Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Курс лекцый ПЖФЭЖ новы тэкст снежань 2012.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1 Мб
Скачать
☆
    1. Святочны рэпартаж. З гісторыі жанру. Характарыстыка публіцыстычных задач, сродкаў, мэтаў.

Цікавую гісторыю мае асобы жанр публіцыстыкі – святочны рэпартаж. Яго асноўныя якасці, свойствы і функцыі былі закладзены ў ранні (у савецкі) перыяд развіцця спачатку радыёвяшчання і радыёжурналістыкі, затым тэлебачання і тэлежурналістыкі. Як толькі з’явілася тэхнічная магчымасць выйсці за межы студыі, як толькі стала магчымым устанаўліваць мікрафон у канцэртнай або тэатральнай залах, на вуліцы, у цэху і перадаваць сігнал на перадавальную вежу, а адтуль – на ўсю рэспубліку, радыёжурналісты, у прыватнасці, за імі тэле- і вэбжурналісты ў той жа час скарысталіся гэтай, на пачатку, унікальнай магчымасцю – зрабіць свята набыткам не толькі сталіцы, але і ўсёй краіны – СССР і, зразумела, БССР. І хаця ў той краіне меркавалася, што на першамайскую або кастрычнінскую (свята Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года) дэманстрацыі павінны былі выходзіць ці не ўсе, хто толькі можа хадзіць, тым не менш, у кватэрах, а тым больш у вясковых хатах заставалася большая частка насельніцтва. Значыць, і яго трэба было “ахапіць” дэманстрацыяй “усеагульнай радасці” і “усеагульнай адданасці партыі і народу”, данесці ўсім “свята дадому”.

Першыя радыётрансляцыі святаў-дэманстрацый былі “простымі”, г. зн. менавіта трансляцыямі падзей, у межах чутнасці якіх устанаўліваўся спачатку адзін, а потым і некалькі мікрафонаў. Аднак радыёслухачам трэба было тлумачыць, што, дзе, і удзелам каго адбываецца на свяце. Словам, трэба было тлумачыць і “апісваць” падзею. Адразу стала зразумела, што “простай” канстатацыі ў эфіры святочнай падзеі мала. Трэба было перадаваць і настрой, што значыць – адказаць на натуральнае пытанне “як?” гэта свята праходзіць, з якім настроем тоўпіцца народ, праходзіць дэманстрацыя. І ўжо з першых такіх рэпартажаў напрыканцы 20-х – у 30-я гады журналіст міжволі настройваўся на свята, а гэта непазбежна ўздзейнічала на яго інтанацыю, маўленчую ўсхваляванасць, спараджала выкарыстанне асаблівай, усхваляванай лексікі, у мелодыцы мовы ўсё часцей гучала святочная патэтыка і да т.п. да таго ж перад журналістам стаяла і ідэалагічная задача – “заразіць” аўдыторыю масавай савецкай лаяльнасцю, савецкім патрыятызмам, стварыць вобраз “кіруючай і накіроўваючай партыі і ўрада” як “бацькоў савецкай нацыі” і т. д. і да т.п.

Так нарадзіўся гэты тып публіцыстычнага адлюстравання і гукавага ўвасаблення масавага святочнага мерапрыемства. Гэты алгарытм быў пераўтвораны на тэлебачанні ў адмысловы савецкі стыль наўпростага рэпартажу як масавага радыётэлевізійнага свята. Дарэчы, партыйнымі органамі былі усталяваны пэўныя квоты ўдзелу ў дэманстрацыях рабочых і супрацоўнікаў. У прынцыпе, у шэсці павінны былі ўдзельнічаць усе, або “не менш” устаноўленай колькасці ад прадпрыемства. Журналісты радыё і тэлебачання ад гэтай “павіннасці” былі пазбаўлены, бо самі ўдзельнічалі ў арганізацыі эфірнай трансляцыі святочнай дзеі. А ў тэлеаўдыторыі ды й у насельніцтва ўсяго СССР таксама ўсталявалася святочная традыцыя: раніцай “прадэманстраваць” з транспарантам у руках, затым сесьці за святочны стол. А для тых, хто не “дэманстраваў”, функцыю “удзелу” у дэманстрацыі выконваў святочны тэлерэпартаж.

