- •1. Аўтары і выдаўцы
- •1. 1. Перыяд нямецка–савецкага супрацоўніцтва
- •1.2. Пасля нашэсця Нямеччыны на ссср Генеральная акруга Беларусь
- •Краёвае выдавецтва «Менск»
- •Выданні ксяндза с. Глякоўскага
- •Выданні Школьнага інспектарата
- •Выдавецкія спробы бнс
- •Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі
- •Іншыя выдаўцы
- •В. Таўлай, т. Лебяда, а. Салавей, м. Сяднёў, с. Хмара,
- •Генеральная акруга Літва
- •Генеральная акруга Латвія
- •Я. Найдзюк і к. Езавітаў. Рыга, 17 лютага 1942 г.
- •Беластоцкая акруга
- •Генерал–губернатарства
- •Нямеччына
- •Нямецкія беларускамоўныя выданні
- •2. Алфавітны каталог кніг і брашур
- •3. Бібліяграфічная характарыстыка выданняў (Статыстычны аспект)
- •Табліца 2. Тэматычная структура выданняў
- •Табліца 3.Храналогія выпуску кніг і брашур
- •Перыяд нямецка—савецкага супрацоўніцтва
- •Перыяд савецка–нямецкай вайны
- •Табліца 4. Месца выдання кніг
- •Табліца 5. Аб’ём выданняў
- •4. Кніга і палітыка
- •Група аўтараў і выдаўцоў пасля эвакуацыі з Беларусі ў Нямеччыну. Сядзяць злева направа: м. Сяднёў, л. Случанін, х. Ільяшэвіч,
- •5. Біяграмы ўдзельнікаў кнігадрукавання
- •Індэкс асобаў
- •Спіс скарачэнняў
Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі
Пішучы ў «Беларускай Газэце» (15.10.1942) пра вынікі працы школьнага Інспектарата за першы год яго дзейнасці, Я. Найдзюк выказаў спадзяванне на ажыўленне выпуску кніг пасля заснавання Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі (далей ВШПЛМ), якое да гэтага часу, г. зн. да паловы кастрычніка 1942 г., усё яшчэ было ў стане арганізацыі. Першую звестку пра яго заснаванне падала «Беларуская Школа»: выдаўцом першых чатырох нумароў гэтага двухмесячніка быў Інспектарат, а пятага, за верасень—кастрычнік 1942 г. — ВШПЛМ. Аднак пяты нумар «Беларускай Школы» выйшаў са спазненнем на некалькі тыдняў, відаць, у палове лістапада, на што паказвае звестка пра ягоны выпуск, надрукаваная 22 лістапада 1942 г. у «Беларускай Газэце». Такім чынам, заснаванне ВШПЛМ адбылося пад канец кастрычніка або на пачатку лістапада 1942 г.
Кіраўніком ВШПЛМ В. Кубэ назначыў Ё. Сівіцу, які надалей заставаўся шэфам школьнага Інспектарата. Абедзве гэтыя структуры аднолькава падпарадкоўваліся Генеральнаму камісарыяту Беларусі і працавалі пад кіраўніцтвам яго чыноўніка Сівіцы, які да канца акупацыі быў цэнзарам друкаваных кніг. Тэхнічным кіраўніком выдавецтва быў Язэп Найдзюк. У выдавецтве працавалі: прафесар Мікола Байкоў, Антон Лёсік — брат мовазнаўца і педагога Язэпа Лёсіка, Аўген Калубовіч, Язэп Гладкі, бухгалтар, сакратарка і машыністкі. З выдавецтвам супрацоўнічалі Янка Станкевіч, Яўхім Кіпель, Пётр Кісель, кампазітары Аляксей Туранкоў і Мікола Шчаглоў, мастак–графік Анатоль Тычына і іншыя29.
Выдавецтва месцілася ў доме №13 на Камсамольскай вуліцы, перайменаванай падчас акупацыі на вуліцу Алеся Гаруна. Там жа знаходзіўся Школьны інспектарат і БНС. Людзі, якія займаліся апрацоўкай і выпускам кніг, звычайна рабілі адну і тую справу, і не раз, асабліва праз дзесяцігоддзі, не маглі дакладна акрэсліць для якой «фірмы» яны працавалі — для Інспектарата, БНС ці выдавецтва. Нават Найдзюк, які выдатна ведаў тагачаснае становішча, блытаў выдавецтва з Інспектаратам. Яўхім Кіпель, які з другой паловы 1942 г. працаваў у навуковым аддзеле Інспектарата, пасля вайны пісаў: «… мне не было ясна, куды гэты аддзел належаў адміністрацыйна: уважалася, што аддзел знаходзіўся пры Генэральным Камісарыяце, хоць мясьціўся ён пры Самапомачы, ды ў розных справах адміністрацыйных усё заладжвалася якраз у той Самапомачы»30.
