- •Прадмова
- •Глава 1. Арганізацыя бібліяграфічнай дзейнасці
- •1.2. Бібліяграфічная дзейнасць: арганізацыя, методыка і тэхналогія
- •1.3. Агульныя пытанні арганізацыі бібліяграфічнай дзейнасці
- •1.4. Цэнтры бібліяграфічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь
- •1.5. Узаемадзеянне цэнтраў бібліяграфічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь
- •1.6. Узаемадзеянне цэнтраў бібліяграфічнай дзейнасці Беларусі з замежнымі ўстановамі і арганізацыямі
- •2.1. Агульныя пытанні арганізацыі бібліяграфічнай
- •Дзейнасці ў бібліятэцы
- •Пытанні і заданні
- •Глава 2. Арганізацыя бібліяграфічнай дзейнасці ў бібліятэцы
- •2.2. Асаблівасці арганізацыйна-функцыянальнай структуры бібліяграфічнай службы бібліятэк розных тыпаў
- •2.3. Бібліяграфічнае падраздзяленне бібліятэкі і яго асноўныя функцыі
- •2.4. Бібліяграфічныя працэсы ў небібліяграфічных падраздзяленнях бібліятэкі
- •Пытанні і заданні
- •Раздзел іі. Даведачна-бібліяграфічны апарат бібліятэкі Глава 3. Агульныя пытанні арганізацыі дба бібліятэкі
- •3.1. Азначэнне, функцыі, уласцівасці, прынцыпы
- •І метадычныя патрабаванні да арганізацыі дба
- •3.2. Структура дба і задачы бібліятэк па яго развіцці
- •Пытанні і заданні
- •Глава 4. Сістэма каталогаў і картатэк бібліятэкі
- •4.1. Каталогі бібліятэкі
- •4.2. Картатэкі і базы даных бібліятэкі
- •4.3. Пошукавыя сістэмы ў інтэрнеце
- •Пытанні і заданні
- •Глава 5. Даведачна-бібліяграфічны фонд (дбф) бібліятэкі
- •5.1. Азначэнне, структура, камплектаванне і арганізацыя дбф у бібліятэках
- •Пытанні і заданні
- •5.2. Афіцыйныя дакументы і бд прававой інфармацыі ў дбф бібліятэкі
- •5.3. Даведачныя выданні і фактаграфічныя бд у дбф бібліятэкі
- •5. 4. Даведачныя рэсурсы ў інтэрнеце
- •5.5. Бібліяграфічныя крыніцы ў дбф бібліятэкі
- •5.6. Крыніцы бягучай дзяржаўнай бібліяграфіі ў дбф бібліятэкі
- •5.7. Крыніцы агульнай рэтраспектыўнай бібліяграфіі ў дбф бібліятэкі
- •5.8. Крыніцы масавай бібліяграфічнай інфармацыі ў дбф бібліятэкі
- •5.9. Крыніцы навукова-дапаможнай бібліяграфіі ў дбф бібліятэкі
- •5.10. Бібліяграфічныя базы даных у дбф бібліятэкі
- •5.11. Крыніцы папулярнай бібліяграфіі ў дбф бібліятэкі
- •5.12. Бібліяграфічныя рэсурсы ў інтэрнеце
- •5.13. Паказальнікі бібліяграфічных дапаможнікаў у дбф бібліятэкі
- •5.15. Фонд неапублікаваных бібліяграфічных дапаможнікаў
- •Пытанні і заданні
- •Раздзел III. Арганізацыя, тэхналогія і методыка падрыхтоўкі бібліяграфічных дапаможнікаў
- •Глава 6. Тэхналогія і методыка падрыхтоўкі
- •Бібліяграфічных дапаможнікаў: агульныя пытанні
- •6.1. Тэхналагічная характарыстыка падрыхтоўчага этапу складання бібліяграфічных дапаможнікаў
- •6.2. Тэхналагічная характарыстыка аналітычнага этапу складання бібліяграфічных дапаможнікаў
- •6.3. Тэхналагічная характарыстыка сінтэтычнага этапу складання бібліяграфічных дапаможнікаў
- •6.4. Тэхналагічная характарыстыка заключнага этапу складання бібліяграфічных дапаможнікаў
- •6.5. Тэхналогія падрыхтоўкі бібліяграфічных дапаможнікаў з выкарыстаннем сродкаў аўтаматызацыі
- •Пытанні і заданні