У апошнія гады існавання СССР жанр святочнага публіцыстычнага рэпартажу меў статус аднаго з галоўных інструментаў ідэалагічнага ўздзеяння, што было вельмі дакладна разлічаным псіхалагічным сродкам: мажор традыцыйнага свята як загадзя, апрыёры, калектыўна “законная” радасць “не працаваць”, “славіць” – святкаваць натуральна напластоўваўся на “пачуццё чалавечай удзячнасці” да “партыі і ўрада”, якія гэта свята спарадзілі і да т.п. Лічылася, што менавіта ў святы радыё і тэлебачанне і радыё- і тэлежурналісты павінны ўмацоўваць на фоне агульнага святочнага ўздыму галоўныя ідэалагічныя стрыжані ўнутранай палітыкі – партыйна-савецкую лаяльнасць, пажадана масавую народную адданасць партыі і ўраду.

У гады т. зв. “перестройки” у другой палове 80-х гадоў у жанр святочнага рэпартажу ўвайшлі “агульначалавечыя” сацыяльна-псіхалагічныя настроі, каштоўнасці і чаканні, якія сфарміраваліся на працягу ўсёй гісторыі грамадскіх адносін, масавых калектыўных зносін на вясковых і гарадскіх плошчах, на вуліцах у моманты асобага грамадскага стану – у святы. Г. зн. у моманты калектыўных рытуальных актаў і паводзін, якія патрабавалі асаблівай якасці псіхічнай і эмацыянальнай мабілізацыі, паступова ўвайшлі алгарытмы і схемы масавых мастацкіх паводзін, што часам нагадвала традыцыйныя “святы гандлю” – кірмашы з іх рэкламнай клаўнадай, вулічнымі спектаклямі, танцамі, песнямі, агульным настроем “народнага разняволення”. Менавіта такімі па настроі, па моцы і канцэнтрацыі станоўчай калектыўнай псіхалагічнай энергетыкі і павінны былі быць ды й былі эфірныя “сколкі” – святочныя рэпартажы.

Як правіла, гэта быў калейдаскоп сяточна настроеных “галасоў” (на радыё), стракатая панарама відэакадраў “шчаслівых людзей” (на тэлебачанні), здравіцы праз гучнагаварыльнікі, падрыхтаваныя інтэрв’ю, прычым, з абавязковымі прапорцыямі мужчын, жанчын, “героеў”, “простых” працаўнікоў, піянераў і камсамольцаў.

Падрыхтоўка святочнага рэпартажу пачыналася за месяц-два загадзя ў рэдакцыях інфармацыйнага вяшчання і музычных на радыё і на тэлебачанні. Змест і план святочнага рэпартажу курыраваліся непасрэдна аддзелам прапаганды ЦК КПБ. Вітаўся святочна-узвышаны пафас, мікрафоны і тэлекамеры ўстанаўліваліся так, каб выразна была чутна і бачна вясёла-“эпатажная” дэманстрацыя “ўсенароднай салідарнасці” на фоне вулічных аркестраў, гулу святочнага натоўпу, “гармоніі” ансамбляў і спантанных хароў, маршаў, лозунгаў, віруноў, руху і да т.п. ілюстрацыі свята. У той час святочныя рэпартажы выкарыстоўваліся для таго, каб даць магчымасць кіраўніцтву краіны і мясцовай уладзе прадэманстраваць менавіта “сяточна” свае арганізацыйныя поспехі, але, галоўнае, што заўсёды падкрэлівалася ў радыё- і тэлерэпартажах з падачы партыйнага кіраўніцтва “дэ факта”, эфір даваўся лепшым, самым руплівым і самаадданым працаўнікам прамысловасці і сельскай гаспадаркі – галоўным дзеючым асобам савецкай дзяржавы “дэ юрэ”. У святочных рэпартажах простая даярка, якая надаіла больш за іншых малака, або рабочы, які ўмудрыўся на адным станку вытачыць столькі дэталяў, колькі звычайна выраблялі на двух-трох і больш станках – такія працаўнікі раптоўна станавіліся знакамітымі, дзякуючы святочнаму інтэрв’ю з імі падчас святочнага рэпартажу, станавіліся прыкладам для пераймання.

