчымыя пошукавыя сродкі такой інфармацыі.

Іх прагляд ажыццяўляецца праз дамашнія (персанальныя) старонкі рэдакцый гэтых перыядычных выданняў; інфарма­цыйныя фірмы ствараюць дайджэсты і прэс-агляды вядучых цэнтральных і рэгіянальных перыядычных выданняў па сваім профілі і ў адпаведнасці з запытамі карыстальнікаў; рэдакцыі асобных выданняў ствараюць каталог сваіх публікацый; рэдакцыі перыядычных выданняў выдаюць паўнатэкставыя БД газет, часопісаў. Значным дасягненнем апошняга дзесяцігоддзя з’яўляецца стварэнне паўнатэкставай БД з сусветным ахопам перыядычных выданняў. У цяперашні час інстытут “Адкрытае грамадства” прыступіў да рэалізацыі шырокамаштабнай праграмы “Электронная інфармацыя для бібліятэк”. Яна накіравана на забеспячэнне бясплатнага доступу да поўных электронных версій 4550 замежных часопісаў у галіне гуманітарных і негуманітарных навук. Праз сеткавы доступ або на аснове кампактных аптычных дыскаў чытачы, у тым ліку і беларускіх бібліятэк (НББ, ЦНБ НАН РБ, РНТБ і інш.), атрымалі магчымасць з 2001 г. працаваць з БД фірмы EBSCO, буйнейшага ў свеце пастаўшчыка часопісаў у электроннай форме.

Інфармацыя аб наяўнасці ў інтэрнеце электронных часопісаў і асаблівасцях іх прадстаўлення размяшчаецца на спецыялізаваных сайтах – тэматычных парталах і службах інфармавання аб перыёдыцы: Ulrich’s International Periodicals Directory (http: // www. ulrichsweb. com), Publish (http: // www. publish. com), Periodicals (http: // periodicals. net) і інш. Звярнуўшыся да гэтых сайтаў, бібліёграф і карыстальнік могуць атрымаць важнейшую інфармацыю: ці маецца часопіс, які яго цікавіць у інтэрнеце; у якім аб’ёме там прадстаўлены яго матэрыялы; за які перыяд і на якіх умовах (бясплатна ці за плату). Акрамя таго, на некаторых сайтах можна даведацца і аб тым, у якія базы даных уключаюцца і індэксуюцца артыкулы з часопіса. У Рунеце, як і ў Байнеце, такіх службаў, што прадстаўляюць увесь комплекс інфармацыі па расійскіх часопісах і адпаведна па беларускіх, няма. У Расіі калектыў супрацоўнікаў Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі пачаў з 2002 г. рэалізацыю праекта “Стварэнне партала расійскіх часопісаў гуманітарнай тэматыкі, размешчаных у інтэрнеце, на серверы РДБ”. Галоўным кампанентам партала стане агульнадаступная БД структураваных апісанняў расійскіх навуковых і навукова-папулярных часопісаў гуманітарнай тэматыкі, даступных праз інтэрнет. Апісанні будуць адлюстроўваць важныя характарыстыкі часопісаў: назву; ISSN; тэматыку; арганізацыю, якая выдае часопіс; наяўнасць у адкрытым доступе анатацый (рэфератаў) і /або поўных тэкстаў артыкулаў; уключэнне артыкулаў з часопіса ў розныя БД і інш.

Цікавым у метадычным плане з’яўляецца рашэнне па вя- дзенні базы даных Бібліятэкай па прыродазнаўчых навуках РАН, у якой комплексна прадстаўлена інфармацыя як аб перыядычных выданнях, так і аб матэрыялах з іх. Бібліятэка вядзе БД перыядычных выданняў, з апісання якіх створана сістэма адсылак да зместу часопісаў, размешчаных на сайтах рэдакцый выдавецтваў, што выпускаюць гэты часопіс. Рашэнне гэтай задачы было немагчымым для традыцыйных часопісаў і традыцыйных формаў работы бібліятэк без стварэння аналітычнага роспісу паступаючых часопісаў. У дадзеным выпадку працаёмкасць вядзення такой БД значна змяншаецца за кошт выкарыстання свабодна даступнай выдавецкай інфармацыі.

