- •Прадмова
- •Глава 1. Арганізацыя бібліяграфічнай дзейнасці
- •1.2. Бібліяграфічная дзейнасць: арганізацыя, методыка і тэхналогія
- •1.3. Агульныя пытанні арганізацыі бібліяграфічнай дзейнасці
- •1.4. Цэнтры бібліяграфічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь
- •1.5. Узаемадзеянне цэнтраў бібліяграфічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь
- •1.6. Узаемадзеянне цэнтраў бібліяграфічнай дзейнасці Беларусі з замежнымі ўстановамі і арганізацыямі
- •2.1. Агульныя пытанні арганізацыі бібліяграфічнай
- •Дзейнасці ў бібліятэцы
- •Пытанні і заданні
- •Глава 2. Арганізацыя бібліяграфічнай дзейнасці ў бібліятэцы
- •2.2. Асаблівасці арганізацыйна-функцыянальнай структуры бібліяграфічнай службы бібліятэк розных тыпаў
- •2.3. Бібліяграфічнае падраздзяленне бібліятэкі і яго асноўныя функцыі
- •2.4. Бібліяграфічныя працэсы ў небібліяграфічных падраздзяленнях бібліятэкі
- •Пытанні і заданні
- •Раздзел іі. Даведачна-бібліяграфічны апарат бібліятэкі Глава 3. Агульныя пытанні арганізацыі дба бібліятэкі
- •3.1. Азначэнне, функцыі, уласцівасці, прынцыпы
- •І метадычныя патрабаванні да арганізацыі дба
- •3.2. Структура дба і задачы бібліятэк па яго развіцці
- •Пытанні і заданні
- •Глава 4. Сістэма каталогаў і картатэк бібліятэкі
- •4.1. Каталогі бібліятэкі
- •4.2. Картатэкі і базы даных бібліятэкі
- •4.3. Пошукавыя сістэмы ў інтэрнеце
- •Пытанні і заданні
- •Глава 5. Даведачна-бібліяграфічны фонд (дбф) бібліятэкі
- •5.1. Азначэнне, структура, камплектаванне і арганізацыя дбф у бібліятэках
- •Пытанні і заданні
- •5.2. Афіцыйныя дакументы і бд прававой інфармацыі ў дбф бібліятэкі
- •5.3. Даведачныя выданні і фактаграфічныя бд у дбф бібліятэкі
- •5. 4. Даведачныя рэсурсы ў інтэрнеце
- •5.5. Бібліяграфічныя крыніцы ў дбф бібліятэкі
- •5.6. Крыніцы бягучай дзяржаўнай бібліяграфіі ў дбф бібліятэкі
- •5.7. Крыніцы агульнай рэтраспектыўнай бібліяграфіі ў дбф бібліятэкі
- •5.8. Крыніцы масавай бібліяграфічнай інфармацыі ў дбф бібліятэкі
- •5.9. Крыніцы навукова-дапаможнай бібліяграфіі ў дбф бібліятэкі
- •5.10. Бібліяграфічныя базы даных у дбф бібліятэкі
- •5.11. Крыніцы папулярнай бібліяграфіі ў дбф бібліятэкі
- •5.12. Бібліяграфічныя рэсурсы ў інтэрнеце
- •5.13. Паказальнікі бібліяграфічных дапаможнікаў у дбф бібліятэкі
- •5.15. Фонд неапублікаваных бібліяграфічных дапаможнікаў
- •Пытанні і заданні
- •Раздзел III. Арганізацыя, тэхналогія і методыка падрыхтоўкі бібліяграфічных дапаможнікаў
- •Глава 6. Тэхналогія і методыка падрыхтоўкі
- •Бібліяграфічных дапаможнікаў: агульныя пытанні
- •6.1. Тэхналагічная характарыстыка падрыхтоўчага этапу складання бібліяграфічных дапаможнікаў
- •6.2. Тэхналагічная характарыстыка аналітычнага этапу складання бібліяграфічных дапаможнікаў
- •6.3. Тэхналагічная характарыстыка сінтэтычнага этапу складання бібліяграфічных дапаможнікаў
- •6.4. Тэхналагічная характарыстыка заключнага этапу складання бібліяграфічных дапаможнікаў
- •6.5. Тэхналогія падрыхтоўкі бібліяграфічных дапаможнікаў з выкарыстаннем сродкаў аўтаматызацыі
- •Пытанні і заданні
- •Глава 7. Спажыўцы бібліяграфічнай інфармацыі
- •7.2. Метады вывучэння інфармацыйных патрэбнасцей
- •7.3. Асноўныя групы спажыўцоў бібліяграфічнай інфармацыі ў бібліятэках розных тыпаў і асаблівасці іх інфармацыйных патрэбнасцей
- •Пытанні і заданні
- •Глава 8. Бібліяграфічнае абслугоўванне: агульныя пытанні
- •8.1. Масавыя формы бібліяграфічнага інфармавання
- •8.2. Дыферэнцыраванае бібліяграфічнае інфармаванне
- •8.3. Дыферэнцыраванае бібліяграфічнае інфармаванне з выкарыстаннем аўтаматызаваных тэхналогій
- •Пытанні і заданні
- •Глва 9. Даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне: агульныя пытанні
- •9.1. Тэхналогія даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання
- •9.2. Асаблівасці выканання розных тыпаў даведак
- •9.3. Аўтаматызаваная тэхналогія даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання
- •9.4. Даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне з выкарыстаннем сродкаў інтэрнета
- •Пытанні і заданні
- •Раздзел V. Фарміраванне бібліяграфічнай культуры спажыўцоў інфармацыі
- •Глава 10. Агульныя пытанні фарміравання бібліяграфічнай культуры спажыўцоў інфармацыі
- •10.1. Формы фарміравання бібліяграфічнай культуры спажыўцоў інфармацыі
- •10.2. Асаблівасці фарміравання бібліяграфічнай культуры асобных груп спажыўцоў інфармацыі
- •Пытанні і заданні
- •Літаратура
- •Дадатковая
- •Арганізацыя і тэхналогія бібліяграфічнай дзейнасці
5.9. Крыніцы навукова-дапаможнай бібліяграфіі ў дбф бібліятэкі
Важнае значэнне, асабліва ў ДБФ спецыяльных бібліятэк і галіновых аддзелаў універсальных навуковых бібліятэк, маюць бягучыя і рэтраспектыўныя шматгаліновыя, галіновыя, тэматычныя і іншыя навукова-дапаможныя бібліяграфічныя дапаможнікі. Функцыянальнае прызначэнне крыніц навукова-дапаможнай бібліяграфіі заключаецца ў садзейнічанні бібліяграфічнымі сродкамі навукова-даследчай дзейнасці ў пэўнай галіне ведаў або сферы навукі. Патэнцыяльнымі спажыўцамі ў дадзеным выпадку з’яўляюцца вучоныя акадэмічных і галіновых навукова-даследчых інстытутаў, выкладчыкі ВНУ адпаведнага профілю, кіраўнікі навуковых устаноў і ВНУ. У шэрагу выпадкаў да крыніц навукова-дапаможнай бібліяграфіі звяртаюцца спецыялісты-практыкі, якія прымаюць удзел у навукова-даследчых распрацоўках.