Святочны рэпартаж, такім чынам, быў гукавым і візуальным каталізатарм фарміравання асаблівага грамадскага стану, які магчыма было фарміраваць толькі менавіта “у святы”, калі ўзнікае масавая псіхалагічная хваля “народнай радасці”, калі душы і цэлу хочацца разрадкі, эмацыянальнай кампенсацыі за страчаную псіхічную і псіхалагічную энергію ў будні, у працэсе працы, часцей нялёгкай, манатоннай, напружанай.

На пачатку і ў сярэдзіне 90-х гадоў на БТ была ажыццёўлена эксперыментальнай студыяй “Тэлесябрына” творчая трансфармацыя святочнага рэпартажу ў адноўленыя Хрысціянскія святы Калядаў, Вялікадня, у Дзень вызвалення Беларусі (3 ліпеня), на восеньскія Дзяды. Гэта ўжо не была масавая дэманстрацыя “савецкай лаяльнасці” і аўдыёвізуальны яе адбітак, але мастацка-публіцыстычная дзея “нацыянальна-культурнага яднання” праз тэлебачанне і праз мастацтва, зразумела, святочнага, высокадухоўнага кшталту, зместу і якасці. У якасці рэпартажу тут была сама дзея ў наўпростым эфіры як у студыях, так і на вуліцах, у тым ліку “рэпартаваная” праз тэлемасты (ПТС на вуліцах, у музеях, філармоніі, храмах, масты з абласцямі). Святочнасць такога ўрачыстага рэпартажу стваралася праз усведамленне таго, што ўся мастацка-публіцыстычная дзея адбываецца “зараз”, што ўся глядацкая аўдыторыя, па сутнасці, разам, адначасова саўдзельнічае ў святочнай тэлепраграме, што й сама можа непасрэдна “увайсці ў эфір” – завітаць у студыю і штосьці “да месца” паведаміць (павіншаваць, расказаць, спавядацца). Гэта былі эмбрыёны электронных зносін у стылістыцы “народнага тэлебачання”. У сувязі з рэарганізацыяй і кадравай “чысткай” гэты сяточна-рэпартажны эксперымент у другой палове 90-х гадоў быў прыпынены.

Напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя святочны рэпартаж паступова страціў шматлікія свае сацыяльна-рэкрэацыйныя і ідэалагічныя якасці, пераўтварыўся ў амаль традыцыйны інфармацыйны радыё-тэлевізійны “сколак” свята з элементамі, зразумела, факталагічнай канстатацыі і каментара. У савецкі час жанр святочнага рэпартажу быў дамінантай вяшчальнага дня, зрэдку мог трансфарміравацца ў святочны рэпартаж-марафон або рэпартаж-серыял на працягу вяшчальнага дня, займаў па аб’ёме і якасці сацыяльна-псіхалагічнага ўздзеяння цэнтральнае месца ў сетцы вяшчання.

Спакваля той “савецкі” святочна-рэпартажны пафас трансфармаваўся ў традыцыйны рэпартажны жанр. Святочнасць з элемента сацыяльна-псіхалагічнага заражэння агульным аптымізмам перайшла ў якасць звычайнай інфармацыйнай падставы. Святочны псіхалагічны стан, які павінен быў рэпарціраваць журналіст, устаў у шэраг усіх “астатніх” грамадскіх падзей як хаця й святочнай, але ўсё ж адносна шэраговай дзеі “у тым ліку”.

