Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
С.В.Зыгмантович ОРГАНИЗАЦИЯ И ТЕХНОЛОГИИ БИБЛИО...doc
Скачиваний:
24
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
2 Мб
Скачать
☆

9.4. Даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне з выкарыстаннем сродкаў інтэрнета

Пры ажыццяўленні пошуку неабходнай інфармацыі па інфармацыйных рэсурсах інтэрнета ёсць некалькі стратэгій пошуку. Самы просты, калі дакладна вядомы адрас патрэбнага дакумента, то ў адрасны радок пры рабоце з браўзерам інтэрнет – інтэрнет Explorer уводзіцца адрас, і на маніторы праз некаторы час можна праглядзець поўны тэкст дакумента. Але часцей за ўсё даводзіцца ажыццяўляць выкананне розных тыпаў запытаў з выкарыстаннем разнастайных пошукавых сродкаў інтэрнета.

На прыкладзе работы з універсальнымі пошукавымі сістэ­мамі інтэрнета разгледзім асаблівасці ажыццяўлення даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання пры фарміраванні пошукавага прадпісання, яго ўводзе ў пошукавую сістэму, атрыманні вынікаў пошуку.

Фарміраванне пошукавага прадпісання. Пры рабоце з універсальнымі пошукавымі сістэмамі трэба мець на ўвазе, як ажыццяўляецца фарміраванне пошукавага вобраза дакумента ў базах даных пошукавых сістэм. У наш час усе буйныя пошукавыя сістэмы пры індэксаванні вэб-старонак поўнасцю сканіруюць іх тэкст, г.зн. у пошукавы вобраз дакумента ўключаюцца ўсе словы на старонцы. З дапамогай распрацаваных алгарытмаў ажыццяўляюцца пэўнае выключэнне, фільтрацыя інфармацыі, аднак распрацоўшчыкі пошукавых сістэм не заўсёды прадастаўляюць карыстальнікам інфарма­цыю аб гэтых алгарытмах. На падставе арыгінальнага тэксту дакумента пошукавая сістэма стварае індэкс – спецыяльнае прадстаўленне дакумента, зручнае для хуткага пошуку. Інфармацыйна-пошукавай мовай гэтых сістэм з’яўляецца мова ключавых слоў, якая ўяўляе сабой сукупнасць ненарміраваных лексічных адзінак з загалоўкаў, рэфератаў або поўнага тэксту дакумента. У межах гэтай мовы могуць выкарыстоўвацца словы, словазлучэнні або фразы, што і трэба ўлічваць пры фарміраванні пошукавага вобраза запыту. Фактычна бібліёграф (карыстальнік) самастойна вызначае ўводзі­мыя ім тэрміны як ключавыя, дапускаючы, што дакументы, якія іх змяшчаюць, будуць рэлевантнымі запыту.

Але трэба мець на ўвазе, што паўнатэкставае індэксаванне дакументаў мае як свае перавагі, якія заключаюцца ў вычарпальным характары адлюстравання зместу дакумента, так і недахопы, якія заключаюцца ў тым, што выдаваемая інфармацыя часта аказваецца неадэкватнай запыту. Таму бібліёграфу трэба валодаць пэўнымі ведамі аб методыцы фарміравання пошукавага вобраза запыту і пошукавага прадпісання. У сувязі з існаваннем сінаніміі для забеспячэння паўнаты пошуку важна складаць розныя варыянты пошукавага вобраза запыту, выкарыстоўваючы сінонімы ключавых слоў або блізкія ім па сэнсе тэрміны. Для атрымання рэлевантных дакументаў часта бывае неабходным не толькі выявіць усе дакументы з ключавымі словамі, але і выключыць з іх ліку дакументы з непажаданымі тэрмінамі. Для выканання такога роду запыту складаецца пошукавае прадпісанне, якое ўяўляе сабой пошукавы вобраз запыту, дапоўнены лагічнымі аператарамі, неабходнымі для паспяховай рэалізацыі пошуку.

Такім чынам, калі размова ідзе аб пошукавым вобразе запыту, то пад гэтым падразумеваецца набор ключавых слоў (слоў запыту). Калі паміж імі задаюцца адносіны (наяўнасць або адсутнасць у тэксце), размова ідзе аб фарміраванні пошукавага прадпісання.