Адрозненне навукова-дапаможнай бібліяграфіі ад дзяржаўнай звязана з рэалізацыяй ацэначнай функцыі, з аб’ектам бібліяграфавання, у якасці якога для навукова-дапаможнай бібліяграфіі выступаюць не толькі айчынныя, але і замежныя крыніцы інфармацыі, адабраныя на аснове аналізу і ацэнкі адпаведнымі спецыялістамі.
Гэты від бібліяграфіі з’яўляецца неад’емнай часткай рэспубліканскай сістэмы НТІ. Мэтамі функцыянавання гэтай сістэмы з’яўляюцца забеспячэнне фарміравання і эфектыўнага выкарыстання дзяржаўных рэсурсаў навукова-тэхнічнай інфармацыі, іх інтэграцыя ў сусветную інфармацыйную прастору і садзейнічанне стварэнню рынка інфармацыйных прадуктаў і паслуг. У краіне вызначана арганізацыйная структура РСНТІ, якая складаецца з рэспубліканскіх, галіновых і рэгіянальных органаў інфармацыі, нізавых органаў інфармацыі універсальных і навуковых спецыяльных, навукова-тэхнічных бібліятэк, якія павінны забяспечваць не толькі збор, захаванне і апрацоўку айчынных і замежных крыніц НТІ, але і фарміраванне даведачна-інфармацыйных фондаў, баз і банкаў даных, што ўваходзяць у дзяржаўныя рэсурсы НТІ.
У краіне склалася пэўная сістэма навукова-дапаможных інфармацыйных выданняў. Для навуковых супрацоўнікаў важна як інфармацыя аб новай літаратуры, так і звесткі аб масіве дакументаў, якія выйшлі ў мінулыя гады. У сувязі з гэтым ствараюцца бягучыя і рэтраспектыўныя навукова-дапаможныя выданні.
Неабходнасць забеспячэння рознымі па аператыўнасці, глыбіні, аналітычнасці матэрыяламі абумовіла існаванне розных узроўняў сістэмы навукова-дапаможнай бібліяграфіі: сігнальнага, рэфератыўнага і агляднага.
Да сігнальнага ўзроўню адносяцца выданні бібліяграфічнай інфармацыі, прызначаныя для аператыўнага інфармавання спажыўцоў аб новых публікацыях па пэўных тэмах, галінах ведаў. Існуюць два віды сігнальных выданняў. Традыцыйныя паказальнікі (спісы) поўна адлюстроўваюць паток айчынных і замежных выданняў. Характарызуюцца яны тым, што бібліяграфічныя запісы ў іх абмежаваны загалоўкам і бібліяграфічным апісаннем. Другі від – паказальнік зместу новых замежных часопісаў.
Выданні рэфератыўнай інфармацыі (у адрозненне ад выданняў сігнальнай інфармацыі) пры бібліяграфічнай характарыстыцы дакументаў, акрамя бібліяграфічнага апісання, маюць рэферат, у сувязі з чым рэфератыўныя выданні выконваюць задачу сістэматызацыі, пошуку, ацэнкі, абагульнення і рэкамендацыі фактаграфічнай інфармацыі, якая змяшчаецца ў першакрыніцах. Асноўнымі відамі рэфератыўных выданняў з'яўляюцца рэфератыўны часопіс, экспрэс-інфармацыя (ЭІ), рэфератыўныя зборнікі (РЗ). Розніца паміж рэфератыўнымі часопісамі і экспрэс-інфармацыяй заключаецца ў колькасці рэферыруемых дакументаў і глыбіні раскрыцця іх зместу. Рэфератыўныя часопісы больш поўна ахопліваюць паток айчынных і замежных публікацый, бібліяграфічныя запісы ў іх складаюцца з бібліяграфічнага апісання і рэферата. Экспрэс-інфармацыя ўяўляе перыядычнае выданне часопіснай або ліставой формы, якое змяшчае пашыраныя рэфераты найбольш актуальных апублікаваных замежных матэрыялаў і неапублікаваных айчынных дакументаў, што патрабуюць аператыўнага асвятлення. У гэтым азначэнні падкрэслены асноўныя патрабаванні да ЭІ: пашыраны рэферат і аператыўнасць выдання; можна дадаць яшчэ невялікую колькасць рэферыруемых дакументаў у параўнані з рэфератыўным часопісам. Рэфератыўныя зборнікі маюць праблемна-тэматычны характар, часцей за ўсё спалучаюць глыбокі рэтраспектыўны аналіз з інфармацыяй аб навейшай літаратуры па тэме і маюць на мэце раскрыць карціну развіцця ідэй па пэўнай праблеме за той ці іншы прамежак часу, даць дастатковае ўяўленне вучоным-сумежнікам аб стане даследаванняў у суседняй навуковай галіне.
У навукова-дапаможных выданнях агляднага тыпу абагульняюцца і сістэматызуюцца звесткі аб дасягненнях, асноўных напрамках і тэндэнцыях развіцця пэўных галін навукі і тэхнікі. Тое ці іншае пытанне ў аглядзе раскрываецца не толькі на аснове выкарыстанай літаратуры, але і глыбокага ведання сутнасці праблемы, тэмы, таму рыхтуецца спецыялістам па пэўнай галіне. Агляд складаецца на аснове ўсебаковага аналізу і абагульнення інфармацыі, якая змяшчаецца ў першасных навуковых і тэхнічных дакументах, утрымлівае аргументаваную ацэнку матэрыялу і дае абгрунтаваныя рэкамендацыі адносна тэндэнцый, перспектыў развіцця і выкарыстання адлюстраваных у аглядзе дасягненняў навукі і тэхнікі.
У сучасных умовах у сістэму навукова-дапаможнай бібліяграфіі ўсё больш шырока і актыўна ўкараняюцца дасягненні сучаснай інфармацыйнай тэхналогіі. Вызначальнай тэндэнцыяй з’яўляецца паралельнае суіснаванне – вытворчасць, распаўсюджванне і выкарыстанне – бібліяграфічнай інфармацыі ў такіх формах (версіях), як паліграфічная і электронная. Асобныя бібліятэкі і органы НТІ генерыруюць базы даных і на іх падставе выпускаюць іх аналагі ў выглядзе друкаваных выданняў (напрыклад, НББ), у той жа час некаторыя бібліятэкі практыкуюць абслугоўванне спецыялістаў і распаўсюджванне інфармацыі толькі на электронных носьбітах (напрыклад, ЦНБ НАН, РНТБ). Ёсць прыклады, калі форма прадастаўлення інфармацыі вызначаецца самім спажыўцом (БелСГБ). Усё больш шырокае выкарыстанне АІС у сістэме навукова-дапаможнай бібліяграфіі і доступ да яе з дапамогай электронных сродкаў. Гэта і ёсць галоўная перспектыва для яе далейшага развіцця. Названая тэндэнцыя адкрывае новыя магчымасці выкарыстання крыніц навукова-дапаможнай бібліяграфіі для індывідуалізацыі інфармацыйнага пошуку, даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання, бібліяграфічнага інфармавання. Не менш значнай перспектывай стварэння крыніц разглядаемага віду з’яўляецца падрыхтоўка электронных выданняў комплекснага характару, у якіх прадстаўляецца бібліяграфічная, фактаграфічная і паўнатэкставая інфармацыя. Менавіта да падрыхтоўкі такіх выданняў на СD-RОМ прыступіла ў цяперашні час НББ. Напрыклад, ёю створаны СD-RОМ “Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне (1941–1945)”, “Літаратурная спадчына Беларусі. ХІ – сярэдзіна ХХ ст.” і інш.