Тым не менш, факт гістарычнага існавання святочнага рэпартажу як адмысловага аўдыяльнага і тэлевізійнага жанру, у межах якога ажыццяўлялася супермасавая камунікацыя асаблівай якасці і свойства, існуе. І калі сёння гэты жанр у тым савецка-прамалінейным выглядзе страціў сваю актуальнасць, дык у нейкім відазмененым, трансфармаваным увасабленні ўсё ж выкарыстоўваецца. Больш таго, як аўдыяльны і тэлевізійны мастацка-інфармацыйны прыём і форма асобай маставай камунікацыі святочны рэпартаж, можна сцвярджаць, стаіць на пачатку новага этапу свайго жанравага масава-камунікатыўнага развіцця. Напрыклад, арганізатары камерцыйнага радыёвяшчання ўсё часцей выкарыстоўваюць жанр святочнага рэпартажу дзеля актывізацыі і павелічэння сваёй аўдыторыі, дзеля стварэння прэцэдэнту “узняцця аптымізму” у аўдыторыі ўвогуле, і, зразумела, у адносінах да самой радыёстанцыі.

У гісторыі еўрапейскага радыёвяшчання таксама вядомы шматлікія факты арганізацыі і падрыхтоўкі “спецыяльных” святаў з мэтай стварэння ў эфіры менавіта святочных рэпартажаў. Такія святочныя рэпартажы выконвалі і закліканы выконваць у перспектыве востра асэнсаваную функцыю сацыяльна-псіхалагічнай рэкрэацыі. Яна ствараецца радыё- і тэлежурналістамі ў гэтым жанры як твор для падкрэслена масавага ўспрыняцця і суперажывання, што спрадвеку было і застанецца запатрабаванай калектывісцкай, “народнай” формай масавай аптымістычнай камунікацыі.

Такім чынам, святочны радыётэлевізійны рэпартаж – жанр масава-грамадскай электроннай публіцыстыкі, які ствараецца як твор гукавага і візуальнага адлюстравання і апасродкаванага ўвасаблення грамадскага або карпаратыўнага масавага свята. Стваральнікам святочнага рэпартажу можа быць рэдакцыя, канал або асобны журналіст, або некалькі журналістаў, а сам святочны рэпартаж можа быць разавым або серыйным выхадам у эфір. Стылістыка святочнага рэпартжу, як правіла, адэкватна адлюстроўвае грамадскую значнасць святочнай дзеі, утрымлівае востра пазітыўную сацыяльна-псіхалагічную накіраванасць усіх сродкаў аўдыяльнага, тэлевізійнага і элеткроннага ўздзеяння. Публіцыстычны эфект святочнага рэпартажу складаецца з моманту апасродкаванага далучэння масавай аўдыторыі да святочнай масавай падзеі і са стварэння ў яе адмысловага сацыяльнага пачуцця калектыўнай “радасці жыцця”. Таму, акрамя ўласнай інфарамцыйнай функцыі, святочны рэпартаж іграе ролю электроннага сродку сацыяльна-псіхалагічнай тэрапіі, што ўвасбляецца праз эффект “заражэння” масавай аўдыторыі сацыяльным аптымізмам і дасягаецца праз “рэпартажнае далучэнне” аўдыторыі да масавай пазітыўнай дзеі.

На радыё ў святочным рэпартажы, як і ў любым іншым тыпе рэпартажу, выкарыстоўваюцца ўсе аўдыёвізуальныя сродкі адлюстравання, увасаблення, пераймання дзеі і інфармацыйна-мастацкага ўздзеяння як гукавая кампазіцыя, якая ствараецца або манціруецца па схеме “хвалі”: гукавы “сколак” дзеі—каментар журналіста—інтэрв’ю—гукавы “сколак”—музыка—інтэрв’ю—каментар і т.д. Кампазіцыя традыцыйнага святочнага радыёрэпартажу часта нагадвала святочна-гукавы калаж, які складаўся з інтэрв’ю, міні-рэпартажаў, каментараў самога журналіста, а таксама запрошаных ім да мікрафона “лепшых людзей”, замалёвак, гукавых “люстэркаў” і партрэтаў, гукавых эскізаў, эсэістычных, філасофска-публіцыстычных выступленняў, нават, канцэртаў, канферансу і да .т.п. У гэтым жанры асабліва важная аўтарская здольнасць журналіста да вынаходніцтва незвычайнай формы гукавага адлюстравання і пераймання дзеі, здольнасць змадэліраваць т. зв. “сустрэчную радасць” аўдыторыі, якая “заўсёды” чакае інфармацыйна-гукавага сюрпрызу, нават пэўнай гукавай інтрыгі, загадкі, абяцання чагосьці езвычайнага і, зразумела, радаснага, аптымістычнага. І хаця гэта радасць перажываецца непасрэдна на свяце нейкім іншым чалавекам (людзьмі), тым не менш эфірнае гука-віртуальнае суперперажыванне свята таксама заўсёды і заканамерна запатрабавана, таму што яго прыродай з’яўляецца апрыёрная патрэба чалавека ў калектыўнай “гульні жыцця”, тым больш у святы.