- •Глава 7. Спажыўцы бібліяграфічнай інфармацыі
- •7.2. Метады вывучэння інфармацыйных патрэбнасцей
- •7.3. Асноўныя групы спажыўцоў бібліяграфічнай інфармацыі ў бібліятэках розных тыпаў і асаблівасці іх інфармацыйных патрэбнасцей
- •Пытанні і заданні
- •Глава 8. Бібліяграфічнае абслугоўванне: агульныя пытанні
- •8.1. Масавыя формы бібліяграфічнага інфармавання
- •8.2. Дыферэнцыраванае бібліяграфічнае інфармаванне
- •8.3. Дыферэнцыраванае бібліяграфічнае інфармаванне з выкарыстаннем аўтаматызаваных тэхналогій
- •Пытанні і заданні
- •Глва 9. Даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне: агульныя пытанні
- •9.1. Тэхналогія даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання
- •9.2. Асаблівасці выканання розных тыпаў даведак
- •9.3. Аўтаматызаваная тэхналогія даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання
- •9.4. Даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне з выкарыстаннем сродкаў інтэрнета
- •Пытанні і заданні
- •Раздзел V. Фарміраванне бібліяграфічнай культуры спажыўцоў інфармацыі
- •Глава 10. Агульныя пытанні фарміравання бібліяграфічнай культуры спажыўцоў інфармацыі
- •10.1. Формы фарміравання бібліяграфічнай культуры спажыўцоў інфармацыі
- •10.2. Асаблівасці фарміравання бібліяграфічнай культуры асобных груп спажыўцоў інфармацыі
- •Пытанні і заданні
- •Літаратура
- •Дадатковая
- •Арганізацыя і тэхналогія бібліяграфічнай дзейнасці
6.2. Тэхналагічная характарыстыка аналітычнага этапу складання бібліяграфічных дапаможнікаў
Другім этапам падрыхтоўкі бібліяграфічных дапаможнікаў з'яўляецца аналітычны. Яго мэта – падрыхтаваць бібліяграфічныя запісы аб дакументах у адпаведнасці з вызначанай у плане-праспекце структурай, якія будуць уключаны ў рыхтуемы дапаможнік. Асноўнымі працэсамі дадзенага этапу з'яўляюцца агульны бібліяграфічны аналіз дакументаў; бібліяграфічнае апісанне; анатаванне ці рэферыраванне; індэксаванне і прадметызацыя; афармленне бібліяграфічнага запісу. Пералічаныя працэсы цесна ўзаемазвязаны і па сутнасці ажыццяўляюцца, сумяшчаючыся ў часе.
Аналітычны этап прадугледжвае працу з кожным дакументам і пачынаецца з агульнага бібліяграфічнага аналізу, у хо- дзе якога бібліёграф знаёміцца са зместам і формай першаснага дакумента, высвятляе тэму, структуру, тыпалагічныя, жанравыя, стылявыя асаблівасці бібліяграфуемага дакумента, яго значнасць, адпаведнасць азначаным у плане-праспекце крытэрыям для ўключэння ў ствараемы дапаможнік. Акрамя гэтага, у ходзе разглядаемага працэсу фарміруецца неабходны матэрыял і для наступных аперацый аналітычнага этапу.
Тэхналогія аналізу дакумента ўключае азнаямленне з тытульным лістом, выдавецкімі данымі, зместам, прадмовай, уступным артыкулам, каментарыямі. Калі гэтага недастаткова для атрымання неабходных звестак, бібліёграф можа правесці выбарачнае чытанне тэксту ці чытанне ўсяго дакумента (артыкула). Могуць выкарыстоўвацца і дадатковыя матэрыялы для атрымання звестак аб змесце, значнасці дакумента, яго аўтары (крытычныя артыкулы, рэцэнзіі, матэрыялы навуковых дыскусій, кансультацыі спецыялістаў).