Сігнальны ўзровень бягучых навукова-дапаможных паказальнікаў, выдаваемых у РБ, складаюць некалькі груп дапаможнікаў, рыхтуемых універсальнымі і спецыяльнымі навуковымі бібліятэкамі, органамі НТІ ў адпаведнасці са спецыялізацыяй сваёй дзейнасці.
Да першай групы адносяцца крыніцы навукова-дапаможнай бібліяграфіі, што адлюстроўваюць новыя паступленні ў фонд бібліятэкі і разлічаны на навукоўцаў пэўных галін ведаў, кіраўнікоў, спецыялістаў. Сярод такіх выданняў штомесячны бюлетэнь “Грамадскія навукі” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, у якім прадстаўлены новыя паступленні ў бібліятэку па пытаннях філасофіі, эканомікі, палітыкі, сацыялогіі, права і юрыдычных навук. Бібліяграфічныя апісанні ў бюлетэні забяспечаны шыфрамі НББ, што спрыяе аптымізацыі яго выкарыстання для заказу літаратуры па міжбібліятэчным абанеменце. Дадзены паказальнік рыхтуецца ў аўтаматызаваным рэжыме на падставе БД “Артыкулы”, якая вядзецца навукова-бібліяграфічным аддзелам НББ.
Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь выдае некалькі бягучых паказальнікаў. Штомесячна выходзіць бібліяграфічны паказальнік “Дзяржава і права”, які змяшчае інфармацыю аб кнігах і артыкулах з перыядычных выданняў на рускай і беларускай мовах па пытаннях стварэння прававой дзяржавы, дзяржаўным, адміністрацыйным, грамадзянскім, гаспадарчым, працоўным, крымінальным праве, а таксама па правах чалавека і міжнародным праве, заканадаўчыя акты краін СНД і іншых, якія паступілі ў фонд Прэзідэнцкай бібліятэкі. Паказальнік “Літаратура па пытаннях дзяржаўнага будаўніцтва і мясцовага самакіравання” ўключае звесткі аб кнігах і найбольш важных артыкулах з часопісаў і газет аб дзейнасці вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і тэрытарыяльных органаў кіравання, а паказальнік “Парламенцкая дзейнасць: тэорыя і практыка” адлюстроўвае літаратуру па актуальных пытаннях тэорыі і практыкі парламенцкай дзейнасці. Два разы ў месяц бібліятэка выдае спісы новых паступленняў.
Шэсць выпускаў у год бягучага паказальніка новых пас- тупленняў галіновага зместу “Новые медицинские книги” выдае РНМБ. У асобным паказальніку адлюстроўваюцца “Новыя паступленні замежных перыядычных выданняў па медыцыне”, які бібліятэка выдае штогод.
20 назваў штоквартальных спісаў новых паступленняў у электронным варыянце прапанавала сваім спажыўцам РНТБ. Сярод іх галіновыя і тэматычныя дапаможнікі па тэхніцы («Вычислительная техника», «Легкая промышленность», «Машиностроение», «Обработка металллов», «Радиоэлектроника. Связь», «Строительство. Строительные материалы», «Химическая промышленность», «Электротехника. Энергетика»), якія ўключаюць бібліяграфічнае апісанне кніг, нарматыўна-тэхнічных дакументаў і прамысловых каталогаў. Па эканоміцы прапануюцца тэматычныя спісы: «Бухгалтерский учет», «Внешнеэкономическая деятельность», «Маркетинг», «Налогооблажение», «Техника рекламы», «Стандартизация. Метрология», «Управление качеством», «Финансовая система и финансовая политика», якія акрамя бібліяграфічных апісанняў кніг, нарматыўна-тэхнічных дакументаў, прамысловых каталогаў, уключаюць аналітычныя запісы з роспісам кніг, перыядычных выданняў.
Навукова-педагагічная бібліятэка друкуе анатаваныя спісы новых паступленняў у метадычных і агульнапедагагічных рэспубліканскіх перыядычных выданнях – часопісе “Адукацыя і выхаванне” і 19 тэматычных дадатках да яго, а таксама ў “Настаўніцкай газеце”.
Да другой групы бягучых сігнальных крыніц адносяцца навукова-дапаможныя паказальнікі рэспубліказнаўчага характару, якія выходзяць, як правіла, галіновымі выпускамі. НББ выпускае два такія паказальнікі: “Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках” і “Новая літаратура па культуры і мастацтве”.
Паказальнік “Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках” з 1990 г. па 1995 г. выходзіў у выглядзе штогодніка, прычым за 1990–1992 гг. як у традыцыйным, так і электронным варыянце. Выданні, якія адлюстроўваюць літаратуру з 1993 г., распаўсюджваюцца на электронных носьбітах, і з бягучага паказальніка ён пераўтвараецца ў рэтраспектыўны, што па сутнасці характэрна для вядзення падобнага роду бібліяграфічных баз даных, якія паступова кумулююць інфармацыю па галіне з дапаўненнямі яе інфармацыяй аб новых выданнях. Таму НББ прапаноўвае карыстальнікам разглядаемы бібліяграфічны паказальнік з рэтраспекцыяй за 1995–1999 гг. і працяг яго за 2000–2001 гг. Але нельга сказаць, што гэтае пераўтварэнне адпавядае запытам карыстальнікаў. Здавалася б, наадварот, аўтаматызацыя пры стварэнні і вядзенні бібліяграфічных баз даных павінна скараціць інфармацыйны інтэрвал падрыхтоўкі бібліяграфічных выданняў і даць магчымасць на іх падставе прапаноўваць разнастайныя бібліяграфічныя прадукты, у тым ліку і па тэрмінах адлюстравання дакументальнага патоку. Аналіз гэтых паказальнікаў, з метадычнага пункту гледжання, сведчыць, што ў ім адлюстроўваюцца ўсе віды выданняў – манаграфіі, аўтарэфераты дысертацый, тэзісы дакладаў, матэрыялы канферэнцый і сімпозіумаў, бібліяграфічныя дапаможнікі, рэцэнзіі, часткі з асобных выданняў, артыкулы з часопісаў, картаграфічныя выданні, машыначытальныя носьбіты інфармацыі незалежна ад мовы і месца выдання. Гэта значыць, што ў паказальніку здзяйсняліся поўны агульнагаліновы ўлік і якаснае мадэліраванне гістарычнага дакументальнага потоку, неабходныя і для айчыннай гістарычнай навукі, і для айчыннай сістэмы бібліяграфічнай інфармацыі як асновы для стварэння іншых звёнаў сістэмы галіновай бібліяграфічнай інфармацыі. Да вартасцей паказальніка трэба аднесці і разгорнутую сістэму дапаможных паказальнікаў: імянны; геаграфічны; загалоўкаў зборнікаў, матэрыялаў сесій, канферэнцый, кангрэсаў, нарад, сімпозіумаў і інш; бібліяграфічных крыніц і баз даных.