У камерцыйным радыёэфіры ў выкарыстанні жанру святочнага рэпартажу акцэнт ставіцца на эксплуатацыі, пэўнай паразітарнасці (што у прынцыпе характэрна для рэкламы) на амаль генетычным імкненні чалавека да жыццёвага аптымізму. Амаль усе ФМ-радыёстанцыі ў рэкламных мэтах арганізуюць разнастайныя публічныя акцыі, канцэрты, фестывалі – масавыя дзеі, якія ад пачатку выклікаюць цікаўнасць і спараджаюць масавыя клектыўныя “перажыванні”. З месцаў такіх штучных святаў і вядуцца “святочныя рэпартажы”, ладзяцца серыйныя радыёмасты, гукавыя рэпартажныя марафоны.

Так, круглыя даты вяшчання Бі-Бі-Сі або сезонныя “святы ўікэнда” летам, восенню, зімой, вясной. Доўгі час у 80-я гады Польскае радыё ў летнія месяцы па суботах і нядзелях вяло “летнія святочныя рэпартажы”. На працягу дня традыцыйныя ўікэндавыя перадачы серыйна межаваліся рэпартажнымі выпускамі ў прамым эфіры, а гэтыя серыялы называліся “Лета з радыё”. Па ініцыятыве Польскага радыё ў розных мясцінах мясцовыя ўлады арганізоўвалі міні-фестывалі. Героямі рэпартажаў станавіліся людзі на адпачынку, напрыклад, на Балтыйскім узбярэжжы, у прыгарадах Вашавы на Вісле, з якога небудзь горнага курорту, на якіх весялілі публіку шматлікія ансамблі, фальклорныя калектывы, спецыяльна арганізаваныя супрацоўнікамі Польскага радыё. Спецыяльна для такіх “ўікэндавых” рэпартажаў Польскае радыё ў садружнасці з мясцовымі органамі кіравання, ладзілі віктарыны, пляжныя конкурсы, спаборніцтвы, канцэрты.

У Германіі ўжо шмат гадоў у першы летні ўікэнд на пачатку чэрвеня з Гановера Нямецкае тэлебачанне і радыё “Нямецкая хваля” вядзе свае “скразныя” святочныя рэпартажы з Дня кветак і агню. У гэтыя дні ў велізарным гістарычным парку Гановера з яго шматлікімі фантанамі, садочкамі, кветкавымі клумбамі-канструкцыямі выступаюць прафесійныя і аматарскія калектывы і салісты з многіх краін свету. Ладзіцца фстываль кветак. Кульмінацыяй становіцца галоўны вечаровы феерверк пад музыку Гендэля і Гайдна, калі ўвесь мільённы Гановер і усе госці з усяго свету збіраюцца ў гэтым парку, каб “сямейна” перажыць гэта свята святла і агню пад шэлест фантанаў, пад гукі высокай музыкі і феерверку, пад зачараваны смех дзяцей.