Рост у апошнія гады цікавасці да гісторыі, і ў прыватнасці да гісторыі свайго краю, прывяла да актывізацыі краязнаўчай работы ў бібліятэцы, у тым ліку да вядзення краязнаўчых картатэк, якія пашыраюць магчымасці краязнаўчага каталога, адлюстроўваючы дакументы па шырокім коле пытанняў, што тычацца розных аспектаў гісторыі і сучаснага жыцця рэгіёна. Распрацавана спецыяльная схема групоўкі матэрыялу ў картатэцы. Крыніцамі яе фарміравання выступае ўвесь даступны бібліёграфу дакументны паток. Асаблівая ўвага звяртаецца на кнігі, перыядычныя выданні і выданні, што працягваюца, якія выходзяць на тэрыторыі рэгіёна.

З пераходам на інфармацыйныя тэхналогіі (па аналогіі з вядзеннем СКА) у бібліятэках ажыццяўляецца перавод традыцыйных краязнаўчых картатэк у электронную або сеткавую форму. Улічваючы, што яны ўяўляюць унікальную па тэматыцы бібліяграфічную прадукцыю, для іх распаўсюдж­вання ў сусветнай інфармацыйнай прасторы імкнуцца пры- трымлівацца наступных прынцыпаў: магчымасці канвертацыі і абмену з іншымі базамі даных; першачарговага роспісу мясцовых, малатыражных і нетыражуемых выданняў. Асаблівасцю развіцця краязнаўчага ДБА ў выпадку яго рэалізацыі ў электронным варыянце з'яўляецца генерыраванне комплексу БД: адначасова паўнатэкставых, бібліяграфічных і фактаграфічных. У гэтым выпадку ў яго ўключаюць не толькі тэкставую інфармацыю, але і іканаграфічную, аўдыё- і відэаматэрыялы. Трэба адзначыць і такую тэндэнцыю: агульнадаступныя бібліятэкі пачалі прымаць на захоўванне і адлюстроўваць у краязнаўчых картатэках, БД сямейныя архівы жыхароў дадзенага рэгіёна, што робіць іх яшчэ больш каштоўнымі.

Вядуцца ў бібліятэцы і тэматычныя картатэкі, прызначэннем якіх з'яўляецца адлюстраванне дакументаў па найбольш актуальнай або профільнай і таму запатрабаванай чытачамі праблематыцы. Калі тэматычныя картатэкі ствараюцца па актуальнай тэматыцы, то часта яны носяць часовы характар і вядуцца да тых пор, пакуль тэма захоўвае актуальнасць і не забяспечана друкаванымі бібліяграфічнымі дапаможнікамі.

У публічных, дзіцячых бібліятэках тэматычныя картатэкі прызначаюцца ў асноўным для задавальнення агульнаадукацыйных патрэбнасцей карыстальнікаў. У іх адлюстроў­ваюцца ўсе віды выданняў па структуры і ў асноўным навукова-папулярнага, масава-палітычнага, вучэбнага, даведачнага характару. У залежнасці ад прызначэння картатэкі выкарыстоўваюцца розныя спосабы групоўкі матэрыялу: у картатэках рэкамендацыйнага прызначэння – тэматычная або лагічная (рэкамендацыйная) групоўка; пры фармулёўцы рубрык могуць выкарыстоўвацца раздзелы з праграм вучэбных дысцыплін, назвы раздзелаў афіцыйных выданняў, загалоўкі артыкалаў і інш.