Пошукавае прадпісанне задаецца з дапамогай лагічных аператараў. Лагічны аператар уяўляе сабой сімвал, які вызначае лагічную аперацыю. Існуюць тры асноўныя віды лагіч­ных аперацый, якія выкарыстоўваюцца ў сінтаксісе інфарма­цыйна-пошукавых моў (ІПМ) пошукавых сістэм (ПС) WWW:

– лагічная аперацыя памнажэння, якая патрабуе абавязковага ўваходжання двух або болей слоў запыту ў дакумент; ёй адпавядае лагічны аператар і (и);

– лагічная аперацыя складання, якая патрабуе абавязковага ўваходжання хаця б аднаго слова запыту ў дакумент; ёй адпавядае лагічны аператар або (или);

– лагічная аперацыя адмаўлення, якая патрабуе выключэння з вобласці пошуку тых дакументаў, якія змяшчаюць указаныя словы; ёй адпавядае лагічны аператар не (не).

Існуюць розныя спосабы абазначэння лагічных аператараў. Яны могуць азначацца з дапамогай літар (і=and; або= or; не=not) або сімвалаў (і абазначаецца знакам “+” ці “&”; або – знакам “|”; не – знакам “-”). Пошукавыя сістэмы, якія маюць развіты сінтаксіс ІПМ, дапускаюць выкарыстанне абазначэння аператараў і літарамі, і сімваламі. Больш падрабязныя звесткі аб гэтым змяшчаюцца ў даведачных раздзелах па складанні запытаў, якія ёсць у кожнай ПС.

Прывядзём прыклады выкарыстання лагічных аператараў:

– бібліятэкі і архівы – пошук дакументаў, якія змяшчаюць абодва словы;

– бібліятэкі або архівы – пошук дакументаў, якія змяшчаюць або слова “бібліятэкі”, або слова “архівы”, або абодва словы;

– бібліятэкі не архівы – пошук дакументаў, якія змяшчаюць слова “бібліятэкі”, але не маюць у тэксце слова “архівы”;

– бібліятэкі і архівы не абласныя – пошук дакументаў, якія змяшчаюць слова “бібліятэкі” і “архівы”, але не маюць у тэксце слова “абласныя”;

– бібліятэкі і архівы або “інфармацыйныя цэнтры” – пошук дакументаў, якія змяшчаюць словы “бібліятэкі” і “архівы” або спалучэнне слоў “інфармацыйныя цэнтры”.

Пры састаўленні складанага пошукавага прадпісання, калі пошукавай сістэме трэба задаць пэўны парадак апрацоўкі ключавых слоў і аператараў, якія да іх адносяцца, выкарыстоўваюцца круглыя дужкі.

Схема: (х or у) and (z or q).

Прыклад: (бібліятэкі або архівы) і (абласныя або гарадскія).

Па такім запыце будуць знойдзены дакументы, якія змя- шчаюць словы або словазлучэнні: абласныя бібліятэкі, гарадскія архівы, абласныя архівы або гарадскія бібліятэкі. Калі дужкі апусціць, то будуць знойдзены дакументы, якія змяшчаюць тэрмін х або тэрміны у і z, або тэрмін q, а менавіта бібліятэкі; абласныя архівы; гарадскія.

Пры састаўленні запыту з выкарыстаннем ключавых слоў важным бывае не толькі іх наяўнасць у тэксце шукаемага дакумента, але і размяшчэнне гэтых слоў у адносінах аднаго да другога ці да пачатку дакумента. Гэта называецца ступенню блізкасці ключавых слоў.

Для вызначэння ступені блізкасці двух ключавых слоў у тэксце шукаемага дакумента выкарыстоўваюцца аператары блізкасці (NEAR, BEFORE і інш.). Так, напрыклад, калі два ключавыя словы аб’яднаны аператарам NEAR, пошукавая сістэма знаходзіць дакументы, у якіх гэтыя словы суседнічаюць у межах некалькіх слоў адзін ад аднаго (як правіла, у адным сказе або абзацы). Аператар BEFORE задае пошук слоў у дакладнай паслядоўнасці, але на любой адлег­ласці іх паміж імі. Для пошуку фразы выкарыстоўваюцца коскі, якія паступова выцеснілі з ужывання аператар AFTER.