Паралельна з агульным аналізам дакумента рыхтуецца ці ўдакладняецца яго бібліяграфічнае апісанне. Бібліяграфічнае апісанне павінна адпавядаць дзяржаўным стандартам, быць аднолькавым на працягу ўсяго дапаможніка па аб'ёме прыводзімых звестак, форме іх прадстаўлення. У залежнасці ад віду, тыпу, жанру ствараемага бібліяграфічнага дапаможніка аб'ём, паўната прыводзімых звестак у бібліяграфічным апісанні могуць быць рознымі (можна параўнаць бібліяграфічнае апісанне ў крыніцах агульнай рэтраспектыўнай, бягучай дзяржаўнай бібліяграфіі і папулярным паказальніку).
Нягледзячы на інфармацыйнае значэнне бібліяграфічнага апісання, усё ж такі яго недастаткова для атрымання поўнага і дакладнага ўяўлення аб першасным дакуменце. Атрымаць такую інфармацыю дапамагаюць анатацыя або рэферат.
У працэсе развіцця тэорыі згортвання інфармацыі існавала і існуе шмат азначэнняў паняцця "анатацыя". Але сёння існуе міждзяржаўны стандарт 7.0 – 99 "Рэферат і анатацыя", у якім дадзены азначэнні, структура гэтых другасных дакументаў, патрабаванні да іх, тэхналогія падрыхтоўкі. Згодна са стандартам пад анатацыяй разумеецца кароткая характарыстыка дакумента (яго часткі ці сукупнасці дакументаў) з пункту гледжання яго зместу, формы і прызначэння. Анатацыя можа ўключаць розныя звесткі аб дакуменце: якія дапаўняюць бібліяграфічнае апісанне дакумента, тлумачаць ці ўдакладняюць незразумелую назву; уключаюць характарыстыку асноўнай тэмы, праблемы дакумента (яго часткі ці сукупнасці дакументаў); указваюць на мэту работы і яе вынікі; указваюць на прадмет; даюць звесткі аб аўтарах і вартасцях твора (нават з іншых крыніц), жанравай і тыпавідавой прыналежнасці дакумента, мэтавым прызначэнні, акалічнасці выдання; указваюць на тое, што новага ўтрымлівае дакумент у параўнанні з іншымі сугучнымі па тэматыцы ці мэтавым прызначэнні.
Аб'ём, структура, змест і мэтанакіраванасць анатацый залежаць ад зместу анатуемага дакумента, віду, тыпу, жанру, аб'ёму складаемага бібліяграфічнага дапаможніка.
Існуе класіфікацыя анатацый па самых розных прыметах. Найбольш распаўсюджанай з'яўляецца класіфікацыя па функцыянальным прызначэнні і спосабе характарыстыкі анатуемых дакументаў. Па функцыянальным прызначэнні выдзяляюцца даведачныя і рэкамендацыйныя анатацыі.
Даведачная анатацыя можа адлюстроўваць самыя розныя звесткі: удакладняць неінфарматыўны загаловак, тэматыку дакумента, даваць звесткі аб аўтары, форме, жанры выдання, яго прызначэнні і іншых асаблівасцях дакумента, якія адсутнічаюць у бібліяграфічным апісанні. Для даведачных анатацый характэрныя спалучэнне дакладнасці, канкрэтнасці, дастатковай паўнаты звестак з лаканізмам і сцісласцю выкладання. Выкарыстоўваюцца даведачныя анатацыі пераважна ў крыніцах навукова-дапаможнай і агульнай бібліяграфіі. Але могуць прымяняцца і ў крыніцах папулярнай бібліяграфіі ў асноўным пры характарыстыцы даведачнай, вучэбна-метадычнай літаратуры, інфармацыйных і афіцыйных выданняў.