У спецыяльных бібліятэках тэматычныя картатэкі звычайна маюць профільны характар (або міжгаліновы), па якім складана знайсці матэрыялы на базе універсальнай часткі ДБА. Яны аб'ядноўваюць усе віды выданняў, што адлюстроўваюцца ў розных частках універсальнага ДБА, а таксама адсутнічаюць у дадзенай бібліятэцы, дапамагаюць мець дастаткова поўнае ўяўленне аб дакументнай забяспечанасці пэўнай галіны ведаў, тэмы. Іх напаўненне патрабуе прагляду вялікай колькасці крыніц: не толькі новых паступленняў у фонд бібліятэкі, а і прагляду крыніц бягучай дзяржаўнай бібліяграфіі, рэфератыўных і аглядных матэрыялаў, іншых бібліяграфічных крыніц па сумежных галінах. Для арганізацыі матэрыялу ў іх распрацоўваюцца спецыяльныя галіновыя або праблемна арыентаваныя рубрыкатары. Картатэкі маюць доўгатэрміновы характар, пераводзяцца ў электронную форму і працягваюць весціся ў выглядзе баз даных. Методыка вядзення іх у электроннай форме аналагічная стварэнню тэматычных бібліяграфічных дапаможнікаў з выкарыстаннем сродкаў аўтаматызацыі. На іх базе могуць рыхтавацца бібліяграфічныя дапаможнікі. Прыкладамі такіх картатэк і БД з'яўляюцца «Рацыяналізатарства і вынаходніцтва ў Беларусі» (вядзе РНТБ), «Бібліятэказнаўства і бібліяграфія» (вядзе бібліятэка БДУ культуры і мастацтваў) і інш.

Спецыяльныя картатэкі ствараюцца для задавальнення чытацкіх запытаў, якія не могуць быць паспяхова рэалізаваны на базе універсальнай часткі ДБА (патрэбны працаёмкі шмат­аспектны пошук, дадзены від дакументаў не адлюстроў­ваецца ў іншых частках ДБА). Да іх адносяць картатэку загалоўкаў твораў мастацкай літаратуры, рэцэнзій, персаналій, ілюстрацыйных матэрыялаў, бібліяграфічных дапаможнікаў і інш. У спецыяльных навуковых бібліятэках распаўсюджаны картатэкі работ супрацоўнікаў, абароненых дысертацый.

У сувязі з тым, што да гэтага часу ў большасці публічных бібліятэк спецыяльныя картатэкі вядуцца ў традыцыйнай карткавай форме, разгледзім методыку іх вядзення, хаця трэба адзначыць, што пры генерыраванні баз даных патрэбнасць у некаторых з іх знікае (напрыклад, картатэкі загалоўкаў твораў мастацкай літаратуры, рэцэнзій і інш.), некаторыя картатэкі (работ супрацоўнікаў навуковых калектываў, персаналій, перыядычных выданняў) з бібліяграфічных пераў­твараюцца ў пошукавыя сістэмы змешанага тыпу – біблія­графічныя і паўнатэкставыя.

Картатэка загалоўкаў твораў мастацкай літаратуры забяспечвае пошук літаратуры па прымеце, часцей за ўсё вядомай чытачу, – загалоўку. Карткі гэтай картатэкі змяшчаюць мінімум звестак – назву твора, яго жанр, прозвішча аўтара. Гэтую картатэку часта разглядаюць як дапаможны пошукавы апарат да алфавітнага каталога. Для матэрыялаў, апубліка­ваных у перыядычных выданнях, на картцы прыводзіцца бібліяграфічнае апісанне крыніцы публікацыі. У картатэцы адлюстроўваюцца творы, якія маюць індывідуальныя загалоўкі, не адлюстроўваюцца вершы, п’есы.

Картатэка рэцэнзій уключае карткі, якія змяшчаюць апісанні рэцэнзуемага твора і самой рэцэнзіі (рэцэнзій), размешчаных па алфавіце прозвішчаў аўтараў і загалоўкаў рэцэнзуемых твораў. Картатэка рэцэнзій можа быць невялікай і аператыўна аднаўляемай (напрыклад, уключаць матэрыялы бягучага года ў тым выпадку, калі бібліятэка атрымлівае «Летапіс рэцэнзій»). Штоквартальны выхад «Летапісу рэцэнзій», наяўнасць у ім дапаможных паказальнікаў дазваляюць адмовіцца ад доўгатэрміновага захоўвання матэрыялаў у картатэцы. Такім чынам, у дадзенай картатэцы ніжняя храналагічная мяжа захоўвання матэрыялаў можа вызначацца інфармацыйным інтэрвалам для «Летапісу рэцэнзій». Гэта забяспечвае актуальнасць картатэкі. У тых бібліятэках, дзе чытачы праяўляюць павышаную цікавасць да крытычных матэрыялаў, вядзенне картатэкі рэцэнзій, якая будзе адлюстроўваць матэрыялы за некалькі гадоў, больш мэтазгодная, чым выкарыстанне «Летапісу рэцэнзій». У картатэцы ўсе артыкулы, прысвечаныя аднаму твору, сабраны разам, і таму пошук матэрыялу пры алфавітнай групоўцы праводзіцца больш аператыўна.