У Англіі Бі-Бі-Сі ў садружнасці з Сусветным таварыствам аматараў ансамбля “Бітлз” у апошнія суботу і нядзелю жніўня ўжо дзесяткі гадоў праводзяць як бы “карпаратыўнае” свята – цяпер папулярны ва ўсім свеце фестываль Бітлз і бітламанаў у Ліверпулі – радзімы бітлаў. Як і сам фестываль, святочны рэпартаж доўжыцца ў эфіры амаль без перапынку двое сутак. У гэтыя дні на вуліцах і плошчах Ліверпуля гіганцкім “біт-ансамлем” гучаць галасы і інструменты бясконцых рокменаў. Крамкі праз два-тры метры адна ад адной гандлююць друкаванай, аўдыё і відэапрадукцыя “а ля бітлз”, сувенірамі з сімволікай “Бітлз”. У сутарэннях-лабірынтах ладзяцца дабрачынныя аўкцыёны з масавым распродажам пласцінак, сувеніраў, адзення, рэчаў папулярных артыстаў. Насельніцтва Ліверпуля ў гэтыя дні падвойваецца, вуліцы пераўтвараюцца ў масавую бітл-дэманстрацыю і калектыўнае шоў. Госці фестывалю выпіваюць сотні дэкалітраў піва, колы, віна, віскі. Масавы “святочны сіндром-псіхоз” і ёсць стрыжань рэпартажу-марафону. Радыёаўдыторыя чакае і атрымлівае гукавы зарад масавага “бітлз-псіхозу”, мэтай якога з’яўляецца, акрамя камерцыйнага, атрыманне, канечне, і грамадскага сацыяльна-псіхалагічнага і інфармацыйнага эфекту – далучэнне да папулярнага свята ўсіх, хто па розных прычынах не можа асабіста паўдзельнічаць у гэтым свяце або іншым падобным “свяце душы”.

Святочны рэпартаж на тэлебачанні сёння пераўтварыўся ў адносна лакальную масавую дзею, звычайна, эстрадна-забаўляльнага характару, кшталту фестывалю “Славянскі базар”, “Фабрыкі зорак”, конкурсу “Народны артыст” і інш. Звязана гэта ўсё, зразумела, з тэндэнцыяй камерцыялізацыі тэлеэкрана. Выключэнне складаюць арганізаваныя карпаратыўныя рэкламна-палітычныя акцыі, напрыклад, праведзеная па абласных гарадах кампаніяй АНТ прапагандысцкая акцыя “За Беларусь” з удзелам эстрадных зорак (падчас чарговых выбараў прэзідэнта РБ). Структура такіх святочных рэпартажаў амаль “першародная” – звычайная трансляцыя. Але сама арганізацыя, план, гукавае і святловае афармленне ствараюцца выключна з улікам спецыфікі тэлевізійнай трансляцыі. Эффект масавага “святочнага ажыятажу” ствараецца праз гука-візуальную карцінку “масавай радасці” з дапамогай панарамных камер і бліжніх планаў “эпатажных паводзін” аўдыторыі. Ролю рэпарцёра іграе вядучы (-ая, -ыя), які і звяртаецца, звчайна, да публікі ў зале.

У Еўропе папулярныя таксама арганізаваныя тэлекампаніямі разнастайныя лакальныя святы, у тым ліку, фальклорныя фестывалі, музычныя кірмашы. Так, у Германіі напрыканцы мінулага стагоддзя высокім рэйтынгам карыстаўся “вандроўны” фольк-фестываль. Іх ладзіла ВДР (Westfalien Deutshe Rundfunk) – тэлебачанне і радыё Зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія. Група выканаўцаў нямецкіх народных песень, танцаў, жартоўных куплетаў дзе-небудзь у прадмесці якога-небудзь горада “разбівала” часовы бівак з півярняй і вялізным сталом. Разыгрывалася вясёлая бяседа з песнямі, танцамі, спаборніцтвамі. Гэты фэст загадзя рэкламаваўся на мясцовых каналах радыё і тэлебачання. І звычайна, публікі збіралася шмат, што было выгадна мясцовым піваварам, гандлярам.

А ў Дзюсельдорфе быў нават збудаваны стацыянарны фестывальны гарадок з некалькімі студыямі пад адкрытым небам. Там адначасова арганізоўваліся разнастайныя фестывалі, конкурсы, віктарыны з абавязковым удзелам запрошанай публікі па білетах.