З дапамогай рэкамендацыйнай анатацыі бібліёграф характарызуе і дае ацэнку дакументам, зыходзячы з патрэбнасцей, узроўню падрыхтоўкі і іншых асаблівасцей чытацкай групы. Рэкамендацыйная анатацыя дапамагае прапагандаваць лепшую літаратуру, зацікавіць чытача, прыцягнуць увагу, арганізаваць сістэматычнае чытанне. Для яе характэрныя ацэначныя элементы, выкарыстанне выразных сродкаў, накіраваных на эмацыянальнае ўспрыманне інфармацыі, метадычных рэкамендацый. Аб'ём рэкамендацыйнай анатацыі перавышае аб'ём даведачнай анатацыі, але і пры яе падрыхтоўцы застаюцца неабходнымі патрабаванні дакладнасці, сцісласці, аб'ектыўнасці і навуковасці. Прымяняюцца гэтыя анатацыі пераважна ў дапаможніках папулярнага характару.
Па спосабе характарыстыкі дакументаў анатацыі падзяляюцца на агульныя, аналітычныя і групавыя.
Агульная анатацыя характарызуе дакумент у цэлым, калі ён адпавядае тэме дапаможніка.
Аналітычная анатацыя характарызуе частку дакумента (пэўны аспект зместу ці пэўную частку дакумента – главу, параграф), якая непасрэдна тычыцца тэмы дапаможніка.
Групавая анатацыя характарызуе некалькі дакументаў, блізкіх па змесце ці аб'яднаных адзінай выдавецкай формай, серыяй, падрыхтаваных адным аўтарам. Разгорнутыя групавыя анатацыі ўяўляюць сабой уводныя тэксты да раздзелаў з абагульненай характарыстыкай і ацэнкай зместу ўсіх дакументаў, уключаных у раздзел.
Ёсць і іншыя прыметы класіфікацыі анатацый: па ступені аўтаматызацыі; складальніку; форме прадстаўлення. Усе прыметы класіфікацыі перасякаюцца і прымяняюцца да адных і тых жа анатацый.
Анатаванне – працэс складаны, творчы, патрабуе высокай кваліфікацыі складальніка. Тэхналогія анатавання ўключае наступныя працэсы: чытанне; пабудова мадэлі (плана) анатацыі; напісанне анатацыі; рэдагаванне.
Чытанне можа быць азнаямленчым з мэтай агульнага знаёмства са зместам дакумента; вывучаючым з аналізам; рэфератыўным з элементамі пераказу, абагульнення.
Пабудова мадэлі (плана) анатацыі прадугледжвае загадзя вызначаныя, зададзеныя элементы анатацыі, якія могуць прысутнічаць у розных відах анатацый, на дакументы рознага зместу, розныя віды выданняў.
Непасрэдна напісанне анатацыі можа ажыццяўляцца з выкарыстаннем розных спосабаў, такіх як цытаванне ці экстрагіраванне (даслоўная перадача фрагментаў тэксту дакумента); перафразіраванне (пераказ, які прадугледжвае перабудову ўсёй кампазіцыйнай і сінтаксічнай структуры тэксту дакумента); інтэрпрэтацыя (аперыраванне сэнсам першаснага дакумента і выкладанне зместу ўжо на новым узроўні, нярэдка з уласнымі каментарыямі).
Рэдагаванне – гэта дасягненне сэнсавай цэласнасці і звязнасці тэксту рыхтуемай анатацыі, прывядзенне ў адпаведнасць з лексічнымі і сінтаксічнымі патрабаваннямі да тэкставай інфармацыі.
На аналітычным этапе замест анатацыі можа рыхтавацца рэферат.
Рэферат, згодна з міждзяржаўным стандартам, – "гэта скарочанае выкладанне зместу першаснага дакумента (ці яго часткі) з асноўнымі фактычнымі звесткамі і вывадамі". Рэферат павінен уключаць па магчымасці больш інфармацыі з першаснага дакумента. Найбольш грунтоўныя рэфераты могуць у пэўным сэнсе замяніць арыгінал.
У другасных крыніцах (рэфератыўных часопісах, выданнях экспрэс-інфармацыі) тэксту рэферата папярэднічаюць назва ці загаловак рэферата, бібліяграфічнае апісанне першаснага дакумента. Тэкст рэферата можа суправаджацца дадатковымі звесткамі.