Картатэка персаналій ствараецца з улікам значнай колькасці запытаў аб дзеячах навукі, культуры, дзяржаўных і грамадскіх асобах. Матэрыял групуецца ў алфавіце персанальных рубрык. На раздзяляльніках прыводзяцца асноўныя звесткі аб жыцці і дзейнасці асобы. Спачатку прыводзяцца бібліяграфічныя апісанні прац самой персоны, а потым біяграфічны, крытычны матэрыял аб ёй і яе творчасці. Вя- дзенне картатэкі персаналій працаёмкае: распісваецца вялікая колькасць розных дакументаў (кніг, зборнікаў, перыядычных выданняў).

Сістэматычная картатэка бібліяграфічных матэрыялаў вя- дзецца звычайна бібліёграфам для службовых мэт і адлюстроўвае асобна выдадзеныя бібліяграфічныя дапаможнікі, а таксама прыкніжныя і ўнутрычасопісныя спісы. Матэрыял размяшчаецца ў сістэматычным парадку па той жа схеме класіфікацыі, што і ў СК і СКА. Ва ўмовах аўтаматызацыі ў вядзенні дадзенай картатэкі адбываюцца пэўныя змены, яна пераўтвараецца ў электронны даведнік, «навігатар» інфарма­цыйных рэсурсаў, які раскрывае змест традыцыйных і электронных бібліяграфічных пошукавых сістэм, розных формаў даведачных выданняў, ствараемых і набываемых бібліятэкай. Важнейшай яе часткай становяцца адрасы электронных бібліятэк, каталогаў, БД, вэб-сайтаў розных арганізацый, размешчаных у інтэрнеце, якія ўяўляюць цікавасць для бібліёграфаў, бібліятэкараў і карыстальнікаў бібліятэкі. Папаўненню гэтай часткі БД дапамагае выкарыстанне даведнікаў па рэсурсах інтэрнета як замежных краін, у тым ліку расійскіх, так і беларускіх. Аднак трэба ўлічваць, што ў сувязі з вялікай дынамічнасцю сеткавых рэсурсаў звесткі аб іх, уключаныя ў такія даведнікі, хутка старэюць.

Да ліку спецыяльных картатэк адносяцца картатэка ілюстрацый, у якой аналітычна распісаны ілюстрацыйныя матэрыялы з розных выданняў; картатэка ілюстрацыйна-метадычных матэрыялаў, ствараемая па кірунках бібліятэчна-бібліяграфічнай работы, і інш.

Павелічэнне колькасці фактаграфічных запытаў чытачоў пры хуткім старэнні даведачных выданняў і разгрупаванасці матэрыялаў, высокі кошт паслуг, якія прадастаўляюць аналітычныя інфармацыйныя цэнтры, прымушаюць біблія­тэкі ствараць уласныя фактаграфічныя пошукавыя сістэмы. Фактаграфічныя картатэкі і БД ствараюцца сёння не толькі спецыяльнымі навуковымі і навукова-тэхнічнымі біблія­тэкамі, але і універсальнымі навуковымі і публічнымі біблія­тэкамі. Найбольш распаўсюджанымі ў дзейнасці публічных бібліятэк з'яўляюцца картатэкі сацыяльна-эканамічнага про­філю рэгіёна, адрасныя БД арганізацый і прадпрыемстваў рэгіёна, наменклатуры тавараў і паслуг бытавога прызначэння; адукацыйных паслуг і арганізацый, якія іх прадастаўляюць; службаў сацыяльнай падтрымкі і дапамогі асобе; паслуг бірж працы і інш.