Акрамя ўжо пералічаных аператараў, кожная пошукавая сістэма мае свае дадатковыя, ці спецыяльныя, аператары, якія пашыраюць магчымасці састаўлення пошукавага прадпісан­ня, а таксама ўлічваюць асаблівасці пошуку інфармацыі ў гіпертэкставым асяроддзі. Іх можна падзяліць на тры групы:

– пошук у пэўных абласцях html-дакументаў (напрыклад, “title” – пошук у загалоўку дакумента);

– пошук html-дакументаў, якія знаходзяцца на пэўных вузлах ці сайтах (напрыклад, “domain”, “host”);

– пошук розных аб’ектаў у структуры html-дакументаў у выглядзе гіперспасылак, відарысаў, мультымедыйнай інфар­мацыі, праграмных кодаў, дыялогавых формаў (напрыклад, “applet”, “image”).

У якасці спецаператараў могуць выступаць вышэйназваныя сімвалы “+” і “-“, аднак у дадзеным выпадку яны выкарыстоўваюцца для павышэння або паніжэння вагі слова пры ранжыраванні спіса вынікаў пошуку.

Многія пошукавыя сістэмы даюць магчымасць правядзення пошуку па частцы ключавога слова. Гэтая функцыя называецца “ўсячэнне”. Часцей за ўсё падтрымлівае такія яе разнавіднасці, як усячэнне справа і замена адной ці болей літар у сярэдзіне слова. Як правіла, для гэтага выкарыстоўваюцца знакі “+” (для абазначэння адвольнай часткі слова) і “?” (для абазначэння любога сімвала слова). Напрыклад: касм* = касматы, касметыка, касмічны, касметычка; к?нц?рт = канцэрт, концерт.

У час пошуку большасць развітых пошукавых сістэм улічваюць марфалагічныя формы зададзеных ключавых слоў. Гэта асабліва важна для расійскіх, беларускіх пошукавых сістэм, таму што руская, беларуская мовы адносяцца да моў, у якіх формы слоў утвараюцца з дапамогай канчаткаў. Дадзеная пошукавая функцыя рэалізуецца ў кожнай ПС па-рознаму. Часцей за ўсё пры апрацоўцы запыту яна дзейнічае па ўмаўчанні; для таго, каб шукаць патрэбнае слова у той граматычнай форме, у якой яно было ўведзена, патрабуюцца спецыяльныя аператары.

Пры ўводзе запыту неабходна звяртаць увагу на тое, у якім рэгістры (верхнім ці ніжнім) уводзяцца ключавыя словы. Развітыя пошукавыя сістэмы адрозніваюць словы, набраныя малымі і вялікімі літарамі. Гэтая функцыя называецца “чуллівасць да рэгістра малых і вялікіх літар”. Усе пошукавыя сістэмы, якія валодаюць гэтай функцыяй, падпарадкоўваюцца агульнаму правілу. Калі ключавыя словы пачынаюцца з вялікай літары або поўнасцю ўведзены вялікімі літарамі, то гэтыя ж словы, напісаныя малымі літарамі, знойдзены не будуць. Пры ўводзе ключавых слоў малымі літарамі вобласць пошуку пашыраецца, таму што ключавыя словы шукаюцца незалежна ад рэгістра.

Распрацоўшчыкі буйных пошукавых сістэм у мэтах прыцягнення да сваёй сістэмы максімальнай колькасці карыстальнікаў часта прапануюць прыводзіць запыт на натуральнай мове. Аднак эксперты адзначаюць, што рэалізацыя да- дзенай пошукавай функцыі з’яўляецца справай далёкай будучыні. Пры дапамозе спецыяльных алгарытмаў з уведзеных карыстальнікам фраз выбіраюцца назоўнікі, уласныя імёны, прыметнікі, дзеясловы і адсякаюцца займеннікі, прыслоўі, службовыя часткі мовы. Пасля гэтага пошукавая сістэма апрацоўвае запыт так, як быццам ён складаўся з ключавых слоў.