У міждзяржаўным стандарце вызначана тыпавая структура рэферата. Тэкст рэферата павінен адлюстроўваць прадмет, тэму, мэту работы (указваюцца ў выпадку, калі гэта няясна з назвы дакумента); метады ці метадалогію правядзення работы (апісваюцца ў выпадку, калі вызначаюцца навізной ці ўяўляюць каштоўнасць з пункту гледжання гэтай работы, традыцыйныя метады толькі называюцца); вынікі работы, атрыманыя аўтарам дакумента (апісваюцца, наколькі магчыма, поўна, дакладна, інфарматыўна, прыводзяцца асноўныя тэарэтычныя і эксперыментальныя вынікі, фактычныя даныя, неабходна ўказваць межы дакладнасці і надзейнасці атрымання даных, ступень іх абгрунтавання); сферу прымянення вынікаў работы; вывады (яны могуць суправаджацца рэкамендацыямі, ацэнкамі, меркаваннямі, гіпотэзамі, апісанымі ў дакуменце). Дадатковая інфармацыя – даныя, не істотныя для асноўнай мэты даследавання, а важныя па-за яго асноўнай тэмай, да таго ж можна ўказваць назву арганізацыі, у межах якой выканана праца, звесткі аб аўтары, спасылкі на раней надрукаваныя работы і інш.
Методыкай бібліяграфавання выпрацаваны тыпавыя схемы пабудовы рэферата на мастацкі твор, выраб, працэс, тэарэтычную частку даследавання.
Выпрацаваны шэраг метадычных патрабаванняў да падрыхтоўкі рэфератаў. Рэферат неабходна пачынаць фразай, у якой сфармулявана тэма дакумента; загалоўкі і звесткі, якія ёсць у бібліяграфічным апісанні, не павінны паўтарацца ў тэксце; трэба пазбягаць лішніх уводных слоў і фраз, накшкалт "аўтар разглядае", неінфарматыўных сказаў, малаўжываемых тэрмінаў; прытрымлівацца паслядоўнасці выкладання ў рэфераце яго асноўных элементаў; выкладанне павінна быць кароткім, дакладным, несці новую інфармацыю; выкарыстоўваецца стандартызаваная, прынятая ў пэўнай навуцы тэрміналогія. Скарачэнні і ўмоўныя абазначэнні (акрамя агульнавядомых) прымяняюцца абмежавана з абавязковым тлумачэннем іх пры першым ужыванні. Табліцы, графікі, дыяграмы, малюнкі прыводзяцца толькі ў выпадку неабходнасці, калі яны раскрываюць асноўны змест дакумента і дазваляюць скараціць аб'ём рэферата.
Пры складанні рэфератаў могуць быць выкарыстаны розныя знакавыя сродкі перадачы інфармацыі: славесныя, ілюстрацыйныя (графік, малюнак, фотаздымак і інш.), таблічныя, штучных знакавых сістэм (хімічныя формулы, матэматычныя знакі, ноты). Дапушчальным з'яўляецца і любое іх спалучэнне.
Рэфераты класіфікуюць па розных прыметах. Так, у залежнасці ад мэтавай накіраванасці рэферыравання выдзяляюць інфарматыўныя рэфераты, якія змяшчаюць фактаграфічную інфармацыю, і індыкатыўныя, якія ўказваюць на асноўныя аспекты зместу першаснага дакумента. Паводле такой падставы, як колькасць рэферыруемых крыніц, выдзяляюцца манаграфічныя, зводныя, аспектныя, ці фрагментарныя, рэфераты. У залежнасці ад арыентаванасці на спажыўца інфармацыі і характару выкладання выдзяляюць агульныя (для шырокага кола спажыўцоў) і мэтавыя, ці спецыялізаваныя (для спецыялістаў пэўнай катэгорыі), рэфераты; па глыбіні згортвання інфармацыі – пашыраныя і кароткія; у залежнасці ад фармалізацыі структуры – тэкставыя, таблічныя, аспектныя; па спосабе падрыхтоўкі – ручныя і аўтаматызаваныя; паводле аўтарскага выканання – аўтарэферат і рэферат, падрыхтаваны рэферэнтам.
