- •1. Аўтары і выдаўцы
- •1. 1. Перыяд нямецка–савецкага супрацоўніцтва
- •1.2. Пасля нашэсця Нямеччыны на ссср Генеральная акруга Беларусь
- •Краёвае выдавецтва «Менск»
- •Выданні ксяндза с. Глякоўскага
- •Выданні Школьнага інспектарата
- •Выдавецкія спробы бнс
- •Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі
- •Іншыя выдаўцы
- •В. Таўлай, т. Лебяда, а. Салавей, м. Сяднёў, с. Хмара,
- •Генеральная акруга Літва
- •Генеральная акруга Латвія
- •Я. Найдзюк і к. Езавітаў. Рыга, 17 лютага 1942 г.
- •Беластоцкая акруга
- •Генерал–губернатарства
- •Нямеччына
- •Нямецкія беларускамоўныя выданні
- •2. Алфавітны каталог кніг і брашур
- •3. Бібліяграфічная характарыстыка выданняў (Статыстычны аспект)
- •Табліца 2. Тэматычная структура выданняў
- •Табліца 3.Храналогія выпуску кніг і брашур
- •Перыяд нямецка—савецкага супрацоўніцтва
- •Перыяд савецка–нямецкай вайны
- •Табліца 4. Месца выдання кніг
- •Табліца 5. Аб’ём выданняў
- •4. Кніга і палітыка
- •Група аўтараў і выдаўцоў пасля эвакуацыі з Беларусі ў Нямеччыну. Сядзяць злева направа: м. Сяднёў, л. Случанін, х. Ільяшэвіч,
- •5. Біяграмы ўдзельнікаў кнігадрукавання
- •Індэкс асобаў
- •Спіс скарачэнняў
Нямеччына
Калі да 22 чэрвеня 1941 г. беларускім выдаўцам на тэрыторыі Нямеччыны забаранялася выказваць варожае стаўленне да Савецкага Саюза, то ва ўмовах нямецка–савецкай вайны такое патрабаванне, вядома, ужо не мела сэнсу. Змяніўся тон «Раніцы», але не беларускіх кніжных выданняў, якія, дарэчы, выпускаліся рэдка і на фоне ажыўленай дзейнасці рускіх і ўкраінскіх выдаўцоў былі малапрыкметныя.
Беларускі камітэт самапомачы ў Берліне толькі ў другой палове 1942 г. пачаў спарадычна выпускаць кнігі і брашуры, што было заслугай Міколы Абрамчыка і яго жонкі Ніны. Стараннем Абрамчыка летам 1942 г. БКС выдаў дзве кнігі — Якуба Коласа Сымон–Музыка і зборнік вершаў Ларысы Геніюш Ад родных ніў. Першая з іх была перадрукам даваеннага віленскага выдання, а другую падрыхтаваў да друку Вітаўт Тумаш, карыстаючыся тэкстамі, апублікаванымі ў «Раніцы» і атрыманымі ад аўтаркі з Прагі. Абедзве кнігі былі адначасова надрукаваныя ў пражскай друкарні «Палітыка» і ў верасні 1942 г. рэкламаваліся на старонках «Раніцы».
Згодна з агульнапрынятым правілам бібліяграфіі месцам выдання кнігі лічыцца сядзіба выдавецтва, а не друкарні. Для прыкладу: ВШПЛМ частку сваіх кніг друкавала ў Вільні, але месцам іх выдання заўсёды лічыўся Менск. Аднак на выдадзеных берлінскім камітэтам кнігах Коласа і Геніюш як месца іх выдання пазначана Прага. Прычына гэтай недакладнасці невядомая. У той час Чэхія была не самастойнай дзяржавай, а пратэктаратам у складзе Нямеччыны, у сувязі з чым абедзве кнігі выйшлі з паметкай Рrіnted in Germany.
Пасля вайны няраз распаўсюджваліся выказванні пра канфіскацыю нямецкімі ўладамі кнігі Я. Коласа Сымон–Музыка, прычынай чаго было знаходжанне аўтара ў СССР. Невядома, у якой ступені гэтыя звесткі адпавядалі сапраўднасці. Пад кантролем нямецкай цэнзуры выйшла не толькі кніга Я. Коласа, але і Беларуская граматыка камуніста Б. Тарашкевіча, а сям–там ставіліся гурткамі мастацкай самадзейнасці п’есы Купалы, які таксама быў эвакуяваны ў СССР. Пра канфіскацыю нічога не было вядома, напрыклад, у варшаўскім беларускім камітэце, які бесперашкодна распаўсюджваў Коласаву кнігу. Урэшце, нельга ігнараваць і паведамлення «Раніцы» ад 9/16.05.1943 г. пра поўны распродаж выдадзеных БКС кніг Я. Коласа і Л. Геніюш.