Увод запыту або пошукавага прадпісання ў пошукавую сістэму адбываецца з дапамогай інтэрфейса пошукавай сістэмы. Сёння ўсе буйныя пошукавыя сістэмы маюць як мінімум два пошукавыя інтэрфейсы: просты пошук (simple search) і пашыраны пошук (advanced search, power search). Адрозненне паміж імі заключаецца ў магчымасці састаўлення запытаў і пошукавых прадпісанняў рознай ступені складанасці. Абодва інтэрфейсы адносяцца да графічнага тыпу і рэалізаваны ў выглядзе web-старонак, якія змяшчаюць шэраг спецыяльных элементаў. Найбольш распаўсюджанымі з’яў­ляюцца поле для ўводу ключавых слоў, селектарныя кнопкі і меню.

Поле для ўводу ключавых слоў “Search for” і кнопка адпраўкі запыту з’яўляюцца абавязковымі для любога тыпу інтэрфейса.

Селектарныя кнопкі даюць шырокія магчымасці для дэталізацыі запыту, дазваляючы абмежаваць ці пашырыць вобласць пошуку дадатковымі параметрамі (абмежаваннямі па даце стварэння дакумента, па моўнай прыналежнасці дакумента), а таксама змяніць форму выдачы вынікаў пошуку.

Меню складаецца з опцый, гэта значыць параметраў для апрацоўкі запыту. Опцыі служаць, як правіла, для састаў­лення розных варыянтаў пошукавага прадпісання і камбі­нуюцца з палямі для ўводу ключавых слоў. Акрамя таго, яны могуць несці самастойную сэнсавую нагрузку (напрыклад, для абазначэння мовы дакумента), і ў гэтым выпадку меню працуе як селектарная кнопка для выбару аднаго з параметраў пошуку.

Поўны набор пошукавага інтэрфейса часцей прадстаўлены на старонцы пашыранага пошуку. У сувязі з тым, што са- стаўленне пошукавых прадпісанняў з выкарыстаннем лагічных і спецыяльных аператараў з’яўляецца дастаткова складанай задачай для непадрыхтаванага карыстальніка, распрацоўшчыкі пошукавых сістэм спрабуюць вырашыць гэтую праблему шляхам стварэння на старонцы пашыранага пошуку так званых шаблонаў. Шаблоны складаюцца з абласцей для ўдакладнення запыту, якія называюцца фільтрамі. Як правіла, першая вобласць удакладнення ўяўляе слоўнікавы фільтр. Карыстальніку прапаноўваецца скласці пошукавы выраз з дапамогай спецыяльных формаў, якія з’яўляюцца камбінацыяй з меню і палёў для ўводу ключавых слоў. Опцыі меню могуць мець абазначэнні “абавязкова” (“обязательно”, “must include”); “пажадана” (“желательно”, “should include“); “выключыць” (“исключить”, “must not include”), што па сэнсе адпавядае лагічным аператарам and, or, not. Опцыі цэнтральнага меню “ўсе формы” ці “дакладная форма” даюць магчымасць пошуку ключавых слоў з улікам або без уліку марфалогіі. Меню справа абмяжоўвае пошук пэўнай вобласцю html-дакумента (сказ, дакумент, фраза, загаловак, анатацыя, спасылка, адрас).

Колькасць і разнавіднасці дадатковых, акрамя слоўні­кавага, фільтраў могуць вар’іравацца ў залежнасці ад пошукавых функцый, якія падтрымлівае пэўная пошукавая сістэ­ма. Сярод найбольш распаўсюджаных фільтраў выступаюць храналагічныя, моўныя, па дамену, у тым ліку верхняга ўзроўню, геаграфічныя, наяўнасці мультымедыйнай інфар­мацыі ў структуры html-дакумента.

Фільтры могуць стварацца з дапамогай розных элементаў пошукавага інтэрфейса.

Выкарыстанне фільтраў значна спрашчае працэдуру са- стаўлення пошукавага прадпісання. Аднак, як адзначаюць спецыялісты, яно не можа ў поўнай ступені замяніць тыя магчымасці, якія даюць лагічныя аператары. Па-першае, колькасць палёў у слоўнікавых фільтрах, за рэдкім выключэннем, не перавышае трох. Па-другое, незразумелым застаецца парадак апрацоўкі ключавых слоў, дакладней, аператараў, якія да іх адносяцца. У сувязі з гэтым многія пошукавыя сістэмы даюць магчымасць уводу запыту як з дапамогай лагічных аператараў, так і выкарыстаннем шаблонаў.

