Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Юры Туронак - Нямецкая кніга пад нямецкім кантролем.docx
Скачиваний:
3
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
731 Кб
Скачать
☆

Табліца 5. Аб’ём выданняў

Колькасць Колькасць Удзельная вага

старонак тытулаў (%)

Агулам 117* 100

1—30 55 47

31—60 31 27

61—100 18 16

101—200 7 6

Звыш 200 5 4

Неабходна заўважыць, што прадстаўлены па­дзел на групы аб’ёму не ўлічвае фармату кніг. З увагі на тое, што выдаваліся яны розным фарматам, гэтае групаванне можна лічыць прыблізным. Калі пералічыць усе выданні на ўмоўны параўнальны фармат, магчыма, можна было б зрабіць пэўную карэктуру дадзеных у табліцы 5 — г. зн. павялічыць колькасць тытулаў у групах найменшага аб’ёму і зменшыць іх лік у групах найбольшага аб’ёму.

***

Значныя цяжкасці былі з распаўсюджваннем выдадзеных кніг. Гэтае пытанне вырашалася, як правіла, самымі выдаўцамі, якія карысталіся арганізацыйнай сеткай беларускіх камітэтаў у Берліне, Варшаве і Латвіі. Адзінае ў Беларусі Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі пераважную частку сваіх выданняў пастаўляла акруговым школьным інспектаратам, якія іх распаўсюджвалі праз сетку школ. Акрамя таго, кнігі прадаваліся ў нешматлікіх кнігарнях і газетных кіёсках.

Паколькі ў Генеральнай акрузе Беларусь пошта і экспедыцыйныя арганізацыі функцыянавалі толькі тэарэтычна, ВШПЛМ часта рассылала кнігі на правінцыю разам з транспартам газет і часо­пісаў. Аднак гэтая форма не гарантавала тэрміновую пастаўку, асабліва ў раёны, кантраляваныя партызанамі.

У такіх умовах летам 1943 г. ВШПЛМ адкрыла ў Вільні сваё прадстаўніцтва, якім кіраваў Станіслаў Мядоўскі. Яму даручалася прымаць заказы на надрукаваныя ў віленскіх друкарнях школьныя падручнікі і іншыя кнігі. Аднак магчымасці прадстаўніцтва, відаць, не былі лепшыя, у сувязі з чым ВШПЛМ рэкамендавала акруговым школьным інспектаратам і кнігарням у Беларусі самім арганізаваць транспарт кніг з Вільні51 . Цяжка было кнігу выдаць, таксама няпроста было яе давесці да чытача.

* Апошняя частка кнігі Я. Станкевіча Курс гісторыі Крывіі–Беларусі (трэцяя лекцыя) была выпушчана ў верасні 1941 г.

* Не устаноўлена месца выдання кнігі Калыньша Смалакурэньне.

* не вызначаны аб’ём Беларускага лемантара «Зорка».

 51 Беларуская Газэта. 19 студзеня 1944.

4. Кніга і палітыка

На думку многіх аўтараў, 20–я гады былі важным, аднак кароткатрывалым этапам беларускага адраджэння. Ужо пад канец гэтага дзесяцігоддзя ў БССР пачаўся шматгадовы працэс змагання з беларускім нацыяналізмам — вынішчэнне інтэлігенцыі, кастрацыя нацыянальных вартасцяў з літаратуры, школьніцтва, навукі і культуры, разбурэнне помнікаў гісторыі, храмаў. Беларуская мова выцяснялася з грамадскага ўжытку, з партыйных органаў, адміністрацыйных і навуковых устаноў. Пры гэтым істотную ролю адыграла рэформа беларускага правапісу (1933 г.), мэтай якой было максімальнае збліжэнне беларускай мовы з рускай — мяняўся не толькі правапіс, але і марфалогія, сінтаксіс, уводзіліся чужыя для беларускай мовы лексічныя ўтварэнні.

Так рыхтаваўся грунт для шырокай русіфікацыі, што наглядна адлюстроўвалі паказчыкі кнігавыдавецкай дзейнасці БССР. У 1931—1940 гг. выпуск кніг на беларускай мове зменшыўся з 1301 да 375, затое на рускай узрос амаль у 10 разоў — з 38 да 362 тытулаў52. Выдаваная дзяржавай беларускамоўная савецкая кніга адлюстроўвала інтарэсы Камуністычнай партыі, прывівала грамадству савецкі патрыятызм і варожасць да нацыянальнай ідэі.