Аддзел навуковай інфармацыі па культуры НББ штомесячна выдае паказальнік “Новая літаратура па культуры і мастацтве”, які ўключае як асобныя віды выданняў, так і аналітычныя матэрыялы, незалежна ад мовы і месца выдання, па пытаннях гісторыі, сучаснага стану і перспектыў развіцця культуры і мастацтва нашай краіны. Паказальнік рыхтуецца ў аўтаматызаваным рэжыме, выходзіць як у выглядзе традыцыйнага выдання, так і прапануецца для карыстальнікаў электронны варыянт для выкарыстання на ЭВМ.
Штогадовы паказальнік «Природа Беларуси» рыхтуе Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі. Паказальнік адлюстроўвае літаратуру аб прыродных асаблівасцях Беларусі (геалагічная будова і каштоўныя выкапні, рэльеф, клімат, водныя рэсурсы, глебы, раслінны і жывёльны свет і іншыя аспекты). Уключана як інфармацыя аб асобна выдадзеных кнігах, аўтарэфератах дысертацый, так і аб артыкулах з серыяльных выданняў, тэматычных зборнікаў, выдадзеных на рускай і беларускай мовах у Беларусі і за яе межамі. Паказальнік мае дапаможныя паказальнікі: імянны, геаграфічны, назваў раслін, жывёл. Дадзены паказальнік падрыхтаваны ў аўтаматызаваным рэжыме на падставе аднайменнай БД. Штогоднік распаўсюджваецца на электронных носьбітах.
Трэцяя група – паказальнікі па актуальнай для краіны комплекснай праблематыцы, якія адлюстроўваюць літаратуру па змесце (незалежна ад месца выдання, мовы, геаграфічных вызначэнняў). Да такіх паказальнікаў можна аднесці бібліяграфічны паказальнік “Чарнобыль”, які ствараецца сумеснымі намаганнямі буйнейшых універсальных і рэспубліканскіх галіновых навуковых бібліятэк пад арганізацыйна-метадычным кіраўніцтвам і на базе НББ. Паказальнік “Чарнобыль” выходзіў у выглядзе штогодніка, асобныя яго выпускі адлюстроўвалі літаратуру за 1991–1994 гг., 1995–1997 гг., 1998–2000 гг. Падрыхтаваны восьмы–дзесяты нумары паказальніка за 2001, 2002, 2003 гг., якія распаўсюджваюцца ў электроннай форме на носьбіце заказчыка, а таксама да іх забяспечваецца лакальны доступ у самой бібліятэцы – стваральніцы. Найбольш поўна ў ім адлюстраваны матэрыялы, што датычацца грамадскіх і гуманітарных навук (сацыялогія, статыстыка, дэмаграфія, эканоміка, палітыка, дзяржава і права, мастацкая літаратура і літаратуразнаўства, мастацтва і мастацтвазнаўства, рэлігія, псіхалогія). Іншыя аспекты чарнобыльскай катастрофы прадстаўлены літаратурай па агульных пытаннях, арганізацыйных праблемах, публікацыях аналітычнага і абагульняючага характару. У паказальніку падаюцца ўсе віды выданняў, у тым ліку ноты, картаграфічныя выданні, аўдыёвізуальныя матэрыялы, творы выяўленчага мастацтва, машыначытальныя носьбіты інфармацыі і аналітычныя матэрыялы. Сярод дапаможных паказальнікаў – імянны; геаграфічны; матэрыялаў сесій, канферэнцый, кангрэсаў, нарад, сімпозіумаў, семінараў; назваў зборнікаў і часопісаў; бібліяграфічных крыніц. Паказальнік «Чарнобыль» ствараецца на падставе аднайменнай БД.
На рэгіянальным узроўні абласныя бібліятэкі выдаюць бягучыя сігнальныя краязнаўчыя бібліяграфічныя паказальнікі. Усе АУНБ выпускаюць паказальнікі новай літаратуры аб абласцях “Новая літаратура аб ... вобласці”, разлічаныя на краязнаўцаў-навукоўцаў, выкладчыкаў і навучэнцаў усіх звёнаў сістэмы агульнай і спецыяльнай адукацыі, галіновых спецыялістаў і кіраўнікоў, аматараў. Большасць абласных бібліятэк прытрымліваюцца аптымальнага штоквартальнага выпуску гэтых паказальнікаў, за выключэннем Гомельскай АУНБ, якая выдае іх у выглядзе штогоднікаў. Ва універсальных паказальніках адлюстроўваюцца розныя віды выданняў, але важна падкрэсліць, што найбольш поўна бібліяграфуюцца артыкулы з мясцовага перыядычнага друку, якія змяшчаюць унікальныя матэрыялы аб малых тэрыторыях. Штогадовы аб’ём некаторых паказальнікаў вельмі значны і складае звыш трох тысяч бібліяграфічных запісаў. У бібліяграфічным тэксце шырока прымяняюцца даведачныя анатацыі да бібліяграфічнага апісання, якія канкрэтызуюць змест адлюстраваных матэрыялаў. Добра распрацаваны даведачна-метадычны апарат, у складзе якога асабліва важную ролю выконваюць дапаможныя імянны і геаграфічны паказальнікі, пералікі распісаных перыядычных выданняў.
Рэфератыўны ўзровень прадстаўлены наступнымі выданнямі.
Аддзел навуковай інфармацыі па гуманітарных навуках НАН РБ з 1972 г. па 1990 г. выдаваў паказальнік пад назвай «Научно-реферативный бюллетень», які выходзіў асобнымі серыямі (гісторыя; філасофія, дзяржава і права; эканоміка; этнаграфія, фалькларыстыка, мастацтвазнаўства). З 1990 г. аддзел быў перайменаваны ў Аналітычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук, які выдаваў рэфератыўны зборнік «Беларусістыка. Гуманітарныя і сацыяльныя навукі», што выходзіў тэматычнымі выпускамі. У 1999 г. выйшлі рэфератыўныя зборнікі, прысвечаныя этнічным і канфесіянальным праблемам у сучасным свеце; правам чалавека; гуманітарным і сацыялагічным навукам; замежнаму грамадазнаўству і інш. Дадзеныя зборнікі не мелі пэўнай перыядычнасці, змяшчалі як рэфераты на дакументы, што выйшлі ў Беларусі і на беларускай мове, так і інфармацыю аб замежнай літаратуры; побач з рэфератыўнай інфармацыяй на старонках зборніка друкаваліся і бібліяграфічныя спісы.