У кнігавыдавецкай дзейнасці ў Нямеччыне брала ўдзел таксама жонка Міколы Абрамчыка Ніна Ляўковіч–Абрамчык. У 1942/43 г. яна апрацавала і выдала пад грыфам БКС, або яго берлінскага філіяла, пяць рознай велічыні кніг. Усе яны выдаваліся лацінкай, рататарнай тэхнікай з пазнакай «на правох рукапісу».
Першым выданнем гэтай серыі быў невялікі зборнік папулярных песень і патрыятычных вершаў пад загалоўкам Беларусь у песьнях, які, мяркуючы па рэкламных аб’явах «Раніцы», з’явіўся не пазней верасня 1942 г. Неўзабаве была надрукаваная кніга Гісторыя Беларусі ў картах, апрацаваная паводле лекцый, якія ў 1941/42 г. чытаў Мікола Абрамчык на курсах беларусаведы ў Берліне. Кніга ілюстравалася 12 гістарычнымі картамі і малюнкамі Баляслава Барткевіча. Выйшла яна накладам 3500 асобнікаў і распаўсюджвалася, між іншым, у беларускіх школах Беласточчыны і Варшавы.
Пад канец 1942 г. выйшлі брашура 25 сакавіка і апрацаваны айцом Віктарам Шутовічам зборнік 20 беларускіх калядак пад загалоўкам Калядныя песьні. Выдавецкую серыю Ніны Абрамчык закончыў апрацаваны ёю і выдадзены вясной 1943 г. зборнік 30 беларускіх папулярных песень, рамансаў і прыпевак Пад гоман вясёлы.
Пад канец лістапада ці на пачатку снежня 1943 г. Абрамчыкі выехалі ў Парыж, аднак да таго часу не праяўлялі ў Берліне новых выдавецкіх ініцыятыў. Магчыма, на гэта паўплываў слабы попыт на рататарныя выданні лацінскім алфавітам, якія залежваліся і цэлыя два гады не сыходзілі з рэкламных аб’яваў «Раніцы».
Апошнім выданнем БКС быў перадрукаваны з «Беларускай Газэты» Тэстамэнт Уладзіміра Жылкі. Ён выйшаў у палове 1944 г., у выніку старанняў Антона Адамовіча, які высока цаніў гэты твор. З агульнай колькасці 8 выданняў БКС толькі зборнік вершаў Ларысы Геніюш быў новаапрацаванай кнігай, а ўсе астатнія — перадрукам раней апублікаваных твораў.
Акрамя Берліна беларускія кніжкі выдаваліся ў Празе. У першай палове 1942 г. стараннем Янкі Станкевіча пражскі філіял БКС выпусціў Арытмэтыку З. Дабрынскай, а ў 1943 г. Васіль Русак выдаў ці перавыдаў свой зборнік Беларускія (крывіцкія) песьні.
Выдавецкая дзейнасць у Берліне ажывілася ў другой палове 1944 г. У канцы ліпеня сюды прыбыў з Беластока былы рэдактар «Новай Дарогі» Хведар Ільяшэвіч, які працаваў у рэдакцыі «Раніцы» і, нягледзячы на мізэрныя перспектывы, спрабаваў рэалізаваць свае выдавецкія праекты. Фактычна, Чырвоная Армія, што спынілася ўлетку на 1944 г. на Вісле, набіраючы сілы для канчатковага наступлення, дала яму на тое некалькі месяцаў часу.
Гэты час Х. Ільяшэвіч скарыстаў для выпуску сямі кніжак у серыі «Народная бібліятэчка»: Ю. Віцьбіча Нацыянальныя сьвятыні і Вяліскія паўстанцы, Гэньдзікаўскія змагары, У. Глыбіннага Смаленшчына — адвечная беларуская зямля, А. Музыкі Прыгоды Панаса і Тараса, Л. Радзіміча Адам і Ева, Чабор, М. Шчаглова Беларуская музычная культура, а таксама зборнік Дудар, у які ўвайшлі апавяданні В. Ластоўскага, М. Гарэцкага, А. Савіцкай, Ядвігіна Ш., А. Падгорнага і С. Палескага.
Шэсць першых кніг былі надрукаваны на газетнай паперы, яны мелі аднолькавы фармат і аб’ём (31—32 старонкі). Гэта дазваляе меркаваць, што яны выйшлі як дадатак да «Раніцы». Сёмая кніга Дудар выйшла ў той самай серыі «Народная бібліятэчка», але з паметкай Vineta, відавочна, яна была апрацаваная ў беларускім аддзеле гэтага выдавецтва, які да снежня 1944 г. існаваў у рамках берлінскага міністэрства прапаганды. Дудар выйшаў прыкладна ў тым самым фармаце, што і папярэднія кнігі гэтай серыі, але ва ўдвая большым аб’ёме. Яго выпусціла дзяржаўнае выдавецтва іншамоўнай літаратуры.