Першай кнігай, якую напрыканцы 1942 г. выпусціла ВШПЛМ, быў Беларускі лемантар Пятра Кісяля — дырэктара адной з менскіх школ. Яе выданне адлюстроўвала незвычайныя цяжкасці ў навучальным працэсе, калі забаранялася карыстацца савецкімі падручнікамі, а іншых не было. Кісель згадзіўся апрацаваць лемантар, аднак да восені 1942 г. здолеў падрыхтаваць толькі трэцюю яго частку. Усё ж, каб хоць часткова задаволіць патрэбы школ, Інспектарат вырашыў надрукаваць гэтую частку. Яе тэкст раптоўна абрываўся на 32 старонцы, на літары «Д». Выдавецтва не лічыла яго паўнацэнным лемантаром і не называла яго ў спісах сваіх выданняў. Аднак кур’ёзнае выданне 1942 г. адпавядае ўсім бібліяграфічным нормам і таму ўключана ў наш каталог. Агулам ВШПЛМ выдала 24 кнігі, уключна з лацінічным варыянтам Беларускага правапісу Лёсіка. З увагі на невялікую іх колькасць выпуск кожнай кнігі быў свайго роду падзеяй і адзначаўся ў прэсе.
Найбольш пільным іх «летапісцам», так як калісьці ў віленскім «Шляху Моладзі», быў Язэп Найдзюк, які пад сваімі псеўданімамі (З. Бойдацкі, Разглядальнік і іншымі) сістэматычна змяшчаў у «Беларускай Газэце» і «Голасе Вёскі» інфармацыю аб выданнях ВШПЛМ. «Кажная новая беларуская кніжачка, — пісаў ён 6 траўня 1943 г. у «Беларускай Газэце», — нашым часам цешыць ужо самым фактам свайго з’яўлення». Гэтыя яго звесткі дазволілі вызначыць розныя бібліяграфічныя дэталі, якія часам не падаваліся на вокладках кніг, у прыватнасці, удакладніць час іх выпуску. З увагі на кароткую дзейнасць ВШПЛМ сам год выпуску кнігі яшчэ недастатковы для высвятлення выдавецкай працэдуры і яе вынікаў. Праўда, на некаторых кнігах часам падаваўся і месяц выпуску, але такіх кніг было няшмат, і толькі дзякуючы прэсавай інфармацыі можна было ўстанавіць больш дакладны тэрмін выдання, прынамсі, па кварталах. Дарэчы, зборнік Ой, прыйшла каляда быў выдадзены не ў 1942 г., як пададзена на яго вокладцы, а ў студзені 1943 г. (гл. дакументацыя ў каталозе).
Вынікі працы ВШПЛМ, найбольш істотныя для аналізу яго дзейнасці, паказаны ў табліцы 1. Кнігі, выдадзеныя лацінкай, транслітаруюцца кірыліцай, аднак з абазначэннем алфавіту кожнай кнігі сімваламі «К» — кірыліца і «Л» — лацінка. Фактычны выпуск кніг даецца па кварталах. У табліцы не падаецца месца выдання, якім ва ўсіх выпадках быў Менск як сядзіба ВШПЛМ, затое падаецца месца іх надрукавання. Усе бібліяграфічныя дэталі ў поўным выглядзе пададзеныя ў каталозе.
Табліца 1. Кнігі Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі
Хаця асноўнай задачай ВШПЛМ быў выпуск літаратуры для патрэб школьніцтва, тэматычны дыяпазон яго выданняў даволі шырокі. Акрамя школьных падручнікаў, яно выпусціла песеннікі, рэпертуарны зборнік, казкі, мастацкую, рэлігійную, вайсковую, навуковую і навукова–папулярную літаратуру.