Беларускі цэнтр навукова-медыцынскай інфармацыі друкуе рэфератыўную інфармацыю на выданні медыцынскага зместу на старонках перыядычнага часопіса “Медыцынскія навіны”.
Аглядны ўзровень выдання крыніц навукова-дапаможнага характару таксама прадстаўлены невялікай колькасцю выданняў. Аналітычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук выдае агляды літаратуры па актуальных праблемах гуманітарных і грамадскіх навук. Аддзел навуковай інфармацыі па праблемах культуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі выдае «Аператыўную інфармацыю па праблемах культуры і мастацтва», якая выходзіць з 1994 г. шэсць разоў у год і адлюстроўвае вынікі навуковых даследаванняў, агляды перыядычнага друку, агляды дзейнасці бібліятэк, падрыхтаваныя ў выніку аналізу неапублікаваных крыніц і інш. Беларускі цэнтр навукова-медыцынскай інфармацыі рыхтуе выданне агляднага характару пад назвай «Достижения медицинской науки Беларуси», якое выходзіць штогод і інфармуе аб навуковых даследаваннях у галіне медыцыны, якія праводзяцца ў Рэспубліцы Беларусь, аб выніках гэтых даследаванняў і аб прымяненні іх на практыцы.
Рэтраспектыўныя крыніцы навукова-дапаможнай бібліяграфіі выдаюцца як рэспубліканскімі навуковымі, так і абласнымі бібліятэкамі, бібліятэкамі ВНУ. Сярод іх можна выдзеліць некалькі груп.
Па-першае, у краіне актыўна выдаваліся агульнагаліновыя рэтраспектыўныя бібліяграфічныя паказальнікі рэспубліказнаўчага характару, якія звычайна выходзілі як сукупнасць выданняў, працягваліся і ўлічвалі літаратуру за ўвесь савецкі перыяд. Сярод такіх выданняў пяць выпускаў падрыхтаванага РНМБ паказальніка «Здравоохранение Белорусской ССР», якія адлюстроўвалі літаратуру адпаведнага зместу з 1919 г. па 1992 г.; тры выпускі паказальнікаў па педагогіцы – фундаментальны бібліяграфічны паказальнік па гісторыі асветы і педагагічнай думкі Беларусі са старажытнасці да пачатку ХХ ст. у трох частках “Асвета і педагагічная думка на Беларусі”, падрыхтаваны Нацыянальным інстытутам адукацыі, а таксама “Асвета ў Беларускай ССР за 50 гадоў Савецкай улады (1917–1967)” і “Педагагічная навука і народная асвета ў Беларусі (1968–1982 гг.)”, падрыхтаваныя РНПБ. Прэзідэнцкая бібліятэка таксама падрыхтавала некалькі выпускаў паказальнікаў, прысвечаных эканамічным праблемам рэспублікі («Народное хозяйство Белорусской ССР. 1917–1963»; «Развитие и размещение производительных сил БССР», шэсць выпускаў якога адлюстравалі літаратуру з 1964 г. па 1989 г.). ЦНБ НАН РБ выдала паказальнікі, якія адлюстравалі пытанні культуры і культурна-аветніцкай работы ў рэспубліцы (1946–1975), беларускага мовазнаўства (1986–1995).
Другая група дапаможнікаў – тэматычныя рэспубліказнаўчыя навукова-дапаможныя рэтраспектыўныя паказальнікі. Так, РНТБ падрыхтавала два выпускі паказальніка “Гісторыя развіцця вынаходніцтва на Беларусі”, якія ўлічылі літаратуру за перыяд з 1812 г. па 1995 г. (першы выпуск: 1812–1941 гг.; другі выпуск: 1945–1995 гг.). РНМБ падрыхтавала паказальнік літаратуры “Исторические аспекты медицины и здравоохранения Беларуси», які адлюстраваў літаратуру з 1994 г. па 1998 г. Фундаментальная бібліятэка БДУ у 2000 г. выпусціла паказальнік «Вадасховішчы Беларусі» і інш.
Трэцяя група дапаможнікаў – тэматычныя навукова-дапаможныя рэтраспектыўныя паказальнікі, якія выпускаюцца бібліятэкамі па самых разнастайных актуальных праблемах розных галін ведаў. Так, РНТБ выпусціла паказальнікі «Экономия материалов в машиностроении, 1993–1997» (анатаваны паказальнік кніг, артыкулаў, прамысловых каталогаў, нарматыўна-тэхнічных дакументаў, патэнтаў на рускай і замежных мовах), “Переработка и использование промышленных и бытовых отходов, 1998–2000»; РНМБ выпусціла за апошнія гады паказальнікі «Микрохирургия, 1979–1983», «Медицина катастроф, 1983–1992», «Генетика человека и радиация, 1990–1998», «Имунный статус человека и радиация, 1990–1998», «Влияние радиации на пищеварительную систему, 1986–1997»; РНМБФіС падрыхтавала паказальнік «Спорт для инвалидов» і інш.
Як станоўчую тэндэнцыю ў выданні рэтраспектыўных навукова-дапаможных крыніц трэба адзначыць актывізацыю фарміравання праблемна-тэматычных рэсурсаў дзякуючы падрыхтоўцы спісаў, паказальнікаў літаратуры па праблематыцы навуковых з'ездаў, сімпозіумаў, канферэнцый. Так, РНМБ у 1996–2000 гг. быў падрыхтаваны спіс літаратуры «Сахарный диабет и его осложнения» да рэспубліканскага семінара, паказальнік “Социально-экономические аспекты охраны здоровья населения» – да 4-га з’езда па сацыяльнай гігіене і арганізацыі аховы здароўя, а таксама “Проблемы реформирования системы здравоохранения» – да 1-га з’езда ўрачоў Беларусі. Такая практыка апераджальнага падбору матэрыялаў па праблеме дае магчымасць нарошчваць бібліяграфічны і навуковы патэнцыял пэўнай галіны.
Чацвёртая група – краязнаўчыя рэтраспектыўныя бібліяграфічныя дапаможнікі, якія рыхтуюць абласныя універсальныя навуковыя бібліятэкі.
Бібліёграфы павінны таксама ўлічваць, што ва ўмовах скарачэння выпуску асобна выдадзеных дапаможнікаў вялікая колькасць несамастойных формаў бібліяграфічных дапаможнікаў друкуецца ў выглядзе спісаў літаратуры да манаграфій, зборнікаў навуковых прац, навуковых артыкулаў. Безумоўна, гэтыя крыніцы не адносяцца да ядра бібліяграфічных рэсурсаў па пэўнай галіне, але могуць выкарыстоўвацца ў даведачна-бібліяграфічным абслугоўванні пры пошуку інфармацыі па актуальных навуковых праблемах.