Таксама ў другой палове 1944 г. у Берліне была заснавана невядомым выдаўцом іншая серыя — «Бібліятэчка каліноўцаў», у рамках якой выйшла толькі адна кніга — трэцяе, пашыранае Я. Найдзюком выданне В. Ластоўскага Што трэба ведаць кажнаму беларусу. Хутчэй за ўсё і яна была выдадзена як дадатак да «Раніцы».
Летам 1944 г. пасля адступлення з акупаваных тэрыторыяў СССР нямецкія ўлады паступова абмяжоўвалі прапагандысцкую ролю «Вінэты». Урэшце 1 снежня яе беларускі аддзел быў падпарадкаваны Беларускай цэнтральнай радзе ў Берліне і працягваў дзейнічаць як Беларускае інфармацыйнае бюро (БІБ).
У снежні 1944 г. БІБ выпусціла апрацаваную яшчэ ў жніўні брашуру К. Езавітава Беларуская Цэнтральная Рада адзіны правамоцны прадстаўнік беларускага народу і планавала выданне выступлення М. Шкялёнка на Другім усебеларускім кангрэсе ў Менску ў якасці брашуры пад загалоўкам Беларускі народ уневажняе бяспраўныя пастановы, а таксама іншую брашуру К. Езавітава Усебеларускі кангрэс. Паводле інфармацыі айца А. Надсана, дырэктара Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане, быў зроблены друкарскі набор брашур і змакетаваны адбіткі для карэктуры, але наўрад ці паспелі іх надрукаваць. З–за гэтага абедзве брашуры БІБ у наш каталог не ўключаны.
Таксама як у Менску, Рызе, Беластоку і Варшаве некаторыя кнігі, падрыхтаваныя да друку ў Берліне, не ўбачылі свету па прычыне ваенных дзеянняў. Летам 1944 г. П. Бакач закончыў апрацоўку нарысаў па гісторыі беларускай літаратуры, якія ў хуткім часе меліся быць надрукаваныя на беларускай і нямецкай мовах46. Пакуль што невядома пра лёс гэтай кнігі — ці яна загінула ў вогненным Берліне, ці захаваўся недзе яе рукапіс. Пад канец 1944 г. згарэў у берлінскай друкарні зборнік беларускіх народных песень і ўласных музычных твораў М. Равенскага47. Такі ж лёс спаткаў і кнігу Я. Кіпеля Беларусы ў савецкіх канцлягерох, якая была падрыхтавана да выдання ў «Вінэце» і ў лютым 1945 г. загінула падчас бамбардавання Берліна48.
Не ўсё, аднак, знішчалі саюзніцкія бомбы, прыкладам чаго быў лёс Нямецка–беларускага слоўніка (27 тыс. слоў), апрацаванага Аляксандрам Калошам, Васілём Камароўскім і Янам Пятроўскім. Пасля падпісання з выдавецтвам Bernard und Graefe дамовы на яго выданне 10 снежня 1942 г. складальнікі перадалі выдавецтву рукапіс, атрымалі прадбачаную дагаворам частку ганарару і пачалі распаўсюджваць у прэсе паведамленне пра яго хуткі выпуск. Пра гэта пісалі не толькі «Беларуская Газэта» (16.01.1943) і «Новая Дарога» (7.02.1943), але нават пскоўская «За родину» (2.02.1943). Паведамляўся нават тэрмін выпуску — пачатак сакавіка 1943 г.
Тым часам складальнікі чакалі карэктуры і рыхтавалі другую частку — Беларуска–нямецкі слоўнік. Аднак у лютым 1943 г. выдавецтва адмовілася надрукаваць слоўнік. На запытанне аўтара Я. Пятроўскі не выявіў прычыну рашэння выдавецтва49. Не выявіў яе адкрыта ён і ў сваіх Мэмуарах, аднак змешчаная ў іх крытыка паводзін суаўтараў А. Калошы і В. Камароўскага і іх мовазнаўчых кваліфікацый дазваляе меркаваць, што гэтай прычынай была марная якасць аўтарскага матэрыялу50.
Відаць, падобнай была якасць апрацаванага ў 1942 г. вялікага зборніка публіцыстыкі У. Глыбіннага Жыве Беларусь. Аўтар прапаноўваў яго бадай усім беларускім выдаўцам, але ні яго захады, ні шумны патрыятычны загаловак не выклікалі іх зацікаўлення. Як выявіла Лена Глагоўская, зборнік У. Глыбіннага закончыў сваю вандроўку ў аддзеле рукапісаў Акадэмічнай бібліятэкі ў Вільні.