Некаторыя пошукавыя сістэмы дазваляюць карыстальні­кам ствараць так званыя ўстаноўкі пошуку (customize search). Карыстальнік пераходзіць на старонку, якая змяшчае некаторы набор фільтраў (напрыклад, па даце стварэння, па моўнай або геаграфічнай прыналежнасці дакумента), задае неабходныя параметры пошуку, захоўвае іх, вяртаецца на папярэднюю старонку (простага ці пашыранага пошуку) і ўводзіць запыт. Створаныя ўстаноўкі захоўваюцца або на працягу адной пошукавай сесіі, або запамінаюцца браўзерам і дзейні­чаюць пастаянна.

Пасля фармулёўкі запыту ў рамках адпаведнага пошукавага інтэрфейса пошукавая сістэма ажыццяўляе пошук і выдае вынік пошуку ў онлайнавым рэжыме.

Прадастаўленне вынікаў пошуку і ранжыраванне дакументаў. Вынік пошуку выдаецца ў выглядзе спіса спасылак на html-дакументы, якія адпавядаюць умовам пошукавага запыту або пошукавага прадпісання.

Пры выдачы вынікаў пошуку дакументы ранжыруюцца ў адпаведнасці з тымі крытэрыямі, якія былі створаны распрацоўшчыкамі ПС. Гэтыя крытэрыі вельмі важна ўлічваць пры выбары пошукавай сістэмы, таму што ад іх залежыць эфектыўнасць пошукавага працэсу. Алгарытмы ранжыравання могуць быць такімі, што бібліёграф, праглядзеўшы першыя 20 (максімум 30) спасылак на web-старонцы, можа вызначыць наяўнасць або адсутнасць патрэбнай яму інфармацыі і прыняць рашэнне аб мэтазгоднасці далейшага пошуку або замене пошукавага інструмента.

Падрабязныя звесткі аб тым, як тая ці іншая канкрэтная пошукавая сістэма ранжыруе дакументы, друкуюцца вельмі рэдка. Метады ранжыравання выяўляюцца шляхам тэсціра­вання кожнай канкрэтнай ПС, але ў большасці выпадкаў выкарыстоўваюцца адны і тыя ж агульныя прынцыпы.

Адзін з найбольш важных фактараў – гэта месцазнахо- джанне ключавых слоў або фраз. Калі слова запыту змяшчаецца ў загалоўку або першых абзацах, то тады гэтая старонка можа атрымаць высокі ранг. Уваходжанне ключавых слоў у поле html-дакумента “МЕТА” таксама можа павысіць ранг web-старонкі.

Частата ўжывання ключавых слоў у дакуменце, а таксама іх блізкасць адно да аднаго маюць вялікае значэнне для ранжыравання дакументаў. Як правіла, калі ўведзены бібліёгра­фам (карыстальнікам) набор слоў ужываецца ў дакуменце як фраза, то многія пошукавыя сістэмы выдаюць спасылкі на такія дакументы ў пачатку вынікаў пошуку.

Некаторыя пошукавыя сістэмы пры ранжыраванні ўліч­ваюць колькасць наведванняў канкрэтнай web-старонкі. Пры выдачы вынікаў пошуку ў пачатку спіса ўказваюцца старонкі з больш высокім рэйтынгам.

Калі пошукавыя сістэмы ў якасці дадатковага сервісу прапаноўваюць карыстальнікам каталог інтэрнет-рэсурсаў, то web-старонка, знойдзеная па каталогу, можа атрымаць больш высокі ранг.