На практыцы распаўсюджаны два асноўныя тыпы рэфератаў: індыкатыўны (сігнальны) і інфарматыўны (рэферат-канспект). Індыкатыўны (сігнальны) рэферат, як правіла, невялікі па аб'ёме, адлюстроўвае найбольш значную (новую, каштоўную і карысную) фактаграфічную інфармацыю з рэферыруемага дакумента. Інфарматыўны (рэферат-канспект) больш шырока падае інфармацыю з першаснага дакумента і ўключае, як правіла, усе ці большую частку элементаў, пералічаных у стандартнай структуры рэферата. Акрамя названых тыпаў рэфератаў, ствараюцца розныя жанры рэфератаў: рэферат-пераклад, рэферат-рэцэнзія, рэферат-ілюстрацыя, рэферат-табліца, рэферат-фрагмент, рэферат тэлеграфнага стылю, аглядны рэферат.
Тэхналогія падрыхтоўкі рэфератаў адпавядае тэхналогіі падрыхтоўкі анатацый.
У тэхналагічным плане ўяўляе цікавасць знаёмства з выкарыстаннем фармалізаваных метадаў падрыхтоўкі анатацый і рэфератаў. Сутнасць іх грунтуецца на ідэі атрымання другаснага дакумента шляхам экстрагіравання з тэкстаў першакрыніцы сэнсавых блокаў, якія адпавядаюць асноўным элементам тыпавой схемы рэферата. Для ідэнтыфікацыі гэтых сэнсавых блокаў выкарыстоўваюць словы-маркёры – тыпавыя сінтаксічныя структуры, напрыклад "мэтай дадзенай работы з'яўляецца ...", "у даследаванні выкарыстоўваліся метады..." і інш. Словы-маркёры, як правіла, папярэджваюць інфарматыўныя звесткі, неабходныя для ўключэння ў рэферат.
Рэфераты выкарыстоўваюцца ў розных крыніцах навукова-дапаможнага характару – рэфератыўных часопісах, рэфератыўных зборніках, выданнях экспрэс-інфармацыі.
Вызначаючы адрозненні другасных дакументаў, такіх як анатацыя і рэферат, трэба адзначыць, што анатацыя адказвае на пытанне, аб чым гаворыцца ў першасным дакуменце, а рэферат – што паведамляе першасны дакумент; аб'ём рэфератаў, згодна ГОСТ, перавышае сярэдні аб'ём анатацый. Пры падрыхтоўцы рэферата трэба прытрымлівацца абавязковай паслядоўнасці выкладання яго асноўных элементаў. Але на практыцы даволі цяжка правесці размежаванне паміж імі, таму што існуюць яшчэ і прамежкавыя формы другасных дакументаў – рэфератыўныя анатацыі. Не заўсёды складальнікі прытрымліваюцца асноўных патрабаванняў да гэтых відаў другасных дакументаў.
Для характарыстыкі дакументаў, уключаемых у бібліяграфічны дапаможнік, на аналітычным этапе прымяняюцца і вынікі такіх працэсаў, як індэксіраванне і прадметызацыя. Індэксіраванне – гэта працэс выражэння зместу дакумента на інфармацыйна-пошукавай мове. Індэксам называецца ўмоўнае азначэнне дзялення сістэмы класіфікацыі, да якой адносіцца дакумент. Прадметызацыя – гэта індэксіраванне зместу дакумента з дапамогай прадметных рубрык. Індэксіраванне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі ГОСТ 7.59 – 90 “Индексирование. Общие требования к си- стематизации и предметизации” і ГОСТ 7.66 – 92 “Индексирование документов. Общие требования к координатному индексированию”.
Вынікі разгледжаных вышэй аналітычных працэсаў аб'ядноўвае бібліяграфічны запіс. Колькасць элементаў у бібліяграфічным запісе можа быць розная ў залежнасці ад віду, тыпу, жанру складаемага дапаможніка. Мінімальнай і абавязковай адзінкай бібліяграфічнага запісу з'яўляецца бібліяграфічнае апісанне. Пры афармленні бібліяграфічнага запісу трэба прытрымлівацца абавязковай паслядоўнасці яго элементаў, кожны элемент пачынаць з новага радка, выкарыстоўваць розныя шрыфты, прабелы для лепшага ўспрымання тэксту.