Пераважную частку выданняў ВШПЛМ складалі арыгінальныя творы беларускіх аўтараў, апрацаваныя ва ўмовах нямецкай акупацыі. Да іх ліку належалі школьныя падручнікі П. Кісяля, А. Лёсіка, Я. Станкевіча і З. Дабрынскай, зборнікі паэзіі і апавяданняў Н. Арсенневай, Т. Лебяды, М. Лясуна, А. Салаўя і Л. Случаніна, а таксама апрацаваны Я. Станкевічам пры ўдзеле А. Адамовіча Маленькі маскоўска–беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны. Граматыка Б. Тарашкевіча лічылася перавыданнем яе пятага віленскага выпуску, аднак яна была перапрацаваная і дапоўненая А. Лёсікам, К. Шкуцькам і А. Адамовічам згодна з патрабаваннем новага правапісу.
Кніга Я. Найдзюка Беларусь учора і сяньня не была падручнікам для пачатковых школ. Яна мела характар навукова–папулярнай працы, прызначанай для нацыянальнай адукацыі інтэлігенцыі і старэйшай моладзі, у прыватнасці, для вучняў настаўніцкіх семінарыяў. Параўнальна аб’ёмістая кніга (звыш 300 старонак) не рыхтавалася наспех — над ёй аўтар працаваў яшчэ ў Вільні, дзе ў 1940 г. выдаў аднайменную кніжку і ў 1941—1942 гг. закончыў апрацоўку яе новага варыянта, які ад пачатку 1942 г. друкаваўся ў «Голасе Вёскі». Аднак, нягледзячы на сугучнасць загалоўкаў, няма падставы лічыць менскае выданне пашыраным перавыданнем віленскага: аб’ём выдадзенай у 1944 г. кнігі быў у пяць разоў большы, чым віленскага выдання. Па сутнасці, гэта быў цалкам новы твор.
Новымі былі і выданні фальклорных песень Ой, прыйшла каляда, Вясна–красна і Зборнік купальскіх і жніўных песьняў з музычнай гарманізацыяй М. Шчаглова, А. Туранкова і іншых кампазітараў. Некаторыя кнігі, як Зборнік сцэнічных твораў, Выбраныя беларускія народныя казкі і Што трэба ведаць кажнаму беларусу В. Ластоўскага былі перадрукам ранейшых выданняў, прычым апошняя была пашырана Я. Найдзюком.
Больш складаная была кампазіцыя апрацаванага ў 1942 г. прапаведнікам царквы баптыстаў у Беларусі Антонам Кецкам Эвангельскага хрысьціянскага сьпеўніка. Змешчаныя ў ім 142 рэлігійныя гімны былі часткова перадрукаваныя з папраўкамі з даваенных песеннікаў Песьні духоўныя з гарфы сіонскай (Варшава, 1925) і Божая ліра (Вільня, 1930) і часткова новаперакладзены Наталляй Арсенневай з нямецкай мовы. Да перакладной літаратуры таксама адносіўся Страявы вайсковы статут, апрацаваны Віталём Мікулам на загад І. Ермачэнкі для патрэб Самааховы, паліцыі і школьнай моладзі.
M. Шчаглоў і н. Арсеннева.
Менск, 1944 г.
Як паказана ў табліцы, з агульнай колькасці 24 кніг, выпушчаных ВШПЛМ, 16 было надрукавана кірыліцай, 7 — лацінкай, а Я. Станкевіча Кніжка вучыцца чытаць і пісаць лацініцаю — двума алфавітамі. Яна прызначалася як дапаможнік для ўсходнебеларускіх настаўнікаў, з якіх многія ведалі толькі кірыліцу. Згодна з дырэктывай А. Розенберга, лацінкай друкаваліся пераважна школьныя падручнікі. Астатнія кнігі, як правіла, выдаваліся кірыліцай, а адзіным выняткам былі Выбраныя беларускія народныя казкі, на што, відаць, паўплывалі асабістыя сімпатыі да лацінкі яе складальніка і выдаўца Язэпа Найдзюка.
З розных прычынаў кнігі ВШПЛМ друкаваліся ў розных друкарнях. Паколькі ў Менску былі праблемы з адпаведнымі шрыфтамі і друкарамі, набор лацінічных выданняў пераважна адбываўся ў Вільні і частка іх там друкавалася. Аднак у выніку перагружанасці менскіх друкарняў у Вільню накіроўваліся і некаторыя кірылічныя выданні ВШПЛМ, напрыклад, зборнікі вершаў Т. Лебяды, Н. Арсенневай і Л. Случаніна. Агулам у Менску надрукавана 14 кніг, у Вільні — 8 і адна — у Рызе, дзе працаваў яе аўтар Алесь Салавей. Не высветлена месца друку Эвангельскага хрысьціянскага сьпеўніка.