Асноўная праблема, з якой сутыкаецца бібліёграф (карыстальнік) пры рабоце з ПС, – гэта атрыманне вялікай колькасці нерэлевантных дакументаў. Старонкі, якія атрымлі­ваюць высокі ранг, неабавязкова змяшчаюць сапраўды па- трэбную для карыстальніка інфармацыю. Адным са шляхоў павышэння рэлевантнасці вынікаў пошуку з’яўляецца выкарыстанне зваротнай сувязі. У большасці развітых ПС гэтая функцыя рэалізуецца з дапамогай спасылкі “More like this” (у расійскіх пошукавых сістэмах – “найти похожие страницы/сайты”), якая суправаджае кожны знойдзены дакумент. Бібліёграфам (карыстальнікам) таксама прапаноўваецца магчымасць правядзення ўдакладняльнага пошуку. Як правіла, для гэтага неабходна памеціць адпаведную опцыю “Search within these results” (у расійскіх пошукавых сістэмах – «искать в найденном»).

Выкарыстанне ўказаных метадаў ранжыравання і функцыі зваротнай сувязі з’яўляецца частковым вырашэннем праблемы павышэння эфектыўнасці і дакладнасці пошуку. Вельмі часта карыстальнік аказваецца перад неабходнасцю ўручную фільтраваць вялікія спісы знойдзеных дакументаў. Бібліёгра­фам, спецыялістам інфармацыйнага пошуку, каб палепшыць вынікі пошуку, трэба выкарыстоўваць магчымасці вар’іра­ваць фармулёўкі запыту.

Пры вывадзе вынікаў пошуку, акрамя спіса спасылак, бібліёграф (карыстальнік) атрымлівае разнастайную дадатковую інфармацыю, указанне на тое, якая колькасць дакументаў па запыце знойдзена ў базе ПС. Прычым у большасці выпадкаў ПС выдаюць толькі першыя 200 рэлевантных дакументаў. Колькасць спасылак, якая выводзіцца на адну старонку, як правіла, хістаецца ад 10 да 20. ПС дазваляюць змяняць гэтую настройку або на старонцы пашыранага пошуку, або на старонцы стварэння ўстановак пошуку.

Форма прадастаўлення вынікаў пошуку будуецца па пэўнай схеме, якая часцей за ўсё складаецца з загалоўка дакумента, першых радкоў тэксту і URL-дакумента (электроннага адраса). З дадатковых звестак могуць прысутнічаць дата апошняга аднаўлення старонкі, яе памер у кілабайтах, спасылка на адпаведную рубрыку каталога інтэрнет-рэсурсаў і інш.

Вынікі пошуку часцей за ўсё выводзяцца па ступені рэлевантнасці і радзей па даце ці алфавіце знойдзеных дакументаў. Дзве апошнія формы выкарыстоўваюцца ў якасці дадатковых. Многія ПС прадстаўляюць толькі адну рэлевантную старонку з пэўнага сайта. Калі карыстальніку патрэбна пазнаёміцца з астатнімі дакументамі, ён павінен звярнуцца да спасылкі “More results from this site” (у пошукавых сістэмах на рускай мове – спасылка “другие документы”).

Віртуальнае даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне. Актыўнае ўкараненне і выкарыстанне інэрнет-тэхналогій прывяло да таго, што ў агульнай структуры карыстальнікаў паступова склалася новая група, для абазначэння якой выкарыстоўваецца тэрмін “віртуальныя”, ці “аддаленыя”, карыстальнікі. Значная колькасць такіх карыстальнікаў не толькі звяртаюцца да сайтаў бібліятэк з мэтай пошуку інфармацыі і дакументаў, але і з запытамі даведачна-бібліяграфічнага характару. Развіццё віртуальных камунікатыўных зносін з дапамогай сучасных праграмна-тэхнічных сродкаў паўплывала на вылучэнне асобнага напрамку ў даведачна-бібліягра­фічным абслугоўванні, што атрымала назву электроннае, або віртуальнае, даведачнае абслугоўванне, якое вызначаецца як перадача па сетцы даведачных і навучальных паслуг усім карыстальнікам бібліятэкі ў любы час незалежна ад іх месца- знаходжання.

Выдзяляюцца тры асноўныя кірункі электроннага даведачнага абслугоўвання:

– абслугоўванне карыстальнікаў праз электронную пошту;

– абслугоўванне карыстальнікаў у рэжыме рэальнага часу на аснове chat-тэхналогій, а таксама відэа- і тэлеканферэнцый;

– поўнасцю аўтаматычнае прадастаўленне інфармацыі ў адказ на запыты карыстальнікаў на падставе выкарыстання спецыяльна арганізаваных баз ведаў/БД выкананых запытаў.