Навукова-дапаможныя бібліяграфічныя крыніцы па навуцы і навукова-даследчай рабоце. У краіне склалася асаблівая сістэма навукова-дапаможных паказальнікаў, якую можна выдзеліць у якасці самастойнай, аб'яднанай агульнай зместавай прыметай, – паказальнікі па навуцы, навуказнаўстве, навукова-даследчай рабоце. Разглядаюцца яны асобна ў сувязі з тым, што маюць універсальны характар, складаюць пэўную сістэму, з'яўляюцца важнымі пры задавальненні патрэбнасцей навукоўцаў, спецыялістаў, занятых навукова-даследчай дзейнасцю. Значнасць іх для работы бібліятэк вызначаецца наступнымі фактарамі. Па-першае, яны з'яўляюцца важнымі крыніцамі пошуку публікацый, якія ажыццяўляюцца вучонымі пэўных канкрэтных навуковых устаноў. Прычым, калі ўлічыць, што ў гэтых установах знаходзіцца большая колькасць вучоных-спецыялістаў па розных галінах ведаў, то, безумоўна, гэтыя паказальнікі дапамагаюць вызначыць стан, развіццё пэўных галін ведаў, асобных напрамкаў навукі. Разглядаемыя паказальнікі ствараюць таксама крыніцазнаўчую базу вывучэння пэўных цэнтраў як суб'ектаў навукова-даследчай дзейнасці і падрыхтоўкі навуковых кадраў. Па-другое, пры іх складанні ставіцца задача максімальна поўнага ўліку ўсіх відаў публікацый, у тым ліку ведамасных, малатыражных, замежных праспектаў, тэзісаў дакладаў, хранікальных заметак і інш. Таму яны з'яўляюцца незаменнай, а часам і адзінай крыніцай для пошуку і задавальнення патрэбнасцей вучоных, спецыялістаў. Па-трэцяе, сама методыка іх падрыхтоўкі робіць іх вельмі зручнымі для пошуку неабходнай інфармацыі.
Сістэму дапаможнікаў па навуцы, навукова-даследчай рабоце можна дыферэнцыраваць па розных прыметах. Так, у залежнасці ад зместу і відаў адлюстроўваемых дакументаў можна вылучыць наступныя паказальнікі:
– па навуцы і навукова-даследчай рабоце;
– асобных відаў выданняў і публікацый;
– матэрыялаў навуковых з'ездаў, канферэнцый, сходаў;
– кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый;
– зместу навуковых перыядычных выданняў і выданняў, якія працягваюцца;
– прац навуковых калектываў.
Вылучаюць таксама біябібліяграфічныя слоўнікі і персанальныя бібліяграфічныя паказальнікі, прысвечаныя вучоным.
Па функцыянальна-мэтавай прымеце бібліяграфічныя дапаможнікі ў гэтай сістэме прадстаўлены як бягучымі, так і рэтраспектыўнымі крыніцамі; па форме прадстаўлення інфармацыі бываюць карткавымі, друкаванымі і машыначыльнымі.
Спынімся на характарыстыцы асобных відаў гэтай сістэмы.
Паказальнікі па навуцы і навукова-даследчай рабоце ў рэспубліцы выдавала ЦНБ НАН РБ як у выглядзе бягучых, так і рэтраспектыўных выданняў. Так, з 1969 г. па 1991 г. выходзіў штогоднік пад назвай «Наука и научно-исследовательская работа в БССР», а з 1992 г. па 1994 г. – пад назвай «Навука і навукова-даследчая работа ў Беларусі». Былі падрыхтаваны і рэтраспектыўныя паказальнікі. У 70-я гг. выйшаў рэтраспектыўны паказальнік у 5-ці тамах «Наука и научно-исследовательская работа в Белоруссии» (1918–1973 гг.). Першы том паказальніка быў прысвечаны развіццю навукі, гісторыі, сучаснаму стану і задачам асобных галін навукі; другі том – навуковым установам і таварыствам краіны; трэці – вышэйшым навучальным установам; чацвёрты – персаналіям; у пятым томе змяшчаліся дапаможныя паказальнікі. У 1994 г. ЦНБ НАН РБ выпусціла працяг першага тома «Развитие науки. История, состояние и задачи отдельных отраслей», у якім улічвалася літаратура за 1974–1990 гг. Асобнымі выданнямі былі выпушчаны таксама рэтраспектыўныя бібліяграфічныя дапаможнікі, якія з'явіліся працягам другога і трэцяга тамоў: «Научные учреждения и общества Белоруссии: библиогр. указ. 1974–1987 гг.» (Мн., 1990); «Академия наук БССР: библиогр. указ. 1974–1987 гг.» (Мн., 1988); «Высшие учебные заведения Белоруссии: библиогр. указ. 1974–1988 гг.» (Мн., 1991).
Зараз ЦНБ НАН РБ вядзе бібліяграфічную базу даных «Навука і навукова-даследчая работа ў Беларусі», дзе адлюстроўваюцца матэрыялы з 1995 г. па агульных пытаннях арганізацыі навукова-даследчай работы, гісторыі, развіцці і стане асобных галін навукі ў Беларусі, матэрыялы навуковых канферэнцый, якія праходзілі ў краіне, дзейнасць АН Беларусі, навукова-даследчых устаноў, вышэйшых навучальных устаноў, навуковых таварыстваў і асобных устаноў Беларусі. Аб'ектам бібліяграфавання ў базе даных з'яўляюцца кнігі, артыкулы з серыяльных выданняў і тэматычных зборнікаў, аўтарэфераты дысертацый, матэрыялы канферэнцый, сімпозіумаў на рускай і беларускай мовах, выдадзеныя ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі. Бібліяграфічнае апісанне дапоўнена даведачнай анатацыяй.
Паказальнікі, якія адлюстроўваюць матэрыялы навуковых з'ездаў, канферэнцый, нарад, выходзілі ў выглядзе рэтраспектыўных бібліяграфічных дапаможнікаў пад назвай «Научные съезды, конференции и совещания в БССР». Выйшлі тры паказальнікі, якія ўлічылі матэрыялы, звязаныя з падрыхтоўкай, правядзеннем або іх упамінаннем з 1919 г. па 1990 г. Сёння ЦНБ вядзе бібліяграфічную базу даных «Навуковыя з'езды, канферэнцыі Беларусі» з інфармацыяй аб матэрыялах навуковага і фактаграфічнага характару аб саміх мерапрыемствах. Гэтая ж бібліятэка генерыруе яшчэ адну БД «Матэрыялы сімпозіумаў, з'ездаў, канферэнцый, сходаў з удзелам вучоных НАН Беларусі», якая адлюстроўвае кнігі і артыкулы на беларускай і замежных мовах з рэтраспектывай пачынаючы з 1901 г.