Кнігі ВШПЛМ выпускаліся адносна вялікімі накладамі. Граматыка Тарашкевіча і кірылічны варыянт Правапісу А. Лёсіка выдадзеныя 100–тысячным накладам кожная кніга, а арыфметычныя задачнікі і лацінічны варыянт Правапісу — па 50 тыс. асобнікаў. Напэўна, не меншы быў агульны наклад Лемантара П. Кісяля — яго другое, стэрэатыпнае выданне 1944 г. выйшла накладам 30 тыс. асобнікаў. Наклад папулярнай гісторыі Беларусі Я. Найдзюка склаў 25 тыс., зборнікаў паэзіі Н. Арсенневай, Л. Случаніна і А. Салаўя — ад 3 да 5 тыс., Страявога вайсковага статута — 10 тыс. і зборніка Ой, прыйшла каляда — 5 тыс. асобнікаў.
Паводле звестак, падаваных на вокладках кніг і ў газетах, цэны выданняў ВШПЛМ былі адносна нізкія. Школьныя падручнікі прадаваліся па 1,00—2,00 маркі, зборнік Т. Лебяды Песьні выгнаньня каштаваў 75 фэнігаў, зборнік вершаў А. Салаўя — 3 маркі, Выбраныя беларускія народныя казкі — 3,50 маркі, Фразэолёгічны слоўнічак Я. Станкевіча — 2 маркі, а найбольш аб’ёмістая кніга Найдзюка Беларусь учора і сяньня — 5 марак. Паводле Я. Найдзюка, кнігі ВШПЛМ пачаткова субсідыяваліся Генеральным камісарыятам, але з часам прыход з іх продажу перавысіў кошты выдання, і выдавецтва стала прыбытковым31.
Для ацэнкі дзейнасці ВШПЛМ важнае значэнне мае фактар часу выпуску кніг, ад чаго ў вялікай ступені залежалі іх распаўсюджванне і выкарыстанне. Першы школьны падручнік — закончаны Беларускі лемантар Кісяля — быў надрукаваны вясной (хутчэй за ўсё ў траўні 1943 г.), і таму наўрад ці акруговыя і павятовыя школьныя інспектары змаглі яго даставіць у школы перад летнімі вакацыямі. А гэта значыць, што не толькі ў 1941/42 г., але і ў 1942/43 годзе школы працавалі без падручнікаў. Летам 1943 г. выйшаў з друку кірылічны варыянт Беларускага правапісу А. Лёсіка, а ў снежні і на пачатку 1944 г. астатнія падручнікі, але настаўнікі і вучні маглі імі карыстацца ўсяго некалькі месяцаў, бадай, да траўня, калі закончыліся школьныя заняткі. Пазней яны ўжо былі непатрэбныя.
Як паказана ў табліцы 1, 13 кніг, або больш за палову ўсіх выданняў ВШПЛМ, былі надрукаваныя ў апошнія месяцы акупацыі — ад снежня 1943 да чэрвеня 1944 г. Кнігі Н. Арсенневай, Л. Случаніна, казкі і фразеалагічны слоўнічак Я. Станкевіча выйшлі ў траўні—чэрвені 1944 г., і таму толькі нязначная частка іх накладаў магла быць распаўсюджаная да чэрвеньскага наступлення Чырвонай Арміі. Як пісаў Я. Станкевіч у прадмове да другога выдання Слоўнічка, у выніку спешнай эвакуацыі ў Нямеччыну амаль увесь наклад яго кнігі застаўся ў Менску. Такі ж быў лёс і зборніка лірыкі Алеся Салаўя Мае песьні, надрукаванага ў ліпені 1944 г. у Рызе, адкуль толькі частку накладу аўтар змог забраць з сабою ў Берлін32.
З прычыны эвакуацыі не было закончана выданне некалькіх кніг, падрыхтаваных ВШПЛМ да друку. На пачатку 1944 г. У. Сядура здаў выдавецтву дзве свае працы Беларускі тэатр і Беларускае мастацтва, якія, паводле «Беларускай Газэты» ад 15 сакавіка 1944 г., павінны былі «ў хуткім часе ўбачыць свет». Не была выдадзена п’еса Т. Лебяды Загубленае жыццё, чытанка П. Кісяля і некалькі рэлігійных прац ксяндза Ільдэфонса Бобіча.