Паход супроць беларускага нацыяналізму ў Савецкай Беларусі паўплываў на абвастрэнне нацыянальнай палітыкі ўрадаў Польшчы і Латвіі, у якіх у 30–я гады праводзілася жорсткая асіміляцыя беларускага насельніцтва. У выніку напярэдадні Другой сусветнай вайны беларускае пытанне было практычна незаўважальным у Еўропе. Калі ў Першую сусветную вайну для нямецкіх палітыкаў і гісторыкаў Беларусь была «невядомай краінай», то 20 гадоў пазней Вільгельм Кубэ яе ацэньваў «не больш, як імглістае геаграфічнае паняцце»53.

Кіруючыся прагматызмам, берлінскія ўлады не збіраліся выступаць у ролі акушэра беларускага нацыяналізму. Іх уражвала стаўленне насельніцтва прыбалтыйскіх краін — Літвы, Латвіі і Эстоніі, якое пасля аднагадовай савецкай акупацыі (1940—1941) здолела стварыць дастаткова дзейсныя нацыянальныя сілы самааховы, абараніцца перад пашырэннем савецкай партызаншчыны і забяспечыць, наколькі дазвалялі ваенныя ўмовы, нармальнае функцыянаванне штодзённага жыцця.

У Беларусі ж нямецкія ваенныя і цывільныя ўлады сустрэліся з пасіўнасцю і нацыянальнай індыферэнтнасцю большай часткі насельніцтва, як заходняй, так і ўсходняй Беларусі, з вострым недахопам кваліфікаваных беларускіх кадраў для арганізацыі «новага парадку». У выніку створаная на пачатку акупацыі адміністрацыя і дапаможная паліцыя мелі пераважна небеларускі характар і лёгка паддаваліся ўплывам савецкага і польскага падполля. З вясны 1942 г. актывізаваўся партызанскі рух і пацыфікацыйныя дзеянні паліцыі, якія былі дамінуючым фактарам жыцця пад акупацыяй.

Такое становішча будзіла ў кіруючых колах Нямеччыны глыбокія сумненні ў паўнавартаснасці беларускай нацыі і, паслядоўна, у рэальнасці імкненняў В. Кубэ да актывізацыі беларускай інтэлігенцыі і развіцця нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва. Гэта, у сваю чаргу, абумовіла недавер берлінскіх чыноўнікаў да беларускага нацыяналізму, у прыватнасці, адукацыі, культуры і выдавецкай справы.

Яшчэ ў студзені 1943 г. на тэрыторыі цывільнага праўлення Генеральнай акругі Беларусь выпускаліся толькі тры беларускія газеты («Баранавіцкая Газэта», «Беларуская Газэта» і «Голас Вёскі») і адзін часопіс «Новы Шлях», што было прадметам крытыкі паліцэйскіх органаў за недастатковае прапагандысцкае ўздзеянне на насельніцтва. Магчыма, гэтая крытыка паўплывала на дазвол міністэрства акупаваных усходніх абшараў выпусціць у сакавіку чацвёртую — «Газэту Случчыны». Так, у палове 1943 г., г. зн. пасля двух гадоў акупацыі ў гэтай частцы Беларусі выдаваліся 4 газеты ў параў­нанні з 26 у Латвіі, 18 у Літве і 15 у Эстоніі54.

Яшчэ большую розніцу ўяўляў выпуск кніг, якія пераважна служылі нацыянальнай адукацыі насельніцтва, а не патрэбам нямецкай прапаганды. Калі за гады Другой сусветнай вайны на ўсіх падкантрольных Нямеччыне тэрыторыях было выпушчана на беларускай мове 117 кніг і брашур, то ў Латвіі за тры гады нямецкай акупацыі вый­шла на латышскай мове каля 1500 кніг і музычных твораў агульным накладам 5 мільёнаў асоб­нікаў55. А калі ўлічыць кнігі, выдадзеныя толькі ў Генеральнай акрузе Беларусь (52 тытулы), і колькасць насельніцтва, якая ў Беларусі была ў некалькі разоў большай, чым у Латвіі, кнігавыдавецкія вынікі былі практычна непараўнальныя.

Такой мізэрнай прадукцыі кніг на беларускай мове не могуць апраўдаць спасылкі на нямецкую палітыку — усё ж пераважная іх частка выдавалася на нямецкія сродкі. Не могуць апраўдаць і ваенныя варункі, у прыватнасці, жудасці партызанскай вайны, калі многім беларусам было не да кнігі — не ўсюды і не заўсёды яны парушалі ход жыцця.