Адлюстраванне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый ажыццяўляецца як у бягучых бібліяграфічных крыніцах, так і рэтраспектыўных. Да 1999 г. звесткі аб аўтарэфератах дысертацый змяшчаліся ў спецыяльным раздзеле «Кніжнага летапісу», з 1999 г. пачаў выходзіць самастойны летапіс «Аўтарэфераты дысертацый» у складзе «Летапісу друку Беларусі». Акрамя таго, Вышэйшая атэстацыйная камісія краіны ў кожным нумары свайго часопіса «Атэстацыя» (выходзіць штоквартальна) друкуе ў выглядзе ўнутрычасопісных спісы дысертацый на суісканне вучонай ступені. Рэтраспектыўныя крыніцы, якія адлюстроўваюць разглядаемы від навуковых прац, выдаюць пераважна навукова-даследчыя ўстановы, вышэйшыя навучальныя ўстановы, у якіх працуюць спецыялізаваныя навуковыя саветы па абароне дысертацый. У краіне былі выдадзены два рэтраспектыўныя паказальнікі «Библиография диссертаций, защищенных в Белорусской ССР» за 1945–1955 гг. і за 1956–1965 гг. Выдаваліся таксама паказальнікі “Дысертацыі, якія абаронены ў БДУ” (1943–1956; 1957–1981; 1982–1994); “Кандыдацкія дысертацыі, якія абаронены ў Мінскім педагагічным інстытуце” (1967–1977; 1978–1985; 1986–1996). Спісы дысертацый, абароненых у Нацыянальным інстытуце адукацыі, друкаваліся ў часопісах псіхолага-педагагічнай тэматыкі.
Акрамя дысертацый, у бібліяграфічных крыніцах знахо- дзяць адлюстраванне і іншыя віды навуковых выданняў. У прыватнасці, спіс матэрыялаў навуковых канферэнцый, складзеных БДЭУ, быў надрукаваны на старонках “Весніка БДЭУ”.
Паказальнікі зместу навуковых перыядычных выданняў і выданняў, якія працягваюць выходзіць, вельмі карысныя ў тэматычным рэтраспектыўным пошуку, асабліва зводныя паказальнікі за некалькі гадоў, таму што пошук артыкулаў вельмі цяжкі, і пропускі іх бываюць часцей, чым кніг. Яны друкуюцца як асобнымі выданнямі, так і ў выглядзе дадаткаў да часопісаў або на іх старонках. Сярод такіх паказальнікаў – “Порошковая металлургия: систематический указатель содержания журнала за 1961–1987 гг.» (Мн., 1988); апублікаваны на старонках зборніка “Вопросы библиотековедения и библиографоведения» зводны паказальнік зместу зборніка з 1 па 10 нумары (Мн., 1990) і інш.
Паказальнікі прац навуковых калектыў атрымалі даволі вялікае развіццё ў краіне. Выдаюцца паказальнікі прац навукоўцаў НАН Беларусі, ведамасных галіновых навукова-даследчых устаноў, праектных арганізацый, вышэйшых навучальных устаноў, факультэтаў і нават асобных кафедраў, навучальных устаноў сістэмы паслядыпломнай адукацыі, бібліятэк. Каштоўнасць такіх паказальнікаў у тым, што яны ўключаюць друкаваныя працы супрацоўнікаў незалежна ад месца публікацыі. Гэта дазваляе выявіць за пэўны перыяд працы вучоных, якія арганізаваны ў калектывы, заняты распрацоўкай пэўнага кірунку навукі і даюць уяўленне аб навуковай школе. Так, з 1961 г. па 1986 г. выдаваўся бягучы паказальнік – штогоднік «Библиография трудов сотрудников учреждений Академии наук БССР». На старонках спецыяльных часопісаў друкуюцца аналагічныя бібліяграфічныя спісы. Так, на старонках часопіса «Плодоводство» друкуецца штогод «Библиография работ сотрудников Белорусского НИИ плодоводства, опубликованных в … г.». Большасць жа паказальнікаў маюць рэтраспектыўны характар і прымеркаваны да юбілейных дат. Сярод іх «Библиографический указатель трудов сотрудников НИИ проблем криминологии, криминалистики и судебной экспертизы (1929–1999 гг.)» (Мн., 1999). «Библиографический указатель научных работ сотрудников кафедры акушерства и гинекологии Минского государственного медицинского института (1925–1996 гг.)» ( Мн., 1996) і інш. У большасці паказальнікаў гэтай групы прадстаўлены ўсе віды дакументаў, у якіх знайшлі адлюстраванне разна- стайныя напрамкі дзейнасці ўстановы – манаграфіі, навукова-метадычныя дапаможнікі, артыкулы са зборнікаў, часопісаў, матэрыялаў навуковых канферэнцый і навукова-практычных семінараў. У паказальнікі выданняў адукацыйных устаноў, акрамя розных відаў навуковых выданняў, уключаецца інфармацыя аб вучэбных праграмах, падручніках, вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможніках, хрэстаматыях, тэкстах лекцый, праграмах практыкі. Паказальнікі выданняў бібліятэк змяшчаюць розныя віды бібліяграфічных і навукова-метадычных матэрыялаў, а таксама публікацыі асобных су- працоўнікаў бібліятэк і літаратуру аб бібліятэцы.
Спецыяльныя навуковыя бібліятэкі і бібліятэкі ВНУ ў якасці абавязковых вялі картатэкі прац супрацоўнікаў сваіх устаноў, зараз такія картатэкі пераводзяцца для вядзення ў электроннай форме, у выглядзе баз даных, прычым баз даных, якія спалучаюць як бібліяграфічную, так і паўнатэкставую інфармацыю. ЦНБ генерыруе БД «Выданні НАН Беларусі».
Па колькасных паказчыках біябібліяграфічныя паказальнікі і персанальныя бібліяграфічныя дапаможнікі атрымалі значнае развіццё нават у перыяд агульнага скарачэння выдання традыцыйных бібліяграфічных крыніц. Галіновы спектр імён вельмі шырокі. Толькі за апошнія гады выйшлі паказальнікі, прысвечаныя гісторыкам (Р.П.Платонаву, А.П.Грыцкевічу), вучоным-педагогам (А.М.Пяткевічу, Л.М.Давыдзенку), мовазнаўцам (І.Я.Лепешаву, П.У.Сцяцко, Б.А.Плотнікаву), бібліятэказнаўцам і бібліяграфазнаўцам (В.Е.Лявончыкаву, Л.А.Дзямешка), фізікам (Б.Б.Бойку, М.М.Сіраце, В.С.Буракову, М.А.Барысевічу), медыцынскім работнікам (Е.Б.Меве, І.П.Антонаву, З.К.Магілеўчыку), навукоўцам ў галіне лясной гаспадаркі (Н.І.Фёдараву, А.Д.Янушка), сельскай гаспадаркі (А.Р.Мядзведзеву, Я.М.Афанасьеву, В.В.Валуеву, В.Ф.Самерсаву), мастацтвазнаўцам (Ю.М.Чурко, Г.І.Барышаву) і інш. У краязнаўчым кантэксце раскрыты персаналіі мовазнаўцаў Магілёўшчыны, выпускнікоў і навучэнцаў Магілёўскай мужчынскай гімназіі. У гэтым аспекце неабходна адзначыць і наяўнасць бібліяграфічных дапаможнікаў аб пачынальніках кнігавыдавецкай справы ў Беларусі – Ф.Скарыне, В.Цяпінскім, паказальніка, прысвечанага знакамітаму асветніку, епіскапу Кірылу Тураўскаму, біябібліяграфічнага даведніка «Митрополит Филарет» і інш.