Рэспубліканскія навуковыя бібліятэкі таксама генерыруюць разнастайныя фактаграфічныя БД. Так, НББ вядзе БД «Беларусь у падзеях і асобах», дзе адлюстроўваюцца звесткі аб асобах, што маюць дачыненне да Беларусі па прафесійнай дзейнасці, месцы нараджэння, якія жылі і ўнеслі свой уклад у яе гісторыю, навуку, культуру; звесткі аб падзеях, што ўвайшлі ў гісторыю Беларусі; звесткі аб арганізацыях, установах, прадпрыемствах Беларусі. БД уключае інфармацыю з энцыклапедый і іншых даведачных выданняў. Пошук у раздзеле БД «Персаналіі» можа ажыццяўляцца па розных крытэрыях: прозвішчы, саслоўі, родзе заняткаў, галіне, тэрытарыяльнай і храналагічнай прыметах; у раздзеле «Падзеі» – па галіне, храналогіі, прозвішчах удзельнікаў, кіраўнікоў, тэрытарыяльных і іншых прыметах. Акрамя выкарыстання БД пры выкананні разавых запытаў, яна з’яўляецца асновай і для стварэння яе друкаванага аналага – «Беларускі каляндар”. ЦНБ вядзе дзве фактаграфічныя БД “Біяграфістыка” і “Біяграфіі акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі”. Навуковая бібліятэка па фізкультуры і спорту генерыруе БД «Беларускія алімпійцы», “Параалімпійцы”, крыніцамі папаўнення іх з'яўляюцца розныя даведачныя выданні, інтэрв’ю са спартсменамі. АУНБ генерыруюць БД, якія адлюстроўваюць звесткі ў маштабах рэгіёна, – «Хроніка культурных падзей вобласці» і інш.

Ключавым пытаннем методыкі стварэння фактаграфічных картатэк і БД з'яўляецца распрацоўка тыпавых макетаў апісання аб'ектаў, якія даюць дастаткова поўную і шматаспектную іх характарыстыку. Так, калі ствараецца арганізацыйна-фірменная картатэка, а гэта на сёння адна з самых распаўсюджаных фактаграфічных картатэк і БД, то макет апісання можа ўключаць наступныя звесткі: назву арганізацыі; адрасныя даныя; наяўнасць філіялаў; тып арганізацыі і форму ўласнасці; звесткі аб першых асобах; асноўныя кірункі дзейнасці; прадукцыю, паслугі і ўмовы іх прадастаўлення; рэйтынг арганізацыі; членства ў міжнарод­ных прафесійных аб'яднаннях; адлюстраванне дзейнасці арганізацыі ў друку; выданні самой арганізацыі.

Асноўныя характарыстыкі картатэк і БД замацоўваюцца ў пашпартах, дзе ўказваюцца: назва картатэкі (БД); яе тэматыка; год стварэння картатэкі (БД); крыніцы камплектавання; храналагічны ахоп, яе аб'ём, штогадовы прырост; аператыўнасць уключэння новых звестак (актуалізацыя даных); віды адлюстроўваемых дакументаў; спосаб бібліяграфічнай характарыстыкі дакументаў; арганізацыя матэрыялаў у межах картатэкі і раздзелаў; выкарыстоўваемая ІПМ; дапаможны апарат; прозвішча адказнага за вядзенне картатэкі (БД).

Да нядаўняга часу пашпарты картатэк з'яўляліся ўнутранай дакументацыяй бібліятэкі. Нягледзячы на тое, што распрацоўваліся уніфікаваныя формы, паўната і парадак адлюстравання звестак залежалі ад прафесійных якасцей бібліёграфаў, адказных за вядзенне картатэк. Сітуацыя змянілася, калі бібліятэкі пачалі генерыраваць бібліяграфічныя і фактаграфічныя БД, прызначаныя для знешняга карыстання (абмену, продажу, размяшчэнню ў інтэрнеце). Спатрэбілася выкарыстанне уніфікаваных формаў характарыстыкі гэтай прадукцыі, абавязковых для апісання БД, ствараемых любымі ўстановамі і прэтэндуючых на адлюстраванне ў розных каталогах і паказальніках БД. Схема характарыстыкі замацавана ў ГОСТ 7.70 – 96 «Описание баз данных и машиночитаемых информационных массивов. Термины и определения».