Важнейшай прычынай гэтага была малалікасць беларускай інтэлігенцыі, яе непадрыхтаванасць і незацікаўленасць апрацоўкай і выдаваннем кніг. Калі ў прыбалтыйскіх краінах былі арганізаваныя і паспяхова працавалі мясцовыя выдавецкія суполкі, то ў Беларусі дзейнічала толькі адно, падараванае генеральным камісарыятам, Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі. Пачын І. Ермачэнкі, які заснаваў у Празе сваё беларускае выдавецтва, а таксама стварэнне К. Езавітавым выдавецкага фонду ў Латвіі, не мелі паслядоўнікаў у Беларусі.

Акрамя перакладчыкаў у «Вінэце», у выпуску беларускіх кніг удзельнічала прыблізна 70 аўтараў, рэдактараў, графікаў і кампазітараў. У выключна неспрыяльных ваенных умовах усе яны працавалі на карысць беларускай асветы, культуры, нацыянальнай самасвядомасці, за што былі патрактаваныя савецкімі ўладамі як «злейшыя ворагі беларускага народа».

Зноў насоўваецца параўнанне з Прыбалтыкай: прафесар Тадас Іванаўскас, які ў гады нямецкай акупацыі працаваў у Віленскім універсітэце, пасля вайны быў узнагароджаны ўладамі Савецкай Літвы медалём заслугі за тое, што ў цяжкі ваенны час клапаціўся пра адукацыю літоўскай моладзі56. А ў Беларусі гарэлі сельскія школкі, а іх настаўнікі нярэдка гінулі ад партызанскіх куль.

Якая была прычына такога стаўлення савецкіх улад да стваральнікаў і папулярызатараў беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў? На гэта ўжо ў 1918 г. адказаў сакратар Паўночна–заходняга камітэта РКП(б) Вільгельм Кнорын: «Мы считаем, что белорусы не являются нацией, и что те этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты»57.

Кнорын сумленна адлюстраваў погляд бальшавікоў на беларускае пытанне, які, дарэчы, не розніўся ад стаўлення расійскіх манархістаў. Усё ж няпроста было ігнараваць кароткатрывалае існаванне БНР, што разумеў Сталін, па катэгарычным патрабаванні якога была створана БССР. Створана, між іншым, для таго, каб рукамі саміх беларусаў ажыццяўляць запавет Кнорына. Усе, хто смеў супрацьстаяць гэтаму запавету, лічыўся ворагам Камуністычнай партыі і савецкай улады і быў асу­джаны на знішчэнне.

Таму невыпадкова большасць удзельнікаў кнігавыдавецкага руху ваеннай пары была вымушана ратавацца ад бальшавіцкага «вызвалення». Летам 1944 г., разам з адступаючымі нямецкімі войскамі, выехалі з Беларусі і Латвіі: Н. Арсеннева, М. Байкоў, Ю. Віцьбіч, Я. Гладкі, У. Глыбінны, А. Грыцук, К. Езавітаў, Я. Золак, Х. Ільяшэвіч, А. Калубовіч, А. Кецка, Я. Кіпель, У. Клішэвіч, Т. Лебяда, М. Лясун (Целеш), Я. Найдзюк, М. Панькоў, М. Равенскі, А. Салавей, Л. Случанін, Я. Станкевіч, М. Сяднёў і М. Шчаглоў. Разам 23 інтэлектуалы, якія маглі аддаць свой талент і сілы беларускай культуры на Бацькаўшчыне, а не ля чужых берагоў.

Далей ад «вызваліцеляў» перамясціліся І. Ермачэнка, А. Адамовіч, В. Камароўскі, Я. Пятроўскі і В. Тумаш, якія пастаянна або часова жылі ў Нямеччыне і Чэхіі. Не дасягнуў Смерш Міколу і Ніну Абрамчыкаў, якія жылі ў Францыі. Аднак многім выпаў незайздросны лёс.

Пасля капітуляцыі нямецкіх войск савецкія акупацыйныя органы арыштавалі ў Нямеччыне і Чэхіі: М. Байкова, П. Бакача, Б. Барткевіча, Л. Ге­ніюш, К. Езавітава, А. Калошу, Т. Лебяду, В. Русака і Л. Случаніна, а А. Кецка, які прапаведаваў Слова Божае, быў далёкі ад палітыкі і ў красавіку 1945 г. добраахвотна вярнуўся ў Менск, быў там арыштаваны ў лістападзе 1945 г. Арыштоўваліся і тыя, якія засталіся ў Беларусі і Літве — С. Мядоўскі, А. Станкевіч, А. Туранкоў, В. Шутовіч, магчыма, і іншыя, пра якіх маўчаць беларускія энцыклапедычныя даведнікі.