Рост колькасці персанальных бібліяграфічных дапаможнікаў выкліканы патрэбнасцямі гісторыка-навуковых даследаванняў. Яны прызначаны гісторыкам навукі, тэарэтыкам і практыкам пэўнай галіны ведаў, выкладчыкам і студэнтам адпаведных спецыяльнасцей. Падрыхтоўкай і выданнем персанальных і поліперсанальных бібліяграфічных выданняў займаюцца бібліятэкі (спецыяльныя навуковыя, вышэйшых навучальных устаноў, абласныя універсальныя), галіновыя інфармацыйныя цэнтры, навуковыя і грамадскія арганізацыі, калегі і вучні вядомых вучоных. Пераважная колькасць персанальных бібліяграфічных дапаможнікаў выходзіць у форме самастойных выданняў, хаця друкуюцца яны і ў форме ўнутрыкніжных і ўнутрычасопісных дапаможнікаў. Частка з іх выходзіць у серыях «Учёные Советской Белоруссии», “Біябібліяграфія вучоных Беларусі”, «Учёные Республики Беларусь», «Выдающиеся педагоги и воспитанники БСХА (Белорусской сельскохозяйственной академии)». Біябібліяграфічныя паказальнікі будуюцца па класічнай схеме: прадмова, біяграфічны нарыс, асноўныя даты жыцця і дзейнасці, спіс прац вучонага (або агляд), літаратура аб яго жыцці і дзейнасці. Упершыню ў рэспубліцы пры стварэнні біябібліяграфічнага паказальніка, прысвечанага акадэміку Л.М.Сушчэні, аддзел даведачна-інфармацыйнай работы ЦНБ уключыў раздзел «Навуковыя работы, цытуемыя ў “Science Citation Index (Індэксе навуковых спасылак)”». Групоўка матэрыялу ў асноўным бібліяграфічным раздзеле розная: часцей за ўсё ў храналагічным парадку выпуску прац аўтара, унутры года – па відах дакументаў (манаграфіі, падручнікі, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі, патэнтныя дакументы, навуковыя артыкулы, тэзісы дакладаў, выступленні на з'ездах, канферэнцыях, нарадах, рэцэнзіі, выданні і працы, якія выйшлі пад рэдакцыяй аўтара і інш.). Некаторыя бібліятэкі выкарыстоўваюць метад стварэння комплексаў бібліяграфічных запісаў, калі разам з бібліяграфічным апісаннем работы прыводзяцца звесткі і аб рэцэнзіях на яе. Далучэнне да падрыхтоўчага працэсу шырокага кола навукова-педагагічнай грамадскасці ўзбагаціла разглядаемыя выданні цікавымі метадычнымі знаходкамі. Найбольш важныя з іх: абавязковае выкарыстанне фондаў прыватных бібліятэк вучоных, прыцягненне да гэтага працэсу не толькі калег, вучняў, родных, але і шырокага кола чытачоў – карыстальнікаў падобнай інфармацыі, аматараў-краязнаўцаў, студэнтаў; адлюстраванне ў паказальніках, разам з апублікаванымі, архіўных дакументаў, рукапісаў, твораў, якія ўяўляюць вынік не толькі навуковай, але і іншых напрамкаў дзейнасці асобы, у прыватнасці вершаў, публіцыстычных артыкулаў; публікацыя ў якасці дадаткаў да паказальнікаў ілюстрацый вокладак асноўных манаграфічных выданняў, урыўкаў з навуковых і літаратурна-мастацкіх твораў, з рэцэнзій на творы вучонага; размяшчэнне перад тытульным лістом фотапартрэтаў асоб; выкарыстанне эпіграфаў да асноўных раздзелаў паказальнікаў; наяўнасць рэзюме на замежных мовах. Разам з класічнымі метадычнымі прыёмамі стварэння падобнай бібліяграфічнай прадукцыі пералічаныя навацыі садзейнічаюць павышэнню яе якасці, пашыраюць магчымасці яе выкарыстання ў розных кірунках бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці.
ЦНБ генерыруе некалькі БД. Сярод іх біябібліяграфічная БД «Дзеячы беларускай навукі”, якая адлюстроўвае літаратуру аб дзейнасці вучоных, што ўнеслі значны ўклад у навуку Беларусі, а таксама аб ураджэнцах Беларусі, якія займаюцца навуковай дзейнасцю ў іншых дзяржавах. У БД прадстаўлены працы вучоных і літаратура аб іх. Бібліяграфічныя запісы фарміруюцца на падставе матэрыялаў навуковага, даведачнага характару і крыніц другасна-дакументнай інфармацыі з дадатковымі ўдакладненнямі. Дакументна-фактаграфічная БД “Біяграфістыка” дае кароткія біяграфічныя звесткі аб вучоных НАН Беларусі. Паўнатэкставая БД «Біяграфіі акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі» ўключае біяграфічныя нарысы аб розных кірунках дзейнасці вучоных-юбіляраў у галіне прыродазнаўчых навук, тэхнікі, сельскай гаспадаркі, гісторыі. Ствараемыя БД даюць магчымасць выконваць разнастайныя даведкі, складаць паказальнікі, ажыццяўляць выданне біябібліяграфічных слоўнікаў тыпу «Хто ёсць хто» або «Хто быў хто», энцыклапедый.
Шырокае кола біябібліяграфічнай інфармацыі змяшчаецца сёння на сайтах вучоных, дзе, як правіла, публікуюцца спісы прац супрацоўнікаў, а часта даюцца і поўныя тэксты найбольш значных работ.
Асобы від біябібліяграфіі – даведнікі тыпу «Хто ёсць хто», якія змяшчаюць адрасна-даведачную інфармацыю аб вядучых спецыялістах галіны, адлюстроўваюць ступені іх кар'ернага росту, забяспечваюцца спісамі асноўных публікацый спецыялістаў. Часта такія даведнікі маюць электронныя аналагі – актуалізуемыя БД. Прыкладам можа служыць БД, генерыруемая Беларускім цэнтрам навукова-медыцынскай інфармацыі, «Здравоохранение Беларуси. Учреждения, услуги, товары. Кто есть кто».