Два першыя кірункі ўяўляюцца традыцыйнымі па змесце. Іх асаблівасць у тым, што для іх выканання выкарыстоў­ваюцца сучаснае праграмнае забеспячэнне і сродкі сувязі. Так, даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне або непасрэдна праз электронную пошту, або на падставе web-формаў запытаў, прадстаўленых на сайтах бібліятэк, з’яўляецца перанясеннем выканання пісьмовых запытаў у новае электроннае асяроддзе. Web-формы запытаў уключаюць набор стандартных палёў, запоўніўшы якія, карыстальнік прадстаўляе максі­мальна поўную інфармацыю аб запыце, дазваляючы звесці да мінімуму абмен паведамленнямі паміж бібліёграфам і карыстальнікам для высвятлення сутнасці інфармацыйнага запыту (распрацаваны і выстаўляюцца спецыяльныя web-формы, прызначаныя для тэматычных, адрасна-бібліяграфічных запытаў).

Chat-абслугоўванне ў рэжыме рэальнага часу, якое базіруецца на выкарыстанні спецыяльнага праграмнага забеспячэння, дазваляе кіраваць двухбаковым узаемадзеяннем “карыстальнік–бібліёграф”, уяўляецца аналагам абслугоўван­ня карыстальнікаў на бібліяграфічным пункце.

Прынцыпова новай з’явай у даведачна-бібліяграфічным абслугоўванні стала прадастаўленне карыстальнікам БД запытаў/адказаў для самастойнага аўтаматызаванага пошуку пры поўнай адсутнасці зносін “карыстальнік–бібліёграф”. Усе тры кірункі актыўна развіваюцца за мяжой, асабліва ў навуковых бібліятэках, якія ствараюць комплексныя вірту­альныя службы. Работа па стварэнні віртуальных даведачных службаў пачалася і ў буйных бібліятэках нашай краіны. Першай такую службу арганізавала НББ і праз свой сайт прадастаўляе магчымасці выканання запытаў розных тыпаў.

Для арганізацыі электроннага даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання бібліятэкі на сваіх web-сайтах ствараюць раздзел “Запытай у бібліятэкара” (Ask a librarian). Гэтая назва азначае віртуальныя службы, якія адказваюць на запыты карыстальнікаў або шляхам пераадрасацыі іх да адпаведных онлайнавых або друкаваных крыніц інфармацыі, або прадстаўляюць гатовую фактаграфічную і бібліяграфічную інфармацыю. Службы тыпу “Ask a...” функцыянуюць у web-асяроддзі, у аснове іх дзейнасці ляжыць узаемадзеянне “карыстальнік–пасрэднік”. У якасці пасрэднікаў выступаюць як бібліятэчныя спецыялісты, так і спецыялісты пэўных галін ведаў, чые прафесійныя веды могуць быць выкарыстаны пры выкананні запытаў (“Ask a Scientist”, “Ask a Linguist”, “Ask the experts” і інш.).

У апошнія гады намецілася тэндэнцыя аб’яднання такіх службаў у кансорцыумы і карпаратыўныя аб’яднанні, якія дазваляюць ажыццяўляць цэнтралізаванае электроннае даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне з размеркаваным характарам выканання запытаў карыстальнікаў. У аснове аб’яднання – прыналежнасць да таго ці іншага тыпу біблія­тэк, склад карыстальнікаў, прафесійная спецыялізацыя персаналу. Карпаратыўны падыход абумоўлены ў асноўным тым, што ў большасці выпадкаў ні адна бібліятэка не ў стане ў сувязі з абмежаванасцю персаналу забяспечыць работу віртуальнай даведачнай службы ў часавым рэжыме “24/7”. Акрамя таго, работа ў рамках карпарацыі дазваляе накіраваць запыты карыстальнікаў менавіта ў тыя бібліятэкі, чые фонды і калекцыі, а таксама ўзровень прафесійнай кваліфікацыі персаналу найбольш адпавядаюць канкрэтнаму запыту.

Нягледзячы на інтэнсіўнае развіццё электроннага даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання, спецыялісты адзначаюць, што яно з’яўляецца пакуль толькі дапаўненнем да традыцыйнага даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання, але яго не замяняе.