Вэбварыянт святочнага рэпартажу чакае свайго часу, калі і журналісты, і аўдыторыя зразумюць і прыстасуюцца (у чарговы раз) да неасэнсаваных яшчэ супермагчымасцей, па-першае, электроннай трансляцыі, па-другое, магчымасцей непасрэднага саўдзелу ў такім фестывалі кожнага спажыўца фестывальнай эмоцыі “у гэты час”. Адначасовае вядзенне рэпартажу з некалькіх пляцовак, скажам, на “Славянскім базары” дасць адпаведную магчымасць вэбспажыўцу маланкава пераключацца з дзеі на дзею, выказваць свае ўражанні і меркаванні на аператыўным форуме. А калі арганізатары такога свята-фестывалю не “пасквабнічаюць” і прадаставяць электронную магчымасць кожнаму самому паўдзельнічаць у фестывалі або спаборніцтве (напрыклад, вялікі экран на плошчы з трансляцыяй “лепшага” меркавання, спеваў, іншых конкурсных перамог вэбаўдыторыі), гэта і будзе чарговым этапам у асваенні і новых электронных сродкаў-магчымасцей, і новых форм масавых публіцыстычных зносін.

Лекцыя Х. Ток-шоў

  • Гістарычная рэтраспектыва жанру

  • Ток-шоў на радыё, на тэлебачанні, у Інтэрнэце

  • Тыпы ток-шоў: праблемнае, сацыяльна-публіцыстычнае,

забаўляльна-публіцыстычнае

  • Складнікі і сродкі традыцыйных ток-шоў

  • Характарыстыка найбольш папулярных айчынных і замежных

ток-шоў

Англ. talk гаварыць, размаўляць, размова і

show 1) паказваць (паказвацца),

2) выстава, спектакль – “размоўнае

прадстаўленне, відовішча, размоўны канцэрт”

Спачатку некалькі імпрэсій-паралелей.

…Старажытна-рымкі форум. Амфітэатрам бачым у белых тогах патрыцыяў, якія слухаюць або крыкамі, апладысментамі, жэстамі перапыняюць прамоўцу, выступаюць з рэплікамі, пытаннямі — што гэта вам нагадвае?

… Узлесак Белавежскай пушчы вясной. Цецярук такуе — кліча, звяртае на сябе ўвагу самачкі. А побач другі цецярук і таксама такуе: спаборніцтва, такаванне. Штосьці нагадвае?

…Каўказ (у мірныя часы, зразумела). Грузія. Недзе ў гарах — мястэчка, а ў ім на нейкім мясцовым свяце пад ценем вінаградніка — стол, а за ім — добрая сябрына, бяседа. Тамада трымае слова з кубкам (рогам!) сонечнага віна. А што гэта?

…Сцэна Палаца Рэспублікі (або залы “Расія”). Жэня Крыжаноўскі (або Міша Жванецкі) вядуць свой канферанс. Як гэта мы назавём?

…Экран ОРТ—“АНТ”. Штотыднёвая віншавальная “талака” “Поле чудес». Або на тэлеканале “Культура” – “Культурная рэвалюцыя”. А што ж гэта?

Правільна: ток-шоў, “размоўнае (гаворкавае) прадстаўленне”.

Гэта “размоўнае прадстаўленне” у сучасным выглядзе – амерыканскага паходжання. Дзесьці ў 1960-я гг. на экране сталі адаптавацца забаўляльныя канферансы з публікай у студыі. Эстафету размоўнага відовішча падхапіла Заходняя Германія, Еўропа, ну, і затым — свет.

Сёння семантычнае напаўненне ток-шоў адносна шырокае. Само слова “шоў” мае два асноўныя азначэнні: першае — пышнае эстраднае відовішча, канцэртнае прадстаўленне (шоў, ілюзійнае шоў); другое — пераноснае значэнне : што-небудзь знешняе (руск. “показное”), якое разлічана на гучны вонкавы эфект, які не заўсёды можа быць адэкватным эстэтычнаму эфекту і зместу. Да гэтага шэрагу прадстаўленняў адносіцца і палітычнае шоў. Словам, ток-шоў — гэта “размова-дзеянне”, разлічанае на шумны знешні эфект. І лічыцца, што гэта менавіта тэлевізійны масава-публіцыстычны жанр. Але нават кароткі гістарычны агляд фарміравання ток-шоў на радыё сведчыць, што ток-шоў, як, перадусім, гаворкавы (talk) жанр, мае “генетычную “ падставу лічыцца таксама і жанрам радыйным. Аднак па чарзе.